Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
— Нічога, — пацалаваў яе Андрэй. — Не сумуй за іх. Яны шукалі. Як мы.
— Так, — сказала яна. — А цяпер дай мне лекі. Я вельмі хачу хутчэй быць здаровай. Для цябе. I прыгожай хачу быць. Нават сёння. Потым ты прычэшаш мяне. Я магу і сама, але ты робіш гэта лепей.
— Не трэба самой, — сказаў ён. — Беражы сілы. Яны табе сёння вельмі прыдадуцца.
Так праходзіў гэты неверагодна шчаслівы, споўнены сонечнымі зайчыкамі і птушынымі спевамі, споўнены да краёў любоўнай увагаю і адначасова трывожны
Толькі кожны з іх хаваў трывогу.
…У тры гадзіны апоўдні Андрэя выгналі. Трэба было рыхтаваць Ірыну да аперацыі. Выганяць прыйшоў Глінскі.
— Ну, — дабрадушна сказаў ён, — давай адсюль, хлопча, давай. Яна ў добрым стане, ты аб гэтым паклапаціўся. А зараз — марш. Астатняе аддай ужо нам…
Зусім не саромеючыся гэтага чалавека, Андрэй абняў яе за плечы і пачаў ціха казаць на вуха:
— Ты толькі спакойна. Ты не бойся. Усё будзе добра. Я буду тут, поруч.
— Я не баюся, — сказала яна. — Гэта ж я iду да цябе.
Андрэй устаў.
— Да спаткання, — сказаў ён.
— Да спаткання, — усміхнулася яна.
Глінскі пасуровеў.
— Ды пацалуйцеся ж вы, — сказаў ён. — Пацалуйцеся вы, урэшце. Як маленькія, не разумеюць усёй карысці… Некалькі дзён ёй нельга будзе… Ну!
Андрэй схіліўся і пацалаваў яе.
…Пакуль яе рыхтавалі да аперацыі, ён хваляваўся, але ведаў: асаблівай небяспекі не было на бліжэйшыя тры гадзіны. Ён вырашыў прыйсці акурат у шэсць. Каб яна адчувала, што ён чакае, што ён тут.
Дамовіўся з Сашанькай, каб яна кожную палову гадзіны выходзіла да яго і казала, як справы. Паспрабаваў сказаць пару слоў Яшу і Глінскаму, каб яны…
Але першы кінуў толькі пару падбадзёрваючых слоў, а другі наогул абарваў Андрэя.
Так, ён зараз быў непатрэбны тут.
Толькі Сашанька паглядзела на яго спагадліва, вільготнымі вачыма і мякка сказала:
— Усё будзе добра, Андруша… Ідзіце вы лепей пад'ешце, пакуль не пачалося.
Ён падумаў, што яаа мае рацыю, і выйшаў са сквера на залітую сляпячым сонцам шумлівую вуліцу. Вуліца жыла звычайным жыццём, і, можа, гэта было б нават правільна, каб да аперацыі рыхтавалі звычайнага хворага, а не жанчыну ў росквіце год, уражаную людскою рукой!
У нейкай сталовай, падобнай на студэнцкую, ён сеў за стол і спытаў сабе абед. Яму вельмі хацелася есці, але як толькі ён апусціў лыжку ў суп, адразу адчуў, што не здолее праглынуць і кроплі, - як завязала.
Выйшаў. Адчуваючы ўсё ж, што ён можа зваліцца з ног, не дачакаўшыся канца аперацыі, ён зайшоў у вулічную кавярню пад тэнтам і выпіў там тры чашкі кавы. Цяпер сэрца білася зусім па-іншаму, напоўнена і моцна, а вочы прыдбалі, здавалася, асабліва бязлітасную яснасць погляду на навакольны свет.
Стрэлкі гадзінніка паўзлі марудна. Ён сядзеў і, апёршыся на столік, на якім слаба
Ён устаў і рушыў у інстытут, хаця да аперацыі было яшчэ з паўгадзіны. Назіральнік з боку пабачыў бы яго занадта выразныя рухі і зразумеў бы, што гэты чалавек шалёна нервуецца, але сам ён думаў, што ён спакойны.
…Шэсць гадзін. Дзень хіліцца да вечара, Ад дрэў ляглі ўжо вячэрнія цені. Зараз яе вязуць у аперацыйную, Трэба быць бліжэй да яе. Хоць бы ў вестыбюлі.
У вестыбюлі той самы гардэроб, тая ж брыдкая кніга на стале, кніга існаванняў і сконаў, кніга лёсаў.
Дзверы без стуку хістаюцца за праходзячымі: туды-сюды, туды-сюды, у розныя бакі. Белыя дзверы на дзве палавіны.
За аднымі з такіх дзвярэй яна. Пэўна, пачалі. Хто б зрабіў, каб іхнія рукі былі спрытнымі і ўдалымі, каб шчасліва скончылася ўсё?
Бог? Ён, Андрэй, не верыць у бога. А веруючым, пэўна, лягчэй.
Як гэта ў малітве: "Захавай дом мой". Не, ён не памятае. А можа, гэта і не ў праваслаўнай малітве?
Мозг, здавалася, нічога не мог, а на самай справе заўважаў ўсё так зорка, як ніколі.
…Вось правезлі на пахілых драбінках вялізны сіні балон з надпісам «вадарод»… Балон… Пакуль не правялі газавую лінію — давядзецца мець балоны. Ёй нельга, каб холадна… Добры дом…
— Што з вамі? — дакранулася да яго пляча Сашанька. — Вам дрэнна?
— Чаму? — здзівіўся Андрэй.
— Вы бледны, як смерць.
— Нічога, — голас гучаў, як чужы. — Як там?
— Цудоўна, — адказала Сашанька. — Усё ідзе як трэба… Я выйду праз гадзіну.
— Я, пэўна, пачакаю ў скверыку, — тым самым голасам сказаў ён.
Занадта прамы, ён накіраваўся да дзвярэй. Сашанька паглядзела на яго і пахітала галавой.
Ён выйшаў проста ў добры майскі прысмерак і сеў на лаўку. Успомніўся хлопчык, што дзесяць дзён таму весела ішоў на спатканне з маці. Дурны хлопчык!
Ну, а хіба ён, Андрэй, болыы разумны, калі думае аб газе, аб дзецях, чорт ведае аб чым у час, калі яна так пакутуе?
I раптам ён зразумеў, што ўвесь гэты час ён толькі вонкава думае аб іншых прадметах, што ўвесь гэты час у душы жыў і катастрафічна нарастаў жах, нясцерпны жах і бязмерная боязь за яе.
Сэрца падала ўніз. Цьмянела ў вачах. Каб быў голас, ён з насалодаю закрычаў бы па-жывёльнаму, дзіка, нема.
Ніколі, ніколі яшчэ ў жыцці не было такога жаху. Нават тады, калі ўцякала партызанская армія і «фокевульфы» ныралі над самымі галовамі.