Кар'ер
Шрифт:
— Ды во, бачыце, трошкі прадралася…
Заклапочаны сваімі непрыемнасцямі, Агееў бегла азірнуў туфель: у наску каля падэшвы была невялічкая дзірка, на якую трэба было накласці лапік. Ён пакорпаўся ў скрынцы айца Кірыла, знайшоў мяккі шматок скуры, з якога касым шавецкім нажом адкроіў невялікі, з бярозавы лісцік, кавалак. Увесь гэты час дзяўчына стаяла насупраць, і ён сказаў:
— Ды вы сядайце. Зараз паспрабуем залапіць.
— З дапамогай шыла і нятоўстай дратвы ён прышываў лапік,
— Напарстак трэба.
— Які напарстак?
— Напарстак. З каторым жанчыны шыюць тоўстую тканіну.
Агееў з цікаўнасцю паглядзеў на яе лагодны, амаль не загарэлы твар з дробненькімі завушнічкамі ў вушах і раптам зразумеў, што яна нетутэйшая, зусім можа быць, як і ён, закінутая сюды жахлівымі шляхамі вайны.
— Даўно тут? — запытаў ён ціха.
— Я? З чэрвеня. Ужо трэці месяц. А чаму вы пытаецеся?
— Ды так. Бачу, нетутэйшая быццам.
— Ды і вы ж нетутэйшы. Адкуль пра мяне ведаеце?
— А адкуль вы ведаеце, што я нетутэйшы? — запытаў ён, не паднімаючы галавы ад туфля.
— А мне Вера сказала. Тая, што ўчора са мной прыходзіла.
— Вера тутэйшая?
— Амаль тутэйшая, — уздыхнула Марыя, абцягваючы на каленях падол сарафаніка. — Настаўніца, у школе рабіла. А я з Мінска. Прыехала на сваю галаву, а цяпер як выбрацца?
— Да родных прыехала?
— Да сястры. Вера ж мая стрыечная сястра. Тут жыве ў бляхара Лукаша, вунь на суседняй вуліцы. Мужа на вайну ўзялі, цяпер яна з дваіма дзецьмі…
— Да, гэта нялёгка. У такі час ды з дзецьмі, — ціха сказаў Агееў, засяроджана калупаючыся ў туфлі. Ён хацеў зрабіць усё акуратна, але акуратна ў яго не атрымлівалася — сцяжкі выходзілі няроўныя, скура лапіка моршчылася, а галоўнае — прадзець у насок іголку было вельмі нязручна, і ён пакалоў усе пальцы. Марыя, мабыць, заўважыўшы тое, вінавата сказала:
— Кепска атрымліваецца? Нарабіла я вам клопату…
— Нічога, як-небудзь.
— Канечне, вы яшчэ толькі вучыцеся. Калі-небудзь і атрымаецца.
Ён з міжвольным здзіўленнем паглядзеў на дзяўчыну.
— Гэта чаму вы так думаеце?
— А што ж, хіба не відно? Які з вас шавец? Камандзір, напэўна…
Во табе і раз, падумаў Агееў з раптоўнай непрыемнасцю ад тых яе слоў. Другі кліент запар сумняваецца ў яго шавецкім умельстве, з першага позірку бачыць у ім камандзіра — куды гэта варта? Трэба было штосьці прыдумаць, адпусціць даўжэйшую бараду, ці што? Ці ўдасканаліць гэтае праклятае рамяство, якое яму чамусьці нечакана трудна давалася.
— А ты ў Мінску чым займалася? —
— Я ў педагагічным вучылася. Думала матэматыку выкладаць. Ды во, мабыць, не прыйдзецца, — сказала яна і нахмурыла светлыя броўкі.
— Нічога, як-небудзь. Галоўнае — спыніць яго, — сказаў ён даверліва, і яна горача падхапіла:
— Да? Вы так лічыце? Кажуць, за Смаленскам ужо спынілі. Нейкі горад вызвалілі. А тут што робіцца!..
— Яўрэяў пабілі?
— Расстралялі ўсіх да аднаго. Спярша сказалі, у горад пагоняць, загадалі золата ўзяць, пярсцёнкі, грошы і на трое сутак прадуктаў. А саміх у той жа дзень у тарфяніках пастралялі. Нашто было браць прадукты?
— А каб не здагадаліся, куды гоняць, — сказаў ён, адразу зразумеўшы гэтую нямецкую хітрасць. Марыя здзівілася:
— Ой, як вы разгадалі! А я вось не магла. Усё думала: ну, яны ж не дурныя, рацыяналісты, усё ў іх прадумана да дробязей — нашто прадукты? Бо ўсё ж з забітымі пакідалі ў ямы.
— Дурное дзела няхітрае, — сказаў ён і, можа, упершыню за ранак уважліва паглядзеў на дзяўчыну. На яе далікатным твары паявіўся і прапаў выраз шчырага захаплення, у глыбіні шэрых, шырока раскрытых вачэй цямнелася нейкае перажыванне, мабыць, ужо дасталося і ёй у гэтам мястэчку.
— Бацькі ёсць?
— Мама была. Семнаццатага чэрвеня паехала ў Стаўрапаль. Не ведаю цяпер, ці паспела вярнуцца.
— Наўрад ці паспела.
— Не паспела. Хто думаў, што фронт так хутка адкоціцца.
— Да, на фронце цяпер крывавая каша.
— А вас — на фронце? — кіўнула яна ў яго бок з раптоўнай цікаўнасцю ў позірку.
— Што — на фронце?
— Ну, параніла — на фронце?
— А адкуль ты ведаеш, што паранены?
— А з палкай. Учора бачыла. З вуліцы падглядзела.
— Во як! Ты ўжо і падглядваеш?
— Ды незнарок. Проста ішла па вуліцы, а вы — з палачкай. Так кульгалі, так кульгалі, што мне шкада вас зрабілася.
Агееў азадачана прамаўчаў. Сёння пасля ўсяго, што адбылося ў яго з гэтым начальнікам паліцыі, яму самому было шкада сябе, і нечаканае спачуванне Марыі амаль кранула яго.
— Нічога, нічога. Як-небудзь, — грубавата суцешыў ён дзяўчыну, але болей — самога сябе. Лапік ён ужо дашываў, на паношаныя абцасікі трэба было б набіць і набойкі, але ў яго не было чым набіць, і ён анучай старанна нацёр гладкія наскі туфляў.
— Ужо гатова? — узрадавалася Марыя і ўскочыла з лаўкі. — Ой, як добра!
— Не надта добра, — прызнаўся ён, сапраўды мала задаволены сваёй працай, і ўсміхнуўся — упершыню за сённяшні дзень. — Можа, як-небудзь навучуся. Не пройдзе і месяца…