Меч князя Вячкі
Шрифт:
Маркотна шумела пушча. Дрэвы жылі прадчуваннем недалёкай вясны, і хоць замест бурлівага соку ў жылах дрэў быў яшчэ халодны лёд, і хоць карані іхнія драмалі ў мёрзлай зямлі, як спруцянелыя чорныя вужакі, нешта змянілася ў дрэвах, і Мірошка адразу ж прыкмеціў гэту перамену. Голас у дрэў зрабіўся мякчэйшы, весялейшы. Дрэвы глядзелі са сваёй недасяжнай вышыні на Мірошку і быццам пазнавалі яго, быццам усміхаліся яму.
«Эге-ге-гей, Мірошка, — чулася хлопчыку ў лясным гудзе, — ты яшчэ малы, зусім малы. Паглядзі, якія мы вялікія, тоўстыя, моцныя, як абраслі мы зялёным мохам, нібы воі Рагвалода Свіслацкага бародамі. Мы стаім сцяной. Мы нікога не прапусцім у пракаветны лясны гушчар — ногі перапляцем
— Мірошка, — усклікнула маці.— Ты што — заснуў?
Яна трасянула сына за плячо. Мірошка борздзенька ўсхапіўся на ногі.
— Пойдзем, мамка, дадому, — папрасіўся Мірошка, бо яму чамусьці зрабілася дужа самотна, захацелася хутчэй пабачыць стрыя і Дамажыра з Тэкляй. Ён пацягнуў парожнія саначкі і ўсё глядзеў на агромністыя дрэвы, што сягалі ў нябесную бездань. «Хто гэта мне шаптаў? Чый голас я чуў? — пакутліва думаў ён. — Ці чула гэты голас маці?» Але ў маці не адважыўся папытацца — адразу прымусіць, як прыйдуць дадому, стаць на калені перад хатнім пранізлівавокім богам і маліцца.
— Дымам пахне, — раптам сказала маці і спынілася. Спыніўся і Мірошка з саначкамі.
Яны ўжо амаль дайшлі да Гарэлай Весі, трэба было толькі ўзняцца на парослы маладым хвойнікам узлобак.
— Не наш дым, — асцярожна ўцягнула паветра ў нос, прынюхалася маці. Мірошка здзівіўся: як гэта яна можа адрозніць, наш дым ці не? Дым заўсёды аднолькавы. Але маці, пабляднеўшы, звузіўшы вочы, ступіла колькі крокаў уперад і цяжка села проста ў снег.
— Авохці, Мірошка, — раптам сарвала з галавы цяжкую шэратканую хустку маці,— няма нашай весі.
Мірошка, уздрыгнуўшы, здзіўлена зірнуў на маці. Што яна кажа? Як гэта — няма? Весь — не лісцік з бярозы, не паляціць у неба.
Ён, не кідаючы саначак, жвава ўзбег, ускочыў на ўзлобак і анямеў. Не хаты суседзяў-абшчыннікаў убачыў ён, а вогнішчы. Замест хаты — вогнішча. І так скрозь па ўсёй Гарэлай Весі. Слупы агню і дыму стаялі на месцы хат. Ён зірнуў туды, дзе заўсёды была, дзе павінна была быць іхняя хата, і ўбачыў вострыя чырвоныя касмылі агню. Ён роспачна павярнуўся да маці:
— Мама, што гэта?
Маці не адказвала. Яна як скамянела. Бліскучыя, белыя вочы глядзелі паўз Мірошку, праз Мірошку, не бачачы яго.
— Дамажыр… Тэклечка… — шаптала маці.
Мірошка заплакаў. Але маці не ўбачыла — не ўбачыла! — ягоных слёз. Гэта было ўпершыню. Заўсёды яна, ледзь чмыхне сын, ледзь пусціць слязу, — прыбяжыць, прытуліць, прылашчыць…
— Дамажыр! Тэкля! Дзеткі мае залатыя! — закрычала маці і пабегла, правальваючыся ў снег, да Гарэлай Весі.
— Мамачка, — яшчэ галасней заплакаў Мірошка і не ведаў — бегчы за ёю ці не, кідаць саначкі ці не.
Гарэлай Весі не было. Яна зноў згарэла, згарэла ўшчэнт. Кароў і авечак, якіх не маглі пагнаць з сабой, воі друцкага князя зарэзалі, а мяса кінулі сваім сабакам. Згаладалыя сабакі, аб'еўшыся, ап'янеўшы ад гарачай крыві і тлушчу, упокат ляжалі ўздоўж вуліцы, потым, калі праходзіла ікотка, калі трохі лягчэў жывот, паднімаліся і, збіўшыся ў гайню, беглі па слядах друцкай дружыны — ад Гарэлай
Такога вялікага варопу 51 даўно не бачылі на берагах Свіслачы. І не печанегі напалі, не ўгры, не арда вандроўная, а свае аднакроўцы, аднаверцы. Ды, пэўна, так яно і вядзецца здавён, што свае б'юць балючэй, бо ведаюць, куды ўдарыць, як ударыць, ведаюць, якіх балячак ты асабліва не любіш.
51
Вароп — разор, знішчэнне.
Дручане, хоць іх і асцерагаліся, напалі на Гарэлую Весь знянацку. Вываліліся з лесу, як чорная хмара з-за гары. Абчысцілі кожную хату, узламалі кожны куфэрак. Забралі ўсё, што можна было забраць. А нельга было забраць толькі зямлю, неба і хаты. І тады яны хаты падпалілі, атруціўшы неба і зямлю горкім дымам.
Якаў якраз быў на двары, адграбаў падталы снег ад клеці. Хацеў схавацца, ды спрыту не хапіла, падламаная нага падвяла. Друцкія воі накінулі яму на шыю драўлянае ярмо, пагналі разам з іншымі маладымі мужчынамі і хлопцамі з сабою. А каб дарэмна сіла не прападала, упраглі іх у сані, нагрузілі тыя сані баявой здабычай. Ішоў Якаў, губы кусаў з адчаю і крыўды. Ён, вольны смерд, павінен зрабіцца чалядзінам, рабочай жывёлай, якая ўмее размаўляць. Дамажыра і маленькай Тэклі няма — згарэлі ў хаце, захлынуўшыся ад дыму. А Настасся з Мірошкам нават не будуць ведаць, куды дзеўся ён, Якаў. Будуць попел разграбаць, косці шукаць.
Бывай, старонка родная. Ці ўбачымся болей? Бывай, рака шумнацечная. Бывай, бор золатагаловы. Бывай, сцяжынка лясная, імклівая, пакручастая. Засумуюць, заплачуць па табе мае ногі далёка ад дому.
Настасся з Мірошкам, каб трохі раней выйшлі з пушчы, маглі б сутыкнуцца з Якавам і яго сябрамі па няшчасцю. Ды надта глыбокі быў снег, ногі засмоктваў, блытаў, і яны ўбачылі не натоўп нявольнікаў, а толькі сляды гэтага натоўпу. Сытыя сабакі, раўнадушна глянуўшы на Настассю з Мірошкам, ланцужком беглі ўслед за друцкай дружынай. Часам сабакі спыняліся, адрыгвалі пад якім-небудзь кусточкам вялізныя кавалкі непераваранага каровінага мяса і трушком беглі далей.
Нярадасным было вяртанне. Толькі чорны попел, толькі дым і ярка-чырвоныя плямы крыві на снезе ўбачылі Настасся з Мірошкам. Жыццё ў Гарэлай Весі спынілася надоўга, можа, назаўсёды. Калі яшчэ народзяць новыя мацеркі новых сыноў, калі яшчэ гэтыя новыя сыны прыйдуць сюды, каб дубовай двухзубавай сахой узараць, узадраць знямелы дзірван?
Маці галасіла, заломвала рукі, шукала ў попеле костачкі сваіх дзяцей. Бог узяў яе розум. Яна забылася пра Мірошку і ўсё корпалася, корпалася ў попеле да самага змяркання.
Насоўвалася ноч. Трэба было клапаціцца пра начлег. Ды маці, растаптаная сваім горам, не думала пра гэта, і Мірошка, абышоўшы Гарэлую Весь, знайшоў больш-менш ацалелую хатку, у якой да наезду друцкай дружыны жыў каваль-сырадутнік Чухома. Каваля пагналі з палонам, дзяцей у яго не было, і Мірошка — што ж будзеш рабіць? — рашыў асталявацца ў ягонай хатцы.
Перш-наперш рыззём, што патрапілася пад руку, ён заткнуў акенца, у якім быў разарваны бычыны пухір. Потым назбіраў трэсак, дошак, аскабалкаў бярвенняў, якіх пасля пагрому шмат валялася на вуліцы, кінуў усё гэта ў астылую печ. З папялішча прынёс у бяросце вугольчыкаў, раздзьмуў агонь. Праз нейкі час весела загаманіла печ, полымя асвяціла куткі беднай хаты. На бажніцы Мірошка не ўбачыў каляровых дошак з выявай хатняга бога — пэўна, забралі друцкія воі — і ўзрадаваўся. Не будуць гнясці душу суровыя пільныя вочы, не трэба будзе, баючыся бога, сядзець маўчком, як рот замазаўшы.