Меч князя Вячкі
Шрифт:
Усе змоўклі, чакалі, што адкажа князь. Усе прагнулі пачуць першыя словы, якія ён прамовіць на роднай зямлі ў час вяртання. Але Вячка нічога не сказаў, марудна злез з каня, падышоў да княгіні, тройчы пацалаваў яе і разам з ёю моўчкі пайшоў у свой церам.
Кукейносцаў гэта страшэнна ўразіла і пакрыўдзіла. З усіх бакоў толькі і чулася:
— Язык праглынуў князь у Рызе!
— Хвастом тэўтонскім зрабіўся!
— Моцнай бічоўкай прывязаў Вячку Альберт да свайго сядла!
Самыя нецярплівыя і гарачыя прапаноўвалі паслаць ганцоў у Полацк і Літву,
— Заснуў наш князь, — з сумам і горыччу сказаў Клімята Аднарук Мірошку, калі ўсе дзеці, якіх ён вучыў, сабраліся на хорах у царкве. — Хто б мог падумаць? Але пойдзем, дзеці, далей у навучанні. Запомніце: ад балгарцаў наш дух і слова…
А князь Вячка і сапраўды спаў. Спаў ужо другі дзень. Заціх, як вымер, церам, чалядніцы і халопы хадзілі на пальчыках, жука-бурчуна, які аднекуль з Дзвіны заляцеў раптоўна ў церам, лавілі вялікай гурбою і ў рэшце рэшт злавілі, хацелі раструшчыць, але дваровы хлопчык Анісім захныкаў і панёс яго з сабою, як жывую цацку.
Дзіўныя сны сніліся князю. То стаяў ён пасярод жытнёвага поля, якое дыбілася крутымі жоўтымі хвалямі, пакрываючы князя з галавой, і толькі васількі, як халодныя сінія зорачкі, зрэдку мільгалі ў гарачай жаўцізне. То ўзбіраўся на высокую старую ліпу, і чым вышэй залазіў, тым усё болей маладзейшай рабілася ліпа, а на самым версе, на самай макаўцы дрэва, ён убачыў цёмна-зялёны пяшчотны ліст, які павольна калыхаўся, уздрыгваў на тоненькай карычневай ножцы. Захацелася князю сарваць гэты ліст, каб адчуць пальцамі клейкую ліпкасць зеляніны, але загула, зашумела, чалавечым голасам закрычала старая ліпа: «Гэта мой сынок! Гэта мой сынок!», узмахнула ўсімі сваімі тоўстымі шурпатымі галінамі, напружылася ўсім маршчыністым ствалом і скінула князя-бедалагу на зямлю. Моцна стукнуўся ён аб карані і прачнуўся.
Ён ляжаў на мулкіх дошках свайго паходнага ложа і яшчэ адчуваў боль ад падзення, ад удару аб цвёрдыя карані. Ён узняў над сабою рукі, сціснуў іх у кулакі і чакаў са страхам, што не адчуе ранейшую сілу ў кулаках. Але сіла была, бурлівая, хмельная, ранейшая. Тады ён рыўком скінуў з сябе покрыва, пругка ўскочыў на ногі, падбег да акна глянуць, светла або цёмна на двары. Быў самы поўдзень. Сонца, як маленькая распаленая грыўня, стаяла высока-высока ў небе, і ягоныя праменні, як вострыя залатыя мячы, рассякалі згусцелы ад спёкі блакіт.
І Вячка засмяяўся. Ён смяяўся доўга, бязгучна. Было лёгка, было добра. «Я вярнуўся!» — крычаў у душы звонкі ярасны голас.
Маладой чалядніцы ён загадаў, каб паклікала княгіню Дабранегу. Неўзабаве ў спачывальню ўвайшла Дабранега, разгубленая, спалоханая. Вочы заплаканыя, і на шыі завязана чорная, прашытая залатой ніткай хусцінка.
Вячка пацалаваў княгіню, зняў з яе шыі чорную хусцінку, шпурнуў прэч, сказаў:
— Дзе мая кальчуга? Дзе меч Усяславаў?
— Ой, князь, — прашаптала Дабранега і ўся засвяцілася ад радасці.
— А ты думала, што ў Рызе я зрабіўся манахам? — прытуліў яе да гарачых моцных грудзей Вячка. —
Прыбег старшы дружыннік Халадок, спыніўся на парозе спачывальні.
— Пасылай ганца кунігасу Даўгеруту, да аўкштайтаў,— сказаў Вячка.
Халадок, успыхнуўшы ад радасці вачамі, кінуўся выконваць загад, але Вячка спыніў яго.
— Што рабілі тэўтоны?
— Учора пілі віно і задзіраліся з полацкімі купцамі.
— Што робяць сёння?
— Сякуць камень-плітняк за гарадскім валам, хочуць будаваць побач з тваім церамам крэпасць. Рыцар Готфрыд у іх старшы.
— Зброю ўзялі з сабой?
— Яны заўсёды ходзяць са зброяй. І п'юць, і робяць з мячамі на поясе. Але зараз горача — яны могуць распрануцца і быць без кальчуг і мячоў.
Выслухаўшы такія словы Халадка, Вячка павесялеў, сказаў:
— Прышлі да мяне двух спрытных вёрткіх хлопцаў. Трэба, каб яны ўпільнавалі, чым займаюцца тэўтоны, якая ў іх зброя. А сам рыхтуй меч і пасылай чалавека да аўкштайтаў. Хай скажа: чакаем іх.
— Усё зраблю, князь. Прышлю Якава Палачаніна і Мірошку, і да Даўгерута адразу ж чалавек памчыцца, — радасна пакланіўся Халадок і знік за дзвярамі.
Здавалася, майская бура ўляцела ў церам. Дружыннікі апраналі кальчугі, надзявалі шлемы, стараючыся рабіць як мага меней шуму, бралі шчыты, мячы, коп'і і лукі. Вячку прынеслі кальчугу, шлем і Усяславаў меч. Дабранега з паклонам падала цяжкі меч мужу, сказала:
— Будзь моцны душой і мячом, мой княжа. Святая Сафія глядзіць на цябе і чакае перамогі.
— Ты на мяне глядзіш, Дабранега, — сурова ўсміхнуўся Вячка. — Памру, але гонар палачан не аддам на знявагу. Добрая будзе валка 98 !
Ён рашуча трасянуў мячом.
У гэты час убеглі ў апачывальню Якаў Палачанін і Мірошка, абодва ўспатнелыя, чырванашчокія.
— Тэўтоны камень сякуць у вялікай яме, — выдыхнуў Якаў,— мячы і кальчугі звалілі на край ямы. Мокрыя ад поту, як балотныя жабы.
— Рубон, — ціха сказаў Вячка і выцягнуў з похваў меч.
98
Валка — бітва.
— Рубон, — як парыў ветру, пранеслася па дружыне, што ўжо гуртавалася ва ўсіх пераходах церама.
— Князь, дазволь слова мовіць, — раптам сказаў Якаў.
— Гавары, Якаў Палачанін, — дазволіў Вячка, прыпыніўшыся на парозе.
— У рукаяць твайго мяча ўкладзены мошчы?
— Майстры, што рабілі меч, паклалі ў рукаяць мошчы святой Ефрасінні,— Вячка здзіўлена глядзеў на Якава, не разумеючы, куды той хіліць размову.
— Няпраўда. У рукаяці ляжаць барсуковыя косці.
І Якаў, спяшаючыся, пераказаў князю ўсю размову, якую ён чуў месячнай ноччу на двары баярына Івана. Дабранега і Халадок, што стаялі з князем, разгублена пазіралі на Вячку. Князь пакруціў у руцэ меч, падумаў, рашуча сцяў вусны.