Меч князя Вячкі
Шрифт:
Мірошка, стаіўшыся на палатках, не мог заснуць. Даўно заснулі бацькі; пахныкаўшы, як звычайна, заснулі брацік Дамажыр і сястрычка Тэкля, а ён, лежачы ў цішыні, зноў і зноў успамінаў твар старога нябожчыка, калі яны з Якавам убачылі яго. Зялёная муха, што паўзла па шчацэ старога, неадчэпна мільгацела ўваччу, і, як ён ні заплюшчваў вочы, як ні варочаўся з боку на бок, не было ад яе паратунку. «Няўжо я таксама памру? — думаў Мірошка. — Няўжо і мяне засыплюць некалі зямлёй? Як жа гэта? Я ж так люблю маці з бацькам, і Дамажыра, і Тэклю. І стрыя Якава люблю. Я люблю слухаць, як булькочуць Свіслач з Бярэзінай, як лес шуміць увесну і ўвосень. Люблю на дождж глядзець. Калі дзятлоў вельмі чуваць, будзе дождж. Сыч крычыць па начах на дождж. Я ўсё гэта
З вялікім трапятаннем у душы, з вострым страхам і такой жа вострай цікаўнасцю ён звяртаўся ў думках да таго, хто трымае ў сваіх руках усё жывое, хто дае і адбірае жыццё, каму моліцца маці. «Зрабі, каб мы ўсе жылі і ніколі не паміралі,— прасіў ён. — Зрабі, каб прадзедава душа, якую я сёння пакалечыў, не са злосці пакалечыў, не пракляла мяне. Калі ты ўсё можаш, завядзі дзікую віру ў дрыгву, у пясок-плывун, каб яна не знайшла дарогі ў Гарэлую Весь».
Мірошка пачаў ужо засынаць, ужо думкі рваліся, блыталіся ў галаве, як павуцінне пад ветрам-свежаком. Але раптам крокі пачуліся спанадворку, лёгкія, хуткія. «Гэта Якаў вяртаецца з лесу, ідзе адтуль, дзе аддавалі рацэ нябожчыка», — адразу ж усхапіўся Мірошка. Ён таропка, але бясшумна спусціўся з палаткаў, адкінуў дубовую завалу на дзвярах, выйшаў пад начное неба. Перуноў Шлях 24 ззяў над Гарэлаю Вессю. Абложна, з усіх бакоў, шумеў лес. На балоце чуўся чэкат дзікіх качак.
24
Перуноў Шлях — Млечны Шлях.
— Стрый, — ціха паклікаў Мірошка, — Якаў!
І раптам яму зрабілася так страшна, аж мароз па скуры пайшоў, аж падалося, валасы ўзвіліся дыбком і пачалі тоненька патрэскваць на галаве. Ён зразумеў, што гэта не Якаў, што Якаў яшчэ на рацэ, а ў трох-чатырох сажнях ад яго чарнеюцца нейкія чужыя, маўклівыя людзі, быццам прывіды, што ўсталі з пракаветных здзірванелых курганоў. Мірошка хацеў ускрыкнуць, хацеў ірвануцца назад у хату, але неадольная млявасць прыляпіла ногі да зямлі.
— Бяры малога, — ледзь чутна прагучаў старэчы голас, і Мірошку накінулі на галаву нешта мяккае, халоднае, шчыльнае (напэўна, мяшок), ускінулі на плячо і панеслі, як воўк носіць авечку. Усё гэта адбылося хутка-хутка, як воласу перагарэць.
— Прынясем трэбу 25 дзікай віры, і яна пашкадуе весь, — данёсся да Мірошкі ўсё той жа голас.
Дык вось што хочуць з ім зрабіць? Яго ж, пэўна, зацягнуць у гушчар, да ляснога бога, там заб'юць і ягонай крывёю змажуць сухія вусны драўлянаму лясному богу. Дзе ж сапраўдны бог, нябесны бог, чаму ён не дапамагае?
— Хутчэй, хутчэй, — падганяў таго, хто нёс Мірошку, усё той жа агідны голас.
Мірошка праз мяшок з усім адчаем, з усёй злосцю ўпіўся зубамі ў чужое ненавіснае плячо, крутнуўся ўсім целам. Сіла, якую выгнаў з цела страх, зноў вярнулася.
25
Трэба— ахвяра.
Незнаёмец войкнуў ад болю, Мірошка з мяшком на галаве плёхнуўся на зямлю. Ён імгненна ўскочыў на ногі, садраў мяшок, закрычаў на ўсе грудзі, прарэзліва, адчайна:
— Мама! Якаў!
І рынуўся ў цемру, на нейкі міг апярэдзіўшы злыя страшныя рукі, якія гатовы былі зноў схапіць яго.
— Трымай малога! — закрычаў стары, і Мірошку падалося, што гэта голас Гняздзілы.
Але хіба можна было ўтрымаць Мірошку! Як на крылах імчаў ён да матчынай хаты, страла з лука не змагла б дагнаць яго. Ён дабег, даляцеў да хаты, бухнуўся ў нізкія дзверы і на парозе сутыкнуўся з маці.
— Мама! — толькі й крыкнуў Мірошка, і зямля паплыла з-пад ног, перакуліўся, пачарнеў срэбны Перуноў Шлях і патух, быццам не было яго на небе.
Доўга хварэў Мірошка. Чорная
— Сынок, — шчасліва заплакала маці,— мы ж ужо думалі, што ты грабніцай пахнеш, памрэш. Жыві, сынок, і моцна пацалавала Мірошку.
За час, калі хварэў Мірошка, у Гарэлую Весь прыязджаў княжацкі вірнік са сваім памочнікам. Яны прыпыніліся на пастой у бортніка Чырвона. І заплаціла весь дзікую віру, бо, як гаворыцца ва ўставах князёў свіслацкіх, «у іхняй зямлі, у іхняй верві 26 галава ляжала». Акрамя таго, заплацілі смерды за чырвоную рану трыццаць грыўняў і за сінюю рану пятнаццаць грыўняў. Акрамя таго, дала весь вірніку і памочніку ягонаму корм на сядміцу 27 : сем вёдзер соладу, сыр, хлеба колькі могуць з'есці, курэй па дзве на дзень, аўса для чатырох коней, і рыбы мноства вялікае, і мёд. Чухалі патыліцы смерды.
26
Верв — абшчына.
27
Сядміца — тыдзень.
Ужо зіма гула над пушчай, калі ачуняў Мірошка. Мароз-ядрэц камяніў зямлю. Снег заваліў усе дарогі, усе самыя вузенькія сцяжынкі. Дрэнна было звярам вялікім і малым — зямля ўжо не хавала іхнія сляды. Мядзведзі, патлусцеўшы за лета, клаліся спаць. Ваўкі бегалі гайнёю, і лютыя галодныя ваўчыцы былі ў іх за павадыроў.
Маці сядзела за прасніцай каля маленькага, закаванага празрыстым лёдам акна і спявала:
А на тым двары ды стаяць горы, Ды стаяць горы высокія; А на тых гарах ды ляжаць брусы, Ды ляжаць брусы цясовыя; А на тых брусах ды стаяць стаўбы, Ды стаяць стаўбы маляваныя; А на тых стаўбах ды вісяць катлы, Ды вісяць катлы адліваныя; А пад катламі ды гараць агні, Ды гараць агні ясненькія, Ды ідуць дымы сіненькія, Там сядзяць дзядкі старэнькія.Мірошку дужа цікава было ведаць, дзе знаходзіцца гэткі двор, дзе можна ўбачыць гэтыя горы, брусы, стаўбы і катлы. Але маці толькі сказала:
— Так мая бабка пяяла.
Прыйшоў Якаў, весела ўсміхнуўся Мірошку, скінуў з пляча на падлогу маладую забітую казулю. У казулі былі прыгожыя масляніста-цёмныя вочы.
— На Звонкім беразе падстрэліў,— пахваліўся Якаў.— Гайда, Мірошка, нешта пакажу.
Мірошка апрануў тоўстую карычневую світку, поршні з цёплымі анучамі на ногі, шапку-аблавушку з воўчай футры.
Зіма разбяліла Гарэлую Весь. Усё было заслана снегам, ды якім — пушыстым, мяккім, бязважкім! Снег, калі прыгледзецца, быў сатканы з маленькіх прыгожых белых зорачак. Мірошка браў гэтыя зорачкі на далонь, і на цёплай далоні яны пакрысе пачыналі плаваць, як плавае свіны тлушч на разагрэтай патэльні, а потым знікалі — толькі бліскучая кропелька вады заставалася ад іх.
— Я табе канёк зрабіў,— сказаў Якаў.— Добры канёк, касцяны. З бычынай косці вытачыў. На Свіслачы будзем катацца, там ужо лёд пластом ляжыць.