Чтение онлайн

на главную

Жанры

Кар'ер

Быкаў Васіль

Шрифт:

Хуткую перамену ў сваім лёсе Агееў успрыняў, аднак, без асаблівае радасці, калі не сказаць болей — у думках ён ужо праклінаў той час, калі пагадзіўся завярнуць у гэтае мястэчка. Але ўся бяда ў тым, што нічога больш прыдатнага яму не выпадала, вельмі проста ён мог апынуцца ў палоне ці загінуць дзе-небудзь у сутычцы з немцамі. Так што з самага пачатку выбар у яго быў невялікі, і ён мусіў пагадзіцца на тое, што прапанаваў начны госць Волкаў і нарыхтаваў яму яго недарэчны ваенны лёс.

Зрэшты, гэты варыянт, можа, быў не самы найгоршы. Агееў меў даволі ўмелыя рукі, з ранніх гадоў прывучаныя да дрэва і няхітрых сялянскіх інструментаў, да армейскай службы яму даводзілася мець справу і з абуткам, праўда, далей дробнага рамонту ягонае майстэрства не ўзнялося, і пра тое, як пашыць боты, ён меў цьмянае

ўяўленне. Але тут шыць боты, мусіць, не давядзецца, трэба будзе рабіць якую-небудзь драбноту — падбіць абцасы ці прышыць лапік, на большае ён і не замахваўся. Ля самага выхада з падворка касабока мясцілася старая, крытая гонтам альтанка, некалі прыстасаваная для сушкі агародніны; тры яе бакі былі абшыты аполкамі, а чацвёрты, што выходзіў у двор, заставаўся адкрыты. Менавіта гэтую альтанку-паветку Агееў і абраў для майстэрні; учора яны з Бараноўскай зацягнулі туды невялічкі кухонны столік, адну табурэтку. Інструменты айца Кірыла захаваліся ўсе цэлыя, і былая пападдзя ледзь звалакла з гарышча цяжкую скрынку з чыгуннай лапай, абцугамі, малаткамі, калодкамі — усё гэта Агееў расклаў і развесіў у альтанцы. Заставалася, аднак, галоўнае — змайстраваць шыльду, бо якая ж майстэрня без шыльды? І ўвесь гэты дзень да вечара Агееў вырэзваў нажом з фанеры вялікія літары. Вядома, літары лепш было б напісаць, але ў Бараноўскай не знайшлося ні фарбы, ні патрэбнай для таго тканіны. Тады ён успомніў падобныя шыльды, што бачыў да вайны ў Беластоку, і падумаў, што можна зрабіць не горш. Праўда, літары атрымаліся надта крывыя, тупы нож дрэнна рэзаў старую фанеру, якая месцамі расслаілася і ламалася. За час, пакуль ён завіхаўся ў альтанцы, па вуліцы прайшло, можа, чалавек пяць, кожны з якіх уважліва прыглядаўся да яго, мабыць, не разумеючы, хто гэта калупаецца ў двары былой папоўскай сядзібы. І ён з неспакоем думаў: ці прызнаюць яго тут за папоўскага сына, ці ён хутка засыплецца тут з недарэчнай сваёй легалізацыяй. Але так ці інакш, адступаць не было куды, даводзілася іграць ролю, на якую змусіла яго вайна.

Сонца пайшло на захад, калі ён прымацаваў гэтую дошку-шыльду да вулічнага боку альтанкі. Атрымалася, канечне, даволі прымітыўна, літары цяжка было размясціць у адну лінію, і яны трохі сваволілі, стаўшы на дошцы як каторай захочацца. Але ўвогуле з вуліцы можна было прачытаць, што тут «Рамонт абутку», у альтанцы ляжалі раскладзены на століку інструмент, клубок тоўстых нітак і ўсохлая бярозавая калодка для драўляных цвікоў — падбіваць падэшвы. Скончыўшы з уладкаваннем, Агееў усеўся на табурэтцы з кінутай на яе ватоўкай, хваравіта выцягнуў пад сталом сваю бедалагу-нагу.

Аднак вуліца была пустая, за якую-небудзь гадзіну ніводны чалавек не прайшоў каля хаты, толькі за плотам у суседнім двары паказалася і знікла жаночая галава ў белай хусцінцы. Бараноўская, якая ўвесь дзень завіхалася ў двары, некуды знікла — мабыць, пайшла на гарод накапаць бульбы, і ён, прытаміўшыся, сіратліва сядзеў на табурэтцы, адчуваючы, што ў такі пазнаваты час яго сядзенне будзе без карысці. І калі ён наважыўся ўжо вылезці з-за стала, што з хворай нагой аказалася не дужа лёгка, у канцы гэтай кароценькай вуліцы пачулася размова і паказаліся дзве дзяўчыны. Адна была худзенькая, сярэдняга росту, у светлым, аблезлым сарафане з голымі да плячэй рукамі і кароткай стрыжкай светлых валасоў. Яна ціхенька засмяялася, звяртаючыся да сяброўкі — таго ж узросту, але трохі ніжэйшай і таўсцейшай дзяўчыны, на галаве якой свежа бялелася касынка, завязаная па-гарадскому — вузельчыкам на патыліцы. Абедзве яны роздумна памахвалі на хаду невялічкімі кошыкамі ў руках і пра штосьці гутарылі, пакуль не згледзелі яго ў альтанцы. Відаць, ягонае з'яўленне тут здзівіла іх, дзяўчаты прымоўклі і памалу ішлі, азіраючы пераробленую за дзень альтанку. Трохі не дайшоўшы да яе, меншая ціхенька, але так, што ўсё ж данеслася да яго, сказала сяброўцы:

— Ой, Марыя, не глядзі на яго так пільна.

Вышэйшая неўпрыцям піхнула локцем сяброўку, вымушаючы яе змоўкнуць, а сама, не адрываючы позірку, ўсё ўглядалася ў яго, і ў гэтым яе позірку яму здалося штось хоць і няпэўнае яшчэ, але ўжо значнае, змястоўна-прарочыстае, ці што. Быццам яна, радуючыся, паволі пазнавала яго. Ён, аднак, не пазнаваў іх — гэтых дзяўчат ён бачыў упершыню і толькі праводзіў

іх паглядам — паўз альтанку да суседняй хаты на вуліцы. Аднак ля суседняга падворка дзяўчыты нерашуча спыніліся, нядоўга параіліся аб чымсьці, і адна рашучым крокам вярнулася да альтанкі.

— Вы і сапраўды рамантуеце абутак? — запыталася яна ў Агеева, сарамліва ўсміхнуўшыся.

— І сапраўды рамантую, — з прытоенай усмешкай сказаў Агееў.

— І нядорага бераце?

— Нядорага, Марыя.

— Ой, адкуль вы ведаеце маё імя? — здзівілася дзяўчына.

— Я ўсё ведаю, — сказаў ён, ужо адкрыта і шырока заўсміхаўшыся.

— Не, праўда! Я тут раней вас не бачыла.

— А я тут нядаўна.

Яна памаўчала трохі, штосьці абдумваючы і ўспамінаючы.

— Дык можна прынесці туфлі? У мяне, ведаеце, ад падэшвы неяк адарвалася…

— Прыносьце, пабачым.

— А плаціць рублямі ці як?

— Як хочаце. Можна рублямі, а можна прадуктамі.

— Во добра! — узрадавалася Марыя і, павярнуўшыся, паклікала сяброўку: — Вера, ідзі сюды!

Сяброўка неахвотна, быццам з недаверам нават, прайшла ля штакетніка і спынілася ля ўвахода ў двор.

— За прадукты рамантуе. Я ўжо дамовілася, можа, прынясём нашы туфлі?

— Мне не трэба, — махнула рукой Вера і з яўнай насцярогай паглядзела на Агеева.

— Дык я свае прынясу. Заўтра? Ці можна сёння?

— А калі хочаце. Можна і сёння.

— Не, лепш заўтра, — рашыла Марыя. — А пакуль што — вось вам…

Сунуўшы руку ў прыкрыты анучкай кошык, яна дастала адтуль жменю чарніц.

— Во вам задатак. Частуйцеся.

У падстаўленыя прыгаршчы Агееў прыняў маленькую жменьку ягад, ніякавата падзякаваў; яна міла ўсміхнулася на развітанне і хуценька выйшла праз незагароджаны, без веснічак, выхад на вуліцу. Трохі пасядзеўшы ў роздуме, ён пачаў есці па адной чорныя, з шызым налётам ягады. Аб гэтай сваёй першай заказчыцы ён стараўся не думаць. Падумаеш, пачаставала чарніцамі і адарыла ласкавым позіркам у дадатак — ці да ласкавых яму позіркаў? Знайшоў пра што думаць…

Стараўся не думаць, але ўсё ж наперакор жаданню думаў, бо яна ўсё стаяла перад вачыма такой, якой толькі што з'явілася — імклівы гнуткі стан з загарэлымі нагамі, абутымі ў старэнькія разношаныя басаножкі. Страсянуўшы капешкай густых валасоў, яна падхапіла тады пад руку сяброўку, і яны, памахваючы кошыкамі, схаваліся за вуглом суседскае хаты.

Агееў праседзеў яшчэ паўгадзіны ў пустой сяк-так абсталяванай майстэрні і нікога не дачакаўся. Ніхто да яго не ішоў з абуткам, прахожых на вуліцы паяўлялася няшмат, і тыя, напэўна, былі суседзі з гэтай або бліжніх вуліц. Пачатак яго новай, шавецкай кар'еры яўна атрымаўся комам, без адзінага намёку на ўдачу. Калі чакаць далей не было сэнсу, ён вылез з-за стала і, абапіраючыся на выразаны ўчора ляшчынавы кіёк, пашкандыбаў у двор.

Двор быў прыгожы, амаль маляўнічы ў сваёй даўняй і мілай занядбанасці ва ўсім. Закрыты з аднаго боку цесным радам будынкаў, зверху ён амаль увесь захаваўся пад разложыстым голлем старога клёна, таўшчэзны камель якога трохі крывабока мясціўся каля альтанкі. За клёнам на гародзе за кустоўем парэчак расло некалькі старых сукаватых аблынь і стаяў радок маладых вішань па-над сцяжынай, дзе неўзабаве і паявілася яго гаспадыня з вядром свежай бульбы. Не дайшоўшы да дзвярэй у хлеў, яна паставіла вядро на сцежку і азірнулася.

— Тут нікога? Там гэта… Каля раўка вас чакаюць.

— Хто чакае? — вырвалася ў Агеева.

Але гаспадыня не адказала, толькі заклапочана паглядзела на вуліцу, і ён здагадаўся: не трэба пытацца. Ён звыкла тузануў пад вузкім раменьчыкам падол сацінавай кашулі і з дрыготкім сэрцам патупаў па сцежцы паўз хлявы на зады гародаў.

Тупаючы, ён углядаўся ў кустоўе ўзлеску не краі ўзроўка, што гублялася ў паўзмроку пад вольнай і высокай сцяной старых вязаў, але там нікога не было бачна. Не было нікога і на скошанай палосцы пожні за плотам, у адным канцы якой скасабочана цямнелася невялікая капешка сена. Менавіта з-за гэтай капешкі хтосьці махнуў рукой, даючы яму знак падысці, і Агееў збочыў са сцежкі. Ён ужо спадзяваўся ўбачыць тут Малаковіча або Волкава, але пад капешкай ціха сядзеў хударлявы хлопчык у сіняй трыкатажнай кашулі з акулярамі на кароценькім носе. Гэта быў яго нядаўні знаёмец, студэнт Кіслякоў, і Агееў стрымана павітаўся.

Поделиться:
Популярные книги

Перестройка миров. Тетралогия

Греков Сергей
Перестройка миров
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Перестройка миров. Тетралогия

Пятничная я. Умереть, чтобы жить

Это Хорошо
Фантастика:
детективная фантастика
6.25
рейтинг книги
Пятничная я. Умереть, чтобы жить

Внешники

Кожевников Павел
Вселенная S-T-I-K-S
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Внешники

Барон ненавидит правила

Ренгач Евгений
8. Закон сильного
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Барон ненавидит правила

Идеальный мир для Лекаря 10

Сапфир Олег
10. Лекарь
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 10

Паладин из прошлого тысячелетия

Еслер Андрей
1. Соприкосновение миров
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
6.25
рейтинг книги
Паладин из прошлого тысячелетия

Релокант 9

Flow Ascold
9. Релокант в другой мир
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Релокант 9

Аристократ из прошлого тысячелетия

Еслер Андрей
3. Соприкосновение миров
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Аристократ из прошлого тысячелетия

Три `Д` для миллиардера. Свадебный салон

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
короткие любовные романы
7.14
рейтинг книги
Три `Д` для миллиардера. Свадебный салон

Инквизитор Тьмы 2

Шмаков Алексей Семенович
2. Инквизитор Тьмы
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Инквизитор Тьмы 2

Я тебя не предавал

Бигси Анна
2. Ворон
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Я тебя не предавал

Земная жена на экспорт

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.57
рейтинг книги
Земная жена на экспорт

Лорд Системы 7

Токсик Саша
7. Лорд Системы
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Лорд Системы 7

Идеальный мир для Лекаря 2

Сапфир Олег
2. Лекарь
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 2