Меч князя Вячкі
Шрифт:
Вячка хацеў спускацца на першы ярус церама, але, ідучы доўгім зацемненым праходам, убачыў жоўтую палоску святла, што вырэзвалася праз няшчыльна зачыненыя дзверы каморкі перапісчыка пергаменаў Клімяты. Ён увайшоў у каморку. Клімята сядзеў спінаю да дзвярэй і маленькім бронзавым ножыкам саскрэбваў са старога пергамена літары, рыхтаваў месца для новых літар.
— Хто? — ціха спытаўся Клімята, не азіраючыся.
— Твая смерць, — надаючы голасу злавеснасць, прашаптаў Вячка.
— Тады пачакай, бо яшчэ не час. Я яшчэ павінен закончыць гісторыю Полацкай зямлі,— адказаў Клімята, захоплены сваёй справай, і зноў не азірнуўся.
Вячка не вытрымаў,
_ Будзь здароў, князь Вячаслау.
Быў ён шчуплы, невысокі, з доўгімі бялявымі валасамі, без левай рукі — страціў у сечы.
_ Значыць, не баішся смерці, Клімята? — весела сказаў Вячка.
_ Смерць — нямая тайна. Сваімі рукамі трымаем
і меч свой і лёс свой.
Яны былі аднагодкі і сябравалі, хоць адзін трымаў Кукейноскі сталец, а другі, збегшы ад бацькі — багатага баярына, пакляўся напісаць полацкі летапіс. Клімята верыў у несмяротную сілу слова і сказанага мудрым мужам, такім, як Іаан Златавуст ці Кірыла Тураўскі, і напісанага кінаварам або золатам на пергамене.
— Сядай, князь, — падсунуў Клімята Вячку невялікі дубовы ўслончык. — Цесна і смуродна ў маёй каморцы, але ведай, што гэта святы пах — пах цялячай скуры і пах кінавара. Ты ваюеш, ты ўвесь час у сядле, ды сіла, князь, не ў мячы, а ў мудрасці. Запомні гэта.
— Пергаменамі, Клімята, не спыніш тэўтонаў. Трэба меч, востры, гартаваны меч, які не баіцца варожай крыві.
— Праўду кажаш, князь, — згадзіўся Клімята, трасянуўшы кужэльнымі валасамі,— але аднаго мяча мала. Я таксама быў нядрэнным ваяром, я біўся, ты ж памятаеш, — з аўкштайтамі і селамі, пакуль жалеза не адгрызла мне руку. І ўсё-ткі мудрае слова мацнейшае за меч. Меч кароткі. Слова доўжыцца ў людскіх пакаленнях.
— Хай будзе па-твойму. Вы, кнігачоты, бліжэй да неба і да божага прастола. Вы лепш бачыце дарогу жыцця і мудрасці. Скажы мне, Клімята, пра што ты зараз пішаш?
Вячка ўстаў з услончыка, узяў у рукі цяжкі скрутак пергамена, трымаў яго, як бы ўзважваючы. Вочы Ў Клімяты натхнёна заблішчэлі. Ён таксама дакрануўся рукою да пергамена, нібы сагрэўся гэтым дотыкам.
— Пра што пішу? Я ўжо скончыў жыцці Рагвалода, Рагнеды і сына яе Ізяслава. Пра Усяслава пішу, якога народ Чарадзеем назваў. Пра тое, як сядзеў ён У стольным Кіеве ў порубе і як вызвалілі яго з цямніцы і вялікім князем Кіеўскім абвясцілі.
— Пра мой род пішаш, — ціха сказаў Вячка.
— Не толькі пра твой род. Пра ўсю зямлю славянскую. І пра нашу Полацкую зямлю, бо яна дачка зямлі славянскай. Хачу, каб не толькі ў стольных Кіеве і Полацку свой летапіс быў, а каб і Кукейнос меў яго.
— Чым я табе магу памагчы, Клімята? — запытаўся Вячка, збіраючыся выйсці з каморкі.
— А мне нічога не трэба, — Клімята ўжо размешваў тонкай касцяной пласцінкай-мастыхінам кінавар. — Дзякуй, князь, за хлеб, за ваду і мёд, якія прыносяць твае чалядзіны. Толькі аб адным хачу папрасіць цябе…
— Аб чым? — спыніўся на парозе Вячка.
— Твае ратайныя людзі, што робяць на зямлі, часам выкопваюць з яе свяшчэнныя камяні, ідалаў, дзедаўскую зброю, касцякі невядомых жывёл. Не трэба гэта знішчаць. Захоўваць, берагчы ўсё гэта трэба, каб ведаць, што было на нашай зямлі да нас. Вочы жывых людзей не павінны быць у павуцінні. Нам трэба бачыць і глыбока, і далёка, шанаваць родную зямлю. Помні, князь: дарагі той куток, дзе рэзалі пупок. Хто скажа за нас перад богам, калі не мы самі? Так што хай не знішчаюць знойдзенае ў зямлі.
— Добра, —
— Многая лета табе, князь, — пакланіўся Вячку перапісчык пергаменаў.
Вячка, шчыльней захінуўшыся ў карзно, спусціўся на першы ярус церама, выйшаў на двор. Нікога з дружыннікаў ён не ўзяў з сабою, не надзеў на галаву баявы шлем, бо любіў, калі расчэсвае валасы халодны суровы вецер. Ужо не першы раз да горкай сліны ў роце захацелася яму пабыць аднаму, сам-насам з нялёгкімі думкамі. Ён адчуваў, як страшэнна стаміўся за апошняе лета і вясну. Стома каменем ляжала на сэрцы, але нельга было паказваць яе ні дружыне, ні баярам, ні пасадскаму люду. Паміж гвалту і шуму жыцця, паміж грукату мячоў, паміж галасу паходных труб пакрысе выспявала, налівалася болем і сумам звонкая і непрыкметная, як мужчынскія слёзы, цішыня. І ён быў пасярод гэтай трывожнай цішыні, як пясчаны бязлюдны востраў пасярод хваль Дзвіны. Ён быў адзін. Адзін як палец, адзін як вока ў лобе. Толькі старшы вой Халадок, толькі Клімята, толькі дачка Соф'я заставаліся ў яго. Ды заставалася надзея яшчэ на адну спагадлівую душу, на князёўну Дабранегу, залатакосую шэравокую прыгажуню, якая жыла ў сядзібе Свіслач, у густых дрымотных лясах, што на самым сутоку Свіслачы і Бярэзіны.
Дачка Соф'я, ледзь што не па ёй, ледзь чым не ўгодзіш, плача і кажа яму, бацьку: «Не буду з табой дружыць». Быццам яе дружба, быццам увага пяцігадовага неразумнага чалавечка самая высокая ўзнагарода бацьку на гэтай зямлі! А можа, так яно і ёсць, можа, так і ёсць?
Вячка стаяў адзін у цемры, наструнена прыслухоўваўся да ўсхліпаў дажджу. Гэта быў ужо восеньскі дождж, мёртвы дождж. Ён не мог даць сілы ні зярняці, ні траве. Ужо нішто не расло пад гэтым дажджом, толькі камяні. Аб тым, што камяні растуць, расказваў Вячку ягоны бацька князь Барыс Давыдавіч. І Вячка верыў, што камяні растуць, — і маладзенькія каменьчыкі велічынёй з арэх, і шматпудовыя валуны, якім не адна тысяча гадоў. «Зрабіцца б каменем, — падумаў раптам ён, — каб усё было каменнае, для ворагаў недаступнае. Толькі сэрца жывое. Я б скінуў тэўтонаў у мора і вярнуў Полацку Дзвіну, наш Рубон».
Чорная аграмадзіна царквы ўразалася ў неба побач з княжацкім церамам. І Вячка, як бы нешта ўспомніўшы, пакрочыў да царквы. Ён разбудзіў дзяка, які спаў у царкоўным прытворы.
— Дзе айцец Сцяпан? — спытаўся Вячка ў дзяка, сухенькага, сагнутага, як сярпок, старога.
— Святы айцец два дні назад конна паехаў у Полацк да ўладыкі Дзяніса, — спалохана сказаў дзяк. Ён з маленства баяўся ўзброеных людзей.
— Адчыні царкву і запалі тры свечкі,— загадаў Вячка.
Дзяк яшчэ болей сагнуўся, хацеў нешта сказаць, але толькі перасмыкнуў сухімі губамі і пакорліва загрымеў вязкай ключоў.
Цішыня і цемра абрынуліся на маладога князя ў начной царкве. Ён запаліў свечкі, стаў на калені. Па старадаўняму звычаю ён хацеў папрасіць парады ў продкаў.
Замірала сэрца. У скронях звінела кроў.
Парыў ветру ўварваўся ў адчыненыя дзверы. Патухла свечка.
— Ты прыйшоў, Усяслаў? Я чую цябе, — дрогкім голасам сказаў Вячка.
Патухла другая свечка.
— Ты бачыш мяне? Дапамажы. Асвяці мой розум і мой шлях.
Патухла трэцяя свечка.
— Дзякуй табе. Ты ўхваліў маё рашэнне. Я ведаў, што так будзе і што ты зразумееш мяне. Нашу размову не падслухаюць чужыя вушы, бо мы размаўлялі сэрцамі. Дзякуй табе, прыснапамятны князь.