Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
— Пакінь, — нарэшце сказаў Андрэй, — слухаць ванітуе, такой дрэнню панесла.
— А ты — іншы? — спытаў Стаўроў. — Ты з Марыйкай Крат што, на зоры глядзеў?
— Глядзеў і на зоры, — нечакана сур'ёзна сказаў Баранаўскас.
— Ды я ж не асуджаю, — з вонкавай памяркоўнасцю, дабрадушна сказаў Стаўроў. — Сёння ён, заўтра — іншы. Жывыя людзі.
— Быдла ты, — сказаў Баранаўскас.
— Чакай, — сказаў яму Андрэй, — не абараняй мяне… Я ведаю, Стаўроў, ты маеш права кінуць камень у мой агарод за мінулае. Не чапаючы Марыі, я скажу: я сапраўды апусціўся ў той час. Гэта было з-за абыякавасці
— Ты што ж, змяніўся? — спытаў Стаўроў.
— Мяркую. Ва ўсякім разе, каханне не тое, аб чым ты гаворыш, Яно ўсё дае: кнігі, музыку, гераізм. Бо нельга ў вачах каханай быць слабым, дрэнным, бяздарным… Вядома, гэта шчасце быць з ёю разам, блізка. I толькі з адной, заўсёды. Але гэта яшчэ і тое, што яна разумее без слоў, што думаеш з ёю аб адным, што можаш аддаць ёй апошняе. Гэта яшчэ і бяссонныя ночы, калі хварэе, і чаркі, якія выпіў, блукаючы вакол радзільнага дома, і мастацтва, і музыка ў доме, і нават смерць. Ведаеш, аб чым моляць для каханых беларускія казкі як аб апошняй лістасці? Памерці ў адзін дзень. Каб не біцца галавою аб крыж, аб пусты ложак, аб кожны пень у лесе, куды пайшоў выплакацца.
— Надбудова, — у голасе Стаўрова налівалася нейкая аж занадта вялікая для такой спрэчкі злосць. — Надбудова над базісам… Размовы аб мастацтве — ах-ах! Перыйкі ўсё! Шлюбны ўбор у цецерука. Ходзіць і балбоча.
Ён махнуў рукою:
— А, ды што там. Вось адна, усім вам вядомая. Толькі і ішлі ў нас размовы пра Эль-Грэка, што да ложка… Адразу як нажом адсекла. А вытанчанасці, здаецца, на ўсю акадэмію мастацтваў хапала.
— Хто гэта? — амаль адразу спыталі Баранаўскас і Харунжы, і ў галасах іхніх было непаразуменне. — Не ведаем.
Андрэю быццам гноем ляпнулі ў твар. Ён здагадаўся, куды хіліць Стаўроў, і ведаў усімі глыбінямі душы і сумлення, што гэта няпраўда, што гэта помста, што не пасуе нават нікому з жывёл. А тут сядзеў чалавек. Чалавек?
Ён толькі з вялікім намаганнем устрымаўся ад поўхі. Поўха адкрыла б усім імя. Андрэй ведаў, усе абураліся б, але нішто, нават край ценю, не павінен быў упасці на гэта імя. Яго не павінны былі назваць. Устаць на абарону павінен быў толькі адзін чалавек, ён. Ён, які адказваў за яе лёс, за чысціню яе дарогі не толькі з заўтрашняга дня, а з таго імгнення, калі, яшчэ не закаханы, ён зразумеў, што яна дарагая яму як друг.
— Я таксама не ведаю хто, — цяжка сказаў Андрэй. — Але я мяркую, што нават калі прамоўца насупор свайму звычаю не хлусіць — тое, што ён сказаў, няварта мужчыны… Усякага, а не толькі прыстойнага. Яны давяраюцца нам, спадзеючыся на наш гонар, і мы маўчым. А хто не маўчыць — той баба.
Прамаўчаў.
— Спадзяюся, што ты, Стаўроў, не зробіш апошняй нізасці. Я, напрыклад, ніколі не бузую імён дзяўчат па корчмах. I ніколі не кажу нікому, што другі мужчына атрымаў ад жанчыны абшыд.
Страла трапіла дакладна ў цэль. Але гэта разумелі толькі Андрэй і Стаўроў. Запанавала цяжкае маўчанне. Потым Харунжы кашлянуў.
Маленькі Ліпскі вырашыў, відаць, выручыць друга:
— Ды ён не хлусіць, — тэнарком сказаў ён. — Я, калі хочаце, ведаю. Я, калі хочаце, і…
— Вось што, — перарваў яго Толька. — Ідзіце вы, хлопцы, удвух адсюль. Мне непрыемна бачыць вас тут.
— Не
Калі за ім і Ліпскім зачыніліся дзверы, Харунжы злосна хмыкнуў:
— Ах, дрэнь бывае! Ах, дрэнь! I шанцуе ж гэткай дрэні! Што ў жыцці, што ў літаратуры!..
— Б…… бл…., а бог ёй долю гатуе, — змрочна сказаў Андрэй.
— Твая праўда, — плюнуў Харунжы.
I ненатуральным тонам сказаў:
— А Янкі няма. Як за смерцю пайшоў. Пайшлі Вайвадса, а за ім другога… Во каб гэта ён дзверы адчыніў ды сказаў: "Вы яшчэ палайцеся. Я і зусім тады не пайду".
Але ніхто не засмяяўся. Усім было пякуча сорамна.
Андрэй сядзеў вонкава спакойны, але ўнутры ўсё ў ім высока трапятала, як на грані абрыву. Надыходзіў ягоны час. Трэба было толькі счакаць, каб не здагадаліся.
— Вып'ем, — бестурботна сказаў ён.
Усе загаманілі, чокаючыся. Усім стала трохі лягчэй. I тады Андрэй устаў:
— Пайду я насустрач гэтаму латышу, — сказаў ён. — Гэта ён, напэўна, за нешта палаяўся там,
Тон быў натуральны. Толькі Баранаўскас мог не паверыць. I таму, асабіста для яго, Андрэй сказаў:
— Ведаеш, Гінтас, як мы з ім вячэру здабывалі?
— Не.
— Гэта даўно было. Вярталіся позна, вячэраць не было чаго. Яніс тады яшчэ забываўся, што я па-латышску ведаю толькі «лудзу», "сірдс", «шняпс» ды яшчэ пачатак песні пра пеўніка: "Куды ты, маўляў, бяжыш, пеўнік?" А тут скандал. Перад святамі магазін павінен да дванаццаці гандляваць, шыльда адпаведная вісіць, а тут 11.15, а зачынены. Не пускаюць, Мы — выясняць гэта пытанце. Слова за слова — Яніс пачаў гарачыцца. Падыходзіць міліцыянер. Ну, думаю, дрэнна. А Яніс у гарачай вадзе купаны, пачынае лаяцца на латышскай мове. Ну, думаю, трэба падтрымаць кампанію. Развёў рукамі і тонам страшэннага абурэння пераказваю прозай пачатак песні: «Куртутэ-эцы». Яніс глядзіць квадратнымі вачыма. Потым разумее тактыку і, у той самай танальнасці: «Кур-ту-тэ-э-эсцы». А я яшчэ на дзве актавы вышэй, быццам у мяне на вачах дзіця пакрыўдзілі: "Га-ай-літ-ман". Міліцыянер бярэ пад казырок і кажа: "Прабачце, панове, я не ведаў, што вы англічане".
— Прапусцілі? — спытаў Баранаўскас.
— Прапусцілі.
— Брэшаш ты, як наняты.
— Чаму. Ты вось ідзі і спытай у чаргі па-літоўску: "Праўда, што ад віна галава баліць?" Адразу без чаргі пусцяць.
Кампанія нязлосна зарагатала.
— Уліп, — сказаў Баранаўскас са смехам.
Андрэй выйшаў.
— Добры хлопец, — сказаў Харунжы.
— А Янка, па-твойму, дрэнны? — спытаў Баранаўскас.
…"Добры хлопец" тым часам стаяў ужо ў пакоі Ліпскага.
— Што табе?
Варта было б даць яму, але Андрэй разумеў: гэта толькі падгалосак Стаўрова, Моська, якую можна перашыбіць саплёю.
— Ліпскі, прызнайся, што збрахаў.
— Ды я што, — чырвань плітамі папаўзла па лялечных шчаках Ліпскага. — Я… веру Стаўрову.
— Чаму? Авансы табе рабілі?
— Не зусім… але…
— Сумленне тваё дзе? Пэцкаць імя жанчыны. Брахаць.
Ён бачыў, што Ліпскі ачуньвае ад спуду і пачынае казырыцца. I тады Андрэй узяў яго за грудзі і, прыўзняўшы, пасадзіў на біла ложка.