Нераток
Шрифт:
“Недаспаў ці перанерваваўся?”
Адгарнуў другую старонку. Яна абвяшчала: “І іжэ будзе дзень, колі опошні язычнік покідаша свет сей, і погасі зніч, огнь вечны, узбунтоваці божкі малы і Чарнабога воінство, і няшчасцяў цьма падзе на главы чалавецах грэшныя”.
Градоўскага скаланула. Ён закрыў кнігу. Вялікі палец левай рукі яго трапіў у паглыбленне малой папярочкі шасціканцовага залатога крыжа.
Пахавалі Паўлючыху на наступны дзень. Кірылу, як моцнаму хлопцу, давялося неабабітую труну яе ў галовах несці. А як Закуцце асілкаў народзіць?
– дрыгва паўсюдная.
Кошку Кірыл забраць хацеў - не пайшла з магілкі,
Так здарылася - да Галькі якраз на дзень хаўтур мужык прыехаў. Для парадку Сашку-брыгадзіру па фізіяноміі ўкляпаў - права сваё азначыў. І ў той жа дзень зноў на новабудоўлі падаўся - кантракт у яго. У Польшчы праўда, на гэты раз.
Ні манеткі, ні пярсцёнка Градоўскі так і не знайшоў. Выграблі, напэўна, калі ў галаве туман стаяў.
Завея зранку пасля пахавання пачалася - два дні і дзве ночы шалела-лютавала. Так і праседзеў карэспандэнт у Паўлючышынай хатцы, хоць Сашка-брыгадзір да сябе начаваць запрашаў. І ўвесь гэты час трызну спраўлялі з ранку да вечара, некаторыя і дамоў не разыходзіліся. А што рабіць: вяселле, праводзіны, хаўтуры - вось і ўсе святы ў вёсцы!
Сталічнаму карэспандэнту Градоўскаму Сашка-брыгадзір гонар аказаў: прыкладваючы ўжо талы снег да круглай бітай шчакі сваёй, завёз у санях да Рудні і пасадзіў на дзежынскі аўтобус.
У Дзежыне гулялі Масленіцу. Урачыста спалілі на плошчы перад былым райкамам трохметровае вусатае саламянае пудзіла Зімы ў бабскай хустцы і спадніцы. Гарадскі галава распарадзіўся, каб бліны бясплатна раздавалі. Чырванашчокія прадаўшчыцы, задаволеныя тым, што з грашыма не трэба важдацца, толькі паспявалі згортваць гэтыя бліны, круглыя і жоўценькія, як сонейкі, у чатыры столкі. Пераапранутыя казламі, мядзведзямі і бацянамі падлеткі паспяхова зараблялі на піва і марожанае, а міліцыянты, хоць і строгімі выглядалі, паводзілі сябе даволі зычліва. Толькі аднаго хлопца ў бела-чырвонай менінгітцы ці то папярэдзілі, ці то папалохалі.
Адно шкада: пакуль ехаў Градоўскі на экспрэсе з Дзежына - у сон змарыла. А выходзіў - дык пакет з кніжкай, што быў асобна ад яго заплечнай сумкі, у аўтобусе пакінуў. Шукаў пасля, трэба сказаць. Нават узнагароду прапанаваў у сваёй газеце. Але каму тая ўзнагарода трэба, калі кніжка старадаўняя і вялікіх грошай каштуе? Ды ці была яна?
Праўда, і аказія надарылася: пакуль Кірыл па сваіх закуццях раз’язджаў, жонка яго Волька вырашыла кінуць Градоўскага. Адно сумненне было ў Волькі - прозвішча выбранніка: Сапсень. Вырашыла, што застанецца Градоўскай.
Што зробіш? Паўлючыха сказала, што адолеем. Ну, то адолеем!
Што далей? А нічога асаблівага, можна лічыць, і не здарылася. П’янага Мітттку Корыча Пераплут з панталыку збіў, Зюзя асіліў і Карачуну для канчатковага афармлення перадаў. Ніхто і не заўважыў, што падзеўся некуды чалавек - каму ён патрэбны, ашавурак? А сябрук аднарукі Віцька Шуляк, Душман, тыдзень у п’янай несвядомасці знаходзіўся. Толькі ўвесну і знайшлі Мішку, як снег пачаў сыходзіць - сабака наткнуўся, завыў. Што і як далей было - цяжка сказаць, аднак той ляснік, што Мішку знайшоў, у хуткім часе засіліўся, а ў кішэні яго кіцеля ляжаў залаты пярсцёнак, пра які нават жонка не ведала.
Гальку падатковая інспекцыя ў Дзежын выклікала. І так штрафанулі! Дайшло да Галькі, што прасцей у агародзе рачкаваць і не высоўвацца, чым гандаль весці. Прыціхла, але ненадоўга,
У Сакаліхі зноў карова захварэла - зарэзаць давялося. Дык бабка для перастрахоўкі ад будучых магчымых непрыемнасцей хатку Паўлючышыну спаліла. Адно што печ трэснутая з паловай коміна - чорнай зданню - ды шкілет ложка жалезнага бур’яном зарастае. І ад чортавых варот толькі бетонная шулка засталася. А чаму ж хатцы і не гарэць?
– спарахнела даўно! Прыязджала дачка з Паўлючыхі, перажывала, што спадчыны няма. Хоць бы брусы ацалелыя каму на лазеньку прадаць - і то якая-ніякая капейка. А так - толькі на білет грошы змарнавала! Пенсію апошнюю Марфы Цімафееўны ёй, праўда, у Рудні выдалі - нават у пашпарт не зазірнулі. І грошы невялікія з ашчаднай кніжкі. Ну як “невялікія”?
– гэта па якім часе глядзець!
Нічога не прысудзілі Сакалісе-падпальшчыцы - па такіх гадах няма магчымасці ў турмах нашых утрымліваць, лепш забіць адразу. Ды і як дакажаш, што спаліла, калі сама не прызналася і сведкаў няма? А што ад чубатчыных пёркаў смурод на пажарышчы стаяў - на тое следчыя ад вялікага розуму ўвагі не звярнулі. А вёска чужынцам лішняга не скажа. Карацей, з чым прыехалі, з тым і з’ехалі.
Папялішча, дзе хатка стаяла, п’яніцы і цяпер абыходзяць. І новы электрычны слуп крокаў на дзесяць аддалілі ад таго месца, дзе “чортавы вароты” былі.
На пачатку лета з Рудні ў Закуцце дарогу будаваць паспрабавалі. Але толькі ў лес паглыбіліся - на тым і работа скончылася: то каток зламаецца, то падшыпнік паляціць, то рабочыя перап’юцца. А брыгаду ж набіралі з усёй вобласці і грошы немалыя давалі. На Сёмуху Пярун маланкай трактар спаліў - нават трактарыст выскачыць не паспеў. Пасля таго закінулі будаўніцтва - і на план плюнулі. Хоць каштарыс выбралі да драбніцы - ляманту было на ўсю рэспубліку, нават кагосьці з мяккага крэсла ў менш камфортнае вытурылі. А на Іллю дажджы-драбнасеі паліліся, размыла ўсё - стаіць той трактар згарэлы да гэтай пары, іржа яго есць.
А дарогі як не было, так і няма.
Туркаў запрасіце - тыя пабудуюць!
АЛЬГЕМОНЫ
БІЯЛАГІЧНАЯ ФАНТАЗІЯ
Чалавечы мозг неаб’ектыўны, часам– вольны. І вока– не аб’ектыў. Навошта ж баяцца адбіткаў падсвядомасці ў рэчаіснасці? Ніхтож не баіцца іху сне! Калі прачнецца...
Аўтар
Ведаеце, хто такія альгемоны? Магчыма, вы нічога пра іх не чулі, але, напэўна, здагадваецеся, што яны існуюць. Я ў гэтым больш дасведчаны, сантэхнік усё ж, - мне і расказваць.
Калі вы жывяце ў горадзе, тым больш - у вялікім, то, хутчэй за ўсё, неаднойчы ў думках цікавіліся, што робіцца ў нябачнай і, мяркую, малапранікальнай для чалавека частцы гэтага горада - сістэмах водазабеспячэння і каналізацыі. Гэта ж цэлы сусвет, які ў выглядзе каркаса, шкілета, адбітка адлюстроўвае горад ва ўсіх яго найтанчэйшых праявах!
Вы запытаецеся: як можна нейкім там водаправодам ці, скажам, каналізацыяй скапіраваць непаўторнасць нашых тыповых кватэр, размах шырокіх вуліц і ўтульнасць крывых завулкаў? Ды гэтак жа вытанчана і элегантна, як барадаты мастак-графік, які сядзіць на зэдліку-складанчыку ў падземным пераходзе, намаляваў бы ў гэтую хвіліну ваш недаверліва-бязглузды твар камбінацыяй ліній агрызка простага алоўка!