Лятучы Галандзец
Шрифт:
Бягуць быстраногія коні марэй, плывуць па іх незвычайныя караблі. Мора, мора! Ранкам, калі туман укрывае твае воды, можа, сам лятучы галандзец, карабель, асуджаны вечна вандраваць, імчыць у тваім тумане. Вецер надзімае ружовыя ветразі, падобныя на дзявочыя грудзі. Капітан стаіць пад мачтай, стаяць
II
Мора, як люстра. Зноў то прыходзіць, то знікае нячутны сон. Ноч толькі-толькі пачала святлець, і лёгкі перадранішні туман вісіць смугою над морам. Ён адлівае шэрым, попельна-жамчужным, слаба блакітным. Плыве кудысь над чоўнам, хістаецца, звіваецца ў пасмы і ляціць у неба.
І човен пагойдваецца. І галава мокрая ад расы. Сон схіляе галаву на банку чоўна. У такі час прыходзяць сны і здані.
І таму Касачэўскі ў першую хвіліну амаль не здзівіўся, калі непадалёку ад яго, але амаль зусім нябачны за туманам, праплыў сілуэт карабля. Стройны, выцягнуты, з прыгожымі абводамі, з трыма мачтамі, на якіх былі слаба напятыя ветразі, ён плыў павольна-павольна. Ён здаваўся б сном, калі б не лёгкія вусы пены, што беглі ад яго ў бакі, ледзь бачныя ў тумане.
Касачэўскі, як большасць сучасных людзей, быў поўным прафанам, што датычыцца старажытных караблёў, але тут нават ён, праціраючы заспаныя вочы, войкнуў ад здзіўлення: карабель семнаццатага стагоддзя, прывідны ў тумане, ходкі, як мара, праплываў перад ім. Лявон быў вельмі сучасным чалавекам і, вядома, нікому не паверыў бы, каб яму сказалі такое. Але не верыць уласным вачам было немагчыма. Карабель быў тут, такі прыгожы, такі імпэтны.
Яму здалося, што ён спіць. Але не. Адчынены порты, ля парэнчаў з пузатымі балясамі стаяць невыразныя ў тумане, нерухомыя постаці.
Што ж гэта такое? Звар'яцеў ён або, можа, сапраўды ў сярэдзіне дваццатага стагоддзя плаваюць па морах караблі-прывіды? Не, гэта сон.
І толькі ён паспеў падумаць пра гэта, як роўны, мёртвы голас пачаў аддаваць словы каманды.
Касачэўскі чуў, што галандскай мове ўласціва падаўжэнне галосных. Да таго ж, ён чытаў "Уленшпігеля", дзе таксама трапляюцца галандскія словы. Але ў тую хвіліну ён не думаў пра гэта. Ён арганічна адчуваў, што гэта менавіта галандскія словы.
Што за д'ябал?! Але які голас, які мёртвы голас!
У тую самую хвіліну ён пачуў, як другі голас, малады і жаласны, пачаў прасіць аб нечым. Гэты раз мова здалася яму нямецкай, якую ён трохі ведаў. Ён нават разабраў паасобныя словы:
– Нявеста... нявеста... Яна чакае... Злітуйцеся... Гэта тут, блізка.
У адказ зноў той самы мёртвы голас і незразумелыя словы.
– Марыя! Марыя!
– зноў пачаў жаласна стагнаць малады голас.
– Марыя!
Касачэўскі адчуў, што ў яго пачало падазрона паколваць у каранях
– Пусціце яго, - сіпата крыкнуў Касачэўскі.
Але ў тую самую хвіліну нешта пераляцела цераз борт і пляснулася ў ваду, а карабель, змяніўшы трохі курс, пачаў аддаляцца і канчаткова растаў у тумане.
Толькі голас яшчэ маліў недзе з такім жарам і безнадзейнасцю, што, здавалася, памеркне святло. Але гэта была ўжо невядомая мова:
– Марыя! Марыя! Тамуз! Панмегас тэфнеке!
Касачэўскі ўзяўся за вёслы і пачаў падграбаць да таго месца, дзе, ён бачыў, нешта ўпала ў ваду. Ён падплыў бліжэй і раптам убачыў пузатую, дзіўнай формы бутэльку, што плыла, пабліскваючы мокрым шклом.
Ён працягнуў да яе руку, спадзеючыся, што яна растане ў паветры. Але бутэлька лягла ў яго руку зусім адчувальным цяжарам. Ён паклаў яе ў човен і некаторы час сядзеў з закрытымі вачыма. Пасля расплюшчыў іх - бутэлька была на месцы, і ў ёй жаўцеў скрутачак паперы. Сэрца тахкала. Лявон акунуў галаву ў ваду. Парныя кроплі падалі яму за каўнер. Пасля пачаў машынальна выграбаць да берага.
Толькі калі сталі бачны дзюны на беразе і туман пачаў звівацца і знікаць, Касачэўскі ўзяў бутэльку і абчысціў яе рыльца. Шматок жоўтай паперы ўпаў яму на далонь. Востры гатычны шрыфт, які з цяжкасцю разбіраеш.
" Anno 1657. Божа, злітуйся над душамі маракоў. Я, Хрысціян Рабе, марак з праклятага карабля, невядома колькі год блукаю тут. Нашто я не слухaўся бацькоў, нашто я ўцёк у любімае, страшнае мора? Мяне чакаюць дома. Дні цякуць над намі, як хвіліны, годы - як дні. Я не ведаю, ці жывыя яны, усе, каго я любіў. Калі хто вылавіць гэтае маё апошняе прывітанне, хай занясе яго ў горад на вуліцу Літасцівых Юзафітаў у дом ля самай Старой Вежы на другі паверх. Даруй мне, сівая маці. Даруй мне, Марыя. Ты дарэмна гадавала свой вясельны мірт. Мы будзем імчацца, пакуль нас не праглыне мора, бо "Лятучы Галандзец" - імя нашага карабля".
Лявон выйшаў на бераг у поўным неўразуменні. Што гэта можа быць? Міраж! Але вось у руках бутэлька. Жарт! Але хто можа цяпер разыгрываць такія дарагія жарты? Адкуль гэты стары, хуткі, як песня, карабель? Не, гэта немагчыма. Застаецца адно: можа, я пачынаю вар'яцець і ўсё гэта напісаў сам, у трансе? Таксама неверагодна. Божа мой, што ж гэта такое робіцца?
Але ён ведае адно. Гісторыя гэтая цалкам незразумелая, дзіўная, небывалая ніколі на зямлі. Калі ён сапраўды не хоча звар'яцець, ён павінен пайсці пa гэтаму старажытнаму адрасу, паглядзець, ці не захаваўся той дом. Яму, нарэшце, проста цікава.
Але што гэта, што гэта такое, што?
III
Ён пакутліва думаў пра гэта ўвесь час, пакуль ехаў цалкам сучасным аўтобусам да горада. Не пераставаў думаць і тады, калі ў старым горадзе сапраўды адшукаў вуліцу Літасцівых Юзафітаў.
Гэта быў старажытны заімшэлы горад, пабудаваны, вядома, яшчэ ў часы нямецкага панавання. Круглыя і квадратныя вежы, муры, вулачкі такія блытаныя, што можна было, пакруціўшыся па іх, самога сябе пабачыць у спіну. Аўтамабілі тут не з'яўляліся, бо нават два чалавекі ледзь маглі тут размінуцца.