Кар'ер
Шрифт:
— Як хочаце, — махнуў Еўсцігнееў. — Пайшлі, таварыш Агееў.
Усё махаючы на сябе капелюшом, ён гаспадарскім крокам нетаропка пайшоў па падворку, каля хлявоў і дрывотні, гучна крэкнуўшы, падлез пад жардзіну ў гарод. Утаптаная сцежка між градак бегла ўніз, да рова, Агееў спаважна ішоў следам.
— Вы гэта, таварыш Агееў, думаю, не пакрыўдзіліся на нас? — не паварочваючы да яго галавы, запытаў Еўсцігнееў. — Ну, за праверачку! Ведаеце, сігнал быў, а сігналы мы далжны правяраць.
— Ды не, я нічога, — сказаў Агееў. — Яно панятна.
— Ну і добра. А
Агееў змоўчаў, іранічна падумаўшы, што ўсё ж вось не трапіў у разрад маласвядомых. І то добра.
— А нябожчык і да вас наведваўся? — між тым прадаўжаў Еўсцігнееў. — Наўродзе сябры былі…
— Ды так, знаеце…
— Ну, а мы тут з ім дзесяць гадоў… Яшчэ як я ваенкомам быў.
— Тут — ваенкомам? — перапытаў Агееў.
— На працягу раду гадоў, — з важнасцю ўдакладніў Еўсцігнееў. — Да выхаду ў адстаўку.
Яны перайшлі праз гарод і яшчэ раз адолелі плот — не дужа спрытна пераваліліся цераз яго верхнюю жардзіну — і апынуліся на ўзроўку. Невялічкі прыгорак-палянка з дробнай травой у цяні бухматага маладога дубка быў трохі ўтаптаны людскімі нагамі, але яшчэ меў выгляд наогул утульнага месца, адкуль адкрываўся нешырокі маляўнічы від на аўражныя зараснікі і другі, таксама густа парослы хмызняком схіл.
— Во і прысядзем. Цяпер тут добра. І нябожчык, кажысь, любіў сюды забягаць. З дружкамі, канечне, — з нязлосным папрокам гаварыў Еўсцігнееў, усаджваючыся на прытаптанай траве і з палёгкай выпростваючы караткаватыя, мабыць, не дужа здаровыя ногі ў туга забэрсаных чорных гамашах. Агееў прымасціўся праз тры крокі на ўзмежку.
— Я, ці ведаеце, чалавек прамы. Як і паложана вайскоўцу. Не буду таіць — люблю парадак. А як жа інакш? Ва ўсім павінны быць дысцыпліна і арганізаванасць.
Акругліўшы белаватыя, трохі выпуклыя вочы, ён быццам з некаторым здзіўленнем агледзеў Агеева, і той паспяшаўся згадзіцца:
— Канечне, канечне…
— А ў нас яшчэ непарадкаў вялікае мноства. Асабліва на перыферыі. Во і нябожчык!.. Нядрэнны чалавек, ветэран і так далей… А парадку не прызнаваў.
— Во як?! — трохі фальшыва здзівіўся Агееў.
— Іменна! Піў.
— Але, ведаеце, цяпер гэта…
— Не, я не супраць. Не падумайце, што я адмаўляю наогул. Атнюдзь! Але і ў выпіўцы павінен быць нейкі парадак. Калі ў суботу, нядзелю… Калі свята якое або дзень нараджэння… Але калі пачаць кожны дзень…
— А ён што — кожны дзень?
— Іменна! І ніякай увагі на грамадскасць. Я ўжо не кажу пра гэты бандарны цэх, дзе ён працаваў. Там яны ўсе такія… Але я сам з ім бяседаваў, можа, разоў з дзесяць…
— І які ж вынік?
— А ніякага! — рашуча махнуў капелюшом Еўсцігнееў.
Цераз плот пералазіў ужо Хаміч з дзвюма бутэлькамі ў адцягнутых кішэнях штаноў. Лісліва ці, можа, вінавата ўхмыляючыся, ён паставіў бутэлькі на траву перад Еўсцігнеевым.
— Хаця вы і проціў, Еўсцігнеевіч, але…
— Я не проціў, — насупіўся адстаўны падпалкоўнік. — Цяпер ёсць прычына, значыць, палагаецца…
— Канечне, канечне, — таропка пагадзіўся Хаміч і звярнуўся да Агеева: — Нябожчык таксама не проціў быў. Колькі мы з ім тут прабяседавалі!..
— Ды і ты недалёка ад яго адышоўся, — строга перапыніў яго Еўсцігнееў.
— Што зробіш! Такая наша судзьба!
Усё таямніча ўсміхаючыся, Хаміч нецярпліва ашчаперыў бутэльку, вялікімі плоскімі пальцамі пачаў калупаць з рыльца бліскучы металічны каўпачок.
— Што яны перасталі са свінымі вушкамі выпускаць? — паскардзіўся ён. — А то пакуль скалупнеш гэтую бесказырку…
— Нічога, скалупнеш. Калі выпіць захочаш…
— Ды ўжо як-небудзь.
Тым часам праз гарод ужо рупна тупалі нізенькі вяртлявы брунет у сіняй з белымі палосамі на рукавах спартыўнай куртцы і даўгалыгі бландзін у шэрым гарнітуры і дзіўнаватым выразам хударлявага твару. Калі яны падышлі бліжэй, Агееў убачыў, што твар у бландзіна — на адзін бок, левая шчака была ўся зморшчаная, скура на падбароддзі туга напятая, і ўвесь твар нёс выраз спалоху або здзіўлення. Мужчыны прыйшлі пад дубок і селі побач з астатнімі — брунет каля Еўсцігнеева, а бландзін ля Агеева — выцяг у роў свае доўгія, у сандалетах, ногі і выняў з кішэні цыгарэты.
— Курыце?
— Не, дзякуй, — кіўнуў галавой Агееў.
— Ну, а мы закурым, — сказаў ён густым басам і азірнуўся. — Пакуль Жалудкоў закусь нясе.
Цераз плот пералазіў з выгляду худы і невялічкі, але цвёрды, бы ядловец, жвавы чалавек з папяровымі скруткамі ў абедзвюх руках. Ён быў у зялёнай вайсковай сарочцы з цёмным гальштукам, кароценькі хвосцік якога матляўся на яго кастлявых грудзях.
— Во і закусон!
— Ну што ж, сядайце, Жалудкоў. Хаміч, налі патроху, — звыкла распараджаўся Еўсцігнееў, спатнелы мясісты твар якога ўжо трохі астыў у засені. Пакуль Хаміч разліваў, усе глядзелі на дзве скасабочаныя ў траве шклянкі, а Жалудкоў, седзячы на кукішках, разгортваў жоўтую паперу з кавалкамі селядца.
— Значыць, за старшага сяржанта Сямёнава. За ягоную памяць! — абвясціў Еўсцігнееў, падняў шклянку і моўчкі перадаў яе Агееву. Другую шклянку ўзяў Жалудкоў.
— Знаеце, я не магу, — сумеўся Агееў.
— Ну, колькі можаце.
Ён паднёс шклянку да рота, гарэлка ўдарыла ў нос амаль што агідным пахам, і ён апусціў руку. Жалудкоў спаважна, мернымі глыткамі дапіў сваю да канца. Агееў аддаў шклянку Хамічу, які без слоў узяў яе, наліў з бутэлькі спярша суседу Агеева — бландзіну з абпаленым тварам, пасля даліў троху сабе.
— Ну, каб яму там было чым пахмяліцца!
Еўсцігнееў незадаволена хмыкнуў.
— Хаміч, няўжо ты думаеш, што і там гэта самае… як тут. Ніякага парадку. Усё б вам адно і тое ж…
— Не, там парадак! — зыркнуўшы яршыстым позіркам, запярэчыў Жалудкоў. — Там не тое, што тут. Там як у войску!
— Тожа найшоў парадак! — усумніўся Хаміч.
— А ты адкуль ведаеш, як у войску? Ты што, доўга служыў? — настырчыўся Еўсцігнееў.
— У мяне зяць прапаршчык. Начуўся…
— Не гаварыце пра тое, чаго не ведаеце! — адрэзаў Еўсцігнееў. — У войску парадак. А во на гражданцы далёка не заўсёды.