Меч князя Вячкі
Шрифт:
— Ад прышлых тэўтонаў усе нашы няўдобіцы, — сказаў Вячка.
Ярка гарэлі вітыя свечкі ў срэбных падсвечніках. Воск са слабым трэскам сплываў па свечках. У князя Усевалада быў добры ружовы твар.
— Што ж будзем рабіць, князь Вячаслаў? — спытаўся ён. — Мы з табой васалы. А васал, калі моцна прыпячэ, можа знайсці сабе новага гаспадара.
— Не тое кажаш, князь Усевалад, — успыхнуў Вячка. — Мы Полацку служым, а не Уладзіміру Валадаравічу. Сваёй зямлі служым. Яна не даруе нам слабасці, хітрасці, крывадушша. Я на мяжы сяджу, я сваёю шкураю адчуваю тэўтонскі агонь.
— Што ж рабіць? —
— Меч на меч, косць на косць трэба ісці.
— Дружына ў мяне слабая. Жалеза і хлеба ў мяне мала, — паскардзіўся Усевалад. Патрэскваючы, пускаючы сіненькі дымок, паміралі свечкі.
— У літоўскіх лясах думаеш адсядзецца? — адсунуў ад сябе карчагу Вячка.
Але Усевалад не пакрыўдзіўся. Ён быў чалавек памяркоўны, асцярожны, жыццё на літоўскім парубежжы навучыла яго разважлівасці і цярплівасці. Слова ў яго ішло наперадзе мяча. Ён быў старэй за Вячку на пятнаццаць сонцаваротаў і ў душы злёгку пасмейваўся над шчанячай гарачлівасцю маладога князя.
— Я ў Полацк іду, — не дачакаўшыся адказу ад Усевалада, страсна загаварыў Вячка. — Да князя Уладзіміра іду. У новы паход супроць тэўтонаў трэба ўзнімацца. Пра паход з вялікім князем буду размову весці. Рыхтуйся і ты, князь Усевалад. Усе ведаюць мужнасць тваіх вояў, сілу тваіх харалугаў 16 . Калі ж не пойдзеш на Рыгу — загінеш. Спачатку Кукейнос растопчуць тэўтоны, а потым і да Герцыке іхнія коні дабягуць. Рыхтуйся, князь. І цесця свайго Даўгерута кліч з усёю Літвою.
16
Харалуга — меч.
Усевалад зноў, як мудры ліс, увільнуў ад адказу. Замест гэтага сказаў княгіні Юрзе:
— Княгінечка, загадай, каб прыйшлі сюды гудошнікі, дудары і гусляры. Хай граннем сваім нас пацешаць.
Увайшлі музыкі, селі на лавах, абабітых звярынымі шкурамі. Стары сівагаловы гудошнік лёгка ўскінуў да пляча свой трохструнны гудок, ударыў па струнах смыком. Смык быў зроблены з галінкі вербалозу і конскага воласу, нацёртага смалой-жывіцай. Пранізлівы голас падхапілі дудка і гуслі, падхапілі мякка, але зладжана і надзейна — так шырокая рака прымае ў свае абдымкі гарэзу ручаёк.
І нібы поле ўбачылася Вячку. Нібы вецер паляцеў з таго бязмежнага туманнага поля. І такая шыр, такая прастора былі наўкол. Маленькія вочкі азёр трывожна ззялі на далёкім небасхіле. Дзікія гусі крычалі пад хмарамі. Касцёр, шумлівы, іскрыста-залаты, падміргваў са змроку. І нечая постаць бачылася ля кастра… Жанчына… Маці… У яе бледны заплаканы твар і тонкія крылатыя бровы… Навошта ты так рана памерла, мама?
— Хачу я цябе, князь Вячаслаў, да кунігаса Даўгерута запрасіць, — сказаў як бы між іншым Усевалад. Пры гэтых словах княгіня Юрга ўскочыла са свайго месца, весела запляскала ў ладкі:
— Да татулі едзем! Да татулечкі! І пацалавала Усевалада ў шчаку.
Назаўтра на пяці шкутах пераправіліся на паўднёвы бераг Дзвіны і нібы ў пельку праваліліся, згубіліся ў бясконцасці суровых дрымучых лясоў. У Герцыке застаўся Халадок, якога пачаў лячыць ад апёкаў мясцовы зялейнік, і латгальскія лучнікі. Латгалаў князь
Княгіня Юрга, як і ўсе, ехала на баявым войскім кані. На светлых валасах прыгожа сядзеў маленькі пазалочаны шлем з доўгім пяром шэрай чаплі. Княгіня смяялася, жартавала, твар свяціўся шчасцем.
У Даўгерута не было пастаяннага горада або замка, у якіх бы ён сядзеў з дружынаю. Няўтомны кунігас, як хутканогі алень, бегаў па бязмежных пушчах і балотах — сёння быў тут, заўтра там. Толькі сляды ад паходных кастроў пакідаў за сабою.
Але князь Усевалад, мяркуючы па ўсім, добра ведаў сцежкі свайго неспакойнага цесця, бо ўжо на трэці дзень, быццам прывіды, выскачылі з лесу на калматых моцных конях аўкштайты, узялі, як яны гэта звычайна робяць, у кола вояў Усевалада і Вячкі. Цэлячыся з лукаў, размахваючы мачугамі і баявымі сякерамі, яны насіліся на конях узад-уперад, усё тужэй сціскалі кола, і справа б скончылася вялікай крывёю, калі б літоўцы не пазналі княгіню Юргу, сваю Юргу.
Даўгерут, з цяжкай стальной сякерай у руцэ, з капой светлых, як у дачкі, валасоў, быў сумны. Дні чатыры назад каля Гольма тэўтонскія арбалетчыкі падстрэлілі яго вернага ваяводу, і ваявода паміраў, захлынаючыся ўласнай крывёю, якая цякла і цякла з горла.
Са святліцы, у якой канаў ваявода, вынеслі ўсё насенне — жыта, гарох, бо насенне, пабыўшы побач з нябожчыкам, загіне, ніколі больш не ўзыдзе. Ваявода паміраў, і ніхто ў цэлым свеце, нават сам Пяркунас і Крыва-Крывейта 17 , не мог зрабіць так, каб зноў запалала сонца ягонага жыцця.
17
Крыва-Крывейта — легендарны літоўскі першасвяшчэннік.
Пасля смерці цела ваяводы вымылі ў лазні, апранулі ў белую доўгую кашулю, пасадзілі на высокае драўлянае крэсла. Кунігас Даўгерут з кубкам піва ў руках, усхваляваны, сумны, звярнуўся да нябожчыка:
— П'ю за цябе, незабыўны сябра. Помніш, як добра мы білі тэўтонаў, як хадзілі на эстаў? Помніш, як па некалькі начэй не злазілі з сядла, як спалі на снезе і пад дажджом? Помніш, як ты засланіў мяне ад стралы? Ты — шчаслівы. Пра цябе будуць спяваць нашчадкам галасістыя вайдэлоты 18 .
18
Вайдэлоты — літоўскія жрацы.
Мёртвы ваявода сядзеў на крэсле і, здавалася, вельмі ўважліва слухаў словы свайго сябра. Голас у кунігаса зазванчэў:
— Навошта ты нас усіх пакінуў? У цябе ж была добрая жонка, дзеці, добрыя сябры. У цябе было шмат жывёлы, адзення. Кланяйся на тым свеце свайму і майму дзеду, свайму і майму бацьку, нашым воям, якія палеглі ў сечах. Жыві з імі ў згодзе.
Нябожчыка перапаясалі баявой сякерай, на шыю завязалі ручнік, у які кінулі некалькі манет. У магілу паклалі хлеб з соллю і піва, каб ваявода пасля жорсткіх бітваў на нябесных дарогах (у небе ж таксама бываюць бітвы!) мог падсілкавацца харчамі з роднай зялёнай Літвы.