Кар'ер
Шрифт:
Як-колечы даскакаўшы на адной назе да свае кануры, Агееў адразу паваліўся на тапчан; гэтая невялікая вылазка зусім знясіліла яго, і ён успомніў, што сёння абяцала прыйсці Яўсееўна, паглядзець рану. Павязка зноў стала мокрая, напэўна, яе трэба было пямяняць, але ў яго па-ранейшаму не было ні бінтоў, ні лякарства, трэба было чакаць доктарку.
Праз нейкі час ён зноў ненадоўга заснуў і прачнуўся ад ціхага стуку ў хляве, дзверы ў застаронках ціхенька прыадчыніліся, і Агееў адразу ўбачыў Малаковіча з казыркастай кепкай на
— Ну, добры дзень. Як вы тут?
Малаковіч быў не адзін, за ім у застаронак ступіў нізенькі хударлявы хлопец у акулярах, які сціпла спыніўся ля парога і са скаванай насцярожанасцю ўставіўся ў Агеева.
— Ляжу, — няпэўна сказаў Агееў, трохі здзіўлены гэтым паяўленнем незнаёмага хлопца. Малаковіч між тым нешта вымаў з тугіх кішанёў пінжака і клаў на скрынку ў нагах. Хударлявы хлопец бокам прыткнуўся да сена каля парога; дзверы за гасцямі з таго боку клапатліва прычыніла Бараноўская.
— Доктарка была?
— Была, — сказаў Агееў. — Распаласавала нагу да клуба.
— Гэта яна ўмее.
— Яна што — хірург?
— Майстар на ўсе рукі, — сказаў Малаковіч. — А наогул яна акушэрка.
— Да-а…
— Ну, а як ваша адчуванне? — падышоў да яго Малаковіч. Ён звяртаўся да Агеева на «вы», у той час як той нядаўна стаў называць яго на «ты». Гэта, можа, было і не зусім па правілах, але ўвогуле не ўплывала на іх узаемаадносіны — усё ж Агееў па званні і па ўзросту быў крыху старэйшы.
— Ды што адчуванне! Ляжу во… Як там? Што чуваць? Дзе фронт?
— Фронт, мяркуючы па ўсім, за Смаленскам, — уздыхнуўшы, сказаў Малаковіч.
— Чорт пабяры!
Агееў паспрабаваў устаць, але ад неасцярожнага руху нагой боль працяў яго тупым магутным ударам, і ён у знямозе адкінуўся на падушку. Малаковіч прысеў на канец тапчана ў нагах.
— Прывёў сябрука пазнаёміцца, — кіўнуў ён на госця. — Харошы хлопец. Кіслякоў прозвішча. Разам у школе вучыліся. Ён эфір слухае.
— Прыёмнік? — трываючы боль, запытаў Агееў.
— Прыёмнік. Старэнькі, праўда, — ціха азваўся Кіслякоў.
— Гэта добра. Дык што там?
Сціпла месцячыся на краёчку сена, Кіслякоў сморкнуў кароценькім вострым носам і складна, як завучаны ўрок, паведаміў:
— Зводка за дваццаць сёмае. Нашы войскі пасля цяжкіх і ўпартых баёў пакінулі горад Талін. Адзін наш бамбардзіроўшчык тараніў нямецкі юнкерс Ю-88. Цяжкія баі на Смаленскім напрамку…
Агееў выслухаў яго моўчкі. Ён ужо ведаў, што калі ў зводцы Інфармбюро гаварылася пра баі на Смаленскім напрамку, дык Смаленск, напэўна, ужо застаўся ў немцаў, зводкі заўжды спазняліся. Мяркуючы па ўсім, наступленне немцаў працягвалася.
— Як усё абярнулася, усё пакацілася, хто б сказаў, хто б яшчэ нядаўна падумаў! — злосна забедаваў Малаковіч.
— Да, абярнулася, чорт бы яго пабраў! Ну, а што ў мястэчку?
— Ды што ў мястэчку? У мястэчку разбой. Немцаў, можна сказаць, яшчэ і не было, дык паліцыя свірэпствуе. Аднекуль з'явіўся ўжо і начальнік. Драздзенка нейкі. Бачыў яго ўчора, як вешаць гэтых вялі…
— Каго вешаць?
— Двое акружэнцаў павесілі каля базара. Аказалі супраціўленне пры затрыманні.
— Паліцаі, канечне, брэшуць, — ціха ўставіў Кіслякоў. — Узялі іх, сонных, у будачніка на пераездзе. Ноччу зайшлі, ну, і заснулі. А ранкам паліцай Стасевіч заскочыў на пераезд і пабраў іх сонных, як курапатак.
Агееў уважліва слухаў, узіраючыся ў невясёлыя твары маладых хлопцаў, жыхароў гэтага мястэчка. Напамінак пра павешаных акружэнцаў датычыў яго непасрэдна, бо і ён жа цяпер, па сутнасці, быў акружэнцам і яму пагражала тое ж. Праўда, ім быў і Малаковіч, хіба што з той розніцай, што жыў цяпер у сваёй хаце і тым не парушаў нямецкіх парадкаў, а беспрытульнага Агеева чакаў палявы лагер ваеннапалонных. Гэта ў лепшым выпадку, калі без супраціўлення, з высока паднятымі рукамі.
Малаковіч між тым расказваў:
— Стасевіч гэты — сусед мой. Цераз агарод хата. У калектывізацыю з вёскі перабраўся да родзічаў жонкі. У прамкамбінаце майстрам рабіў, у бандарным цэху. Наўродзе і някепскі сусед быў, з ягоным Міколам у школу хадзілі, той годам пазней пайшоў, цяпер на Далёкім Усходзе служыць. А гэты ўчора прыпёрся, маўляў, праведаць франтавічка. Бутэльку прынёс. «Ваша песня скончылася, таварышы чырвоныя камандзіры, цяпер пад Гітлерам будзем». — «Ну, гэта яшчэ як паглядзець», — кажу. А ён: «Няма чаго глядзець, ідзі ў паліцыю, пакуль возьмуць, а то позна будзе. Во наш начальнік у Чырвонай Арміі капітанам быў, а цяпер на немцаў працуе, жыдам чоху дае!» Ну, вы разумееце? Як мне, лейтэнанту, слухаць такую агітацыю?
— Ну, і што ж ты яму адказаў? — стрымана спытаў Агееў.
— Я? Анічога. Я прамаўчаў. Але дужа мне хацелася ў яго мой ТТ разрадзіць.
— Во маладзец! — здзекліва сказаў Агееў. — Так бы яны і цябе разам з тымі двума. Трэцім.
Малаковіч, здавалася, без увагі да яго здзеклівасці трохі цішэй паведаміў як аб чымсь канчаткова вырашаным:
— Я яго ўсё роўна стрэльну. Ён жа маю настаўніцу арыштаваў. Адправілі ў горад. Во гэта і будзе мой асабісты ўклад у барацьбу з акупантамі. Шлёпну і змыюся. Нельга нам тут доўга заставацца.
Агееў змоўчаў, ён быў гэткай жа думкі, толькі не хацеў гаварыць пра тое пры гэтым староннім хлопцу. Хто ведае, кім стаў гэты Малаковічаў сябра за час вайны.
— Як тваё плячо? — спрабаваў Агееў перавесці размову на іншае.
— Плячо загоіцца. Яшчэ дзень-другі, і зніму павязку.
— Ну, дык вось. Пакуль не знімеш павязку, не рыпайся. А то сам па дурасці ўліпнеш і маці падставіш.
— Ну, матка як-небудзь абыдзецца. А брацельнік сам лезе супраць іх што-небудзь выкінуць. Вунь у Кіслякова болей — чацвёра з маткай, і то не дрэйфіць, радыё слухае.