Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
Стаяла поруч з ім нейкая смешная, быццам нават трохі заспаная, моўчкі глядзела, як наліваўся золатам шпіль за ракой,
— Калi мне было цяжка, — сказаў Андрэй, — я тады хацеў выпалiць з сябе ўсё. Толькi так, таму што нiколi пачуццi не даюць нiчога, акрамя гора i болю. Але цяпер я спакойны. Вы поруч. Я пабачыў гэты горад i сустрэў вас, Нашто супрацiўляцца каханню, калi ўсё на свеце мае канец, i мы з'явiлiся аднекуль i кудысь знiкнем, i маглi нават не сустрэць адзiн аднаго за днi, адпушчаныя нам.
Бязважка дакрануўся шчакою да яе скроні:
— Я
— Не трэба, Андруша, — сказала яна. — Я не хачу аб тым, што будзе…
— Чаму?
— Які вы… Жыць трэба больш лёгка і проста… Нашто вы… Ну я вас прашу, я вас вельмі прашу — не трэба загадзя… Каму гэта вядома, што там будзе… Будзьце задаволены, што я поруч… і не хачу больш ні з кім, і вакол гэты горад, а ў нас наперадзе яшчэ дзесяць дзён, аж цэлых дзесяць дзён. Стагоддзе. Вечнасць.
Так пачалася песня песняў. Тая, што нават для самых шчаслівых гучыць толькі адзін раз.
Былі астравы, а потым мора, вялізнае, пустое, бялёса-блакітнае, бясколерна-блакітнае пад бясколерна-блакітным небам, з залатымі іскрамі сонца, якія нараджаліся і чэзнулі недзе ўдалечыні. А можа, і не было мора і неба? Можа, проста было нешта блакітнае, што заняло палову ўсяго свету? Ён не ведаў, а яна, седзячы поруч з ім у аўтобусе, казала:
— Што вы ўсё гледзіцё на мяне? Туды глядзіце.
Але ён разумеў, што ўсе гэтыя словы проста так, і разумеў, што яна ведае гэта. Яна разумела ўсё ў ім. Нават калі ён выходзіў з брамы Петрапаўлаўкі да прычала, адкуль калісьці вывозілі людзей на востраў Галадай, выходзіў занадта прамы, склаўшы за спіною рукі, шапнула яму:
— Цяжка, праўда?
Яна разумела ўсё, акрамя таго, што яму хацелася гаварыць аб каханні і аб будучым. Гэтага яна не хацела і вымаліла ў яго гэтае абяцанне, а ён з горыччу і пакорай даў ёй яго, быццам зразумеўшы, што ёсць толькі дзесяць хуткаплынных дзён, што нельга патрабаваць большага ад жыцця, што яна, калі захоча — будзе з ім, але хутчэй за ўсё не захоча.
I ён безнадзейна змірыўся, таму што ведаў: усе гэтыя дні яна аддасць толькі яму, толькі для яго. Усе. Цалкам. У гэтым быў нейкі горкі гонар, які даваў яму сілы жыць.
Ірына сапраўды ўсё аддавала яму: кожны позірк, кожны рух, кожнае слова. Нават калі расказвала ў Эрмітажы аб "Старым у чырвоных адзеннях" — усе яе словы нейкім дзівоснык чынам былі накіраваны да Андрэя, адказвалі на самыя таемныя з яго думак, мацавалі ў добрым і суцяшалі ў дрэнным.
Гэта былi дзiўныя адносiны, якiх пакуль што амаль не бывае на зямлi. Быццам сама душа каханай перайшла ў душу каханага. Напэўна, калiсь, калi на зямлi пакiнуць крыўдзiць, калi не будзе моцных i слабых, калi знiкнуць хлусня i непаразуменнi i брыдкая гульня ў хiтрыкi, калi змагацца за жанчыну будуць толькi з ёю самой — менавiта такiмi будуць адносiны тых, хто захоча быць адзiн з адным. Нi ценю непаразуменняў, дабрыня да кожнага выгiба думкi другога, добразычлiвае iмкненне ўсё аддаць для яго, нiчога не патрабуючы ўзамен,
А вечарамі яны ўцякалі ад усіх і гадзінамі блукалі па горадзе, на які ўсё больш упарта наступалі белыя ночы з іх замрэяным святлом. I тут ужо маглі казаць шчыра, словамі або без слоў.
Пётр імкнуўся ў свой вечны палёт над ракою.
— Усё як наканавана для нас, — сказаў Андрэй, трымаючы яе за тонкую руку. — Памятаеце, пры Напалеоне рускі салдат і беларускі мужык затрымалі корпус, які ішоў на Пецярбург.
— Ну…
— Каб я верыў, я ўвесь час маліўся б за іх. Колькі ўсяго яны збераглі! Гэты палёт Пятра і гэтых сфінксаў. Што яшчэ?
— I юнацтва Пушкіна ў ліпавых алеях, — напомніла яна.
— Так. I ўсё астатняе… I збераглі гэтыя дні. Для нас.
Дзіўна, яны не адчувалі, што іх словы занадта высокія. Яны не дзівіліся б нават, абое загаварыўшы вершамі. Усё было іншым у гэтыя дні.
На гарбатым мосціку, дзе струмень чыстай неўскай вады ўліваўся ў Зімнюю канаўку, у час, калі за Стрэлкаю на алым фоне захаду ўстаюць цені рагатых калон, яна ў адзін з вечароў сказала яму:
— Ты робіш мяне такой высокай, што мне страшна, мне брыдка за многае ў жыцці. Няўжо не так, як трэба? Як жа тады вымаліць дараванне за ўсё, родны?
— Мы за ўсё вымалілі дараванне. Усім гэтым.
Яму так было шкада яе, што дрыжалі рукі, якімі ён саграваў яе пальцы. А пад мостам змяіліся і беглі кудысь у чыстай вадзе тонка-зялёныя пасмы водарасцей. Была толькі адна хвіліна, калі яны адчулі нейкую насцярожанасць. Ён прызначыў спатканне ля Казанскага сабора, прыйшоў зарана. Сядзеў, гледзячы на тое, як дзеці малююць нешта на пяску. Малявалі ружу, і малявалі дрэнна, гэткія смешныя пульхныя дзеці, карапузы з ільнянымі валосікамі. Нельга было не дапамагчы ім. I таму, прыйшоўшы на месца спаткання, Ірына са спіны пабачыла Андрэя, які сядзеў на кукішках і дапамагаў дзецям.
— Лісцікі ў ружы не такія, лапа. Яны ледзь-ледзь вызубленыя. Вось такія… Вось… Вось…
А калі яны сустрэліся позіркамі, пайшлі адзін да аднаго і дзеці кінуліся за Андрэем, нават подбегам, Андрэй раптам пабачыў дзіўны выраз, з якім вочы Ірыны глядзелі на іх, і сказаў:
– Ідзіце, любыя. Ну чаго вы, сапраўды? Мы заўтра яшчэ тут будзем.
Супакоілася яна толькі ў кафейным доміку. Ён амаль ужо зачыняўся, і іх з хвіліну не хацелі пускаць. Андрэй з жартаўлівым адчаем умаўляў афіцыянтку, і тая, паглядзеўшы ў яго вочы і на Ірыну, сказала з уздыхам:
– Ідзіце ўжо.
Залацілася віно ў келіхах. Шэрыя вочы спагадліва і стомлена глядзелі на Андрэя. З Фантанкі, заснаванай маладой зелянінай дрэў, даляталі ўсплёскі вёслаў, мяккая вячэрняя песня.
…Дзесяць дзён здаваліся вечнасцю. Дзесяць дзён прайшлі. За два дні да тэрміну яна атрымала выклік з Масквы. Андрэй збялеў, пачуўшы аб гэтым. А яна расказала гэта вельмі вытрыманым, вельмі спакойным голасам, быццам адбыла нешта, што патрабаваў ад яе абавязак, і ніхто не можа патрабаваць ад яе звыш гэтага.