Кар'ер
Шрифт:
— Зубы зламаеш, — сказаў Агееў.
— Нічога! Жалеза на жалеза. Вытрымае, — адказаў Сямён і засмяяўся — прастадушна, зусім па-дзіцячы, бліснуўшы металічнымі зубамі. Агееў глядзеў на яго немалады, у зморшчынах, з няголеным падбароддзем твар і думаў, што, мабыць, яны блізкія па ўзросту, мо нават аднагодкі.
— А ты родам адкуль? — запытаў ён, хаця ўжо ведаў, што Сямён прыезджы і жыве ў пасёлку некалькі апошніх гадоў.
— Я? А смаленскі, з-пад Ярцава. Чуў?
— Чуў. Блізка…
— Блізка, — ахвотна пагадзіўся Сямён. — Я так лічу: што Смаленшчына, што Беларусь — адзін чорт. Бульбянікі. Ну, давай вып'ем. Ілья ж сёння.
— Во
— Ілья нарабіў гнілля. І я табе скажу: правільна заўважана.
Яны выпілі. Агееў не да канца, пакінуўшы ў сваёй шклянцы на другі раз. Сямён жа за тры глыткі ўвабраў усё да дна і страсянуў пад дождж апошнія кроплі з кварты. Агееў падумаў, што трэба было б пашукаць што на закусь, але госць адразу схапіўся сваёй учэпістаю рукой за туга напханую кішэню і выцяг адтуль скамечаны пачак «Прымы».
— Курыш? Не? Ну, дык я задымлю.
Неўзабаве цесная нізенькая палатка напоўнілася цыгарэтным дымам, Агееў няўзнак шырэй расхінуў брызент на ўваходзе. Ён быў трохі насцярожаны і пабойваўся, што Сямён пачне пытацца ў яго, навошта ён капае тут, у гэтай яміне. Але Сямён ні пра што не пытаўся ні пры іх нядаўнім знаёмстве, калі неяк ранічкай забег у кар'ер закурыць, ні пасля. Здаецца, гэты чалавек меў не часты ў ягоным узросце лёгкі, гаваркі нораў і ці то ад прыроднай ветлівасці, ці з-за адсутнасці цікавасці да чужых спраў не набіваўся з роспытамі. Агееву гэта ўвогуле было даспадобы.
— Руку дзе згубіў? — кіўнуў ён на яго кульцю.
— На вайне, дзе ж! Руку што — руку згубіў, жыць застаўся. Мог жызню згубіць.
— Гэта канечне, — пагадзіўся Агееў.
— Точна! Рука — яна перабіта была, а дзяржалася. Гэта ў шпіталі адцяпалі. А во тут горай!
Сунуўшы цыгарэту ў зубы, ён усё той жа рукой тузануў за ніз безрукаўкі, агаліўшы шырокія кашчаватыя грудзі са страшным сінім рубцом у правым баку.
— Во саданула. Мёртвым суткі ляжаў. Крывёй сплыў. Бушлат да зямлі прымёрз, ададраць не маглі. Ану яе!.. Давай яшчэ патрошку.
Ён падставіў шырокую кварту, Агееў наліў яму і сабе і, перш чым выпіць, падумаў, што, мабыць, болей не трэба. Гэтую яшчэ вып'е, і ўсё. Сямён жа з ранейшай ненасытнай прагнасцю выпіў да дна, глыбока зацягнуўся «Прымай».
— Гляджу, малавата бярэш. Ці мо апасаешся? — хітравата прыжмурыўшы праз дым адно вока, уставіўся ён у Агеева.
— Апасаюся, — сказаў Агееў. — Ужо, знаеш, званочак быў.
А, ерунда гэтыя званочкі! У мяне ўжо колькі было іх. І лічыць перастаў. А вып'ю калі — палягчэе. Дык во думаю: каб не піў, даўно б ужо зямлю парыў.
— Ну, гэта як сказаць.
— Точна! Вунь Шумакоў Даніла Васільевіч: і званкоў не было, і ўжо як сцярогся. Выйшаў на пенсію, не піў, не курыў. Раніцой усё рукамі махаў, гімнасціку рабіў. Памёр! Вясной пахавалі. На сем гадоў маладзейшы.
— Каму як.
— Во, іменна. Каму так, а каму гэтак. Я табе скажу: каму чаго хочацца, таму бог таго і не дае. А каму пляваць на што-небудзь, таго ў таго навалам. У жыцці не трэба быць сквапным! — з націскам скончыў Сямён.
— Яно так…
Сямён прыкметна п'янеў, і Агееў адчуў невялікую прыкрасць, падумаўшы, што цяпер разгаворыцца і трэба будзе доўга слухаць яго балбатню, а ён даўно не любіў захмялелых балбатуноў. Аднак Сямён прымоўк, штосьці ў ягоным бесклапотным настроі пачало мяняцца, і ён, дакурыўшы цыгарэту, ціха запытаўся:
— Франтавік?
— Ды як сказаць, — трохі збянтэжыўся Агееў. — У сорак першым — на фронце, параніла. Пасля ваяваў у партызанах. Пасля зноў…
— У парцізанах тожа не мёд. Скажу табе, пад канец вайны ваяваць навучыліся, але што паявілася — хітрасць. Каб выжыць! Стала магчымым выжыць. Во некаторыя і ўхапіліся за гэтую магчымасць. Хітрыя каторыя… Давай разлівай рэшту, чаго там…
Агееў наліў — зноў сабе трошкі, астатняе выліў у кварту, якую з гатоўнасцю падставіў Сямён. За палаткай роўна і спорна ліў летні дождж, дым ад цыгарэты ляніва цягнуўся да выхада. Ад выпітага Агееву стала цяплей, з адвыкласці ад спіртнога паявілася лёгкае кружэнне ў галаве і нейкая міжвольная добразычлівасць да гэтага гаваркога госця.
— Я, знаеш, пад канец вайны ўжо быў нестраявы, — стрымана паведаміў Агееў, крануты ягоным пытаннем. — Так што, як там было на перадавой у канцы, не ведаю. Не бачыў.
— А я паглядзеў. На некаторых палюбаваўся. Адзін такі ледзьве на той свет не справадзіў. Енакаеў фамілія, век не забуду.
Ён сядзеў у палатцы, трошкі прыгорбіўшыся, па-ўсходняму склаўшы перад сабой мокрыя, у ботах, ногі, са звыкла спушчанай на рассунутыя калені рукой. Гэтая рука, аднак, была ўся ў руху, памагала яму жэстамі, то складваючы пальцы рубам, то матляючы імі ў паветры.
— Енакаеў… Старшына разведроты. Нічога, старшына быў дзелавіты, умеў парадак трымаць. Кадравы служака, не які там з запасу. Далёкаўсходнік. Я ж таксама далёкаўсходнік, дзяйствіцельную ў Градэкове служыў, на Хасане быў, ага. Калі ў сорак чацвёртым з папаўненнем прыйшоў у дывізію, у гэтага Енакаева чатыры ордэны на гімнасцёрцы. Строгі такі, але не прыдзірлівы, не разявала па-дробнаму. І з хлопцамі мог ладзіць — ну, там па сто грамаў ці кімарнуць лішнюю гадзіну. Ведама, старшына, у ягоных руках усё. Афіцэры, яны болей пра дзела пякліся: разведка там, языкі… Ах гэтыя языкі, каб ім прапасці! Папоўзаў я там па нейтралках, пацёр бруха. Іншым часам, як станем, бывала, у абарону, — кожную ноч. Поўзаеш, поўзаеш, на каленях скура аблезе, ну, прыцягнеш якога фрыца, думаеш: цяпер ужо хоць дадуць выспацца. Дзе там! Не той фрыц, мала знае. Сцямнее — зноў давай! А калі ў яго наладжаная абарона? Дрот, міннае поле, ракеты, кулямёты. На Вісле пяць начэй запар поўзалі — нізашто! Блізка падпусціць, асвеціць ракетамі — і з кулямётаў. Уціснешся ў зямлю, ляжыш, чакаеш: авось перастане. А ён і не думае пераставаць, што яму — патронаў шкада? Патронаў, ракет у яго навалам, не тое, што ў нас. Ну, і лупіць. А ў нас сховішча ніякага, ляжыш на роўнядзі, бы на стале. Адно што каскі на галовах. Во ляжыш і чуеш, як то справа, то злева хрась-хрась! Як шкарлупа на арэхах. І куля — наўздоўж цела да заду. Не знаю, як хто, а я на вайне болей за ўсё баяўся такой во кулі — наўздоўж цела. Упоперак чамусьці не дужа палохала: праб'е грудзі ці там руку, нагу, неяк звыклае дзела. А вот калі наўздоўж — ад макаўкі да заду — страшна падумаць. Праўда, яшчэ і за жывот баяўся…
— За жывот усе баяліся, — сказаў Агееў. — Уязвімае месца.
— Уязвімае, нічога не скажаш. Бачыў параненых, не дай бог. Галоўнае — нутраное даўленне называецца. Там, у кішках. Нават ад маленькай кулявой ранкі як пырхнуць з жывата. Клубком. Сінія, з крывёй і парок ідзе, калі на холадзе. Паранены каторы ад страху іх назад у бруха піхае. Ды дзе там! Ужо кранты. Калі вылезлі, тваё дзела кончана, ужо і дактары не памогуць. Помню, адзін такі — малады, рослы хлапец — прыбег прама ў санбат. З поля бою вёрст пяць шыбаваў, каб хутчэй, значыць. Зрабілі аперацыю, зашылі. Пажыў тры дні і адкінуў капыты. Заражэнне, ніякі доктар не паратуе.