Падзенне (на белорусском языке)
Шрифт:
Чаго таiць, выпiўка i жанчыны давалi мне тую адзiную палёгку, якой я i быў варты. Я адкрываю вам гэты сакрэт, мiлы дружа, каб вы без боязi маглi iм скарыстацца. Вы самi пераканаецеся, што сапраўдная распуста вызваляе чалавека, яна не патрабуе ад яго нiякiх абавязкаў. Калi чалавек распуснiчае, ён думае толькi пра сябе, i таму гэты занятак заўсёды будзе найлюбiмейшы ва ўсiх вялiкiх сябелюбаў. Распуста - гэта джунглi без мiнулага i будучага, i галоўнае - без нiякiх абяцанняў i неадкладнай кары. Мясцiны, дзе ёю займаюцца, аддзелены ад свету. I кожны, хто туды заходзiць, разам з надзеяй адкiдае страх. Размовы там неабавязковыя: усё, па што туды прыходзяць, даецца там без лiшнiх слоў, а часам нават i без грошай. Дазвольце ж, калi ласка, я ўшаную тых невядомых i забытых жанчын, якiя мне тады дапамаглi! Яшчэ i цяпер я прыгадваю пра iх з цёплым пачуццём, падобным нечым да павагi.
Ва ўсякiм выпадку я да душы пакарыстаўся гэтым выратавальным сродкам. Мяне можна было ўбачыць нават у адмысловым гатэлi, цi, як iх яшчэ называюць, грэшным доме, дзе я адначасова жыў i з пераспелай шлюхай, i з маладзенькаю шляхетнаю дзяўчынай. З першай я гуляў у паслужлiвага рыцара, а другой даваў магчымасць зведаць пэўныя
Я вымушаны быў адмовiцца ад сваiх начных подзвiгаў, i ўсё ж яны прынеслi мне пэўную карысць: жыццё цяпер не здавалася такiм пакутным. Стома, якая мучыла маё цела, загаiла многiя язвы ў маёй душы. Любая празмернасць памяншае кантакт з жыццём, а тым самым памяншае i пакуту. Насуперак агульна прынятай думцы, у распусце няма нiчога апантанага. Гэта ўсяго толькi доўгi сон. Вы, мусiць, заўважалi, што чалавеку, якi дужа пакутуе ад рэўнасцi, нiчога так не карцiць, як хутчэй пераспаць з жанчынай, якая, на яго думку, яму здрадзiла. Безумоўна, ён хоча яшчэ раз пераканацца, што яго дарагi скарб па-ранейшаму належыць яму. Iначай кажучы, ён хоча валодаць iм непадзельна. Але адразу пасля таго як ён авалодвае сваiм скарбам, яго рэўнасць цiшэе. Наогул, рэўнасць гэта плён фантазii, характарыстыка, якую раўнiвец дае самому сабе. Бо думкi, якiя ўзнiкаюць у яго самога ў падобных абставiнах, ён прыпiсвае свайму сапернiку. На шчасце, празмерныя ўцехi паслабляюць фантазiю, як i здольнасць даваць нейкiя характарыстыкi. Душэўныя пакуты згасаюць разам з мужчынскаю сiлай i не абуджаюцца, пакуль яна спiць. Па гэтай самай прычыне першая ж сапраўдная каханка пазбаўляе маладых ад метафiзiчных трывог, а некаторыя шлюбы, якiя, па сутнасцi, афiцыйна дазваляюць распусту, ператвараюцца ў марудныя хаўтуры па адвазе i вынаходлiвасцi. Але, мiлы дружа, мяшчанскi шлюб абуў нашу краiну ў пантофлi i хутка прывядзе яе да брамы ў нябыт.
Я перабольшваю? Ну, можа быць, не ведаю. Я толькi хацеў расказаць пра тую палёгку, якую прынеслi мне некалькi месяцаў оргiй. Я жыў нiбыта ў тумане, скрозь якi смех прабiваўся так глуха, што нарэшце я наогул перастаў яго чуць. Абыякавасць, якая i раней займала столькi месца ў маёй душы, цяпер не сустракала ўжо нiякага супрацiўлення i ператварылася ў сапраўдны склероз. Пачуццi знiклi! Запанаваў роўны i заўсёды аднолькавы настрой, цi, дакладней кажучы, - настрой таксама знiк. Падобна да таго, як лёгкiя ў сухотнiка, калi ён ачуньвае, ссыхаюцца i пацiху душаць свайго шчаслiвага ўладальнiка, так i я, акрыяўшы, цiхамiрна канаў. Я па-ранейшаму зарабляў на хлеб сваiм рамяством, але рэпутацыя ў мяне была ўжо добра падмочаная маiм словаблудствам, а рэгулярнай практыцы замiнала беспарадкавае жыццё. Цiкава заўважыць, што за начныя прыгоды мяне папракалi намнога менш, чым за моўныя вольнасцi. Чыста рытарычныя заклiкi да Бога, якiя я часам дазваляў сабе ўжываць у прамовах, выклiкалi ў маiх клiентаў нешта накшталт недаверу. Яны, напэўна, баялiся, што неба не здолее абаранiць iх iнтарэсаў гэтак жа добра, як адвакат, якi бездакорна ведае Статут. Адсюль недалёка было прыйсцi да высновы, што мае заклiкi да ўсявышняга тлумачацца звычайным невуцтвам. Менавiта да такой высновы i прыйшла мая клiентура, i колькасць яе адразу паменшылася. Але зрэдку я ўсё яшчэ выступаў у судзе. Часам я нават забываўся, што болей не веру таму, што кажу, i тады прамовы ў мяне выходзiлi вельмi ўдала. Я запаляўся ад гуку свайго ж голасу i ляцеў за iм; праўда, я ўжо не лунаў, як раней, пад скляпеннем, я адно крыху адрываўся ад зямлi - ляцеў на брыючым палёце. Па-за сценамi суда я рэдка з кiм сустракаўся i падтрымлiваў хiба адну-дзве сяброўскiя сувязi, якiя мне даўно ўжо абрыдлi i ледзьве лiпелi. Часам, зрэшты, я цэлы вечар мог правесцi ў сяброўскай кампанii (я маю на ўвазе кампанiю, у якой у мяне не ўзнiкала нiякага пажадлiвага пачуцця), але гэта наганяла на мяне такую нуду, што я нават не слухаў, што мне казалi. Я трошкi памажнеў, i гэта дало мне падставу паверыць, што крызiс нарэшце мiнуў. Цяпер заставалася толькi старэць.
Але здарылася нечаканае. Каб адсвяткаваць сваё адраджэнне, я запрасiў у вандроўку па Атлантыцы адну з сваiх сябровак. Вядома, я не сказаў ёй пра сапраўдную мэту гэтай паездкi. Мы мiла прагульвалiся, натуральна, па верхняй палубе карабля, i раптам я заўважыў удалечынi сярод шэра-сталёвых хваляў чорную кропку. Я адразу адвёў вочы, маё сэрца шалёна затахкала. I я доўга не мог прымусiць сябе паглядзець у той бок, а калi паглядзеў - кропка некуды знiкла. Я хацеў быў ужо закрычаць, як вар'ят, паклiкаць на дапамогу, але ўбачыў яе зноў. Гэта быў звычайны абломак бервяна, якiя часта сустракаюцца ў моры. I ўсё ж я не мог глядзець на яго спакойна, мне здавалася, што гэта тапелец. I тады я ўразумеў, я ўсвядомiў - пакорна, як пакараюцца думцы, у слушнасцi якой даўно ўжо няма сумнення, - што крык, якi некалькi год назад пралунаў над Сенай, нi на мiг не змаўкаў, яго знесла цёмнымi водамi да Ламанша, ён доўга лётаў па свеце, над неабсяжным акiянскiм абшарам, каб нарэшце даждаць таго дня, калi я сустрэнуся з iм. Я зразумеў, што ён цяпер i заўжды будзе чакаць мяне на морах i рэках - паўсюль, дзе ёсць горкая вада майго хрышчэння. А тут, скажыце, мiлы дружа, цi ж мы не на вадзе? На гэтай гладкай, манатоннай i бясконцай вадзе, якая неўпрыкмет ператвараецца ў сушу? Нават цяжка паверыць, што хутка мы будзем зноў у Амстэрдаме! Здаецца,
Гэта тыя самыя кагаркi, што крычалi i малiлi над Атлантыкаю ў той дзень, калi я канчаткова ўсвядомiў, што я зусiм не акрыяў, што я па-ранейшаму хворы i з гэтым трэба неяк змiрыцца. Кончылася пышнае жыццё, кончылiся i выбрыкi, i шалёныя намаганнi. Настаў час скарыцца i прызнаць сваю вiну. Пачалося жыццё ў каменным мяху. Але вы, мусiць, не ведаеце, што каменным мехам у сярэднявеччы называлi адмысловую камеру ў падземным вязеннi. Найчасцей чалавека кiдалi туды на ўсё жыццё i забывалi. Такая камера адрознiвалася ад iншых умела падабранымi памерамi. Яна была не такая высокая, каб у ёй можна было стаяць, але i не такая шырокая, каб можна было легчы. Жыць там даводзiлася ў абсалютна ненатуральнай паставе - наўскасяк. Калi чалавек засынаў - ён падаў, калi не спаў - мусiў сядзець на кукiшках. Паверце, нягледзячы на ўсю сваю прастату, гэта было сапраўды генiяльнае вынаходнiцтва. Вязень, якi кожны дзень быў вымушаны сядзець у неверагодна скручанай паставе, ад якой дранцвела ўсё цела, нарэшце сам усведамляў, што ён - вiнаваты, бо бязвiннасць можа, прынамсi, бестурботна выпрастацца на ўвесь рост. Вы можаце сабе ўявiць, каб у такой камеры апынуўся чалавек, прызвычаены да вяршынь i верхнiх паверхаў? Што? У гэтых камерах маглi сядзець i бязвiнныя людзi? Неверагодна, мiлы дружа, абсалютна неверагодна! Iначай гэта знiшчыла б усе мае разважаннi. Каб бязвiннасць прымусiлi жыць гарбатай?! Ды я нават на секунду не хачу дапусцiць такой думкi! Зрэшты, хто можа з упэўненасцю сказаць, што той цi iншы чалавек нi ў чым не вiнаваты? Наадварот - кожны з нас перакананы, што за ўсiмi ёсць нейкая вiна. Кожны сведчыць пра злачынства ўсiх - вось маё крэда i мая надзея.
Паверце, рэлiгii горка памыляюцца, калi пачынаюць выдаваць свае маральныя законы i сыплюць перунамi, асуджаючы грэшнiкаў. Бог зусiм не патрэбен, каб ствараць паняццi граху i кары. Гэта выдатна ўмеюць рабiць простыя смертныя, i мы заўсёды гатовы iм дапамагчы. Вы нешта казалi пра Апошнi Суд? Дазвольце ж пачцiва ўсмiхнуцца. Я чакаю яго без усякага хвалявання, бо зведаў у жыццi нешта горшае - суд чалавечы. У яго няма змякчальных акалiчнасцей, ён нават добрыя намеры ставiць у вiну. Вы ж, напэўна, чулi пра камеру пляўкоў, якую нядаўна выдумаў адзiн народ, каб даказаць, што ён сама вялiкi ў свеце? Гэта своеасаблiвая каменная скрыня, у якой асуджаны стаiць на ўвесь рост, але не можа нават варухнуцца. Трывалыя дзверы, праз якiя яго запiхваюць у гэту цэментаваную шкарлупiну, зачыняюцца якраз пад самым падбародкам, так што звонку вiдаць адну галаву. I кожны наглядчык, якi iдзе мiма, смачна плюе яму ў твар. Зацiснуты ў камеры, вязень не можа нават абцерцiся, хоць заплюшчваць вочы яму, праўда, не забараняецца. Дык вось, мiлы дружа, гэтую штучку прыдумалi людзi. I iм зусiм не спатрэбiўся Бог, каб стварыць такi маленькi шэдэўр.
Што з гэтага вынiкае? Ды тое, што Бог мог бы быць карысны людзям толькi тады, калi б дараваў iм бязвiннасць, i наогул, рэлiгiя ўяўляецца мне хутчэй, як вялiзная пральня, якою яна, зрэшты, некалi i была, але вельмi коратка усяго тры гады, i тады яна яшчэ не называлася рэлiгiяй. А пасля, вiдаць, мыла раптам убавiлася, i мы пачалi смаркацца i падцiраць свае вазгратыя насы. Але ўсе мы былi гультаi, i ўсе сплацiлi за гэта, кожны пачаў пляваць на свайго суседа i - гоп!
– штурхаць яго ў каменны мех! Выйграе той, хто плюе першы, вось i ўсё. Я раскрыю вам, дружа, адзiн вялiкi сакрэт. Не чакайце Апошняга Суду. Ён ужо адбываецца - кожны дзень.
О, не-не, не звяртайце ўвагi, гэта я, вiдаць, крыху азглеў ад гэтай чортавай макрэдзi. Зрэшты, мы ўжо прычальваем. Ну вось. Прашу, я пасля вас. Толькi не адыходзьце, калi ласка, правядзiце мяне дадому. Я ж яшчэ не скончыў i павiнен расказаць, як жыў далей. Жыць далей - вось што сама цяжкае. Дарэчы, вы ведаеце, за што яго ўкрыжавалi - таго самага, пра каго вы, напэўна, цяпер падумалi? Ну, вядома, гэтаму была цэлая процьма розных прычын. Каб забiць чалавека, прычыны заўсёды знойдуцца. Хутчэй наадварот - апраўдаць тое, што ён жыве, бадай што, амаль немагчыма. I таму злачынства заўсёды знаходзiць сабе абаронцаў, а бязвiннасць - адно вельмi рэдка. Але апроч усiх тых прычын, якiя нам так добра тлумачылi на працягу дзвюх тысяч гадоў, у гэтага жахлiвага пакарання ёсць яшчэ адна i сама галоўная прычына. Далiбог, я не разумею, чаму яе ад нас так старанна хаваюць? Галоўная прычына ў тым, што сам ён выдатна ведаў, што не такi ўжо ён i бязвiнны. Нават калi на iм i не ляжаў цяжар тых грахоў, у якiх яго вiнавацiлi, гэта не азначае, што ён не зрабiў iншых, няхай i сам не ведаў - якiх. Дый, зрэшты, цi мог ён не ведаць? Ён жа сам быў iх вытокам: я думаю, ён павiнен быў чуць пра нейкае пасячэнне немаўлятак. Завошта ж загiнулi бязвiнныя юдэйскiя дзеткi, як не праз яго, якога бацькi паспелi схаваць у надзейным месцы? Вядома, ён гэтага не хацеў. Жаўнеры ў крывi, немаўляткi, рассечаныя напалам, - яны выклiкалi ў яго жах. Але я ўпэўнены, што такi, як ён быў, ён не мог на iх забыцца. Цi ж не была тая жальба, што адчуваецца ва ўсiх яго ўчынках, невылечнай тугой чалавека, якi кожную ноч чуў бясконцыя стогны Рахiлi, што плакала па сваiх малых дзетках, не прымаючы нiякага суцяшэння? Яе енк уздымаўся ўначы, Рахiль клiкала сваiх дзетак, забiтых дзеля яго, а ён - жыў! Жыў!
I вось, ведаючы тое, што ён ведаў, разумеючы ўсё ў чалавечай прыродзе (божа, хто б мог падумаць, што забiць часам меней злачынна, чым не памерцi самому!), ён дзень i ноч катаваў сябе думкай пра сваё бязвiннае злачынства, i яму ўсё цяжэй было мацавацца i жыць - жыць далей. Цi не лепей было пакончыць з усiм, не абараняцца, памерцi, каб не быць тым адзiным, хто жыве на гэтай планеце, каб сысцi туды, дзе, можа быць, ён знойдзе падтрымку? Але падтрымкi ён не знайшоў i панаракаў на свой лёс, за што i быў цэнзураваны. Калi не памыляюся, яго нараканне заўважыў ужо трэцi евангелiст. Заўважыў - i выкiнуў. "Божа, чаму ты пакiнуў мяне?" - далiбог, гэта ж нейкi бунтарскi крык, праўда? Ану, давай яго ножнамi! Заўважце, дарэчы, што, калi б Лука не выкiнуў гэтай фразы, мы наўрад цi звярнулi б на яе асаблiвую ўвагу; прынамсi, месца яна займала нямнога. А цэнзарава забарона прымусiла яе крычаць! Дзiўна створаны гэты свет - хочаш аднаго, а атрымлiваецца зусiм другое.