Меч князя Вячкі
Шрифт:
— Мечаносец, значыць? — з нянавісцю глянуў на тэўтона Халадок.
— Мечаносец. Я валодаю мячом так, як ты не валодаеш сваёй бруднай лыжкай, сёрбаючы свінячую пахлёбку.
— Князь, дазволь, і я адсяку яму галаву, — пацямнеў у твары, умольна глянуў на Вячку Халадок.
Але Вячка маўчаў. Нешта стрымлівала яго. За сваё нядоўгае суровае жыццё ён пакрысе навучыўся сцішваць свой гнеў. Так моцнай цвёрдай рукой на ўсім скаку спыняюць гарачага баявога каня, стальнымі цуглямі разрываючы яму губы. Вячка слухаў пахвальбу тэўтона і маўчаў.
_ Палахлівыя чэрві,— пляваўся крывавай слінай Пірмонт.
— Князь, дазволь, — прасіў Халадок, павольна выцягваючы з похваў меч.
— Я трапіў у пастку. Я прайграў не ў рыцарскім паядынку, не ў чыстым полі, а ў падземнай мышалоўцы, — не спыняўся тэўтон. —
— Твой лёс у тваіх руках, — з халоднай усмешкай сказаў нарэшце Вячка. — Калі ты не пустабрэх, калі ты адважны вой, калі ў тваіх жылах чырвоная кроў, а не тухлая балотная вада, праз тры дні я скрыжую з табой меч і кап'ё. Мы сыдземся з табой у паядынку. Хто каго стопча канём, выб'е з сядла, таго й верх. Так сказаў я, князь Кукейноса. Маліся свайму лацінскаму богу, тэўтон.
Вячка ўдарыў даланёй па рукаяці свайго мяча, упарта, як перад скачком, нахіліў галаву і, ні на кога не глянуўшы, імкліва выйшаў з катавальні.
III
Ранішняе сонца нясмела ўставала над зямлёй, наколвалася на зубцы зарэчнага лесу. Першыя яго промні ўпалі на званіцу праваслаўнай царквы, потым на княжацкі церам. Асмялеўшы, набраўшыся моцы, пачалі гуляць на вузкіх вулках Кукейноса. Шматгалосы і бадзёры прачынаўся горад. У дружыннай кузні звонка ляскаталі цяжкія малаткі. З дзвінскага берага, дзе густа стаялі купецкія стругі, чуліся галасы арцельшчыкаў, рыпелі дошкі сходняў, па якіх паўголыя загарэлыя грузчыкі насілі велізарныя шэра-жоўтыя камяні воску, кіпы звярыных шкур, крыцы сырадутнага жалеза, амфары з заморскім віном, лубяныя кашалі са свежай рыбай, зернем, соллю. Апусцілі пад'ёмны мост, і пастухі пагналі на пашу кароў, свіней, коз і авечак. Дробны стукат капытоў, гром нашыйных званочкаў на нейкі міг заглушыў усе астатнія ранішнія галасы і гукі. Рамеснікі раздзімалі свае горны, безліч дымкоў заструменілася ў блакітнае бяздоннае неба, смачна запахла свежым хлебам. Бегалі на падворках, смяяліся і крычалі дзеці. Паныла спявалі жабракі, калікі вандроўныя. Суседкі снавалі да суседак, бо заўсёды цікава ведаць, што варыцца ў чужым гаршку. Баярскія дочкі, уздыхаючы аб жаніхах, цярпліва ўмошчваліся за верацёны, праселкі ў якіх былі з прыгожага ружовага шыферу.
У гэты час князь Вячка садзіўся на свайго баявога каня Печанега. Смольна-чорны з рудоцінкай конь сярдзіта грыз цуглі. Пунсовае сонца глянула на княжацкі двор, і медныя сполахі пабеглі па гладкай конскай спіне. Продкаў Печанега прыгналі ў свае табуны полацкія князі, калі разам з усімі рускімі князямі хадзілі ў паўдзённыя стэпы ваяваць бязбожных торкаў.
На Вячку ззяла кальчуга, сплеценая з тоўстых кляпаных колцаў. Пад кальчугу ён апрануў сінюю пакаленную кашулю. На галаве ў яго быў высокі жалезны шалом з наноснікам, з выразамі для вачэй, з кальчужнай сеткай-барміцай, якая ахоўвала шыю і плечы. У левай руцэ князь трымаў ярка-чырвоны шчыт з выявай святога Георгія, заступніка палачан. Шчыт быў не круглы, а міндалепадобны, са зрэзаным верхам. Ён прыкрываў князя ад падбародка да калена. На ногі князь нацягнуў кальчужныя панчохі і вастраносыя боты з цвёрдай туравай скуры са шпорамі-шыпамі. У правай руцэ Вячка сціскаў кап'ё з чатырохгранным бранябойным лязом. Кап'ё — зброя першага ўдару, і Вячка, як і ўсе палачане, добра валодаў ім. На поясе ў князя вісеў доўгі прамы меч у прыгожых інкруставаных жоўтым металам похвах. Гэтым мячом можна і секчы, і праколваць, прабіваць, пранізваць наборныя даспехі, якія апошнім часам замест кальчуг пачалі апранаць у сечу тэўтонскія латнікі.
Вячка ўскочыў у высокае сядло і адчуў, як наспружыніўся, затанцаваў пад ім Печанег. Добрая прыкмета, калі танцуе, ірвецца ў сечу баявы конь. Конскі крыж быў старанна прыкрыты цвёрдай скураной апонай-лічынай, на грудзях і на шыі ў каня звінелі рознакаляровыя металічныя бляхі.
Рысталішча, месца для паядынку, было выбрана на двары княжацкага церама. Вячка бачыў мышыную мітусню слуг, строгія твары сваіх вояў, густыя калматыя бароды баяр і просталюдзінаў.
Насупраць Вячкі, на другім канцы двара, нецярпліва прыўзнімаўся ў сядле граф Гадзескальк Пірмонт. Жыццё зноў свяціла тэўтону ўсімі сваімі зоркамі. Ён не сумняваўся ў сваёй перамозе над гэтым тубыльцам. Бацька ягоны, граф Годфрыд, з'еў у дзяцінстве воўчае сэрца, уліў у кроў сваіх патомкаў сілу, хітрасць і жорсткасць. «З мячом я гуляў яшчэ ў калысцы», — горда думаў малады тэўтон, і ярасць бушавала ў ім, як грымучая майская навальніца над Рэйнам. Яму вярнулі ягоны меч, верны востры меч, на клінку якога крыху ніжэй рукаяці былі выбіты майстрам-збройнікам два магічныя словы: «Пі кроў».
Чым не рыцарскі турнір чакае яго? Ёсць праціўнік, ёсць стрэмя пад нагой, ёсць меч у руцэ, ёсць гледачы — яны шумяць, хвалююцца, як шэрае неспакойнае мора. (Чаму ўвесь гэты народ так смярдзіць кіслай аўчынай, кажухом?) Ёсць нават гарольд, юны, зусім хлапчук. Вось-вось ён затрубіць у паляўнічы рог, дасць сігнал. Няма толькі Дамы сэрца. Няма той, да чыіх пяшчотных ножак кладуць салодкі груз перамогі. Хутчэй жа, хутчэй трубі, гарольд! У рай ідуць па лязу мяча.
Граф Пірмонт быў апрануты ў кальчугу з доўгімі рукавамі, з капюшонам-хаўберкам, які ахоўваў галаву. Паверх хаўберка ён надзеў мяккую ваўняную шапку з тоўстым валікам. Шапку вянчаў стальны кляпаны шлем, падобны на вядро, з адтулінамі для вачэй, з дзірачкамі для дыхання. Гэты даспех воі князя Вячкі садралі тры дні назад з забітага тэўтонскага латніка, калі тэўтоны спрабавалі адбіць і пагнаць у замак Ашэрадзен кукейноскую гавяду — кароў і коз.
Заспяваў, ускрыкнуў рог. Граф Пірмонт ударыў каня шпорамі, уздыбіў яго, цвёрдай рукой накіраваў насустрач праціўніку. Камякі вільготнай цёмна-рыжай зямлі пырснулі з-пад цяжкіх капытоў. Пахіснулася, зарыпела сядло з высокай пярэдняй лукой, якая аберагае жывот ад таранных удараў кап'я.
Прыгнуўшыся, выставіўшы ўперад кап'ё, прыкрыўшы галаву і сэрца шчытамі, Вячка і тэўтон ірвануліся насустрач адзін аднаму. Быццам два смертаносныя жахлівыя адзінарогі, якія жывуць у заморскай краіне Хаан, сутыкнуліся між сабою. Стогн металу разрэзаў цішыню. Гэта быў першы саступ, першы збой, у час якога правяраецца моц рыцарскай зброі і рыцарскага пляча. Абодва не пахіснуліся. Толькі ад страшнага ўдару коні прыселі на заднія ногі.
Тэўтон гатоў быў заспяваць. Баец, які ніколі не быў пабіты да сінякоў, не можа, горды духам, уступіць у адзінаборства. Хто бачыў сваю ўласную кроў, чые зубы скрыпелі пад кулакамі праціўніка, той, хто распасцёрты на зямлі, утаптаны ў яе ворагам, не траціў мужнасці, той, хто ўзнімаўся яшчэ больш непахісны, колькі б яго ні збівалі з ног, ідзе ў бой з вялікай надзеяй. Узнагароды за цярпенне выплочваюцца ў храмах перамогі.
Так думаў граф Пірмонт, паварочваючы каня, каб зноў рынуцца на Вячку. Здаецца, усе мінезінгеры 11 Саксоніі, Тэўтоніі і Швабіі спявалі яму зараз.
11
Мінезінгеры — сярэдневяковыя вандроўныя спевакі.
Ён нанёс магутны ўдар кап'ём. Так ярасная маланка б'е ў дубы. Але князь Вячка, які яшчэ юнаком гуляў з каменнямі-жарнавікамі, узнімаючы іх на грудзі і шпурляючы на пятнаццаць локцяў, сустрэў удар шчытом. Шчыт быў з трох слаёў бычыных шкур, сцягнутых металічнымі пласцінамі, і ўсё-такі кап'ё праламала яго, прашыла наскрозь, нібы яечнае шкарлупінне.
Гэты ўдар, у які тэўтон уклаў столькі сілы і страсці, дорага каштаваў яму, бо кап'ё засела, завязла ў шчыце, быццам трапіла ў пашчу дракона.
Вячка размашыста, ва ўпор кінуў сваё кап'ё ў тэўтона. Кап'ё збіла шлем, і тэўтон пахіснуўся ў сядле. Правай рукою Вячка ў імгненне вока выхапіў з похваў меч, ударыў па кап'ю праціўніка, перасек дрэўка. Тады і тэўтон схапіўся за меч. Сутыкнулася лязо з лязом, іскры пасыпаліся, як чырвоны дождж. Ярасць коннікаў перадалася коням. Белая пена клубілася ў іхніх ноздрах. Яны ржалі, храплі і кусалі адзін аднаго.
Улучыўшы момант, Вячка разбітым шчытом ударыў тэўтона па галаве і адначасова клінком мяча пырнуў яго ў грудзі. Кальчуга выратавала тэўтона, але ён збіў дыханне, захаўкаў ротам. Адразу ж пачаў заліваць вочы густы ліпкі пот. Уся агіда такога поту ў тым, што яго няма часу выціраць — рукі заняты зброяй, праціўнік атакуе.