Лятучы Галандзец
Шрифт:
І трэба ж было так здарыцца, што ў той вечар Касачэўскі зайшоў у бар і не паспеў агледзецца, як пачуў размову гэтай вясёлай кампаніі амаль поруч з сабою, за вялікай філадэндрай.
Размаўлялі аб ім.
– Што, уласна кажучы, такое з гэтым Касачэўскім?
– спытаў адзін з артыстаў.
Рэжысер прыгожым жэстам (ён трымаў папяросу ў выцягнутых і паўсагнутых пальцах, агнём да далоні) збіў попел:
– Уласна кажучы, звычайная гісторыя. Прафан у адносінах да жанчын. Звычайная дзяўчына была, я нават ведаў яе. Прыгожая. Абрыдла ёй занадта вялікая сумленнасць жаніха, і яна вырашыла ў чаканні шлюбных радасцей зрабіць размінку.
Малады чалавек з занадта калматай "канадкай"
Яшчэ адзін сабутэльнік, чалавек з пароды тых, якіх завуць "грыбазвонамі", усміхнуўся:
– Кіньце жартаваць, хлопчыкі. Гэта хоць і смешна, а чалавеку няшчасце... І ўсё ж, які шчанюк! "Ненавидя человечество, от него бежит спеша".
Крытык Моршч усміхнуўся аднымі вачыма.
– Самае дзіўнае, што з усяго Бальманта нашы крытыкі ведаюць адзін толькі гэты радок. І жывуць гэтым капіталам да сівых валасоў.
– Не пра гэта справа ідзе, любы, - з паблажлівай пагардай сказаў Грабоўскі.
– Можа, гэта і смешна, а я інстынктам не люблю гэтага чалавека. Ведаю - добры хлопец, ведаю - неблагі паэт, ведаю - не ханжа. А не люблю таму, што ён у адносінах, скажам, да мяне, - белая варона. Мне ён быў патрэбен - вы ведаеце па якой справе, - конча патрэбен. Песні мне патрэбны ў яго духу. Заходжу да яго - няма, пайшоў кудысьці. А на стале - я не цікавіўся, але адразу трапляе ў вочы - чагo толькі няма: "Сагі пра вікінгаў", "Гісторыя конунгаў Нарвегіі", раманы Канрада. І на самай сярэдзіне стала - "Легенды паўночных мораў". Я па запрашэнню гаспадыні чакаў хвілін дваццаць і цікнyў у гэту кнігу. Адкрыта на гісторыі Лятучага Галандца. Ну нашто гэта патрэбна, каму? Разумее ж ён гэта. А ў асабістым жыцці... ах, дамы і трубадуры, ах, Гаральд Вілабароды! Чалавек-рамантык, сцвярджаю гэта, у наш век тое самае, што жывы мамант.
Моршч рэзкім рухам адсунуў разам з сурвэткаю шклянку з віном. З грымасай гідлівасці ўзяў чужую папяросу.
– Глупства кажаш, стары. Чалавек - гэта ўсё. Гэта метад кесоннай адліўкі і язычаскія абрадавыя песні, сучасная філасофія і лятучы галандзец, атамная фізіка і вершы галіярдаў. Усё патрэбна на зямлі, усё -чалавек. А ты кажаш звычайную пошласць. Што ж, адабраць у дзяцей беларускія легенды, адабраць Пакацілу, вужыную каралеву, Яна Прыгожага. Хто з іх вырасце? Голыя практыкі без фантазіі. Я не ведаю, але я ўпэўнены, што Эйнштэйн чытаў казкі Андэрсена.
– Увага, - з сумам азваўся рэжысёр, - прысутнічаем пры нараджэнні серыі новых артыкулаў.
– Так, новых артыкулаў, - выбухнуў чырвоны Моршч.
– Чыгунныя мазгі ў вас, вось што. Я таксама лепей пайшоў бы на дзюны і слухаў там мора замест таго, каб слухаць твае жарты. Што ж, прымусьце чалавека пісаць тэхнічныя раманы ў духу "Рэльсаў" П'ера Ампа. Будзе ў літаратуры яшчэ адной нудотай больш.
– Пайшла, паехала, - махнуў рукою рэжысёр.
– Любчык, не перабівай ты чалавека, які аж на тыдзень старэйшы за цябе. Зразумей, няхай сабе ён піша, што хоча, але няхай жыве, як кожны чалавек. Глядзі ты, не спадабалася яму звычайная дзяўчына.
– Не звычайная дзяўчына, а... сказаў бы, але баюся цябе пакрыўдзіць, такія ў тваім гусце.
– Ну няхай, няхай, супакойся, мая дзетухна. Не трэба чакаць ад жанчын надзвычайнага: казачнай прынцэсы, бога з машыны, трасцы з хваробай. А сам звычайнага асабістага жыцця не здолеў наладзіць.
– І гэта не твая справа, - адрэзаў Моршч.
– Ведаеш, я малю бога, каб яму дасталася сапраўдная прынцэса. Так абрыдлі шлюбы толькі з-за таго, што мужчыне апрыкралі сталоўкі.
– Перабольшваеш, - сказаў "грыбазвон".
– Ну добра, падвяду базіс. Жанчыне жахліва, калі пустэча ў ёй самой, а мужчына
Моршч паклаў далонь на вочы і скалануў галавой. Пасля сказаў нейкім незвычайным, цёплым голасам:
– Магчыма, яно і лепей, што чалавек адзін з нямногіх не жадае задавальняцца проста жонкаю, а чакае сапраўднага кахання, што як удар бліскавіцы. Прыходзіць яно - чалавек шчаслівейшы за ўсіх на зямлі, а калі няма, дык лепей ужо нічога не трэба.
Рэжысёр, відаць, не адразу пазбавіўся ўражання ад гэтых слоў і таму сказаў ненатуральна фатаўскім тонам:
– Ты сёння, бачу я, проста п'яны... А я не магу так разважаць. Няма казачных прынцэс. Дзікае сцвярджэнне, але я асабіста ўпэўнены ў гэтым: няма на свеце кахання. Фізіялогія - гэта так, сям'я - гэта так. І дурань твой Касачэўскі, што шукае фей там, дзе іх няма. Вымерлі феі.
Мімаволі ў яго словах за п'янай зухаватасцю прагучаў сум, і Моршч гэта зразумеў. Сказаў упрашальным, душэўным голасам:
– А можа, яны ёсць, не зніклі, толькі ты іх не заўважаеш, бо каратказоры, бо не ўмееш шукаць?
– Не ведаю, - змрочна сказаў Грабоўскі.
– Што ж, напэўна ў яго асаблівы зрок, калі ён бачыць прыгажосць нават там, дзе мы нічога не заўважылі б, акрамя гною. Памятаеш яго "Ветракі"? Крыжы над раўнінaю, стаяў снег, асабліва суха ля пачатага стога саломы, сустракае вясну ля стога стары конь. Добра! І, ведаеш, мы, напэўна, самі вінаваты ў тым, што рамантызм вымірае: не прызвычаіліся бачыць прыгажосць нават у бочцы з зялёнай вадою ля плота, нават у зламанай вярбе. У нас даўно ўжо не дзіцячы зрок, мы не чакаем ад жыцця незвычайнага. А такія, як ён, заўсёды трошкі дзеці. Ён чакае, ён верыць - і жыццё пойдзе яму насустрач. Я ведаю, ён ва ўсім убачыць надзвычайны бок. Выпадак, які для нас проста смешны, для яго паўстае ў такім павароце, што ён бачыць: гэта казка, гэта паэзія. А мы, суровыя практыкі, застанёмся ў дурнях нават і з практычнага боку. Таму што ён жыве і не міне сапраўды рэдкага і прыгожага.
Грабоўскі скрывіўся, як ад зубнога болю:
– О-ох, з якою ахвотаю я даў бы яму андэрсенаўскія чароўныя галёшы! У якіх дурнях апынуліся б гэтыя толькі што спечаныя рамантыкі, каб іх паставіць тварам у твар перад дзейснасцю, дзейснасцю будзённай, толькі звонку афарбаванай у колер казкі. З ахвотаю паглядзеў бы на гэта!
– Ну і дурань.
Касачэўскі знік, не дачакаўшыся канца размовы. Абрыдла. Пустыя, п'яныя пабрахенькі, і больш нічога. Чуў яшчэ толькі, што сярод кампаніі выбухнула нейкая спрэчка.
Ён пайшоў з горада і накіраваўся ў дзюны. Глупства, усё гэта глупства! Ніколі ён не быў рамантыкам, хіба што шукаў незвычайнага, без якога нельга, цяжка, нудна жыць. Асабліва брыдка было, што Грабоўскі перагортваў кнігу, выпадкова забытую на стале.
Ноч плыла над халодным морам, цягнуліся рэдкія пёрыстыя аблокі. Мора шырокае, як душа чалавечая, каціла на пясок лянівыя хвалі. Ах, мора, мора! Хіба не на гэтых бедных берагах, на якія і дагэтуль выкідваюць хвалі абломкі бурштынавага палаца, хіба не на гэтых берагах зарадзілася казка, хіба не тут ёй жыць? На гэтыя берагі выходзілі калісь легіёны паўдзённых воінаў у медных шаломах. Адкуль з'явіліся ў муміях фараонаў вочы з бурштынаў, тваіх бурштынаў, мора? Ты ляжала спакойнае, бутэлечна-зялёнае, шапацела лёгкімі хвалямі. Плылі па іх у тумане ганзейскія караблі; плылі на Готланд і Руген, дзе яшчэ не астыў попел ля храма Святавіта, галеры беларускага князя Вячка.