Меч князя Вячкі
Шрифт:
— Ты чаго спыніўся? — злосна зашаптаў ззаду тэўтон.
— Цемра… Нічога не відно, — нерашуча сказаў Браціла.
— Не лічы мяне за дурня, — тэўтон вастрыём мяча лёгка кальнуў Брацілу між лапатак. — Ты пакляўся. І наша царква добра заплаціла. Епіскап Альберт даў табе сорак грыўняў серабра. Калі ты здрадзіш, шалудзівы пёс, я адсяку табе галаву. Ва імя Ісуса Хрыста, сына божага, пайшоў уперад!
Браціла выцягнуў з-за спіны шчыт, узяў яго ў левую руку, у правай руцэ сціснуў суліцу, прыгнуўся і бясшумна нырнуў у цемру. Тэўтон, як лісіны хвост, адразу ж шмыгануў следам.
Булкі Кукейноса былі вельмі вузкія, брудныя. Гразь хлюпала па сасновых
Сядзібы кукейносцаў мясціліся ўпрытык адна да адной — локця не прасунеш. Тут было шмат важнецкай ежы для агню, які не раз, як жахлівая чырвоная птушка, налятаў на гэтыя хаткі, на гэты горад.
У хатках, што чарнеліся ўздоўж вуліц, спалі са сваімі жонкамі і дзецьмі рымары і броннікі, кавалі і сырамятнікі, цесляры і скрыннікі, муралі і апоннікі. А яшчэ — дымары, плавілыпчыкі жалеза. І гаплічнікі, тыя, што з косці і дрэва вырабляюць гузікі і кручкі для адзення. І кансвісары — адліўшчыкі царкоўных званоў. Тысячы сноў спляталіся ў адзін вялізны, усеабдымны, глыбокі і ў той жа час трывожны сон, бо хіба можна было спаць спакойна на самым пачатку трынаццатага стагоддзя, на самай мяжы Полацкай зямлі і ўладанняў рыжскага епіскапа Альберта?
Браціла з тэўтонам прабіваліся праз дождж, і здавалася, ніколі не будзе канца ні гэтаму дажджу, ні гэтай цемры. Тэўтон, хоць і не быў палахліўцам, ужо не раз з лёгкай дрыготкаю ў целе ўспамінаў Вельзевула, біблейскага князя злых духаў і змроку. Браціла ж стараўся ні пра што не думаць і з асаблівай халоднай злосцю гнаў са сваёй душы матчын голас, які яшчэ ў часы ягонага бадзяння па Рызе пачаў напамінаць пра сябе, ірвацца з самага нутра на волю.
Раптам ён паслізнуўся і ўпаў. Ён разбіў бы сабе галаву, як вароняе яйка, але ў самы апошні міг паспеў, выпусціўшы кап'ё і шчыт, сустрэць нябачную зямлю рукамі. Толькі халоднай граззю запырскаў увесь твар.
Тэўтону падалося, што гэта засада, што Браціла ўпаў, прабіты стралой княжацкага воя, і ён цяжка і адчайна секануў цемру мячом. Але меч сустрэў пустату.
— Наважыл, гэта ты? — пачуўся раптам ціхі і сумны жаночы голас. Белая тонкая постаць мільганула за высокім драўляным парканам, якім быў абгароджаны адзін з двароў. Для Брацілы з тэўтонам гэты нечаканы жаночы голас быў як гром нябесны.
— Наважыл, дзе ты ходзіш? Ідзі сюды. Я не сплю… Я чакаю цябе.
Жанчына, прыкрываючы рукой грудзі, ужо выходзіла на вуліцу.
— Я не Наважыл. Я — Сямідол, отрак князя Вячаслава Барысавіча, — разгублена азваўся Браціла, устаючы з зямлі, абтрасаючы з рук ліпкі бруд. — Ідзі спаць, жанчына. Я Сямідол.
Жанчына спынілася. Была яна (шкада, што Браціла з тэўтонам не бачылі ў цемры) у белай ільняной сукні, перахопленай чырвоным паяском. Срэбныя пакручастыя колты 6 ззялі на скронях. Яна стаяла за два крокі ад Брацілы з тэўтонам і плакала.
— Ты Сямідол? А дзе мой Наважыл? Другую ноч мой одр 7 пустуе… Наважыл паплыў у лоддзі і абяцаў да змяркання вярнуцца… Прасвятая багародзіца, дзе мой муж?
6
Колты — жаночае ўпрыгожанне.
7
Одр —
— Я заб'ю яе, — шапнуў тэўтон, узважваючы ў мускулістай руцэ меч, — яе пачуе варта і прыйдзе сюды.
— Не трэба, — спыніў тэўтонаву руку Браціла. Голас роднай маці зноў прачнуўся ў ім, вугольчыкам прапякаў сэрца. Слабасць была ў ягонай душы, млявасць і крохкасць. Хацелася слёз, і не чужых, а сваіх. Але сваіх слёз у яго ўжо даўно не было.
— Ідзі спаць, жанчына, — строга сказаў ён. — Ідзі, сагравай одр для свайго Наважыла.
Ён узяў жанчыну за цёплы плячук і лёгенька адпіхнуў ад сябе. Яна, як белая здань, растварылася ў цемры, а Браціла з тэўтонам лёгкім спорным крокам, пільна ўзіраючыся ў змрок, накіраваліся да княжацкіх харомаў. Густым бурлівым дажджом плакала ноч аб грахах чалавечых…
Чым глыбей уваходзілі яны ў Кукейнос, тым усё больш прыгожых высозных палатаў сустракалася ўздоўж вуліцы. Тут жылі багатыя купцы, якія срэбра мераюць гаршкамі, а ракавіны кавуры, што на ўсім двухбярэжжы Дзвіны аж да самага Варажскага мора служаць і грашамі і ўпрыгожаннямі, мераюць мяшкамі. Тут жылі і баяры: полацкія і мясцовыя, латгальскія. Было на што падзівіцца, але вочы Брацілы і тэўтона туманіла прага крыві, і была гэта прага сляпою, як бычыны пузыр, што зацягвае акенцы ў хатках смердаў. Толькі ўперад імкнуліся яны, толькі да княжацкага двара. Быццам чакала іх там найвялікшае шчасце, якое можа сустрэць смяротны чалавек пад цяністай смакоўніцай у раі.
Вуліца тым часам узбіралася ўгору, на самую вяршыню агромністай выспы, якая спрадвеку грузна стаяла ў самым сутоку Дзвіны і ракі Кокны і на якой ужо некалькі стагоддзяў шумеў, будаваўся, наліваўся сілай Кукейнос. Брацілу нават падалося, што па левую руку бліснула Кокна, нібы вузкі халодны меч выцягнуў нехта з похваў і паклаў у начную чарнечу. Кокна — тая, што нясе дрэвы. Так называюць раку латгалы. І сапраўды — пачынаючыся ў глухіх лясах, мацнеючы там, рака прыносіць да сцен Кукейноса, асабліва вясною і асабліва ў навальніцу, вырваныя з коранем дрэвы. Латгалы кажуць, што гэта Гаспадары Лясных Гушчароў, сярдзітыя духі, палохаюць людзей, напамінаюць людзям аб сваім існаванні.
Нарэшце падкраліся да княжацкага церама. Ён быў высокі, двух'ярусны, зрублены з тоўстых дубовых бярвенняў. У першы ярус князь, дружына і слугі ўваходзілі проста з двара праз высокі ганак, аздоблены бліскучымі срэбнымі бляшкамі, на якіх былі выбіты галовы розных заморскіх звяроў, дзівосныя птушкі, рыбы і зоркі. Ход з двара вёў у вялікую грыдніцу, уздоўж сцен якой стаялі шырокія дубовыя лавы. Сцены грыдніцы былі абабіты беласнежным ільняным палатном, шкурамі тураў, мядзведзяў і ваўкоў. Са сцен тырчэлі адпаліраваныя да мядовага бляску даўжэзныя рогі аленяў і ласёў. Падлога грыдніцы была нацёрта воскам, і калі праз вузкія, у алавяных рамах, вокны ўрывалася сонца, грыдні і баяры, цівуны і купцы, што чакалі княжага выхаду, седзячы на лавах, зажмурвалі вочы.
На першым ярусе была княжацкая трапезная. Тут таксама са сцен тырчэлі аленевыя і ласіныя рогі, але абпіленыя на канцы, ператвораныя ў падсвечнікі. Вялізны доўгі стол, пакрыты залататканым абрусам, займаў амаль усю трапезную. У сцяне насупраць стала была зроблена агромністая ніша, выкладзеная шэрым палявым каменнем. У гэтай нішы, асабліва зімовымі і восеньскімі вечарамі, заўсёды гарэў агонь. Для яго ў цераме яшчэ з вясны назапашваліся дровы. І больш за ўсё шанавалі тут асінавыя дровы, бо яны гараць роўным белым полымем, не дымяць, не даюць сажы.