Чтение онлайн

на главную

Жанры

Кар'ер

Быкаў Васіль

Шрифт:

Мабыць, ім усё ж пашэнціла: спярша немцы іх праваронілі і заўважылі пазнавата. Аўтаматныя чэргі разарвалі цішыню ночы, грымнула некалькі гранатных выбухаў, яшчэ ўдарыў аўтамат, але гэта там — збоку. Наперадзе ж было ціха, падобна было на тое, што яны ўсё ж адольвалі лінію абароны немцаў ці нават ужо прарваліся ў іх тылы. Затое зводдаль, каля дарогі, пачаўся грымотны бой, дзесяткі кулямётных трас сцябалі адтуль ва ўсіх кірунках, грымелі гранатныя выбухі, угары заверашчалі нямецкія міны. Там жа амаль няспынна свяцілі гірлянды нямецкіх ракет, паласуючы начное неба пакручастымі слядамі дымоў, водсветы іх сполахамі гулялі ў начной прасторы, цьмяна асвятляючы поле і чалавечыя цені ў ім. У часе іхняга бліскання Агееў акідваў позіркам жыта і заўважыў у калоссі таропкія рухі ягоных байцоў. Усе беглі, брылі, знікалі ў доле і паяўляліся зноў —

хто як мог, з апошніх намаганняў, даўно ўжо расцягнуўшы і зблытаўшы баявы парадак, аднак цяпер было не да парадку. І ён нічым не мог памагчы тым, што адсталі, трэба было спяшацца, пакуль іх не накрылі агнём, прарвацца з гэтага поля, дасягнуць Хатулёў, якія, мяркуючы па ўсім, былі на ўсход ад спаленага нямецкай авіяцыяй фальварка.

Яны ўжо міналі поле, наперадзе цямнелася кустоўе ці, можа, той малады сасоннік, дзе акапваўся другі батальён, што надвячоркам вырваўся з вёскі. Агееў прымарудзіў хаду, каб даць магчымасць падцягнуцца астатнім. Ён ужо разы два з палёгкай уздыхнуў, тым больш што ашалелая ўпачатку страляніна ля вёскі быццам бы стала сціхаць — падобна было на тое, што галоўная група на чале з камандзірам палка таксама прарвалася. І калі да сасоннічку засталося падаць рукой, усяго якіх-небудзь сто крокаў, раптоўны кінжальны агонь адтуль па ўсёй яго расцягнутай групе змусіў іх кінуцца долу. Жыта тут ужо скончылася, пад нагамі блыталася-ляскацела густое бацвінне, здаецца, яны ішлі бурачным палеткам і пападалі, дзе каго застаў гэты пякельны агонь. Агонь быў такі шчыльны, што чэргі ішлі ў паветры суцэльным шматслойным патокам, гарачым подыхам абдаючы спіны і галовы байцоў, якія з усяе сілы ціснуліся ў цвёрдую, высушаную спёкай зямлю. Яны разгублена змоўклі, ды і чым яны маглі адказаць? Галоўнай іх сілай былі гранаты, але кідаць гранаты было яшчэ далёка. І тады, трохі паляжаўшы і аддыхаўшыся, Агееў зразумеў, што яшчэ некалькіх хвілін бяздзейнасці — і яны ўсё назаўжды застануцца тут, на гэтым бурачным полі. Ён сунуў за пазуху пісталет і схапіў у абедзве рукі па «лімонцы».

— Устаць! — закрычаў ён на ўсё горла, каб перакрычаць грукат бою. — Уперад!!

Гэта быў ашалелы рывок насустрач пагібелі. Уцалець пад такім агнём, напэўна, не было чаго і думаць, але ўсё ж і яшчэ нехта ўскочыў, кінуўся наперад, прыгнуўшыся, яны пабеглі ў мільгаценні трас да ўзлеску, на хаду кідаючы перад сабой гранаты. Блізкія іх выбухі шыбанулі на Агеева пылам і дымам, аглушылі на правае вуха, але ён ужо быў на ўзлеску і яшчэ шпурлянуў у кустоўе гранату. Выбухі гранат скаланалі наваколле справа і злева, пасля чамусьці ззаду, здаецца, і немцы пачалі кідаць у іх свае булдавешкі-палкі — адна праляцела ля самай галавы Агеева, і ён ледзьве паспеў адхінуцца. У той жа момант яго дужа выцяла па назе вышэй калена, спярша ён нават падумаў, што наскочыў на якую патарчаку ў кустоўі, але не — удар быў занадта хлёсткі, нагу балюча скруціла, як ад сутаргі, і па штаніне ў бот паліліся гарачыя струмені крыві. Ён упаў — не ад болю, пры адной толькі думцы: ці не перабіта косць? Тут жа ўскочыў — не, нага не зламалася, значыць, косць уцалела, але кроў усё цякла — у боце ўжо ацяжала і захлюпала. Напэўна, трэба было спыніцца, перавязаць рану, ды момант для таго быў самы непрыдатны — уцалелыя байцы яго групы ўцягваліся ў кустоўе, якога тут аказалася зусім трохі — вузкі сагнуты клінок, пасля зноў ішло поле. І ён бег, асядаючы на левую нагу, з ім побач беглі два ці тры чалавекі, яшчэ беглі ззаду, але ў начной цемры нельга было зразумець, колькі іх выскачыла з кустоўя.

Здаецца, яны прарваліся, страляніна ззаду пачала аддаляцца. Ракеты густа падсвечвалі неба таксама наводдаль, за сасоннічкам ззаду, наперадзе была цемра і цішыня бязмесячнай летняй ночы. Агееў пайшоў цішэй, ён дужа кульгаў і зусім не мог бегчы. Усё болей балела нага, ды і не засталося ўжо сілы — байцы выдыхнуліся дарэшты і брылі па полі, куды іх вёў камандзір. Усе падаўлена, знямогла маўчалі.

Наткнуўшыся ў цемры на ледзьве прыкметную ў полі дарожку з бярозкамі абапал, Агееў спыніўся. Трэба было перавязаць нагу, аддыхацца, пачакаць задніх, параненых. У тую ноч пад бярозкамі іх сабралася семнаццаць, амаль усе былі паранены, траіх прынеслі на палатках.

Ужо добра развіднела, калі яны дабраліся ўрэшце да невялічкай лясной вёскі Хатулі, але нікога з палка там не знайшлі. Некалькі гадзін счакаўшы, яны зразумелі, што апынуліся той адзінай групай, якой удалося прарвацца. Усе астатнія на чале з камандзірам

палка, наткнуўшыся на значныя нямецкія сілы, паляглі на бурачным полі, не дасягшы сасонніку. Гэтую вестку прынеслі ў Хатулі некалькі апошніх параненых, што ўжо на світанку неяк уратаваліся ад немцаў.

Калі пачало змяркацца, Агееў пастроіў рэшту сваёй невялічкай групы і палявымі шляхамі павёў яе на ўсход, наўздагон за лініяй фронту.

Пад Лідай яны далучыліся да групы маёра са штарма, у якой апынулася некалькі чалавек з тылоў іх разгромленага палка і сярод іх — ягоны саслужывец лейтэнант Малаковіч.

Раздзел другі

У той дзень паліў дождж — сабраўся нарэшце ў пару спякотнага лета, калі настаў час уборкі. Пад вечар з-за могілак успаўзла ў неба сіне-чорная хмара, наляцеў вецер, дрэвы цягуча зашумелі, трапяткая лістота вывернулася пад вецер срабрыстай падкладкай. Агееў падумаў спярша: пярэйдзе, перагоніць хмару і зноў будзе сонца. Ён не хацеў вылазіць з кар'ера, на сёння засталося зусім мала — скапаць ля самага глыбокага месца пад заходнім абрывам. Але першыя буйныя, па гарошыне, кроплі, якія хлёстка сцебанулі яго па плячах, далі зразумець, што не пярэйдзе — памочыць як трэба, і ён, прыхапіўшы рыдлёўку, вылез з кар'ера. Пакуль бег да палаткі, дождж абрынуўся з апантанай, амаль ашалелай сілай, вецер ірваў з усіх бакоў, ён ледзьве дабег да палаткі і, пакуль развязваў матузы на ўваходзе, прамок да апошняй ніткі. Трэба было пераапранацца, выліваць ваду з кедаў.

Пасля пад густое лапатанне дажджу па парусіне да самага вечара сядзеў у палатцы, чакаючы, калі сціхне. Часам лівень быццам бы пачынаў слабець, вадзяныя патокі, якія ён назіраў праз выраз у палатцы, нібы радзелі, туманна праглядвала з могілак цёмная сцяна старых дрэў, каменная сцяна ўнізе, але неўзабаве лівень усчынаўся з новаю сілай, і могілкі зусім знікалі ў мільготкай мітусні дажджу. Перад палаткай па ледзь бачнай у траве сцяжынцы імкліва бег уніз мутны ручай, які нёс на сабе клочча сухой травы, насякомых, рознае смецце, і Агееў падумаў, што добра зрабіў, калі два дні таму абкапаў палатку — не так для патрэбы, як для парадку, прачытаўшы аб тым у маладзёжнай газеце. Зрэшты, мелкая канаўка нядоўга яго ратавала, недзе ўсё ж прарвала, і на доле ў палатцы паволі расплылася шырокая цёмная пляма. Накінуўшы на плечы куртку, Агееў вылез пад дождж.

Зноў добра намокшы і ўжо не зважаючы на дождж, ён пачаў капаць новую канаву, каб адвесці ў яе самы небяспечны паток вады, калі сярод мігацення дажджавых струменяў ля могілак згледзеў згорбленую, даўганогую постаць па накінутым на галаву празрыстым поліэтыленавым абрыўкам. Сігаючы цераз лужыны і патокі вады, што несліся з пагорка, чалавек кіраваў да ягонай палаткі, і Агееў хутка пазнаў у ім свайго тутэйшага знаёмца Сямёна.

— Го-го, прывет! Не змыла цябе тут?.. Во, надумаў праведаць хутаранца.

— Не змыла, але падмывае. Залазь, не мокні.

Сямён спрытна расхінуў адною рукой настылы на плячах поліэтылен, сагнуўшыся, на каленях залез у палатку. Следам улез і Агееў.

— Ну, паліло!.. Паліло што трэба. Во каб з вясны! Летам каб. А то цяпер, на ўборку. Совесці ў яго яўна няма, у бога таго.

— Бог ні пры чым.

— Ну, не бог, дык людзі. Раскалупалі космас. Парадку няма. То сушыць, то лье.

Госць, крэкчучы і сморкаючыся, уладкаваўся ў мокрай цеснаце палаткі, няўклюдна падабраў пад сябе доўгія ногі ў брудных гумовых ботах; на ім была жоўтая макраватая тэніска, з левага рукава якой дзіўна, бы не ў лад, варушылася ссохлая кульця са зморшчанай на канцы скурай. Спрытна, аднак, упраўляючыся другой, здаецца, занадта доўгай, учэпістай рукой, Сямён выцяг з кішэні бліскучую паўлітроўку са збоўтанай малінавай вадкасцю.

— Во, гэта самае… З нагоды пагоды.

Нязручна прымасціўшыся ля ўвахода, Агееў унутрана паморшчыўся: пасля другога інфаркту, што здарыўся год назад, ён стараўся не піць ні віна, ні гарэлкі, але цяпер, адчуваючы лёгкія дрыжыкі ў мокрым целе, падумаў: «А, вып'ю! Будзь што будзе». Да таго ж гэтая прапанова малазнаёмага чалавека не здалася яму ні абразлівай, ні празмернай, хутчэй наадварот — настройвала на таварыскасць і ветлівасць.

— Тару якую, — азірнуўся Сямён.

Агееў знайшоў у куце палаткі невялікую пластмасавую шкляначку — для сябе, для госця ж зняў з тэрмаса кварту. Сямён спрытна падчапіў зубамі металічны каўпачок з бутэлькі.

Поделиться:
Популярные книги

Возвышение Меркурия. Книга 13

Кронос Александр
13. Меркурий
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 13

Сирота

Ланцов Михаил Алексеевич
1. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
5.71
рейтинг книги
Сирота

Идеальный мир для Лекаря 25

Сапфир Олег
25. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 25

Хроники Сиалы. Трилогия

Пехов Алексей Юрьевич
Хроники Сиалы
Фантастика:
фэнтези
9.03
рейтинг книги
Хроники Сиалы. Трилогия

Повелитель механического легиона. Том I

Лисицин Евгений
1. Повелитель механического легиона
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Повелитель механического легиона. Том I

Жена моего брата

Рам Янка
1. Черкасовы-Ольховские
Любовные романы:
современные любовные романы
6.25
рейтинг книги
Жена моего брата

Темный Лекарь

Токсик Саша
1. Темный Лекарь
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Темный Лекарь

Седьмая жена короля

Шёпот Светлана
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Седьмая жена короля

Real-Rpg. Еретик

Жгулёв Пётр Николаевич
2. Real-Rpg
Фантастика:
фэнтези
8.19
рейтинг книги
Real-Rpg. Еретик

Измена

Рей Полина
Любовные романы:
современные любовные романы
5.38
рейтинг книги
Измена

Кротовский, побойтесь бога

Парсиев Дмитрий
6. РОС: Изнанка Империи
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Кротовский, побойтесь бога

Пограничная река. (Тетралогия)

Каменистый Артем
Пограничная река
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
9.13
рейтинг книги
Пограничная река. (Тетралогия)

Книга 5. Империя на марше

Тамбовский Сергей
5. Империя у края
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Книга 5. Империя на марше

Как я строил магическую империю 4

Зубов Константин
4. Как я строил магическую империю
Фантастика:
боевая фантастика
постапокалипсис
аниме
фантастика: прочее
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Как я строил магическую империю 4