Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
— Сустрэнемся як-небудзь у мяне.
Ён адразу павярнуўся і пайшоў. Стаяў люты сівы мароз. Пякло падэшвы, калелі рукі, але ён не заўважаў гэтага. Дамоў вяртацца было нельга, і ён цягнуўся на людныя вуліцы, на вялікія плошчы. Пара валіла з метро, і гэта было як апраметная нейкая. I ён ужо не ведаў, да каго яму звяртацца за дапамогай, хто скажа яму хоць слова.
Пасля гэтага ён і паспрабаваў піць. Аднойчы, калі сядзеў за спустошаным сталом (Яніс толькі што пайшоў), у пакой без стуку ўваліўся п'яны Баранаўскас. Не кажучы ні слова, ён абмінуў Андрэя, падышоў да акна і цюкнуў кулаком
— Паэту патрэбна свежае паветра, — сказаў ён паважна і, не абмовіўшыся больш ніводным словам, зачыніў за сабою дзверы.
Гэта было як крывое люстэрка. I Андрэй адразу, як абрэзаўшы, вырашыў, што піць досыць. Сапраўды, як яна можа глядзець на яго такога? Як на бруд, нават горш.
…Ён стаяў у хмызах і не заўважыў, як да яго падышоў Яніс.
— Лясун палескі, - сказаў латыш, — бульбаед! Галаву скруціць захацеў? Набіць цябе да паўсмерці трэба. Вось.
— Нічога са мною не здарыцца, — сказаў Андрэй.
— Вядома, каму наканавана шыбеніца, той можа смела ставаць на лыжы. Свіння!.. Ану хадзем да электрычкі.
Яны моўчкі слізгалі снегавой цаліной. I Андрэй усё яшчэ думаў. Ён пачаў заўважаць у Ірыне і другія змены, якія яму не падабаліся. Яна хлусіла. I не толькі тым, што не прыходзіла на спатканні, але і другім, зусім недарэчным. Гаварыла аб сваёй дапамозе старому скульптару Ратманаву, спасылалася на другога скульптара, земляка Андрэя. А калі Андрэй, выпадкова сустрэўшыся з земляком, спытаў яго, выявілася, што той ніколі не чуў аб Ратманаве, што гэта наогул фікцыя. Нашто гэта было? Другі раз сказала, што яе муж з італьянцаў. Потым, што ён выхоўваўся ў сям'і вядомага пісьменніка Н. Калі гэта было можна сумясціць неяк, то трэцяя яе заява, што ён напалову рускі, а напалову паляк, ужо зусім не лезла ні ў якія вароты.
Ён прамаўчаў, хоць яму было брыдка: не хацеў прымушаць яе чырванець. Да таго ж ён ведаў, усё гэта было ад слабасці, ад прагі ўстаткавання самой сябе.
Аднойчы ён выпадкова пазнаёміўся ў дальняй электрычцы з прафесарам-псіхолагам, сівым, медзведзяватым старым, у якога валасы раслі нават з вушэй і, пад чужымі імёнамі, расказаў яму аб гэтай хлусні.
— Што ж, — сказаў стары, круцячы шышкаваты кій, — паспрабую даць адказ вашаму другу. Праўда, мае погляды даволі нямодныя і састарэлыя, але ўсё ж… Ці бачыце, ваш друг, гэты паэт, вельмі дзіўны і рэдкі па тыпу чалавек. Адначасова цыклоід (па Крэчмеру), то бок таварыскі, дабрадушны, разумее жарт. З ім лёгка мець справу.
"Ну і ўляцеў", — падумаў Андрэй. Ён не любіў, калі людзей раскладвалі па паліцах і класіфікавалі.
— Ён натуральны, — казаў далей стары, — шчыры, хутка ўступае ў прыяцельскія адносіны з другімі, у тэмпераменце нешта мяккае і цёплае. У яго ёсць гумар.
Ён гаварыў таксама ласкава і мякка.
— Гэта ўсё было б добра. Такія людзі шчаслівыя. Але ваш друг у адрозненне ад цыклоіднага тыпу не прымае жыццё такім, якое яно ёсць. Ён адначасова гіперэстэтык, то бок усякі жыццёвы штуршок успрымаецца ім з падвышанай хваравітасцю, хоць ён і не замыкаецца пасля ўдару, а зноў ляціць на агонь, на апёкі. Ён не навучаецца жыццю. То бок, ён не навучаецца для сябе, хоць можа ведаць яго
— Што гэта?
— Памеры цела ў яго не шыротныя? У цыклоідаў пікнічны склад цела.
— Не, ён хутчэй худы.
— Ну, вядома. Значыць, па складу цела ён шызоід. Гэта так званы лептазомны, або доліхаморфны (доўгі), склад цела… Можна, я апішу, як я ўяўляю яго сабе?
— Калі ласка.
— Грудная клетка i плечы не вельмi вузкiя, — стары глядзеў Андрэю проста ў вочы. — Канечнасцi i шыя хутчэй доўгiя i ладныя. Тлушчавая тканiна развiта слаба. Мускулiсты, але косцi i скура далiкатныя i тонкiя. Так?
— Так.
— Ну вось. Да. такіх належалі Саванарола, Рабесп'ер, Дантэ. Яшчэ Мейерхольд і Блок (гэтых я ведаў асабіста). Самі ведаеце, якое салодкае жыццё выпала на іхнюю долю.
— А яна? — спытаў Андрэй.
— Яна таксама цыклоід і гіперэстэтык. Але яна здатная замыкацца пад ударамі лёсу. Тут розніца. Яна ўвесь час хістаецца паміж весялосцю і сумам. Я яшчэ не ведаю прычыны гэтага. Нешта здарылася з ёю. Вельмі цяжкае.
— А мана?
— Не ведаю, ці так гэта жахліва. У цыклоідаў вельмі багатае развіццё фантазіі. Гэта часам прыводзіць нават да своеасаблівай хлуслівасці. У нас гэта завецца pseudologia phantastica.
Ён мякка ўсміхнуўся:
— Сцвярджае сябе, дурнічка…
Грынкевіч цяпер ведаў усё, і востры цёплы жаль ахапіў яго сэрца. Усё можна было дараваць Ірыне. Усё да канца.
А прафесар, устаючы на адной станцыі, дакрануўся да галавы Андрэя і, гледзячы яму ў вочы, сказаў:
— Вам трэба быць вельмі мяккім з ёю, юнача. Яна забудзе ўсё і аджыве. I вы будзеце вельмі-вельмі шчаслівы.
…Седзячы зараз з Янісам у электрычцы, Андрэй успамінаў гэтыя словы і чырванеў. Як гэты стары мог здагадацца? I добра яму было казаць аб шчасці, не ведаючы пра мужа і пра асколак. «Забудзе», "аджыве". Забудзеш пра гэта, як жа.
Раптоўная думка ўразіла яго. А раптам і асколак мана, раптам яна выдумала сабе жыццё, раптам і асколак толькі прычына, каб застацца ва ўпарадкаваным звыклым гняздзе, не пайсці насустрач неўладкаванаму каханню з яго навальніцамі?
Але ён з гневам адагнаў гэтую думку.
Пералескі слаліся за вокнамі. Яніс глядзеў на Андрэя і думаў, што яму, Янісу, таксама цяжка да смерці, але ён ніколі не скажа гэтага сябру, не ўскладзе на яго плечы яшчэ і свайго цяжару. Досыць для яго. I адначасова ў яго душы накіпаў гнеў, і ён паступова ўсё больш пераконваўся: без размовы з Ірынай не абыдзецца. Ён не дасць ёй глуміць сябру жыццё.
З вакзала ехалі на таксі, бо стаміліся. За вокнамі бегла начная Масква: агні кранаў, вясёлкавыя дамы паўднёва-заходняга раёна.
Вялікія будынкі, горад, заліты электрычнасцю, шпілі высотных будынкаў, ланцужок агеньчыкаў электрапоезда, што вырываўся з тунеля метро на мост, — і, аднак, усяго гэтага было мала, вельмі мала для шчасця. Таму што можна ніколі ў жыцці не бываць у верхніх паверхах "высоткі", у вочы не бачыць метро, не ведаць, што такое сучасныя паэты і мастакі, але шчасце патрэбна чалавеку штодня, сёння, і заўтра, і да смерці.