Чтение онлайн

на главную

Жанры

Кар'ер

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Чым вы дакажаце?

— Што — дакажу? — не зразумеў Агееў.

— Што былі чацвёртым? І што быў пяты?

— А я і не збіраюся даказваць. Я ж ні на што не прэтэндую. Нічога не прашу.

— А раскопкі?

— Даліся вам гэтыя раскопкі! — пачаў нервавацца Агееў. — Вам што, шкада гэтага смецця? Ці гэтай гразі ў кар'еры?

— Нам не шкада, таварыш Агееў. Але калі кажды пачне капаць дзе захоча, што будзе? Форменны неперадак будзе. А задача абшчэственнасці падтрымліваць парадак. На кожнае дзействіе далжно быць разрашэнне. А ў вас яго няма. Таму мы абавязаны саставіць акт. На факт нарушэння.

— Ваша справа! Можаце складаць, — сказаў Агееў і, адышоўшыся ўбок, сеў на перакуленае пластмасавае вядзерца. Гасцям тут сесці

не было на што, але ён не стаў іх рассаджваць — хай уладкоўваюцца самі. У яго зноў закалацілася сэрца, краявід непрыемна паплыў у вачах, і ён на хвіліну прыжмурыўся, каб саўладаць з сабой, стрываць пры гасцях без таблеткі. Прыступ быў, аднак, не доўгі, і калі ён зноў зірнуў на гасцей, тыя, адышоўшыся да могілак і расклаўшы на камянях агароджы кардонную папку, узяліся складаць акт. Прадстаўніца грамадскасці Казлова стаяла зводдаль, насуплена пазіраючы на яго.

— Імя, вотчаства ваша? — гучна запытаў здаля падпалкоўнік, па-над акулярамі зірнуўшы на Агеева.

— Павел Пятровіч.

— Дзе пражываеце?

— У Мінску.

— Адрас. Вуліца? Дом?

Ну во, толькі гэтага і не хапала! Як на злачынцу. Яму вельмі хацелася зрэзаць гэтага барацьбіта за парадак якой-небудзь калючай рэплікай, але ён ужо ведаў з практыкі, што ў такіх выпадках лепш не пачынаць сваркі, змаўчаць. Сабе ж дзешавей абыдзецца, як казаў калісь Валерка Сініцын, ягоны саслужывец па інстытуце.

Складанне акта цягнулася даволі доўга, падпалкоўніка некалькі разоў перапыняў працу. Ён яўна пакутаваў ад задышкі і патлівасці і раз за разам скідаў капялюш, абмахваўся ім, ціха бубніў сам сабе:

— Ведзёт… ведзёт раскопкі… Нет! Праізводзіт раскопкі, так лепш, а, таварыш Шабуня?

— Ага, так лепей, — не надта ўпэўнена пагаджаўся Шабуня.

— …Саставілі гэты акт… Нет! Настаяшчы акт… — папраўляў сябе падпалкоўнік, і Шабуня згаджаўся:

— Настаяшчы, ага.

— Ну вот. Цяпер падпісаць. Прадлагаем вам падпісаць, — угнуўшы галаву, са спушчанымі на носе акулярамі звярнуўся ён да Агеева.

— Няма вам чаго рабіць, — з прыкрасцю сказаў Агееў, усё яшчэ не могучы зладзіць з сэрцам. Але сапраўды рабіць яму не было чаго, ён падняўся і, з натугай перастаўляючы ногі, падышоў да агароджы. — Каму пашкодзілі мае раскопкі?

Пры гэтых ягоных словах раптам неспакойна заварушылася апатычная да таго Казлова і ўпершыню загаманіла грубым мужчынскім голасам, які здаўся Агееву надта знаёмы. І ён тут жа здагадаўся, што гэта — гаспадыня жоўтага дома за дарогай насупраць. Як ён не пазнаў яе адразу?

— А вот і пашкодзілі! — працяжна загаманіла яна. — Заняў тут выган, распалажыўся… А гусі ў патраву ходзюць. Тут не ходзюць, пугаюцца… У патраву ходзюць.

— Ах, гусі!..

Цяпер усё стала зразумела. Неяк ранічкай, неўзабаве пасля таго, як ён паставіў тут палатку, з боку ад дарогі паявілася чарада гусей, і магутны прыгажун-гусак, які вёў чараду, здзіўлена спыніўся перад яго палаткай. Агееў лагодна паклікаў гусака, але той абурана засіпеў, выгнуў шыю і павярнуў назад. За ім у абход кар'ера павярнула ўся чарада, дзе, мабыць, і зрабіла нейкую патраву. Цяпер давядзецца яму адказваць і за гэта.

Агееў узяў папку з густа і няроўна спісаным аркушам паперы. Мабыць, трэба было прачытаць, што там сачыніў гэта адстаўнік-падпалкоўнік, але без акуляраў ён таксама няшмат што бачыў, а вяртацца па іх у палатку не захацеў і абы-як распісаўся ўнізу пад птушкай, клапатліва пастаўленай складальнікам акта.

— Калі ласка, — сказаў ён, з націскам прыстукнуўшы шарыкавай ручкай.

Падпалкоўнік схаваў акт у папку, зняў з носа акуляры, сунуў іх у нагрудную кішэньку пінжака і раптам запытаўся ў Агеева ціха, амаль па-сяброўску:

— У шахматы гуляеце?

— Што? — не зразумеў Агееў.

— У шахматы, кажу, гуляеце?

Агееў пакруціў галавой — якія там шахматы! Ужо ці не прапануе гэты законнік пасля ўсяго, што здарылася, згуляць з ім партыю? Але падпалкоўнік не прапанаваў, ён толькі клапотна

ўздыхнуў і сказаў:

— Вы гэта… Не крыўдуйце, таварыш Агееў. Парадак ёсць парадак, і ўсё трэба рабіць як паложана.

— Гэта канечне, — паспяшаўся згадзіцца Агееў, бо спрачацца з ім не было ніякай ахвоты.

Упаўнаважаныя грамадскасці чамусьці падышлі да абрыву, зазірнулі ў кар'ер. Рухавы Шабуня абабег яго зверху да палавіны, усё нешта тлумачачы і паказваючы. Але Агееў не слухаў і не стаў іх праводзіць да дарогі, ён зноў апусціўся на сваё вядро, на якім часам сядзеў надвячоркам ля касцярка, і, трываючы сардэчныя перабоі, думаў. Думкі яго былі адпаведныя яго настрою. Як мала трэба, думаў ён, каб збэсціць гэты настрой, і як цяжка наладзіць яго нанова. Во і тут, нічога ж асаблівага не адбылося, што яму недарэчныя прэтэнзіі гэтых настырных прадстаўнікоў грамадскасці, ён іх не баяўся, бо не бачыў у сваіх дзеяннях нічога колькі-небудзь ганебнага ці недазволенага. А вось на душы стала кепска. Ён зусім не апасаўся, што іх дурному акту можа быць дадзены нейкі ход, ды і заставалася яму тут яшчэ некалькі дзён пакалупацца ў гэтым кар'еры, і ён паедзе, хутчэй за ўсё так нічога і не праясніўшы для сябе, не знайшоўшы нічога. (Марная справа, мусіць, знайсці што-небудзь праз сорак гадоў.) Але во ён расказаў ім пра тое, пра што не меў звычаю нікому расказваць — чаму ж не ўтрымаўся? Тое, што з ім тут здарылася, датычыла толькі яго аднаго, ну, і яе, канечне, таксама. Вось перад ёй ён абавязаны быў даць адказ, але ні перад кім болей. Ды яе даўно не было, не было нават яе белых костачак, якія, магчыма, даўным-даўно сталі попелам дзе-небудзь у крэматорыях Дахаў або Асвенціма, а ён шукае іх тут. Але, каб дапусціць штосьці іншае, перш трэба было ўпэўніцца, што яна ў тую восень не засталася ў кар'еры. Пасля можна меркаваць усё, што хочаш, але толькі выключыўшы з меркавання кар'ер. Калі ж яму гэта не ўдасца і выявіцца, што яна ўсё ж апынулася тут, тады ўсё. Тады поўны глухі тупік. Тады для яго поўная фініта ля камедыя і нічога больш, як любіў паўтараць усё той жа Валера Сініцын.

Калі трохі адпусціла сэрца, ён усё ж сышоў у кар'ер, узяў рыдлёўку. Але капаць сёння ён, мабыць, не мог, дрогкая слабасць у грудзях упарта не хацела выпускаць яго са сваіх ватных абдымкаў. Пастаяўшы трохі, ён падняў знойдзены раніцай туфель, абчысціў яго ад гразі, спаласнуў у вадзе. Усё ж гэта не яе туфель, рашыў ён. Там, дзе скура захавалася лепей, было прыкметна, што ён афарбаваны ў чорны колер — яе ж лодачкі былі светлыя, гэта ён запомніў выдатна. Туфель ён, аднак жа, не кінуў, падняўшыся да палаткі, зачапіў абцасам за вяроўку расцяжкі — хай сушыцца.

Тым часам ранак непрыкметна перайшоў у дзень, і, хоць сонца так і не паказалася ў небе, стала цёпла, ад волкай зямлі ўзнімалася душная пара. Дыхалася трудна, атмасферны ціск, мабыць, упаў, Агееў адчуваў гэта па вялай рабоце сэрца, якое ледзьве варушылася ў грудзях, часта губляючы рытм. Ён чакаў, што слабасць мінецца, раней для таго варта было пасядзець у спакоі, можа, залезці ў палатку, адлежацца. Але ён усё сядзеў ля яе, думаў. Успомніў свой сон і журботна ўсміхнуўся: усё так і ёсць, як наваражыла ноч, дзень пацвердзіў, брыдота адбылася. Трэба было схадзіць па ваду ў другі ад канца вуліцы двор, дзе быў калодзеж, але не хацелася ўставаць, напружвацца, здавалася, ён страціў сёння здольнасць нават да невялікага намагання, і расслаблена бавіў час ла палаткі. У поўдзень з-за кар'ера, з поля павеяла лёгкім ветрам, які разагнаў парнасць і патрывожыў лісцвяны спакой велічных дрэў на могілках. Агееў з натугай падняўся і ўзяў пластмасавы бітончык, каб схадзіць па ваду. Але толькі адышоўся ад палаткі, як убачыў на рагу каменнай агароджы ля могілак знаёмую постаць Сямёна — здаровая рука таго размашыста адлятала ўбок у такт шырокаму кроку, за ёй дзіўнаватым палавінным рухам варушылася яго кульця. Сямён быў усё ў той жа жоўтай трыкатажнай тэнісцы, якая непаслухмяна вылазіла з-пад дзягі, што слаба сядзела на яго таліі.

Поделиться:
Популярные книги

Сердце Дракона. Том 19. Часть 1

Клеванский Кирилл Сергеевич
19. Сердце дракона
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
боевая фантастика
7.52
рейтинг книги
Сердце Дракона. Том 19. Часть 1

Последняя Арена 10

Греков Сергей
10. Последняя Арена
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Последняя Арена 10

Идеальный мир для Лекаря 21

Сапфир Олег
21. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 21

Звезда сомнительного счастья

Шах Ольга
Фантастика:
фэнтези
6.00
рейтинг книги
Звезда сомнительного счастья

Live-rpg. эволюция-4

Кронос Александр
4. Эволюция. Live-RPG
Фантастика:
боевая фантастика
7.92
рейтинг книги
Live-rpg. эволюция-4

Девятое правило дворянина

Герда Александр
9. Истинный дворянин
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Девятое правило дворянина

Муж на сдачу

Зика Натаэль
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Муж на сдачу

Para bellum

Ланцов Михаил Алексеевич
4. Фрунзе
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.60
рейтинг книги
Para bellum

Егерь

Астахов Евгений Евгеньевич
1. Сопряжение
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
7.00
рейтинг книги
Егерь

Вечная Война. Книга VII

Винокуров Юрий
7. Вечная Война
Фантастика:
юмористическая фантастика
космическая фантастика
5.75
рейтинг книги
Вечная Война. Книга VII

Я снова не князь! Книга XVII

Дрейк Сириус
17. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я снова не князь! Книга XVII

Ваантан

Кораблев Родион
10. Другая сторона
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Ваантан

Идущий в тени 4

Амврелий Марк
4. Идущий в тени
Фантастика:
боевая фантастика
6.58
рейтинг книги
Идущий в тени 4

Мятежник

Прокофьев Роман Юрьевич
4. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
7.39
рейтинг книги
Мятежник