Меч князя Вячкі
Шрифт:
Пустэльнік раптам зарагатаў, закідваючы назад вялікую доўгавалосую галаву. Мірошка рвануўся, кулём пакаціўся ўніз. А ўслед яму рагатаў і крычаў пустэльнік:
— Сонца будзе ўзыходзіць ноччу, а месяц днём. І будзе чалавек шукаць чалавека.
Мірошка пабег па заснежанай рацэ. Прарэзліва рыпеў пад нагамі снег, як бы рагатаў разам з пустэльнікам. Страх гнаў Мірошку, не даваў прыпыніцца.
— Стой! — крыкнулі раптам за спінаю. Мірошка ад нечаканасці аж упаў. Калі ён узняў галаву, то ўбачыў двух верхавых, што на стомленых, шэрых ад поту конях ехалі цераз раку. За кожным з коннікаў беглі зменныя коні, таксама
Яны дагналі Мірошку, і сінявокі рыжавалосы вой спытаўся:
— Адкуль ты, хлопчык?
Ён глядзеў на Мірошку са спагаднай усмешкай. Паверх кальчугі ў яго быў накінуты прыгожы бабровы кажух. Ззяла пад зімовым сонцам кап'ё.
Мірошка маўчаў. Як і ўсе жыхары Гарэлай Весі, ён не вельмі рады быў сустрэчы з узброенымі людзьмі. Але верхавы па-свойму зразумеў ягонае маўчанне.
— Ганарысты, — сказаў верхавы. — Носа крукам не дастанеш. Кату па пяту, а горды.
— Ды спалохаўся ён, Халадок, — умяшаўся ў гаворку ягоны спадарожнік, маладзенькі, бялявы.
— Маўчы, Грыкша, калі кажа старэйшы, — перапыніў яго Халадок. Ён саскочыў з каня, падышоў да Мірошкі.
— Не бойся нас, малы.
— Я не малы, — адным духам выпаліў Мірошка і смела глянуў у вочы Халадку.
— Ого! — засмяяўся Халадок. — Дык, можа, ты тутэйшы князь? Можа, ты Рагвалод Свіслацкі? Тады мы да цябе і да тваёй дачкі — красуні князёўны Дабранегі. Бяросту 29 вязем ад князя Вячкі.
Мірошка адразу ж упадабаў Халадка. Добрых людзей, хто б яны ні былі, заўсёды няцяжка ўбачыць. Добрыя людзі не хітруюць, не спяваюць салоўкамі, не шыпяць гадзюкамі. Яны заўсёды такія, якія ёсць на самой справе.
29
Бяроста — ліст, пасланне.
— Значыцца, ты не князь? — абсіверанымі пальцамі круціў на Мірошкавай світцы драўляны гузік-бірульку Халадок. — Дык, можа, ты вялікі баярын? Або князеў цівун?
— Я Мірошка, — раптоўна засаромеўшыся, апусціў вочы і ціха адказаў Мірошка.
— Мірошка? А я — Халадок. Скажы нам, Мірошка, дзе вашага князя знайсці, дзе сядзіба ягоная?
— У Княжым сяльцы, — шмыгнуў скалелым носам Мірошка.
— А дзе гэтае Княжае сяльцо?
— Няўжо ты не ведаеш? — здзівіўся Мірошка. — За Грымучым борам. Я й то ведаю. Я туды з татам самоў, якіх у Свіслачы спаймалі, на чоўне вазіў. Вялізныя самы былі, доўгія, аж хвасты па вадзе за чоўнам валачыліся.
— Дык ты і самоў умееш лавіць? — пляснуў сябе даланёю па калене Халадок. — Чаго ж ты ў бацькі на печы сядзіш? Ты ж — вой. Бяры меч і гайда ў дружыну князя Вячкі.
— Я б у дружыну пайшоў,— ахвотна згадзіўся Мірошка, — маці не пусціць.
Тут Халадок з Грыкшам не вытрымалі, засмяяліся. Засмяяўся і сам Мірошка, але адразу ж спахмурнеў, зразумеў, што пацвельваюцца над ім воі.
— Дык у якім баку Грымучы бор і Княжае сяльцо? — адсмяяўшыся, спытаўся Халадок.
— Там, — махнуў рукою Мірошка.
— Дзякуй табе, Мірошка, — сказаў вясёлы вой. — Бяжы да маці, а то нос на марозе адваліцца. Будзем вяртацца назад, забярэм цябе ў дружыну князя Вячкі. Князь у нас харобры,
Мірошка нічога не адказаў, але сэрца затрапятала, як хуткакрылы стрыж над рачной стромаю. Воі, вясёлыя, прыгожыя, ударылі коней шпорамі, гікнулі, прыгнуліся і памчаліся ў бок Грымучага бору. Снежныя воблачкі вырываліся з-пад капытоў. Мірошка глядзеў ім услед, пакуль яны не зніклі. І пустэльнік са сваёй нары таксама глядзеў услед воям.
II
На падвор'е князя Рагвалода Свіслацкага прыпоўз, прабіўся праз снежныя сумёты вялікі абоз зімніх гасцей — кіеўскіх купцоў. Тры дзесяткі цяжка гружаных саней, запрэжаных конямі і валамі, адолелі доўгую небяспечную дарогу і спыніліся каля княжацкага церама. Бароды ў купцоў заледзянелі на марозе. Купцы злазілі з коней, аддавалі іх сваім служкам і няўпэўненымі крокамі — ногі ў страмёнах адвыкаюць ад зямлі — ішлі да высокага дубовага ганка, на якім ужо стаяў, усхваляваны і радасны, князь Рагвалод.
Абоз, асабліва ў зімовы час, заўсёды радасць для дробных удзельных князёў, іхніх баяр і чэлядзі. Яшчэ з раніцы выла завіруха, шэры калючы снег насіўся хмарамі над церамам, сярдзіта роў пустынны чорна-белы бор, сабакі і надворныя халопы хаваліся ад раз'юшанага ледзянога ветру ва ўсе шчыліны хто куды, у князя тупа ныў гнілы зуб, і раптам — гэты абоз!
Купцы пакланіліся князю. Хутчэй хацелася ў цяпло, у зацішак.
— Што прывезлі, госці? — з расцяжкаю, каб не выдаць сваёй радасці, спытаўся князь.
Купцы пакланіліся яшчэ раз. Старэйшына абоза, пошлы 30 купец Нажыр, выйшаў наперад, сказаў:
— Чалом б'ём табе, князь-хрысталюбец. Мы людзі рускія, кіеўскія, купцы нізаўскія. Вязем соль і віно рамейскае, волава і медзь для рукадзельных людзей 31 , чырвоны шыфер з Оўруча, тканіны багатыя, стужкі парчовыя, бранзалеты шкляныя для маладых прыгажунь.
— А чаго хочаце? — чмыхнуў у раскошны сівы вус князь.
— Хочам срэбра твайго княжацкага. Хлеба, мёду і воску. Шкур бабровых і сабаліных. А я, купец Нажыр, хачу рабыню маладую, прыгожую, каб мой старэчы сон берагла-ахоўвала.
30
Пошлы — ад «пошліна», г. зн. старына. Пошлыя купцы — радавітыя багатыя купцы з купецкай вярхушкі.
31
Рукадзельныя людзі — рамеснікі.
— Адчыніце вароты! — загадаў надворнай чэлядзі князь Рагвалод Свіслацкі.— Упусціце гасцей, накарміце іхніх коней, а гасцей я сам карміць буду.
Нажыр пакінуў на ноч каля абоза варту, а сам з купцамі пайшоў у княжацкую трапезную. Да самай раніцы лілося з вялізных гліняных амфар хмельнае віно, ап'янелыя купцы расказвалі князю пра далёкую небяспечную дарогу, пра санны шлях па засыпаным снегам Дняпры, пра грозныя непраходныя пушчы, у якіх віруюць лютыя воўчыя зграі, пра зледзянелыя зоркі ў чорным зімовым небе, пра вогненныя слупы і крыжы, што ў самую глухую поўнач нечакана загараюцца над зямлёй. Шмат пра што расказвалі купцы…