Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
Цяпер на Андрэя не глядзеў ніхто. Панавала ціша.
— Выйдзіце, Андрэй, — сказаў дырэктар.
Андрэй выйшаў. Яму было душна ў будынку, і таму ён вырашыў чакаць у скверы.
Даволі доўгі час ён хадзіў па алеі. Дрэвы ранялі на яго знобкія кроплі. Пад снегам, калі капнуць яго нагою, была ўжо свежая і празрыстая вада. Андрэй ні аб чым не шкадаваў. Ён проста назіраў, як ветрык моршчыць ясныя лужыны, як ён пругка і вільготна шуміць у верхавінах дрэў.
Пачыналася вясна вады.
…Першым выйшаў з будынка Копцеў.
— Нічога не вырашылі, -
I пайшоў да машыны. Андрэй накіраваўся быў да брамы, але яго аклікнулі зноў. Гэта быў Маркаў. Ідучы поруч з Андрэем, ён маўчаў. I толькі ля самых варот, працягнуўшы руку для развітання, сказаў з нязвыклай для яго пяшчотай:
— Эх, Андрэйка, Андрэйка, усё-та вы разумееце. А паэт павінен быць трошкі дурнаватым.
Так, быць дурнаватым было ў тую вясну — і не толькі — сапраўды лепей, але якраз гэтай раскошы Андрэй і не мог дазволіць сабе.
"Хопіць, пабыў ужо, — думаў ён. — I з жанчынамі і з мужыкамі. Трэба, урэшце, зразумець, што адзінае, дзеля чаго пушчаны чалавек на свет, гэта — кеміць".
…Пераходзячы ўжо вуліцу, Андрэй раптоўна ўбачыў Гораву, якая прамавала ў інстытут і чагосьці вельмі спяшалася. Яна прайшла каля яго ў дзесяці кроках і не заўважыла, а ён не пазваў. З гэтым усё было скончана.
Ён ішоў бульварам і думаў, куды яму падзецца зараз. Горад быў мокры, няўтульны, першыя агні глядзелі ў туман аранжавымі вачыма. Вялікі горад, а месца ў ім для яго няма.
З адчаю ён хацеў быў пайсці ў рэстаран, але тут неяк трапіўся на вочы пад'езд Ганнінага дома. I Андрэй махнуў на ўсё рукою і вырашыў закаціцца туды.
…Сустрэла яго тая самая кампанія. Толькі мармурова-бледны Аленін на гэты раз быў цвярозы і, закасаўшы рукавы на руках, мускулістых, хлапечых, ладзіў на падлозе электрычны чайнік.
— Прывітанне забытаму эпігону Хвелькі Тапчэўскага, — змрочна сказаў ён. — Дапамажы…
— Не магу, — сказаў Андрэй. — Канстытуцыя тандэтных рук не дазваляе.
— Лірык, — з пагардаю сказаў Аленін.
— Я не лірык. Я арыстакрат духа. Я спірытуаліст, нігіліст і заўзяты прапагандыст біметалізму. А ты проста няўдалы спадкаемца "Блакітнай ружы". Цябе выгналі за няздольнасць нават з майстэрні гадзіннікаў, і ты тады вырашыў перавярнуць славянскі жывапіс.
— Малаток, — сказаў Яхненка. — Так яму.
— Ганна дзе? — спытаў Андрэй.
— У Ганны вельтшмерц, яна ў сваім пакоі.
— Тады не будзем яе турбаваць. — Андрэй абвёў позіркам кампанію. — Што гэта з вамі? Твары нейкія авальныя і доўгія.
— Калі Аленін наладзіць чайнік, — змрочна сказаў Петрык, — можа, будзем піць чай.
— Не жэрлі сёння? — здагадаўся Андрэй.
— Мы елі анчоусы, — сказаў Аленін. — Сірэч звычайную камсу. На фунт сто галоў.
— У мяне ёсць грошы, — сказаў Андрэй, вымаючы з кішэні дзве сотні. — У мяне сёння выпадкова ёсць грошы. I ёсць трывалы намер надзерціся.
— Купала, — сказаў Аленін. — Пушкін.
— Я не звышчалавек, — сказаў Андрэй. — Я проста мецэнат. Я сердабольны стары кавалер, якому нясцерпна глядзець на пакуты галадаючага чалавецтва. Я дам вам частку сваіх нарабаваных дывідэнтаў… А цяпер давай чайнік.
Спрытна арудуючы адвёрткай, ён пакалупаўся ў вантробах чайніка і сунуў штэпсель у разетку.
— Ну вось, зараз будзем піць чай… калі, вядома, кампанія захоча гэтага… Ну дык што, цягнем запалкі, каму пабегчы? Сібірскі закон?
— Не, — сказаў Аленін, — бадай, давядзецца бегчы мне. Не будзем выпрабоўваць лёс. Не хапала яшчэ, каб мецэнаты бегалі па гарэлку для сваіх кліентаў.
I, звярнуўшыся да Андрэя, Пятроўскі сказаў:
— Вас даўно не было, Андрэй. А мы вельмі чакалі. Не прыміце за камплімент, але вы спадабаліся тут. Мы нават падрыхтавалі вам падарунак. Але вас так доўга не было, што сёння той-сёй прапанаваў здаць яго ў антыкварыят.
— Змоўч, — басам сказаў Яхненка. — Не ў антыкварыят, а ў ламбард. Выкупілі б потым.
— Хлопцы, — сказаў Андрэй, — нашто гэта? У мяне пакуль што ёсць грошы. У мяне ўзялі сцэнарый і п'есу, а грошы, выявілася, мне зараз зусім непатрэбны.
Ён не вельмі весела ўсміхнуўся.
— Цяжка камусь — бярыце. Пад вексель будучай славы кожнага. Выб'ецеся ў людзі — падорыце па эцюду. Я стану ганарыцца знаёмствам з вамі.
— Ты дурань, — сказаў Яхненка, — ты вялікі добры дурань! I ты нічога не разумееш ні ў псіхалогіі, ні ў дзяўчатах, ні ў сябрах… Глянь лепей сюды. Гэта зрабілі для цябе Петрык з Аленіным, сабака ты. Кожны намаляваў каго хацеў. I ніхто не шкадуе, дорачы гэта табе.
Упала завеска з невялікага палатна. Андрэй, гледзячы на яго, з цяжкасцю падавіў уздых. На палатне быў салатна-зялёны, росны, увесь у сонечных зайчыках сад, трава, у якую нехта густа сыпануў залатымі манетамі адуванчыкаў. А на траве сядзелі дзве дзяўчыны. Гэта было нешта накшталт гагенаўскай ідыліі, толькі самая ідылія была мяккая, размытая, паўночная, без уласцівых поўдню грубавата-кафейных і глянцава-зялёных адценняў. Трапяткая, здаецца, ледзь дыхаючая, родная зеляніна першых дзён лета.
Адна дзяўчына сядзела ў траве, матаючы на рагульку воўну. У свежым твары, у кароне залацістых валасоў, у белай, трохі занадта па-маскараднаму простай сукенцы было нешта засцянковае, міла старамоднае.
Другая, у значна больш сучасным уборы, не такая прыгожая, але адухоўленая, сядзела на зэдлічку, гледзячы кудысь паўзверх раскрытай кнігі. Вусны няўлоўна ўсміхаліся, але ў схіленай, быццам пад цяжарам вузла валасоў, галоўцы, у шэрых вачах быў сум.
Ганна і Ірына. Два бакі адвечнага, прага якога заўсёды жыве ў мужчынскім сэрцы. Андрэю на імгненне аж подых перахапіла, так гэта было зроблена, так хацелася павесіць гэта ў сябе. Але амаль адразу ёй сказаў ціха: