Меч князя Вячкі
Шрифт:
Надышлі доўгачаканыя каляды. Ад каляд сонца паварочвае на лета, а за доўгую зіму голад па сонцу грызе чалавечую душу.
Калядныя святы пачаліся куццёю. Старанна мыліся ў лазні, пасля захаду сонца селі за стол, які стаяў у куце трапезнай. На голыя дошкі паслалі сена, закрылі сена белым абрусам, на абрус паставілі куццю з грэчкі і ячменю і мядовую сыту.
Князь Рагвалод радасным вокам глянуў на сваю княгіню, на дачку, на ўсіх дамачадцаў, даў усім куццю з сытою, павіншаваў жывых з божым святам, успомніў нябожчыкаў, з вялізнай драўлянай лыжкі сыпнуў куццю ў кут — пачаставаў снежнавалосага Зюзю, бога маразоў. Усе загукалі: «Дзяды,
Дабранега, накінуўшы на плечы кажушок, выбегла на цёмны двор, палахліва азіраючыся, паставіла гліняную міску з куццёю ля глухой сцяны церама. Зоркі глядзелі з неба, як нечыя сумныя вочы. Раптам хруст снегу пачуўся ўдалечыні. Аж горача зрабілася. Гэта дзяды ідуць з краіны мёртвых куццю есці. Дзед Судзіслаў, якога ўгры 37 забілі, дзед Васілёк, што ўтапіўся ў Бярэзіне. Усё бліжэй і бліжэй снежны хруст… Ужо быццам лёгкія крокі чутны… Дабранега стрымгалоў ірванулася ў церам, на дубовы засоў зачыніла дзверы.
37
Угры — венгры.
Князь Рагвалод запусціў руку пад абрус, выцягнуў з-пад яго пучок сена, уважліва разглядаў, круціў у пальцах кожную сяннінку, задаволена сказаў:
— Добры лён зародзіць.
А потым шумнай гурбою вываліліся на двор, пільнымі вачамі ўзіраліся ў наваколле. Шмат сцежак пратоптана на двары — багатая грэчка вырасце. Шмат зорак у небе — добра жывёла расплодзіцца. Густая шэрань на галінках лягла — ад яблыкаў, ад ігруш дрэвы да самай зямлі прыгнуцца.
Дабранега з чалядзінкаю Кулінай, бо адной было боязна, забегла за церам, прыслухоўвалася — з якога боку сабакі брэшуць. Але сабакі чамусьці маўчалі, пэўна, спалі, і нельга было даведацца, адкуль жаніх прыедзе. Тады дзяўчаты, хаваючыся ад чужога вока, прыгінаючыся, пачалі бегаць пад вокнамі чорных курных хат, у якіх жыла чэлядзь надворная. Вострае вуха і чуйнае сэрца патрэбны ў такой справе. Кожная дзяўчына радуецца, калі пачуе, што ў хаце кажуць позняму госцю: «Ну ідзі, ідзі, браце, досыць сядзець». Значыць, і яна не заседзіцца, выйдзе неўзабаве замуж. Адчайваецца дзяўчына, калі чуе, што госця ўпрошваюць яшчэ пасядзець. І зусім жудасна, калі гавораць у хаце пра дошкі, свечкі і папа — смерць, як ні круціся, падкосіць.
Але ў гэты вечар нічога не пачулі Дабранега з Кулінаю. Вецер свістаў, лес шумеў, сэрцы ад хвалявання моцна тахкалі.
Сумная вярталася Дабранега ў церам. Ішла паволі, у глыбокім одуме, нават забылася, што трэба дзядоў баяцца. Ды хто сказаў, што трэба баяцца дзядоў? Дзед Судзіслаў, як памятае Дабранега, такі добры, такі ласкавы быў з ёй, унучкаю. Аднойчы зайчыка ў лесе злавіў, прынёс у паходным шаломе.
— Ідзі спаць, — строга сказала Дабранега Куліне.
Чалядзіна пакланілася князёўне, бясшумна знікла. Гэтае смердава племя жыве непрыкметна і бясшумна, як мышы, як ніцая трава пры дарозе. «Няўжо яна гэтаксама, як я, можа кахаць, чакаць, хвалявацца?» — падумала пра Куліну Дабранега.
Раптам у цемры забрахаў сабака. Колькі іх брэша заўсёды! Цэлая гайня сабак носіцца па сядзібе. Але ж сёння быў асаблівы дзень, асаблівая ноч, зараз гэты брэх быў святым знакам, сігналам — рыхтуйся, дзявочая душа, наступае твой запаветны міг.
Дабранега напачатку падумала, што ёй падалося. Але зноў азваўся сабака. Брахаў, мяркуючы па тонкім вісклявым голасе, зусім маленькі сабачка, шчанюк.
Дабранега адчула, як усё цела, ад кончыкаў пальцаў ног да вачэй і вушэй, затапляе трывожная і
Цішыня павісла над Княжым сяльцом, над усім светам. Здавалася, зверху, з неба, чулася трымценне зорак. Палахлівая мыш востранькімі зубамі асцярожна, як спрабуючы, тачыла дрэва. Цішыня была глыбокая, як калодзеж, як дзявочы сум.
Няўжо не было ніякага сабачкі? Няўжо зноў цэлы сонцаварот чакаць, таемна плакаць? Няўжо не будзе белага вэлюму, а будзе чорны клабук 38 манашкі?
Тупат пачуўся з цемры. Зафыркалі коні. Зазвінелі цуглі. Нехта сказаў ціха і радасна, з палёгкаю:
38
Клабук — галаўны ўбор манахаў.
— Прыехалі.
У Дабранегі як бы хто падрэзаў ногі. Яна ўпала ў снег і страціла прытомнасць.
Ачуняла ў сваёй святліцы. Заплаканая маці-княгіня націрала ёй скроні нейкім смуродлівым пякучым зеллем. Князь Рагвалод у разгубленасці стаяў каля ложка. Перапалоханыя чалядніцы бязладным роем снавалі ўзад-уперад: прыносілі цёплую ваду, прымочкі, прыпаркі. Адна з іх трымалася за чырвоную шчаку, пэўна, маці-княгіня адвяла на ёй душу, а рука ў княгіні цяжкая.
— Дзе ён? — адразу ж запыталася Дабранега.
— Хто? — не здагадалася, чамусьці спалохалася маці. Яна, калі палохаецца, робіцца надзіва непрыгожай.
— Ён… — знясілена прашаптала Дабранега, і князь Рагвалод зразумеў дачку.
— Гукніце кукейноскіх вояў,— загадаў князь чалядніцам.
Увайшлі воі. Адзін высокі, сінявокі, з чэрмнымі валасамі, другі ніжэйшы, бялявы. Ужо не было на іх паходнага даспеху, твары былі свежыя, вымытыя, але ўсё роўна пахла ад іх снегам, дымам, дарогай.
— Як клічуць вас, воі? — прыўзняўшыся на локаць, запыталася Дабранега.
— Я — Халадок, — весела адказаў чэрмнавалосы. — Ён — Грыкша. Занядужала, князёўна? Ад нашага гаспадара, ад князя Вячкі Барысавіча, што трымае сталец у Кукейносе на дзвінскім парубежжы, паклон табе, князёўна Дабранега, паклон тваім бацькам-князям. Слава князёў свіслацкіх дакацілася да Кукейноса. Меч моцны плячом, а плячо ў князёў свіслацкіх, як мы чулі і ведаем, заўсёды было моцнае. За зямлю полацкую, за веру дзядоў нашых непарушна стаяць яны на паўдзённых межах, як мы, людзі Кукейноса, стаім на захадзе.
Пры гэтых словах князь Рагвалод Свіслацкі паружавеў ад задавальнення, заўсміхаўся, раздзьмуў сівыя вусы. Любіў ён сечу, любіў хмельны мёд, а яшчэ любіў слова мяккае, ліслівае.
— Бяросту мы прывезлі ад князя Вячкі,— гаварыў далей Халадок, і вочы былі вясёлыя, бліскучыя. — Нізка кланяецца ён тваім бацькам, — тут воі пакланіліся ў пояс, — і просіць іх, каб дазволілі яму злюб 39 з табою ўзяць, князёўна. Калі будзе тваіх бацькоў і твая згода, то наш князь на вадохрышча 40 сватоў прышле. Сам ён зараз у Полацку, з вялікім князем Уладзімірам перамовы вядзе.
39
Злюб — шлюб.
40
Вадохрышча — царкоўнае свята.