Меч князя Вячкі
Шрифт:
— Многая лета табе, князь-бацюхна. І зноў нізка пакланілася.
— Глядзі князёўну, старая, — нястрога сказаў ёй Вячка. Ён не сумняваўся ў тым, што карміцелька, якая калісьці і яго гушкала і няньчыла, хутчэй памрэ, чым дапусціць, каб Соф'ю хоць на малюсенькую макулінку нехта пакрыўдзіў. Паслухмяная верная рабыня. Дзень і ноч моліцца за князя Хрысту, не забываючы, аднак, пра Перуна і Дажджбога.
Вячка стаяў пасярэдзіне апачывальні, глыбока задумаўшыся. Старая Тадора, папраўляючы падушку пад галавой Соф'і, краем вока пазірала на яго.
Ён быў высокі, дзесяць вяршкоў росту, гнуткі ў поясе, светла-русы, з кароткай барадой, якая злёгку кучаравілася. Касці быў не шырокай, але моцнай, пругкай, створанай для цяжкага мяча і паходнага сядла. Быў апрануты ў прасторную зялёную кашулю з адамашку.
— Не трывожся, князь, — яшчэ раз пакланіўшыся, сказала карміцелька. — Зеллем і малітвамі выганім хваробу з тваёй дачкі. А ты ідзі, ідзі ў сваю святліцу беладубовую.
Але тут прачнулася, заплакала князёўна Соф'я. Карміцелька ўзяла яе на рукі, прытуліла да сябе, пачала ціха напяваць песню, якая гучала і гучыць у чорных хатах смердаў над ракой Палатой, над Дзвіной і Друццю:
Люлі-люлі, баю-бай, Засні, мая зорка. Калі ж дзетка не засне, Буду плакаць горка. Люлі-люлі, трэба спаць. Засынайце, вочкі. Будуць дзетку калыхаць Рэчкі-ручаёчкі. Люлі-люлі, трэба спаць. Вее вецер золкі. Будуць дзетку калыхаць Матылькі і пчолкі.Князёўна сцішылася, але неўзабаве зноў заплакала.
— Карміцелька, пакліч зялейніцу Домну, — загадаў Вячка.
Старая Тадора хуценька выйшла з апачывальні, паклаўшы Соф'ю ў калыску. Князь нахіліўся над дачкою, доўга і ўважліва глядзеў у змучаны хваробай тварык. Цёмныя пушыстыя вейкі малой слаба ўздрыгвалі, трапяталіся. Як падобна яна была на сваю маці, княгіню-нябожчыцу Звеніславу! Тыя ж вочы, блакітныя і гордыя, той жа нос з лёгкай гарбінкай, толькі зусім маленькі — яшчэ не вырас. Звеніслава, нарадзіўшы Соф'ю, праз тры дні памерла ад гарачкі. Усіх ведуноў-шаптуноў сабраў Вячка з Кукейноскага княства, з Полацка былі, нават вучоны рамей быў з Царграда. Нічога не памагло, патухла маладая княгіня, як свечка. Зялейніца Домна перад самай смерцю давала ёй піць траянку — грэтае віно, змешанае з чырвонай глінай, мёдам і каровіным маслам. Не памагло. Паклалі княгіню Звеніславу ў дубовай корсце-труне на шкут пад чорным ветразем, павезлі па Дзвіне ў Полацк, у Бельчыцы, там пахавалі.
Дачка глядзела на бацьку знізу ўверх напружанымі, туманнымі ад хваробы вачамі.
— Хочаш, як і ўчора, пачытаю табе «Александрыю»? — ціха запытаў Вячка.
— Чытай, — адказала Соф'я.
Вячка ўзяў са стала жоўта-карычневы пергамен. Прамыя прыгожыя літары, старанна выведзеныя ўставам, былі як жывыя. Цяжкія старонкі пахлі мятай, на якой настойваўся кінавар. Вячка пачаў чытаць, павольна вымаўляючы кожнае слова:
— І паслаў Дарый Аляксандру са сваімі пасламі грамату, мячык, бізун і скрынку з золатам. І было ў той царскай грамаце напісана: «Я, Дарый, цар царам, радня багам і сам бог, ззяю разам з сонцам, загадваю табе, Аляксандр, рабу свайму, вяртацца да сваіх родзічаў ва ўлонне маці сваёй Алімпіяды, так як табе належыць яшчэ вучыцца і ссаць матчыну цыцку, і таму пасылаю табе мячык, палку і каўпак блазна. Выбірай, што хочаш. Мячык азначае, што табе трэба яшчэ гуляць з равеснікамі, палка — што ты павінен яшчэ вучыцца, а каўпак блазна пасылаю табе затым, каб ты забаўляў падобных табе разбойнікаў, калі яны вернуцца на айчыну. А не падпарадкуешся мне, то загадаю сваім воінам узяць цябе і распяць».
— Што зрабілі з Аляксандрам? — раптам запыталася дачка.
— Ён перамог Дарыя і заваяваў паўсвета.
— А што зрабілі з Дарыем?
— Яго забілі. Забілі ўласныя слугі.
— Шкада Дарыя, — горка ўздыхнула Соф'я. — Скажы цябе могуць забіць твае слугі?
Вячка
— Дрэнны той князь, на якога ўздымаюць дзясніцу ягоныя ж халопы. Слуг трэба трымаць у паслушэнстве, Соф'ечка.
— Ты добры, — сказала дачка. — І мне з табой добра. Мы будзем з табой сябраваць. Не бяры ў жонкі Дабранегу.
Малады князь уздрыгнуў, уважліва паглядзеў на дачку. Адкуль яна ведае пра Дабранегу? Недзіцячыя думкі ў яе, недзіцячыя словы.
— Княства не можа быць без княгіні,— нарэшце парушыў маўчанне ён. — Дзе ты бачыла пчаліны рой без маткі? Баяры патрабуюць, каб я жаніўся. Дабранега будзе добрай гаспадыняй Кукейноса. Яна з менскіх Глебавічаў, а яны зараз у сіле, у пашане. Вялікі князь полацкі Уладзімір Валадаравіч таксама з іхняга роду.
— Князь Уладзімір не любіць цябе.
— Ніколі і нікому не кажы такіх слоў, дачка. Чуеш? Ніколі і нікому.
— Навошта ж ён зрабіў чарняцом 8 твайго брата, князя Васільку?
У гэты час у апачывальню ўвайшла зялейніца Домна, нізка пакланілася князю, са срэбнай карчажкі пачала паіць князёўну сваім зеллем, шаптаць святыя замовы. Старая латгалка была апранута ў доўгую туніка-падобную кашулю з вышыўкай вакол шыі, у клятчастую спадніцу, у скураныя лапці. На грудзях у яе была вялікая прыгожая брошка-сакта, на галаве — ільняная шапачка.
Значыць, дачка не хоча мець мачаху. Што ж, ён разумеў яе, вельмі добра разумеў. Ён сам зведаў холад сірочага жыцця, калі на месцы роднай маці, на месцы сонца, якое павінна саграваць дзіцячую душу, была чужая, незразумелая жорсткая жанчына, як ледзяная зорка ў марозным зімовым небе. Ён ніколі не бачыў усмешкі на прыгожым твары сваёй мачахі Святохны, дачкі князя Баляслава Паморскага. Яна, вядома, усміхалася. Усміхалася свайму мужу, бацьку Вячкі, князю Барысу Давыдавічу, усміхалася полацкім баярам і купцам, якім хацела спадабацца, усміхалася, хоць і вельмі рэдка, сваім слугам і служанкам. А вось Вячку і яго старэйшага брата Васільку яна проста не заўважала. Яны былі для яе горш, чым тыя сабачкі, якіх дужа шмат гаўкала ў княжацкім цераме ў Бельчыцах. Яна чамусьці вельмі любіла сабак. Завязвала ім ружовыя і блакітныя банцікі на шыях і хвосціках, сама варыла для іх адмысловыя стравы. Лацінянка, яна прыняла праваслаўную веру, каб супакоіць мужоў-вечнікаў, але ў душы смяялася над сваім новым богам, шануючы толькі аднаго бога, рымскага. Вячка, якому было гадоў сем, хацеў аднойчы прылашчыцца да яе, але яна строга зірнула чорнымі лёдзістымі вачамі, суха спыталася: «Што табе трэба, ваўчаня?» Гэтым халодным раўнадушным пытаннем яна нібы ўбрала, адсунула яго са сваёй дарогі, як непатрэбную рэч. Калі полацкае веча ўдарыла ў Вялікае Біла, калі чорны пасадскі люд уварваўся ў княжацкія пакоі, яна моўчкі сустрэла смерць, толькі адно крыкнула адчайна-страсна: «Сына, сына майго Уладзіміра пашкадуйце!» Але і сына забілі разам з ёю і шпурнулі яго маленькі трупік ёй на грудзі.
8
Чарнец — манах.
Вячка, начапіўшы на пояс меч, накінуўшы на плечы барвовае карзно, выйшаў з апачывальні. Пры яго з'яўленні малады рында-целаахоўнік Няздзіл, які нёс варту ля дзвярэй апачывальні, стукнуў аб падлогу дрэўкам кап'я, выдыхнуў прывітанне, баявы кліч палачан:
— Рубон!
— Рубон, — ціха адказаў Вячка. — Што чутно, Няздзіл?
— Усё добра, княжа, — аблізнуў пунсовыя, як у дзяўчыны, вусны Няздзіл. — У падзямеллі церама, у каменным мяшку, сядзяць два рыжскія лазутчыкі. Іх завёў туды латгал Сцегіс.
— З Рыгі? — перапытаў Вячка. — Чаго ішлі да нас?
— Невядома, княжа. Старшы вой Халадок будзе весці допыт агнём і жалезам.
— Што ж, хай пакаштуюць агню тэўтоны, — пасля некаторага роздуму сказаў Вячка. — Самі звілі вяроўку свайго жыцця.
— Там адзін нашай веры. Мураль Браціла з Кукейноса.
— Браціла? — здзівіўся Вячка. — Трапіў нарэшце пярэварацень у пастку. Гэтага асабліва строга дапытваць, агню не шкадаваць.
Няздзіл схіліў галаву ў знак згоды, і водбліск ад паходні, што гарэла непадалёку, уваткнутая ў доўгі тураў рог, успыхнуў на місюрцы — жалезным шлеме з кальчужнай сеткай.