Кар'ер
Шрифт:
— Ды во паглядзець, якая зямля. Парадак залягання пластоў і так далей.
Уважліва выслухаўшы яго, госці крыху памаўчалі.
— Гэта з навучнай цэллю ці як? — пацікавіўся хударлявы.
— Чакай, Шабуня, — начальніцкім тонам перапыніў яго тоўсты. — Няхай гражданін аб'ясніць членараздзельна. Калі з навучнай, то павінен прад'явіць дакумент. Ад якой арганізацыі?
— Хаця б ад НДІ Белгаспрома, — падпусціў туману Агееў. — Навукова-даследчы інстытут, — растлумачыў ён. Гэтае тлумачэнне, аднак, зусім не спадабалася тоўстаму, які амаль увачавідкі пакрыўдзіўся.
— Панімаем,
— Які дакумент?
— Дакумент на права раскопак, — удакладніў ён, і ўсё ўтраіх зноў уставіліся на Агеева.
Агееў у думках вылаяўся — прыгнала ж іх гэтым раннем на яго галаву — як цяпер ад іх адчапіцца?
— А вы хто будзеце? Каб патрабаваць дакументы, спярша трэба прад'явіць свае, — сказаў ён, пераймаючы строгую важнасць іхняга тону.
— Мы ўпаўнаважаныя. Падпалкоўнік у адстаўцы Еўсцігнееў, таварыш Шабуня з гаркамгаса і во таварыш Казлова, прадстаўнік абшчэственнасці, — важна адрэкамендаваў калег падпалкоўнік у адстаўцы.
— Вельмі прыемна. Дацэнт Агееў, — сказаў Агееў і рашуча працягнуў руку, якую падпалкоўнік з яўнай неахвотай трохі паціснуў потнымі пальцамі. Пасля ён падаў руку Шабуню і крыўдліва насупленай Казловай. — Бачу, ад вас проста не адчэпішся, — сказаў ён, усё яшчэ не ведаючы, як быць. Усе трое з насцярожаным чаканнем у позірках глядзелі на яго, і Агееў, уздыхнуўшы, кіўнуў угору, у бок могілак. — Пайшлі да палаткі.
Лезучы па адхоне да свайго стойбішча, ён ўсё не мог даўмецца, што сказаць ім, як растлумачыць свае раскопкі ў гэтым кар'еры. Вясной, прыехаўшы ў пасёлак, ён ненадоўга зайшоў у выканком пассавета і не так, як хацелася, таропка хвіліну пагутарыў са старшынёй, які кудысьці спяшаўся: ля ганка яго чакала «Волга» з прадстаўнікамі ад вобласці. Але, мабыць, старшыня ўсё ж зразумеў сутнасць ягонай справы і не запярэчыў. Зрэшты, ён яму і не казаў пра раскопкі, ён сказаў толькі, што трэба нешта паглядзець у кар'еры. І вось цяпер гэтыя ўпаўнаважаныя. Відаць, нехта ўжо наскардзіўся ў пассавет або вышэй. Цяпер вось апраўдвайся.
Падышоўшы да палаткі, ён развязаў уваход і, пакуль падпалкоўнік з астатнімі выбіраўся з кар'ера, выцягнуў з-пад адзення рукзак і разгарнуў празрысты пакет з дакументамі. З паўтузіна кніжачак і корак ён выбраў зялёнае пасведчанне ветэрана вайны і дыплом кандыдата тэхнічных навук, падумаў, што гэтыя дакументы, мабыць, павінны зрабіць нейкае ўражанне на прыдзірлівага адстаўніка. Ён сунуў іх у рукі падпалкоўніку, які затым нетаропка адшукаў у шматлікіх кішэнях акуляры ў тонкай аправе, зачапіў дужкі за вушы. Пасля ён абмахнуў спатнелы азызлы твар капелюшом і толькі тады пачаў вывучаць дакументы. Гэтае вывучэнне доўжылася некалькі хвілін, Шабуня таксама спрабаваў нешта там разгледзець, аднак хутка адвярнуўся, буркнуўшы: «Халера, без акуляраў не бачу», і хітравата падмігнуў Агееву. Казлова, стоячы наводдаль, засяроджана пазірала кудысьці яму пад ногі, усім сваім ваўкаватым выглядам выказваючы маўклівае асуджэнне.
— Дакументы ў парадку! — нарэшце рашуча аб'явіў падпалкоўнік. — Удзельнік ВАВ, кандыдат навук. Але што вы шукаеце ў гэтым кар'еры, дазвольце ўзнаць? І чаму без разрашэння ўлады?
— З уладай дамоўлена, — трохі ўзбадзёрана сказаў Агееў. — Была размова з таварышам Безбародзькам.
Падпалкоўнік з Шабунем неяк загадкава пераглянуліся.
— Безбародзька месяц як не работае ў выканкоме. Зняты за нарушэнія, — аб'явіў падпалкоўнік.
— Можа быць, — пагадзіўся Агееў. — Але гэта нічога не мяняе.
— Абсалютна нічога. Так што трэбуецца пісьмовае разрашэнне.
— Пісьмовае разрашэнне на што?
— На вядзенне земляных раскопак.
— Якіх жа раскопак? — трохі фальшыва здзівіўся Агееў. — Хіба гэта раскопкі?
— А што ж, дазвольце ўзнаць? — тэатральна махнуўшы тонкаю папкай, падпалкоўнік развязаў матузы. — Вось, калі ласка. Пачаў з восьмага іюня. Дзевятнаццатага іюня з прымяненнем бульдозера. З васьмі трыццаці ўтра да дванаццаці дваццаці. Ітаго тры часа пяцьдзесят мінут механізаваных раскопак.
«Аднак усё правільна. Менавіта столькі працаваў бульдозер, — здзіўлена адзначыў сабе Агееў. — Правільна падлічылі. З хранометрам…» Вельмі яму не хацелася тлумачыць з сапраўдных прычын ягонай цікавасці да кар'ера, але ён ужо зразумеў, што жартамі адгаварыцца, мабыць, не ўдасца. Гэта адстаўнік хапаў трэніраванай хваткай бульдога, ухіліцца ад якой было не проста.
— Ну, вось што! — сказаў ён трохі мякчэй. — Справа ў тым… Справа ў тым, што ў гэтым кар'еры восенню сорак першага расстралялі групу падпольшчыкаў…
— Гэта нам ізвесна. У цэнтры пасёлка ім памятнік.
— Ну. Хавалі. Памятаю, як асвабадзілі… такая духата стаяла, — успомніў Шабуня і чамусьці махнуў рукой.
— Дык вось, ведаеце, колькі там пахавана? — холадна запытаў Агееў.
— Ну, трое.
— А тут, — ён паказаў на кар'ер, — тут расстраляна пяцёра.
— Ну да? — усумніўся Шабуня. — Было трое, я сам бачыў. Не пахаванні тады, як я з лесу прыйшоў. Тры грабы стаялі.
Яго ўвогуле дабрадушны, у дробных зморшчынах твар зрабіўся недаверліва пакрыўджаным, здавалася, Шабуня гатовы быў абурыцца ад пачутай яўнай бязглуздзіцы.
— Згодны. Сапраўды, там пахавана трое. Але… Вось перад вамі чацвёрты…
— Ха! — няпэна выдыхнуў падпалкоўнік.
— Ну да? — здзівіўся Шабуня, а Казлова зводдаль прамармытала нешта ад здзіўлення ці недаверу — было не зразумець. Агееў жа не стаў болей нічога тлумачыць, ён і так сказаў надта многа.
— Во дзіва! — збянтэжыўся Шабуня і ссунуў на патыліцу кепку, агаліўшы белы, зусім не загарэлы лоб. — А дзе ж пяты?
— А во пятага я і шукаю, — сказаў Агееў.
Ён зноў пачаў хвалявацца, як там, у кар'еы, і, пакуль хаваў у мяшэчак дакументы, яго агрубелыя, у свежых мазалях пальцы па-здрадніцку прыкметна трэсліся. Падпалкоўнік тым часам штось напружана думаў з яўнай пакутай на азызлым, спатнелым твары. Але вось ён нарэшце ажывеў і выцяў яго нечаканым пытаннем: