Кар'ер
Шрифт:
Яму даўно хацелася выйсці на двор, але ён марудзіў у нерашучасці, прыслухоўваўся. Было невядома: хто тут жыве ў суседзях, хто яшчэ ёсць у гэтай Бараноўскай? Каго яму трэба было асцерагацца найбольш? Усё ж нейкая яна негаваркая, гэтая яго гаспадыня, падумаў Агееў, не, каб расказаць што пра сябе, — відаць, трэба пытацца. Пытацца ён не любіў, асабліва ў малазнаёмых. Зрэшты, як і расказваць пра сябе таксама. Размова малазнаёмых, ды яшчэ без патрэбы, не была для яго асалодай, мабыць, падобнай да яго трапілася яму і гаспадыня.
Ён
— О, дзе ён устроіўся! Харашо, свежае паветра! Ну, здароў, хлопец!
— Добры дзень, — трохі ніякавата сказаў Агееў, прыўстаючы на тапчане. Ён не адразу сцяміў, за каго яна яго прымае, але яе прастата ў гаворцы настройвала на лёгкі, амаль бесклапотны лад.
Жанчына перадала сакваяж у рукі Бараноўскай, якая, прычыніўшы дзверы, сціпла спынілася ля парога, яшчэ раз таропка зацягнулася акуркам і, кінуўшы яго долу, старанна зацерла чаравікам.
— Ну, дык што? Болечка?
— Ды во, трошкі! — сказаў Агееў, цямячы, што, пэўна, гэта прыйшла доктарка.
— Ну, трошкі — гэта ерунда. Цяпер трошкі і не лічыцца.
Падышоўшы бліжэй да тапчана, яна абхапіла яго нагу каля костачкі і рэзка заламіла ў калене. Агееў тузануўся ад болю.
— Да-а, — павярнулася да гаспадыні. — Нясіце вады.
— Зараз, Яўсееўна, — з гатоўнасцю азвалася Бараноўская. — Цёплай?
— Гарачай. І чысты ручнік.
Гаспадыня шмыганула за дзверы. Яўсееўна ў роздуме трохі счакала і, дапытліва ўставіўшыся ў яго, кінула:
— Ваенны?
— Ваенны, — сказаў Агееў, пазіраючы ў яе цёмныя настырныя вочы. Пад такім позіркам гаварыць няпраўду было немагчыма, ён гэта адчуваў адразу.
— Ох, хо-хо, хо-хо! — пабедавала Яўсееўна, хутчэй, аднак, у адказ на нейкія свае думкі. — Ну, знімай штаны.
— Зусім?
— Зусім… Чаго саромеешся? Ці надта сарамлівы?
— Ды я нічога, пажалуста, — сказаў ён і з перабольшанай рашучасцю сцягнуў цеснае, паношанае галіфэ.
Яўсееўна тым часам расчыніла на скрынцы сакваяжык, пабразгаўшы інструментам, дастала вялікія нажніцы. Ён узяўся развязваць сваю мокрую ад гною павязку, але доктарка, спрытна падчапіўшы, разрэзала яе напалам і гідліва адкінула ў куток.
— Да-а… Карцінка!
— Карцінка, — згодна паўтарыў Агееў. — І ведаеце, чэрві!
Ён думаў, што гэтае паведамленне здзівіць ці нават спалохае Яўсееўну, але на поўным, нахмураным твары з чорнымі вусікамі не скаланулася ніводная жылка — відаць,
— Чарвякі — гэта ерунда, — сказала яна, роздумна аглядаючы рану, і некалькі разоў калупнула ў ёй доўгім пінцэтам. — Чарвякі — гэта нават някепска…
«Што ж можа быць горш»? — раздражнёна падумаў Агееў.
— Але, ведаеце, я спалохаўся…
— Не трэба палохацца! У жыцці наогул шкодна палохацца. Шкодна для здароўя. Вось як, малады чалавек!
— Гэта так.
— Вось іменна. Асколак? — яна зноў запытальна зірнула на яго.
— Асколак.
— Гэта горш. Прыйдзецца рассячы.
— Што рассячы?
— Рану, вядома. Не нагу ж. Бараноўская! — хрыплым баском гукнула яна, павярнуўшыся да дзвярэй, і адтуль пачуўся ціхі голас гаспадыні:
— Іду, іду…
Усё гэтаксама, бадай нячутна, гаспадыня ўвайшла ў застаронак, паставіла на скрынку чыгунок з гарачай вадой, паклала ручнік і адступілася да дзвярэй, схаваўшы рукі пад фартушок. Яўсееўна намачыла ў чыгунку ручнік, старанна абцерла ім вакол раны. Агееў трохі паморшчыўся — дотык яе рук азваўся ўсё ж немалым болем.
— Ану, ляж і адвярніся! — загадала доктарка. — Нечага глядзець, не маленькі.
Агееў выцягнуўся на тапчане, трохі адвярнуў галаву, утаропіўшы позірк у сук на сцяне. Яўсееўна рыхтавалася да аперацыі — востра запахла нашатыром, бразнулі металічныя інструменты.
— Зараз мы таго… Гэта дзела простае! Не паспееш адчуць…
Востры боль у ране да касці пранізаў нагу, Агееў тузануўся, скрыгатнуў зубамі.
— Што, баліць? — незадаволена перапыніла яго дактарка. — Не хлусі, то не баліць. То — ерунда, камарыны ўкус.
Ён і яшчэ тузануўся ад такога ж, амаль невыноснага, болю, але прымусіў сябе не застагнаць, закусіў вусны.
— Так, так… Гэта ерунда… Да, тут набралося… Пачысціць… Так, гэта туды, гэта сюды, — прыгаворвала Яўсееўна, калупаючыся ў ране, і Агееў сабраў у сабе ўсе сілы, каб стрываць без стогну. Балела па-зверску, усю нагу да кончыкаў пальцаў ахапіў глыбінны боль, хацелася ўскочыць, вырвацца і ўцячы з гэтага застаронка… Здаецца, аднак, ён стрываў.
— Во-о-т! — задаволена сказала Яўсееўна. — А цяпер будзе трошкі таго… Наўродзе камарынага ўкусу будзе. Можа, трошачкі больш…
Не адразу сцяміўшы, што яна мае на ўвазе, Агееў не секунду расслабіўся і ў тое ж імгненне адчуў рэзкі балявы ўдар, які аддаўся ў целе. У вачах ягоных сцямнела, ён напяўся, абедзвюма рукамі ўчапіўся ў дошкі тапчана, быццам баючыся сарвацца з яго. І новы ўдар паўтарыў ранейшы, пасля нешта ў назе пацягнулася, напружылася, і раптам усё адразу звальнела.
— Во, палюбуйся, якая жалязяка!..
Увесь мокры ад поту, Агееў падняў галаву — Яўсееўна трымала перад ім зацяты ў кончыках даўгога пінцэта невялікі прадаўгаваты асколак з няроўнымі зубрыстымі краямі, які ледзь не падкасіў некалі ўвесь яго франтавы лёс.