Меч князя Вячкі
Шрифт:
А зіма ўсё болей выхалоджвала зямлю і пушчу. Потым паваліў снег, ды такі густы, такі спорны, што за некалькі дзён Свіслач замяло па самыя берагі. Гарэлая Весь згубілася пад снегам, толькі нячастыя дымы, як звярыныя хвасты, павольна калыхаліся ў сталым небе.
Ямы, у якіх хаваюць зерне, замуравала, да іх цяжка, амаль немагчыма было прабіцца, і голад рэзаў жываты. Звяры і птушкі некуды зніклі — ці то пахаваліся ад лютай зімы, ці то перабеглі і пераляцелі ў больш бяспечнае месца. Паляўнічыя вярталіся з ціхай пушчы з туламі, поўнымі стрэл, з рогвіцамі, якія так ні разу і не ўпіліся ў цёплы звярыны бок. У сілкі,
У асабліва лютую марозную ноч на небе ўспыхнуў вялікі срабрыста-белы крыж. Ён пагрозліва ззяў над зямлёй. Усе прачнуліся ў Гарэлай Весі — старыя і малыя. Усе са страхам глядзелі ў ледзяную вышыню, чакалі канца свету.
Назаўтра чорная нітачка людзей пацягнулася з Гарэлай Весі ў Княжае сяльцо. Ішлі з уздыханнем і плачам, пакорліва. Слёзы на вачах у жанчын камянелі, ператвараліся ў бліскучыя халодныя гарошыны.
Рагвалод Свіслацкі сустрэў змарнелых смердаў мірам і ласкавым словам, як бацька сустракае сваіх блудных дзяцей.
— Князь-хрысталюбец, князь-міласэрнік, дай хлеба, — зняў шапкі, бухнуўся ў шорсткі снег натоўп. — У вачах цёмна… Дзеці пухнуць… Хоць на конскім хвасце вешайся…
— А вы парэжце сваіх коней і ешце іх, — сыта зарагатаў з вала старшы канюшы Канопліч, які не забыўся, як гэтыя ціхмяныя авечкі нядаўна па валасіне выдзіралі яму бараду.
— Не тое кажаш, раб, — сярдзіта глянуў на Канопліча Рагвалод Свіслацкі.— Што смерд без каня? Хмара без неба. Дзьмухне вецер — і няма хмары. — І зноў павярнуўся да натоўпу, што безгалоса стаяў на каленях. — Сасновую кару ясцё?
— Ядзім, княжа. І мох ядзім…
— Дрэнна. Хрысціяне павінны есці божы хлеб, а не траву падножную. Я дам вам хлеба. Адчыню жытніцу. Сказана ў «Слове пра багатага і беднага Лазара»: «Ты ж, калі ўвойдзеш у палаты, калі ляжаш на ложа і паставяць перад табой вялікую і поўную трапезу, тады ўспомні таго беднага, што блукае, як пёс, па вуліцах у змроку і брудзе і адтуль ідзе не на ложа, не да жонкі, а на саломе, быццам пёс, усю ноч вые».
— Дзякуй табе ў ногі, князь-заступнік, — квола, бо не было сіл, загаманіў натоўп.
— Я дам вам хлеба, а вы майму агнішчаніну 49 Някрасу аддасцё зарэчны луг, на якім пасвілася абшчынная гавяда.
Падумалі смерды, што ўжо не першаму агнішчаніну аддаюць яны кавалак сваёй зямлі, ды не хапіла моцы пярэчыць, бо галодныя бліскаўкі зіхцелі ўваччу, бо дзеці плакалі.
Княжы хлеб выратаваў Гарэлую Весь. Перабіліся, перакідаліся, перацярпелі, а там і зіма адпусціла, і сонейка пачало з неба ўсміхацца, і той, хто не памёр у маразы, ужо верыў, што неяк дажыве да вясны, да дня Барыса і Глеба, калі зерне ў раллю кідаюць, спяваючы:
49
Агнішчанін — гаспадар пасекі, «агнішча», «княжы муж».
Ды рана радавалася Гарэлая Весь. Глыбокі снег,
Рагвалод Свіслацкі не чакаў такога паспеху ад суседзяў. Сам ён у наезды хадзіў, калі зіма з ільдзінамі па рэках сплывала, калі снегу рабілася цесна на цёплай зямлі. Запёрся Рагвалод у Княжым сяльцы, дружыну на вал паставіў, чэлядзь узброіў — рашыў адсядзецца да лепшага часу. Штоноч маліўся богу ў царкве і дзядам-прадзедам сваім маліўся, на дапамогу клікаў. І думаў ці са злосцю, ці з адчаем: «Яны, дзяды-прадзеды, памерлі. Ім — добра. А тут яшчэ трэба будзе паміраць». Ставіў свечкі ўсім святым: і Ефрасінні Полацкай, і братам Барысу і Глебу, і Феадосію Пячэрскаму. Ды чамусьці нічога не лепшылася для князя.
Дручане палезлі былі на вал, але сустрэў іх Рагвалод стрэламі калёнымі, каменнямі-галышамі з камнястрэльнай машыны, якую пасля бунту смердаў на двары паставіў, смалой і агнём. Крык і енк да неба далятаў.
Дручане, сербануўшы ліха, рассыпаліся, як таці, па ўсёй акрузе, пачалі рабаваць смердаў, не здымаючы, аднак, аблогі з Княжага сяльца, правільна рашыўшы, што не толькі смеласць гарады бярэ, — голад таксама бярэ. Сядзеў князь, як паранены вепр, за валам, глядзеў на дым і агонь, што паўсюдна небасхіл засланялі, і плакаць хацелася, бо гэта ягонае багацце, ягоная сіла дымам у неба ішлі, ворагу даставаліся.
Гарэлая Весь, ужо не першы раз на сваім вяку пабачыўшы разбой, рыхтавалася да новага разбою. Людзі заганялі жывёлу ў лес, у гушчар. Што ў каго было — зерне, добрае адзенне, посуд, золата і срэбра, — усё складвалі ў торбы, хавалі ў дуплах дрэў, у ямах.
Настасся з Мірошкам таксама нагрузіліся, подбегам пашыбавалі ў пушчу. Дамажыр з Тэкляю засталіся дома. І Якаў застаўся — нагу падламаў, за собалем на ловах 50 бегаючы.
— Хутчэй, сынок, хутчэй, — прыспешвала маці. Яны цягнулі санкі з хатнім скарбам, раз-пораз правальваючыся ў ліпкі адліжны снег. З-за Грымучага бору, адтуль, дзе было Княжае сяльцо, плылі хмары чорнага дыму. Там грымеў і грымеў, аж захлынаўся, царкоўны звон.
50
Ловы — паляванне.
— Што ж гэта дзеецца? — шаптала маці.— За што бяда такая?
Мірошку жудасць брала. Дрэнна, што няма побач стрыя Якава. З Якавам і страх меншы, і дарога карацейшая, і ўсе сцежкі лясныя ён ведае.
— Хутчэй, сынок, хутчэй, — адно толькі і казала маці.
Нарэшце яны знайшлі сваё дрэва з дуплом-хованкай. Кожная сям'я з Гарэлай Весі мела такое патаемнае дрэва. З дрэва папярэдне выкурваюць трутным дымам пчол. Потым чысцяць, пашыраюць дупло, і лясны куфэрак гатовы.
— Адпачнем трохі,— калі ўсё было зроблена, сказала маці. Яны прыселі на саначкі, сцішыліся.