Меч князя Вячкі
Шрифт:
Сціскаў Уладзімір Вячкаву руку, усміхаўся, а сам думаў: «І гэты прыкідваецца прыручаным. А толькі разяў рот — у рот ускочыць, загрызе».
Усімі званамі грымела Сафія. Бушавала веча.
— Слава! — крычалі мужы-палачане.
«Крычыце-крычыце, — думаў Уладзімір, усміхаючыся вечнікам. — Дружыну пад Рыгу я не павяду, а калі і павяду, то не скора. Мне не з Альбертам насмерць біцца трэба, а з вамі. Княжую ўладу я вам не аддам».
Князю да горкай сліны ў роце захацелася як найхутчэй вярнуцца ў Бельчыцы, у сваю святліцу, убачыць княгіню Улляну, пачытаць пергамены. Больш за ўсё ён любіў чытаць павучанні святога Яфрэма, вялікага Іаана Златавуста і Феадосія Пячэрскага, што карміліся
А веча ўжо крычала здравіцу толькі аднаму Вячку, быццам яго, Уладзіміра, і на памосце не было.
— Слава князю кукейноскаму! — кідалі шапкі ўгору вечнікі.
— Слава Вячку! Вядзі на тэўтонаў, князь!
І раптам бедны купец Васіль з Запалоцкага ста пранізліва закрычаў:
— Меч Усяславаў — Вячку!
Плошча нібы чакала гэтага, адразу падхапіла:
— Меч Усяславаў — Вячку!
І пайшло, пайшло-пакацілася:
— Меч Усяславаў — Вячку!
Уладзімір стаяў побач з Вячкам, вымучана, змушана ўсміхаўся, а ў самога пот каціўся па скронях. Цяжка было яму слухаць такое. Толькі самаму лепшаму ваяводзе ўручае полацкае веча Усяславаў меч, прычым кожны раз выкоўваецца новы меч і асвячаецца ў Сафійскім саборы.
Пакрычаўшы, пагалёкаўшы, мужы-палачане парашылі: за сядміцу выкаваць меч, асвяціць яго і ўручыць прылюдна князю Вячаславу Барысавічу Кукейноскаму. Меч падахвоціўся выкаваць на сваім падвор'і баярын Іван, бо ў яго былі знаныя кавалі. На тым веча і разышлося, расцяклося з дзядзінца, і толькі вароны ўсё не маглі супакоіцца, усё лёталі над Сафіяй.
II
Якава разам з усім палонам гналі на поўнач ад Княжага сяльца, ад Гарэлай Весі ў Друцкую зямлю. Палон спачатку ішоў па лёдзе Бярэзіны, і было не надта цяжка валачы сані з нарабаваным дабром, у якія ўпрэглі Якава разам з маладзейшымі нявольнікамі. Але праз дзесятак попрышчаў ваявода Зярнько, што кіраваў друцкімі воямі, загадаў павярнуць з Бярэзіны на ўсход, у напрамку Друцка. Тут ужо трэба было ісці па цаліку, па заснежаных лясах і балотах, і сані адразу прыбавілі ў вазе, быццам былі нагружаны жалезнымі крыцамі 64 .
64
Крыца — кавалак сырадутнага жалеза.
Палону, як падлічыў Якаў, было сотні паўтары людзей. У большасці — маладыя мужчыны і юнакі.
Побач з Якавам абліваўся потам, цягнучы сані, каваль Чухома. Ён усё вучыў Якава, шаптаў яму:
— Ты спакойна цягні, не тузай, а то жылы парвеш. Нам яшчэ жыць з табой трэба.
Ён быў старэйшы за Якава на сем або восем сонцаваротаў, быў у самай мужчынскай сіле і славіўся сваёй кавальскай работай па абодва берагі Свіслачы. Яго нават трошкі пабойваліся, бо заўсёды смерды баяліся тых людзей, што маюць справу з агнём і жалезам. Звычайны чалавек, лічылі ў весях, не можа размякчыць метал так, што той ажно льецца, быццам вада. Толькі ведзьмаку пад сілу такое цудадзейства! Але ніякім ведзьмаком Чухома не быў. Добрыя сінія вочы былі ў яго, мяккія пшанічныя вусы.
— Чаму князь Рагвалод нас не абараніў? — сказаў аднойчы Якаў. Чухома глянуў на яго, горка ўсміхнуўся:
— Князь Рагвалод сябе бярог, свой церам… А мы? Што мы яму? Ён трохі пасядзіць у Княжым сяльцы, акрэпне і сам у набег пойдзе. На Тураў ці на Слуцак. Адтуль сабе смердаў прыгоніць. Ганяюць нас, брат, як жывёлу, ад князя да князя. І нікуды не схаваешся. Чуў я, праўда, што ў паўдзённых стэпах, далёка за Кіевам, ёсць броднікі 65 і ваяводаю ў іх нейкі Пласкіня. Але гэта далёка ад нас, як да неба.
65
Броднікі — вольнае насельніцтва ўзбярэжжа Азоўскага мора.
Прывалы былі нячастыя. Калі ж спыняліся, друцкія воі загадвалі нявольнікам збіраць у лесе ламачча, раскладваць вогнішчы. Есці давалі толькі хлеб і ваду.
На адным з прывалаў Якаў убачыў варажбу самага пажылога з нявольнікаў Тварыміра. Калі прынеслі хлеб, Тварымір узяў кавалак, панюхаў яго, нешта прашаптаў, пакруціў у руках, разламаў і выцягнуў з хлеба, пад здзіўленыя, спалоханыя ўздыхі суседзяў, доўгі жмут чалавечых валасоў.
Ваявода Зярнько спяшаўся — магла быць пагоня. Стараючыся пакінуць меней слядоў, затоптвалі вогнішчы, зноў ішлі праз лясы і снягі.
Якаў усё ніяк не мог паверыць у тое, што ён раб. Усё, што адбывалася з ім, з Чухомам, здавалася цяжкім жахлівым сном. Вось-вось прыйдзе нехта ці прыедзе, разбудзіць усіх, расштурхае, і прачнецца Якаў у Гарэлай Весі, і Настасся будзе паліць у печы, і, паснедаўшы, пойдуць яны разблытваць вузлы звярыных слядоў у пушчы. Возьме Якаў сваю сякеру, каб насекчы ядлоўцу вэндзіць ласінае мяса. Смачна хрусне пад сякерай дрэва… Падбяжыць Мірошка, засмяецца, шыбне ў яго, Якава, снежкай…
Сырыца апаліла ногі. Друцкі вой, маладзенькі, сінявокі, махнуў бізуном, ударыў па нагах, загадаў:
— Хутчэй шавяліся, вол пад'ярэмны.
Якаў прыкусіў губу ад болю, але і здзівіцца паспеў: «Чаму ён называе мяне валом?»
— Ты што ж, праваслаўны, сваіх людзей хвошчаш? Мы ж не чудзь, не печанегі,— сказаў Чухома.
Вой глянуў на каваля, хацеў і яго ўдарыць, ды замест гэтага смаркануўся, прыклаўшы да наздрыны вялікі ссінелы на марозе палец. Толькі тут канчаткова зразумеў Якаў, што не сон гэта, не гарачка-трасуха, і ад вялікай жалобы, ад крыўды заплакаў.
— Цярпі, Якаў,— падбадзёрыў яго Чухома. — Быць не можа, каб загналі нас у аглоблі. Неяк жа выкруцімся.
Якаў засаромеўся слёз, усміхнуўся свайму паплечніку па няшчасцю.
Праз дзень ці два далі палёгку Чухому — даведаліся, што ён каваль, і не захацелі, каб парваў жылы, цягнучы сані. Чухома паклікаў ваяводу Зярнько, смела гледзячы таму ў вочы, назваў Якава сваім унотам 66 , ваданосам і малатабойцам, запатрабаваў, каб хлопцу таксама дазволілі вальней дыхнуць.
Якаў ішоў побач з Чухомам, радаваўся, што бог звёў з такім добрым чалавекам. А над лесам сыпала шчодрыя промні сонца. Дрэвы, выцягнуўшы да сонца абмарожаныя галіны, рыхтаваліся сустракаць вясну. На невялікай палянцы, на сонечным прыпёку, убачылі вялікі мурашнік. Мурашкі, выбегшы са сваіх цёмных сховаў, збіліся-сашчапіліся ў бліскучыя жоўта-карычневыя камякі. Здавалася, яны аб нечым ціхенька дамаўляюцца, азіраючыся, каб не пачулі іх людзі.
66
Унот — юнак, тут вучань, чаляднік рамесніка.
Вясна з'ядала снег. Цёмныя лысіны мокрай лясной зямлі вылузваліся з-пад снегу. Санныя палазы прыліпалі да зямлі.
Ваявода Зярнько не разлічыў. Ён думаў дабегчы да Друцка па цвёрдым гладкім снезе, але вясна дагнала яго. Ваявода быў сярдзіты, як мядзведзь-бадзяга, якога нечакана ўспаролі з бярлогі. Ён лаяў сваіх вояў, біў нявольнікаў.
Сані ваявода загадаў пасекчы і спаліць. Успыхнулі вялікія кастры. Увесь палон глядзеў на іх з радасцю, бо добра такі паабрывалі людзі плечы ў няблізкай дарозе.