Меч князя Вячкі
Шрифт:
Баярын Іван адразу ж пачаў шчодра частаваць госця. Пасля трэцяга кубка мёду Фердынанд заўсміхаўся, павесялеў, шапнуў баярыну ў зарослае сівым воласам вуха, што ён, Фердынанд, вельмі харошы чалавек, што дома, за Варажскім морам, яго шанавалі і што ён (ха-ха) не супраць ушчыкнуць салодкае жаночае сцягно.
Баярын Іван вельмі ўважліва яго слухаў, згодна ківаў галавою, не забываючы наліваць мёд. Абодва былі вясёлыя, шчаслівыя, чырванашчокія.
Нарэшце баярын загаварыў пра меч. Фердынанд сказаў, што ў іх, у Саксоніі, кожнаму мячу, як нядаўна народжанаму сыну, даюць імя. Ёсць меч «Леў», меч «Рудольф», меч «Карл».
— Мне трэба меч
— Усяслаў? — зморшчыў загарэлы нізкі лоб Фердынанд. — А хто гэта быў такі? Чым праславіўся гэты чалавек, каб яго імем назвалі рыцарскі меч?
— Усяслаў быў вялікім князем полацкім і кіеўскім, — цярпліва пачаў тлумачыць лаціняніну баярын. — Харобрым князем. Ён нарадзіўся ў кашулі…
— У кашулі? — здзівіўся Фердынанд. — Ага-ага, разумею. Бываюць дзеці, якіх бог выпраўляе на белы свет з мацярынскага лона апранутымі.— Ён засмяяўся сваёй дасціпнасці і дасведчанасці.
— І вось гэтую «кашулю» Усяслаў усё сваё жыццё насіў з сабою. Яна засцерагала яго ад ворагаў. Ён зрабіў магутным Полацк.
— Так-так, Полацк магутны, — згадзіўся саксонец. — Іначай я не жыў бы ў ім. — Ён гучна засмяяўся. За ім дробным залівістым гарошкам рассыпаўся баярын Іван.
— Ты павінен выкаваць меч. Самы лепшы ў Полацку, — цверазеючы, сказаў баярын Іван. — Я добра заплачу табе.
Тут і Фердынанд пачаў цверазець. Рабіць мячы ён рабіў, але даўно. Рука і вока маглі адвыкнуць. Яму трэба памочнікі, шмат памочнікаў. Яму трэба добры метал. Яму трэба мёд, піва, мяса, мяккі хлеб…
— Будзе-будзе… Усё будзе, — хацеў перапыніць яго баярын.
Але Фердынанд нібы не чуў і не бачыў баярына. Яму, Фердынанду, акрамя ўсяго трэба маладая дзяўчына, якая б, калі ён прагаладаецца, падавала яму на стол, мёд, піва, мяккі хлеб…
Пры гэтых словах баярын Іван зморшчыўся, буркнуў, нібы сам сабе:
— Жаба заморская.
— Якая баба? — навастрыў вушы, недачуў Фердынанд.
— Будзе, кажу, табе баба, — змрочна паабяцаў баярын.
— А зараз, баярын, — сказаў Фердынанд, напаследак яшчэ раз адпіваючы з кубка, — адпусці мяне ў Полацк на тры дні. Струмант свой кавальскі прывязу, кнігу вучоную аб гарачых і халодных металах. Чакай мяне праз тры дні.
У гэты ж самы час Чухому з Якавам як будучым памочнікам Фердынанда быў дадзены строгі загад шукаць балотную руду, варыць і каваць з яе жалеза. У полацкім наваколлі такой руды не было, і яны вымушаны былі на вялікім плыце пайсці ўверх па Дзвіне, потым з Дзвіны спусціцца да вытокаў ракі Улы. Іх пільнавалі, сачылі за кожным іхнім крокам і рухам баярскія цівуны, так што збегчы ў дарозе не было ніякай магчымасці.
Суровая велічная прырода адкрывала ім свой твар. Безліч азёраў было рассыпана ў гэтай глухой лясной старане. Яны зіхцелі пад сонцам, як асколкі блакітнага шкла. Налятаў вецер, шумеў у маладой зялёнай асацэ, накочваў на нізкія пясчаныя берагі сіне-чорныя хвалі. Валуны грэлі на палянах свае замшэлыя бакі.
Магутныя елкі, як вастраверхія шатры вояў, віднеліся там-сям. Сініцы жвава бегалі і звонка цінькалі ў густым змроку калючых яловых галін. Халодныя пеністыя ручаі пранізвалі роўнядзь тарфянішчаў і лугоў. Жаўцеў мох, а пад ім спала мёртвым сном гнілая балотная вада.
На беразе Улы Чухома знайшоў радовішча дзірвановай руды. Яна мела цёмна-чырвоны колер, падатна ляпілася ў пальцах.
Зрэзалі дзірван жалезнякамі, пачалі капаць руду. З гліны, якую прывезлі з сабою на плыце, змайстравалі дзве невялікія печы-домніцы. Гліну, каб не трэскалася ад вялікага агню, змешвалі з пяском і дрэсвай 67 . Ля самага споду печаў Якаў пад наглядам Чухомы зрабіў адтуліны і ў іх уставіў гліняныя трубкі-соплы, праз якія ўдзімаецца ўсярэдзіну печаў паветра. Засыпалі ў домніцы драўляны вугаль уперамешку з кавалкамі руды, падпалілі…
67
Дрэсва — тоўчаны граніт.
Якаў працаваў з ахвотаю, з вялікай цікавасцю да справы, з якой сутыкнуўся ўпершыню. Пот заліваў вочы, але ён не зважаў на гэта, рабіў усё, што загадваў Чухома. Толькі праца, цяжкая, да змогі, праца, магла хоць на міг даць спачынак параненай палонам душы.
— Малайчына, Якаў,— хваліў яго Чухома. — Быць табе кавалём. Запомні: без каваля нярадасная зямля. Радасць мы даем рудою сваёй, жалезам сваім.
— З руды мячы выкаваны, якімі нас запаланілі,— ціха сказаў Якаў.
— Тут не наша віна, не кавальская, — усміхнуўся Чухома. — Птушкі нябесныя невінаваты, што з неба Пярун страляе ў людзей. Так і мы. Чуў я, што вось гэты меч, які нам загадана скаваць, на добрую святую справу пойдзе.
— Для князя Вячкі, які супроць тэўтонаў ваюе, — падказаў адзін з баярскіх цівуноў.
— Вось бачыш, Якаў? Не толькі зло ад жалеза. Зло ад злых людзей, не ад жалеза.
Агонь і сырое паветра рабілі ўсярэдзіне домніц сваю таемную, незразумелую шмат якім людзям, у тым ліку цівунам і Якаву, справу. Чухома загадкава і ўрачыста ўсміхаўся. Адзін ён ведаў, што ў гэты самы час душа агню і душа руды спляталіся ў адзін неразрыўны клубок, у адно цэлае, каб нарадзіць звонкагалосае жаданае дзіця — жалеза. Праўда, гэта яшчэ не чыстае жалеза, гэта крыца, у якой вельмі шмат шлаку. Крыцу яшчэ трэба будзе да чырвані нагрэць у горне, кінуць на кавадла і біць, біць, плюшчыць магутнымі малаткамі, каб выгнаць з яе балотны хваробны дух.
Пачакалі, пакуль астынуць домніцы, разбілі, разламалі іх, цёплыя крыцы пагрузілі на плыт. Цёмнавішнёвая зара палала над зямлёй. Усхліпвала вада ў асацэ. Зоркі трымцелі ў змроку, як залатыя нябесныя слёзы.
Якаў стаяў на плыце, адпіхваўся ад багністага дна цяжкім бярозавым калом. Балела спіна, але надзіва яснай і спакойнай была душа. «Я малады, — думалася яму. — Мне яшчэ жыць і жыць. Я моцны. Я ніколі не буду рабом. Ніколі». Ён успомніў словы маладога купца Міхалкі аб тым, што адно толькі полацкае паветра чалавека вольным робіць, і радасць, даўно забытая птушка, заспявала ў душы. Ён ужо ведаў, як ратавацца, — трэба бегчы ў Полацк, у горад, і згубіцца між людзей. Трэба ўцячы, а там — бог-бацька. Што будзе, то будзе.
Як толькі прыбылі яны на баярскае падвор'е, адразу ж, са згоды баярына Івана, іх узяў пад сваю поўную ўладу саксонец Фердынанд. Ён выпытаў у баярына, хто з ягоных людзей да кавальскай працы здатны, і разам з Чухомам у кавалі трапіў Якаў.
Фердынанд, у новенькім скураным фартуху, у новенькіх, толькі пашытых ботах, сабраў усю сваю абслугу — і малатабойцаў, і гарнавых, і ваданосаў — у кузні, сказаў, як і ўсе тэўтоны павольна і смешна вымаўляючы полацкія словы:
— Разам працаваць будзем. Я не вашай зямлі чалавек, але я добры. Я люблю есці і піць віно, я люблю шмат спаць і кахаць жанчын. Вы, пэўна, таксама ўсё гэта любіце? Але яшчэ я люблю і ўмею працаваць.