Меч князя Вячкі
Шрифт:
— Валка чакае. Шмат працы будзе мячу. Адкуль мне ведаць, чые мошчы ляжаць у рукаяці? Што ж, няхай будзе барсук. Вядзі мяне, Святы Барсук!
Гарадскія вароты былі загадзя адчынены, і дружына Вячкі, не сцішваючы хады, знянацку атакавала тэўтонаў. Вячка бачыў белыя спалоханыя твары ворагаў. Храбусцела жарства пад нагамі. Пахла свежаўскапанай зямлёй. Біцца ў яме было цесна, не хапала размаху руцэ, і князь толькі калоў мячом. Некалькі тэўтонаў паспелі схапіць зброю і стараліся аддаць жыццё як мага даражэй. Яны былі голыя, беласкурыя, слізкія ад поту, як рыбіны. Пахла
— Нікога не выпускайце з ямы! Сячыце ўсіх! Дачку Альберт мне ўсё роўна не аддасць. Табой ахвярую, дачка!
Дружыннікі з новай сілаю, з вялікай ярасцю рынуліся на тэўтонаў. Жменька ворагаў, што заставаліся яшчэ жывымі, была пасечана на шматкі. Толькі Готфрыд, вялізны, рыжавалосы, сціскаючы ў адной руцэ меч, у другой — кап'ё, прысланіўся спінаю да кучы вострых чырвона-бурых камянёў і, не зважаючы на раны і кроў, што ручаямі цякла па грудзях, мужна адбіваў усе ўдары дружыннікаў.
— Дайце — я яго з лука вазьму! — шалеючы, закрычаў Халадок, бо свае ж воі засланялі Готфрыда, перашкаджалі пусціць стралу. Ды ўсіх апярэдзіў Вячка. У адзін скок ён апынуўся перад Готфрыдам, засмяяўся:
— Пазнаў, тэўтон, травянога караля? Абараняйся! Готфрыд аскаліў у смяротнай тузе зубы, сабраўшы рэшткі апошніх сіл, ударыў мячом. Гэта быў страшны ўдар. Але Вячка ў той міг, як меч абрушваўся на умбон шчыта, рэзка павярнуў, крутнуў шчыт, і меч вырваўся з рукі Готфрыда. Тэўтон завыў ад злосці, крыкнуў:
— Ты — травяны кароль, а наша царква з жалеза! На каго ўзняў руку? Лыжкай не вычарпаеш акіян! Будзеш ляжаць каля ног нашай царквы!
— Беражы сілы, не крычы, — спакойна адказаў Вячка. — Памры дастойна, тэўтон, як паміраюць мужы.
Готфрыд пырнуў кап'ём, але Вячка спаймаў, заціснуў дрэўка ягонага кап'я пад пахаю левай рукі. Дарэмна Готфрыд спрабаваў вырваць кап'ё назад.
— А ці з жалеза твая выя, тэўтон?! — крыкнуў Вячка і коса секануў Готфрыда там, дзе шыя ўваходзіць у плечы. Галава надламалася, і ўсе ўбачылі жылы, як перасечаныя чырвоныя карані.
Валка скончылася. Лясныя пчолы гулі над мёртвымі тэўтонамі. Чаіцы сумна крычалі на Дзвіне. Вячка з хмурасцю глядзеў на справу сваіх рук, спытаўся:
— Хто з нашых богу душу аддаў?
— Дзецкага Грыкшу забілі,— адказалі яму.
— Добры быў вой. Прыгожа загінуў,— прамовіў Вячка. — Клічце айца Сцяпана і халопаў з церама. Трэба пахаваць усіх мёртвых.
Ён прысеў на цёплы ад сонца камень, заплюшчыў вочы. Ён не мог зразумець — радасць была на душы або туга.
— Князь, літва падыходзіць! — весела закрычаў Халадок.
Вячка ўскочыў з каменя. Зямля дрыжала ад конскіх капытоў. Пяць соцень прывёў з сабою Кунас, малодшы сын Даўгерута. Літоўцы былі высакарослыя, светлавалосыя, са звярынымі шкурамі на плячах, з лукамі, коп'ямі і мачугамі.
— Вітаю цябе, Кунас, — абняў і пацалаваў маладога кунігаса Вячка. — Хочаш сваім кап'ём прабіць жалезныя вароты Леневардэна?
— Даўно хачу, князь, — шырока ўсміхнуўся блакітнавокі загарэлы Кунас.
— Канюшыя і сядзельнічыя, рыхтуйце коней! — закрычаў Вячка.
У гэты час да яго
— Дазволь слова мовіць, князь.
— Зноў пра барсука будзеш гаварыць? — раззлаваўся Вячка. — Нешта часта ты, Якаў Палачанін, маю дарогу пераходзіш.
— Бо адна ў нас дарога, — вытрымаў ягоны позірк Якаў.— Забілі дзецкага Грыкшу, князь…
— Ведаю, што забілі,— рэзка перапыніў яго Вячка.
— Дазволь узяць ягонага войскага каня і меч ягоны.
— Вунь яно што! Дружыннікам маім хочаш стаць?
— Хачу, князь.
— А ты ведаеш аб тым, што воі мае не толькі мёд п'юць, але і жываты кладуць?
Вочы ў Вячкі былі суровыя, пранізлівыя. Ён ва ўпор глядзеў на Якава.
— Ведаю і не баюся, — адказаў Якаў.
— Малайчына! Хвалю на добрым слове, — усміхнуўся Вячка і крыкнуў: — Даць Якаву Палачаніну каня!
Падвялі коней Вячку і Якаву. Вячка ў імгненне вока ўскочыў у сядло. Якаў садзіўся на каня больш марудліва, але ўсё-такі як уліп у сядло, і збоку няблага глядзеўся, быццам увесь век на баявых конях ездзіў. І зноў сказаў:
— Дазволь, князь, яшчэ адно слова мовіць.
— А ты гаваркі,— засмяяўся Вячка. — Не паспеў у пер'е ўвабрацца, а ўжо два словы ў князя просіш. Ну, кажы сваё другое слова, толькі хутчэй, а то нам на рыцара Данііла трэба ісці, на Леневардэн.
— Дазволь, князь, жаніцца з чалядніцаю Кулінаю, што княгіні Дабранезе служыць.
Тут Вячка аж прысвіснуў, але адразу ж пасур'ёзнеў, сказаў з расстаноўкаю:
— Прывядзеш да мяне рыцара Данііла за бараду, ажэнішся з чалядніцай. Вось такое маё княжае слова.
Паўночным берагам Дзвіны рушылі на Леневардэн. Калісьці тут былі старадаўнія гандлёвыя шляхі, але са з'яўленнем тэўтонаў зямля залесілася, дарогі замуравелі. Следам за знузнікамі на вялікіх падводах везлі парокі 99 . У лісцвяным лесе, што наступаў з двух бакоў, пачаўся порсткі дождж. Густы шматслойны шум, ад якога было трывожна і радасна, пакрыў усе навакольныя гукі. На зялёных лісцях ярка і непагасна ззялі дажджавыя кроплі.
99
Парокі — каменямётныя машыны.
Вячка і Кунас рашылі ўзяць Леневардэн раптоўным наездам, але на выпадак зацяжнога штурму, аблогі, везлі лёгкія лесвіцы з жалезнымі крукамі на канцах, везлі прымёт, вязкі галля, якімі закідваюць роў. Парочныя майстры ўзялі з сабой вялікі запас цяжкіх камянёў і бочкі са смалою і пакуллем.
Напасці на Леневардэн знянацку не ўдалося. Рыцары паспелі зачыніцца ў замку за каменнай сцяной і пачалі ярасную страляніну з арбалетаў. Але Вячка быў гатовы да гэтага — ягоныя людзі ў імгненне вока збудавалі заслоны з бярвенняў, за гэтымі заслонамі паставілі парокі. Першы камень вагою ў тры пуды з ляскам урэзаўся ў гарадскую браму. Другі камень змёў са сцяны частку дубовай абароннай галерэі і заадно чацвярых арбалетчыкаў. Потым у замак паляцелі вогненныя бочкі са смалой.