Кар'ер
Шрифт:
Пад ноч зноў разбалелася рана, у глыбіні якой стала калюча тузаць; боль аддаваўся ў клубе, і ён, каб зручней уладкаваць на сенніку нагу, круціўся на тапчане і так, і гэтак. Напэўна, Бараноўская пачула з падворка яго валтузню і прыйшла ў застаронак.
— Як вы тут? Можа, прынесці чаго?
— Не, дзякуй. Нічога не трэба.
— І я во спаць не магу. Пасля ўсяго, на што наглядзелася, чаго начулася…
— Жахліва! Што і сказаць.
Мабыць, яна не спяшалася нікуды, у цемры ён амаль не бачыў яе, толькі адчуваў яе далікатную прысутнасць і сказаў без асаблівай настойлівасці:
— А вы пабудзьце са мной.
— Пабуду, ага. Знаеце, адной цяпер немагчыма. Проста не хапае вытрымкі.
— Сапраўды, у такі час трэба процьма вытрымкі. Скажыце, гэты Волкаў… Ён гаварыў з вамі?
— Антон Сцяпанавіч? А як жа, гаварыў. Вы не бойцеся, я ж вам расказвала, што сын мой быў дужа падобны на вас. І ўзростам такі ж.
— Як яго звалі? Алег?
— Алег. Алег Кірылавіч Бараноўскі. Так што вы цяпер Бараноўскім будзеце. Замест сына.
— Ну, дзякуй. А што, муж ваш быў папом? — раптам без усякага пераходу запытаў Агееў і адчуў у цемры, як гаспадыня трохі напружылася, уздыхнула і адказала не адразу:
— Муж быў свяшчэннікам
— Не ведаю, не бачыў.
— А я ў народным вучылішчы служыла. Даўно гэта было, — гаротна сказала яна і змоўкла.
— Ну, як даўно? Да рэвалюцыі?
— І пасля рэвалюцыі. Айцец Кірыл быў настаяцелем да самага закрыцця царквы ў трыццаць другім годзе. Я перастала служыць гадоў за дзесяць да таго. Ужо нельга было. Самі разумееце — пападдзя, якая ж настаўніца.
— Вы і родам адсюль?
— Не, я родам з Дзвінска, нейкі час жыла ў Вільні, там скончыла Марыінскае вучылішча. Бацька быў банкаўскі служачы, служыў у Вільні, у Полацку, у Дзвінску. А сюды я прыехала з айцом Кірылам, тут жа ў яго радня. А, гэта даўняя гісторыя, як і даўгое жыццё. Расказваць усё падрабязна — не хопіць каляднай ночы, не тое што жнівеньскай.
— Труднае было жыццё?
— У наш час лёгкага наогул не было. І не магло быць. Але нам дасталося асабліва катаржнае. І цяпер вось… Быў адзін сын, усё маё спадзяванне, здавалася, жыву для яго толькі, ды во і яго не засталося. Адна! Вось думаю: навошта жыла? Які сэнс жыць далей? Ды яшчэ ў такую вайну. Усё страшна, трудна, скалечана. Думаю часам: можа, дзе няўдала зрабіла выбар, памылілася ў чым? Не, быццам нідзе. Заўжды імкнулася жыць у згодзе з сумленнем, з дабром, нават з перадавымі ідэямі веку. Але, як назло, менавіта мяне век і не прыняў. Можа быць, запозна ці рана ў яго з'явілася, у гэты шалёны наш век. Сяброўка ў мяне была, Любачка Чарнова, слаўная дзяўчынка, разам музыкай займаліся, талент у яе не бог ведае які, але кансерваторыю скончыла, у Маскве някепска прыжылася, выйшла замуж за саўработніка. А мне музыкі было мала — я рвалася ў народ, каб несці яму разумнае, добрае, вечнае, аблегчыць ягоны лёс, прасвяціць, адкрыць светлы шлях ведаў. Бацька мой не адабраў усё гэта, ён шмат што з таго, што тады лунала ў паветры веку, не адабраў, меў старыя погляды, быў падазроны да новага чыноўнік. Але мая мама, мілая наіўная мамачка, яна горача падтрымала мой выбар прафесіі народнай настаўніцы, яна сама ўсё жыццё прагнула вучыць, прасвяшчаць: да прыслугі ставілася заўжды як да мілых родзічаў, заўжды песціла і задарвала яе на кожнае свята. Толку ад таго было няшмат, яны толькі грубелі, гэтыя Фрузы, Архіпкі, Ганкі, ляніліся, апускаліся, а пры выпадку маглі і ўкрасці, што дрэнна ляжала. Але ў мацеры гэта не лічылася хібам, яна ўсё тлумачыла іх цемнатой, неадукаванасцю, і яна іх прасвяшчала, чытала ўвечары на кухні Талстога, Някрасава, вучыла грамаце. Скончыўшы вучылішча, і я пайшла вучыць грамаце вясковых хлопчыкаў у глухім павеце Віцебскай губерні. Не скажу, што тыя гады былі самыя горшыя ў маім жыцці, можа, наадварот: хлопчыкі мяне любілі, ды і я прывязалася да іх — нічога не шкадавала, ні сілы, ні працы, далучала да культуры і элементарных ведаў, сама перабівалася з хлеба на квас, наймала куткі ў местачковых яўрэяў. Але ў тым я бачыла свой абавязак перад народам і выконвала яго з захапленнем. Самі разумееце, у маладыя гады гэтага захаплення бывае праз меру.
— І вы тут, у мястэчку, работалі? — запытаўся Агееў.
— Не, не тут, у розных месцах. Але больш за ўсё ў Дрысенскім павеце. Адзін год пад Дзвінскам, за дзесяць кіламетраў ад горада. Там і сустрэлася з айцом Кірылам.
— А ён што — ужо і тады быў свяшчэннікам?
— Толькі што канчаў духоўную семінарыю, збіраўся атрымаць прыход, можа, не самы горшы ў епархіі. Але, ведама, народ, як і ўсюды, быў бедны, жыў у цемры і невуцтве, і айцец Кірыл з не меншым імпэтам, чым я, узяўся за яго духоўнае выхаванне. Гэта цяпер так кажуць, што рэлігія — опіум для народа, а тады так не думалі, большасць лічыла наадварот, што вера ўзвышае, далучае да ісціны і святла. Праўда, і тады былі атэісты, такія, што лічылі яе далёка не самым важным у жыцці грамадства, на першае месца ставілі асвету, патрэбу ў ведах. Я таксама належала да гэтых апошніх.
— Як жа вы тады замуж выйшлі? За папа? — усміхнуўшыся ў цемры, запытаўся Агееў.
Неяк наперакор настрою ён слухаў Бараноўскую з усё большай для сябе цікавасцю, спакваля адкрываючы ў гаспадыні зусім іншага чалавека, чым той, які яму здаўся ўпачатку. Гэта было нечакана і нават здзіўляла. А ён яе прыняў за звычайную вясковую кабету, гэтую выпускніцу віленскага Марыінскага вучылішча, жонку прыходскага свяшчэнніка.
— У тым і справа, і я збіралася расказаць вам, як гэта сталася ў маім жыцці — усё насуперак перакананням, схільнасцям. Розныя мы мелі перакананні, а вось палюбіліся, не ведаю нават — чаму. Хаця закахацца ў айца Кірыла было няцяжка, ён быў такі відны, высокі, з русявай бародкай, вочы сінія-сінія, пагляд быцца наіўны, змройлівы, а голас… З голасу ўсё і пачалося. Першы раз пачула яго ў царкве, зайшла другі раз, а пасля сустрэліся з ім у іспраўніка на каляды, а на масленую ён ужо прасіў маёй рукі. Бацькі былі побач, у Полацку, але я ўсё рашыла сама, і павянчаліся ў той жа ягонай царкве. Бацька мой, даведаўшыся, нічога не сказаў, а мамаша закаціла істэрыку — такога яна не чакала. Але гнеў яе хутка мінуў: варта было ёй пабачыць майго сінявокага свяшчэнніка, як гнеў змяніўся на міласць — Кірыл чараваў кожнага перш за ўсё сваім пакорлівым выглядам, пасля асанкай, ну, і розумам, канечне. Апроч святых канонаў ён някепска ведаў літаратуру, разбіраўся ў мастацтве — сучасным, заходнім і візантыйскім, ды і да праваслаўнай царквы адносіўся ўмерана крытычна, бачыў у ёй не толькі плюсы, але і рад мінусаў. Аднак ён не хацеў асабліва ганьбіць руку, «хлеб дающую», і абавязкі свае выконваў старанна.
У пятнаццатым годзе ў нас нарадзіўся Алежка. Я жыла тады ў бацькоў у Полацку, Кірыл быў на фронце, ён служыў палкавым свяшчэннікам у Галіцыі, часта пісаў пра пакуты рускага салдата-акопніка ў той вайне. Праз год улетку прыехаў на пабыўку, падарыў на кароценькае шчасце і паехаў. І тут я, ведаеце, неяк бы падрасла ці пасталела, можа, пад ягоным уплывам ці таму, што стала маці, але менавіта з таго лета ў мяне
— Ну, а вам нашто было прымервацца? Вы ж жанчына. Ды яшчэ маладая мамаша, — сказаў Агееў.
— Напэўна, у тым і ўся справа, што стала маці. Гэта, ці ведаеце, заўжды мяняе псіхалогію жанчыны, асабліва ў трудны час, прывязвае да дзіцяці, ведаеце, да мужа таксама. Я гэта зразумела, калі дачакалася нарэшце Кірыла — прыйшоў неяк пад восень у семнаццатым, змораны, абвашыўлены, душэўна надламаны. Кастрычніцкі пераварот ён сустрэў спакойна, без асаблівай радасці, але і без гора — сам ён паходзіў з сялян, ведаў жыццё бяднейшых класаў, блізка прымаў іх інтарэсы і клопаты. Многае ў старым рушылася, бурылася, перайначвалася, але, здавалася, усё гэта рабілася дзеля выгады працоўных мас, для карысці народа. А калі для народа, дык якія маглі быць сумненні — народ мы паважалі з дзён нашай маладосці, для народа мы гатовы былі на ўсё. І калі ў нас разбурылі маёнтак Бротберга, спалілі бібліятэку, паламалі дарагую мэблю, скульптуру, Кірыл абурыўся — усё гэта дужа б спатрэбілася для новай народнай улады. Але маёнтак няхай, маёнтак, урэшце, дзела нажыўное, а вось тое, што расстралялі дырэктара народнага вучылішча, які ўсім сэрцам і справамі служыў менавіта народу, гэта ўжо было чорт ведае што! А расстралялі толькі таму, што той спрабаваў не даць рабаваць маёнтак, маючы на ўвазе перанесці туды вучылішча, дык яго расстралялі як абаронцу буржуазіі, а маёнтак спалілі. І хто? Тыя самыя цёмныя, паднявольныя мужыкі, дзеці якіх вучыліся ў народным вучылішчы ў гэтага самага дырэктара Івана Іванавіча Посных. Можа быць, гэты выпадак упершыню, а пасля і многія да яго падобныя вымусілі мяне зразумець, што людзі дзеляцца не па саслоўнай ці класавай прыналежнасці, не па прафесія і пасадах, а на добрых і злосных і што на аднаго добрага ў жыцці трапляе дзесяць злосных. І што дабрата немагчымая без бога, а са злом у чалавеку абавязкова пасяляецца д'ябал, якому ўжо ніхто не дасць рады.
Пасля грамадзянскай вайны Кірыл атрымаў прыход у родным мястэчку. Да нас тут доўгія гады раскашаваў айцец Піліп Заяц, гэта, я вам скажу, быў далёка не лепшы са служак боскіх, ды і з сыноў чалавечых таксама. Тыповы поп-абірала, абібок і п'яніца, якіх тады нямала развялося ў правінцыі. Гэты ўмеў прыладзіць рэлігію да свае асобы, ды так спрытна, нібы яна была для яго і створана богам. Пападдзя таксама папалася ў пару да бацюшкі, такая ж прагная і карыслівая, зрэшты, яна і кіравала папом і прыходам — цёмная, злосная баба. Да рэвалюцыі прыхаджане штогод падавалі скаргі, ездзілі ў сінод нават, але Заяц, дзе трэба, умеў прыкінуцца ягнём, а тым, хто паскардзіўся, пасля люта помсціў. Апошні раз скаргу на яго склала маладая фельчарка, дык ён давёў яе да самагубства — атруцілася морфіем. І мёртвай яшчэ помсціў — не даў пахаваць на могілках, закапалі за плотам каля дарогі. Але ўсё ж не скаргай, дык смерцю сваёй яна дамаглася, што Зайца знялі з прыхода, замест прызначылі айца Кірыла. Пераехалі мы ў гэтую во хату. Некалі тут мінула дзяцінства мужа, пасля прайшло дзяцінства нашага Алежкі. Я ў школе ўжо не рабіла, была простай хатняй гаспадыняй, пападдзёй, жылі мы пераважна з гарода ды з таго нямногага, што ахвяравалі прыхаджане. Трудна жылося. Але тады ўсім трудна жылося. Я палюбіла гэты дворык, і дом, і суседзяў на вуліцы — усе яны былі працавітыя, бясхітрасныя людзі. Я старалася з усімі жыць у міры і згодзе, чым магла памагала мнагадзетным, вулічным рабятам, у нас паявіліся сябры з простанароддзя. Інтэлігенцыя — настаўнікі, саўработнікі неяк з намі не надта вадзіліся, але бог і імі, я іх разумела. Пасля стала горш, айцец Кірыл захварэў, стаў кепска спаць, часта нерваваўся, хаця спраўна адбываў службу, ездзіў на трэбы, сумленна рабіў усё, што належала рабіць прыходскаму свяшчэнніку. Але разгортвалася барацьба з рэлігіяй, і, як гэта нярэдка бывае, гэтая барацьба стала персаніфікавацца, набываць канкрэтны характар. Панятна, што айцец Кірыл стаў першым аб'ектам гэтай барацьбы. Часта сталі парушаць парадкі абедні — то выкрыкі, то п'яная свара. Пасля сталі яго выклікаць — пераважна ноччу — у ГПУ, у сельсавет, а то на дыспуты з народам. Ён не працівіўся, паслухмяна хадзіў, удзельнічаў у дыспутах, дзе, канечне ж, верх браў не ён. Верх заўжды быў за Коськам Брытым — не ведаю дагэтуль, дзе тут ад мянушкі, а дзе ад прозвішча. Але аднойчы, калі айцец Кірыл расказваў аб паходжанні святога Евангелля, гэты Коська Брыты сразіў яго воклічам: «А ты сам бога бачыў?» Айцец Кірыл узяўся тлумачыць, што бога немагчыма ўбачыць, што гэта хутчэй нраўственнае паняцце, чым персона, але гэты Брыты дабіў яго рэплікай аб тым, што «нраўственнасць ці наравітасць — гэта ад кабылы, якая не хоча ісці ў аглоблі, а мы, маўляў, людзі свабодныя, цяпер нам воля, і пляваць мы хацелі на бога».
Усё гэта было даволі прымітыўна, груба і абурала, але Кірыл умеў сцішваць свой гнеў і яшчэ спрабаваў растлумачыць нешта, можа быць, больш папулярна, пакуль двое сябрукоў гэтага Брытага не ўзлезлі на сцэну і не насунулі на вочы свяшчэнніку шапку, тым закрываючы дыспут. Пасля было шмат рознага, болей кепскага: зламалі веснічкі ў царкоўнай агароджы, гадзілі на паперці, мазалі гноем вароты нашай сядзібы. А пра выкрыкі, крыўдныя рэплікі на вуліцы, у крамах за спіной айца Кірыла і за мной я ўжо не кажу, я да іх прывыкла і старалася не заўважаць. Горш стала, калі малы Алежка пачаў прыходзіць з вуліцы са скаргамі на таварышаў — то абазвалі, то пакрыўдзілі, а то і пабілі. Памучыліся мы, пагаварылі, ды і адвезла я сына да бабкі ў Полацк. Там ён быў проста Алег Бараноўскі, пайшоў у школу, вучыўся, як усе, і толькі ўлетку прыязджаў на некалькі тыдняў да маці з бацькам. Што тады рабілася ў маёй душы, гэтага не зразумець нікому. Нават муж не ведаў пра ўсе мае пакуты, тым болей што яму хапала сваіх…