Кар'ер
Шрифт:
Пакуль, аднак, мінаў час, а па яго ніхто не прыходзіў. Не ішла нават цётка Бараноўская, і ён пачаў непакоіцца: ці не здарылася бяда і з ёю? Можа, і яе пагналі разам з яўрэямі?
Бараноўская прыйшла надвячоркам. Абвостраным слыхам Агееў яшчэ здалёку ўчуў яе таропкія крокі ў двары, дзверы застаронка нешырока прыадчыніліся, і яе маленькая цёмная постаць з'явілася на парозе.
— Фу! А я ўжо думала… Так непакоілася!..
Махнуўшы з палёгкай рукамі, яна апусцілася на высокі парог і заплакала, ледзь чутна хліпаючы і выціраючы вочы ражкамі цёмнай, у кропачкі хусцінкі. Агееў маўчаў,
— Ой, што яны з людзьмі робяць! Яны ж усіх іх сабралі… Усіх, усіх… Нікога не пакінулі, усё іхняе пагрузілі… Гэта ж і мяне заставілі збожжа іх выграбаць… У каго якое засталося, усё выграблі.
— А куды іх пагналі? — панылым голасам запытаў Агееў.
— А хто ж іх ведае?! Кажуць, на станцыю. Кудысь адпраўляць будуць. А некаторыя кажуць: пастраляюць у Гарэлым балоце.
— І што — ніхто не ўцякаў?
— Як жа ўцячэш? Яны ж з вінтоўкамі на ўсіх вуліцах і гародах. Дваіх маладых застрэлілі за тое, што не падчыніліся, казалі. І Яўсееўну з імі…
— Яўсееўну? — амаль спалохана перапытаў Агееў.
— Яўсееўну таксама. У яе ж маці старэнькая. Так з маці і пагналі.
Агееў пра сябе ціха вылаяўся. З учарашняга дня ён чакаў акушэрку — трэба было зрабіць перавязку, з-пад бінта пачало падцякаць на штаніну, і, горш за ўсё, яму ўвесь час здавалася, што ў ране варушацца, ядуць яго цела белыя чарвякі, адна думка аб якіх вымушала яго скаланацца. Але ён нічога не мог зрабіць, каб памагчы сабе, у яго не было ні ваты, ні бінта, ні лякарства. Будзе клопату, калі зноў не заладзіцца з ранай, падумаў ён. Бараноўскай, аднак, ён не сказаў нічога, той за сённяшні дзень і без яго хапіла трывогі, і ціха сядзеў на тапчане, выцягшы на сеннічку сваю бедалагу-нагу. Трохі супакоіўшыся, гаспадыня выцерла вочы і ўздыхнула.
— Пайду. Бульбачкі ж трэба зварыць на вячэру.
— Ці да вячэры тут, — сказаў ён грубавата.
— Ну як жа! Трэба ж вам скарэй на ногі ўстаць.
— Яно б не шкодзіла.
Бараноўская выйшла з застаронка, а ён пачаў думаць, як выбрацца з гэтае пасткі, у якой яго цяпер пэўна ўжо не чакала нішто добрае. Перш была хоць якая-небедзь надзея на доктара, яго дапамогу і лякарства, а цяпер вось і гэтая спадзяванка прапала. Нешта трэба было рабіць, штосьці прыдумаць. Але што? Ён увесь час напружана думаў, ламаў галаву ў пошуках выйсця, але выйсця не было, параненая нага скавала яго магчымасці і працягвала трымаць у тупіку безвыходнасці. Яму нават пачало здавацца, што ён адгэтуль не выберацца, бо недзе прамінуў адзіны свой шанец, прамарудзіў ці зрабіў не так, як трэба было зрабіць у яго няпростым становішчы, і цяпер заставалася адно — чакаць расплаты.
Праўда, у яго быў Малаковіч.
Не дачакаўшыся доктаркі, Агееў пачаў чакаць Малаковіча, усё ж той меў большыя, чым ён, магчымасці ў гэтым мястэчку, лепш ведаў абставіны і мог яму памагчы. Мінулы раз яны не дамовіліся аб сустрэчы, і цяпер Агееў пачаў спадзявацца, што той хутка прыйдзе, яны параяцца аб іх становічшы і нешта прыдумаюць. Калі ў хляве за сцяной пачуліся асцярожныя крокі, ён так і падумаў, што гэта ідзе Малаковіч, таму што з кім жа яшчэ магла там ціхенька гаманіць яго Бараноўская? У гэтую пару на дварэ яшчэ, можа, толькі змяркалася,
— Дык вы ўжо ўдвух тут. Я на двары пабуду.
— Да, паглядзіце там…
Сказаўшы гэта, чалавек тым жа густым, нізкім голасам стрымана павітаўся і, зрабіўшы некалькі няпэўных крокаў між тапчаном і сенам, усеўся на высокім парозе. Курыца, што ўвесь дзень спакойна сядзела ў кутку на покладзе, трывожна пракудахтала і сціхла. Агееў патроху спакайнеў, зразумеўшы, што чалавек гэты — не вораг, ворага Бараноўская не прывяла б сюды. Але хто гэта быў, аб тым ён не меў уяўлення. Яны нядоўга памаўчалі, Агееў чакаў, госць, падобна было, услухоўваўся ў гнятлівую цішыню, якая ўладкоўвалася пад ноч у мястэчку.
— Даўно вы тут… адпачываеце? — запытаў нарэшце чалавек.
Агееў умеў з першых слоў па тэмбры і гуках голасу вызначаць характар чалавека. У арміі звычайна імкнуліся паказаць у голасе цвёрдасць і энергічнасць, незалежна ад таго, ці былі яны на самой справе, ці таму, хто гаварыў, хацелася, каб былі. Так ці інакш, але ў голасе шмат значылася, трэба было толькі ўмець слухаць яго. Голас жа гэтага госця, несумненна, выдаваў у ім чалавека цывільнага, не надта маладога, які, можа, перажыў нават нешта труднае, і Агееў скупа азваўся:
— Тры дні… адпачываю.
— Да, адпачынак, канечне… Не дай бог!
— Вот іменна.
Яны зноў памаўчалі. Агееў чакаў, а госць, мабыць, усё не наважваўся пачаць размову, дзеля якой ён, несумненна, і прыйшоў сюды.
— Я тожа на гэтым тапчане тыдзень праваляўся. Да вас.
— Во як!
Агеева гэта здзівіла: тут ужо яўна праглядвала нейкая агульнасць іх лёсаў, якая, аднак, патрабавала некаторага ўдакладнення.
— Што, па раненні?
— Прадстаўце сабе. Хаця і не ваенны, але вось нарваўся на кулю.
— Ах, во што! — трохі расчаравана сказаў Агееў.
— На станцыі, ведаеце, пры эвакуацыі. І мусіў застацца. Але вось у чым праблема — у райкоме рабіў. Усе тут мяне ведаюць. І паліцыя тожа. Дзякуй вось Бараноўскай: прыюціла, выхадзіла.
— Мяне тожа выхаджвае.
— Яна такая. А вы — у баі?
— Пры прарыве з акружэння. У нагу.
— Да-а. Акружэнцаў цяпер ідзе ой колькі. Усе — на ўсход.
— На ўсход, куды ж яшчэ. За фронтам. Я тожа, калі б во не нага…
— З раненай нагой, канечне, далёка не пойдзеш.
— Зноў жа, быў і асколак. Дзякуй — выцягнулі.
— Яўсееўна? — жыва здагадаўся госць.
Агееў памаўчаў, не ведаючы, ці можна назваць імя яго доктаркі. Але госць, пэўна, зразумеў усё і так.
— Яўсееўна, яна тут шмат каго на ногі паставіла, — сказаў ён у цемры. — Але на тым кропка. Забралі сёння разам з яўрэямі.
— Іх што — панішчаць?
— Падобна на тое.
— Жах!..
— Жах — мала сказаць. Злачынства! Палова мястэчка як вымерла. А яны ж тут жылі стагоддзямі. Тут на могілках дзесяткі іх пакаленняў…