Кар'ер
Шрифт:
— Ну, дзякуй, — няпэўна прамармытаў Агееў, адчуўшы, аднак, што гэта — толькі частка размовы. Галоўнае, мабыць, яшчэ наперадзе.
— Але і ты павінен нам пасабіць.
— Што ж, канечне, — панылым голасам сказаў Агееў.
— Во і добра! — ажывіўся Драздзенка. — Тады гэта самае… Небальшая фармальнасць. Сядай!
Схапіўшы за гнуткую спінку адно крэсла, ён шырокім гаспадарскім жэстам падставіў яго Агееву, які, усё яшчэ няшмат што разумеючы, няўпэўнена сеў за стол. Драздзенка выцяг з кішаня фрэнча пацёрты, мабыць, яшчэ даваенны блакнот з малюнкам
— Так, небальшая фармальнасць. Немцы, яны, ведаеш, бюракраты болей за нашых. Ім каб было ўсё аформлена. Во чыстая старонка, во табе аловак… Пішы!
Не адразу, яўна збянтэжана Агееў узяў з яго рук тупаваты аловак, пакруціў у пальцах. Ён ужо разумеў, што гэтае яго пісанне не прынясе яму радасці, але і не ведаў, як было адмовіцца. Усё тое адбылося так нечакана, што ніякай прыдатнай прычыны для адмовы не знайшлося ў яго галаве.
— Пішы: я, Бараноўскі… як там цябе? Алег? Хай будзе Алег… Значыць, Алег Бацькавіч, настаяшчым абавязуюся сакрэтна супрацоўнічаць па ўсіх патрэбных пытаннях. Напісаў? Што — не згодны? — настырчыўся ён, угледзеўшы, што Агееў знерухомеў з алоўкам у пальцах. — Ты кінь дурыць! Інакшага выйсця ў цябе няма. Фронт пад Масквой, а немцы на суседняй вуліцы… Калі што — загрыміш у шталаг.
Амаль не слухаючы яго, Агееў ліхаманкава думаў, што рабіць. Вядома, ён не мог не разумець усёй згубы ад гэтай падпіскі, якая проста магла скалечыць ягонае жыццё. Але і адмовіўшыся цяпер падпісацца, ён рызыкаваў не менш проста развітацца з гэтам сваім жыццём. Драздзенка, аберуч упёршыся ў стол і навісшы над ім, дыктаваў з напорам, не даючы перадыху, каб падумаць ці перадумаць.
— Пішы, пішы: сакрэтна супрацоўнічаць з паліцыяй, а таксама службай бяспекі і эсдэ. Во і ўсё! Напісаў? Цяпер подпіс і дату!
Ужо яўна ненавідзячы гэтага нямецкага халуя, надзеленага, аднак, уладай, яго запэцканы, са слядамі пальцаў блакнот, а таксама і сябе самога, Агееў паставіў у канцы нейкі кручок замест прозвішча і вывеў дату.
— Во і добра! — усміхнуўся Драздзенка. — Ты нам, а мы вам. У даўгу не застанемся. Толькі… Э-э, так не пойдзе. Фамілію пішы разборчыва. Ба-ра-ноў-скі! Во так. Цяпер другое дзела. Ну, а клічка? Якую клічку возьмеш?
— Якую яшчэ клічку?
— Ах ты, святая прастата! Не разумееш? Для канспірацыі, каб староннія не адгадалі. Ну, дык як назавемся?
Агееў паціснуў плячыма. Ён ужо кепска стаў цяміць — мабыць, за гэты ранак пачаў ператварацца ў ідыёта.
— Не панімаеш? Дурны? Скора паразумнееш. А пакуль што так і назавем: Непанятлівы.
— Так, але… У чым я магу вам памагчы? — імкнучыся захаваць рэшткі спакою і заўважыўшы дрыжыкі ў руках, сказаў Агееў. — Я тут нікога не ведаю, нідзе не бываю…
— Не мае значэння! — парыраваў Драздзенка, таропка запіхваючы блакнот у кішэнь сіняга фрэнча. — Ты шавец! У цябе будуць людзі. І яны будуць шукаць з табой сувязь.
— Хто — яны? — амаль шчыра здзівіўся Агееў.
— Бальшавікі, хто ж! Тыя, што з лесу. Цяпер яны ў лес перабазіраваліся. Во ты вечарком нам і стукнеш. Я буду наведвацца.
— Але, разумееце…
Усё ў ягоным нутры пратэставала супраць гэтага здрадніцкага зняволення, вынікі якога было лёгка прадбачыць у будучым, але ён не знаходзіў слоў, каб адвесці бяду. Ды, мабыць, было ўжо і позна што-небудзь адводзіць. Блізка да пераносся пасаджаныя вочы Драздзенкі бязлітасна пранізвалі яго, бы імкнучыся пранікнуць у самую глыбіню яго растрывожаных думак.
— Што, дрэйфіш? Бальшавікоў баішся? Не дрэйф! У цябе абарона. Паліцыя ўсёй акругі. Эсдэ. Нямецкая армія. А бальшавікам усё роўна крышка. У самым хуткім часе.
— Але…
— Не але, а точна! Немцы акружаюць Маскву. Да зімы вайна скончыцца.
— Да-а-а, — уздыхнуў Агееў, каб толькі парушыць гнятлівую паўзу ў гэтай не менш гнятлівай размове, і падумаў, што калі гэты чалавек не пакіне яго праз пяць хвілін, дык, мабыць, усё для абодвух і скончыцца на гэтай кухні. Ён ужо зірнуў у парог, дзе былі цяжкія рэчы — вілачнікі, качарга, ды згледзеў за рамай кухоннага акна белабрысую морду ўгодлівага паліцая, які бесцырымонна заглядваў на кухню.
Драздзенка, аднак, хутка вымеўся, паабяцаўшы неўзабаве наведацца, і нават зусім па-сяброўску патрос ягоную руку. Застаўшыся адзін, Агееў сеў на ўкапаную пад клёнам лаўку і падумаў, што, здаецца, улез у гразь, з якой невядома як будзе вылезці. Праклятая рана, як яна звязала яго! Быў бы здаровы, ён бы цяпер апынуўся далёка ад гэтага злашчаснага мястэчка з яго паліцыяй, ад гэтага падонка з танкавых войск. Можа б, назаўжды лёг у сырую зямлю, затое ў яго было б чыстае сумленне і сумленнае імя, якое цяпер невядома як будзе адмыць ад фашысцкай гразі. Каторы раз ён з непрыязню ўспомніў Малаковіча, які прапанаваў яму такі паратунак. Уратаваўся, называецца! Ад чаго толькі? Як бы гэта паратунак не стаў для яго горш за пагібель…
Мабыць, ён доўга прасядзеў пад клёнам, паныла перажываючы агідныя падзеі гэтага злашчаснага ранку. Ранак, між тым, непрыкметна ператварыўся ў дзень, з-за дахаў суседніх дамоў выглянула і стала прыграваць сонца, хаця двор яшчэ ўвесь ляжаў у густым цяні ад дрэў. Бараноўская нідзе не паяўлялася, і ён падумаў, што, мабыць, яна паехала. Куды толькі? Але гэта яе справа, ён не меў ні магчымасці, ні вялікага жадання ўлазіць у яе, відаць, таксама няпростыя клопаты — яму хапала ўласных. І калі на выхадзе з двара ціха паявілася дзяўчына ў вязаным зялёным жакеце, ахоплены роздумнай самотай Агееў недаўменна зірнуў на яе, не разумеючы, што ад яго трэба.
— Во туфлі прынесла…
Толькі ўбачыўшы ў яе руках пару светла-бежавых туфляў, ён пазнаў сваю ўчарашнюю знаёмую і ўспомніў, кім ён нядаўна назваўся ў гэтым мястэчку. Ён — шавец, і гэта накладвала на яго пэўныя абавязкі, якія, мяркуючы па ўсім, трэба было выконваць.
Яшчэ ўвесь растрывожаны апошняй падзеяй, ён дашкандыбаў да альтанкі, моўчкі залез за стол. Ён нават не зірнуў на дзяўчыну, якая таксама моўчкі стаяла насупраць, і, усеўшыся на табурэтцы, працягнуў руку.
— Дайце, што там?