Чтение онлайн

на главную

Жанры

Палескія рабінзоны
Шрифт:

Каля поўдня Віктар не вытрымаў:

– Чаго нам гэтак сядзець? Тэрмін жа яшчэ заўтра.

Не спадзяваўся і Мірон, што сёння прыйдуць, але ўсё-такі мільгала думка: а што, калі ўжо ідуць?

– Пачакаем яшчэ гадзіны са дзве і тады выйдзем.

Выседзелі гэтыя гадзіны і вылезлі. І неяк несвядома абодва адчулі задавальненне, што бандыты не прыйшлі: усё-ткі далей адсунуўся непрыемны час спаткання. Рэшту дня скарысталі, каб «папасвіцца», хоць і ўвесь час адчувалі сябе трывожна.

Назбіралі крыху грыбоў і пайшлі «на кухню», як казаў Віктар. Там згатавалі свае грыбы, павячэралі і засталіся нанач каля вогнішча.

Ледзь золак яны былі ўжо на сваім назіральным пункце. Зноў пачалося нуднае і напружанае чаканне. Зноў ішлі гадзіна за гадзінай, а ніхто не з'яўляўся. Цяпер яны ўжо не адважыліся пакінуць сваё месца сярод дня і даседзелі да вечара.

– Ах, каб хутчэй перастралялі гэтых бандытаў! – сказаў Віктар, вылазячы з засады.

– Што ты гаворыш?! – з жартаўлівым жахам крыкнуў Мірон. – Калі іх цяпер расстраляюць, то мы павінны будзем сядзець да зімы!

– Выбачай, забыўся, – засмяяўся Віктар. – Хай тады крыху пачакаюць. Але ж гэткае сядзенне горш за самую цяжкую працу! Пойдзем хоць чаю пап'ём. Вось, кажуць, бруснічнік можна ўжываць замест чаю.

– Гэта будзе вельмі дарэчы, – згадзіўся Мірон, і яны пачалі збіраць бруснічнік.

Але праз некалькі хвілін Мірон прыпыніўся і пачаў уважліва разглядаць сабраныя ім расліны.

– Слухай! – прамовіў ён нарэшце. – Гэта ж не бруснічнік!

– Чаму?

– Бачыш, вось з ніжняга боку ліста выціснута сетка, не такая, як у бруснічніку, ды і сцябло святлейшае.

– Па гэткіх дробных адзнаках судзіць нельга, – недаверліва сказаў Віктар.

– Шкада, што ён яшчэ не цвіце, тады можна было б знайсці маленькую розніцу ў кветках. А каб былі ягады, тады ўжо зусім нельга было б памыліцца. Ягады ўсярэдзіне маюць нібы муку, таму і завецца гэтая расліна мучніцай. Яна вельмі каштоўная і дае розныя лекі, чорную фарбу і дубільны матэрыял для апрацоўкі скур.

– Калі так, я цяпер гатоў шчыра шанаваць цябе і тваю батаніку. Вось каб напіліся гэткага чаю! Пэўна, здубянелі б. Давай лепш наломім малінніку. Гэта будзе карысней.

– Можна знайсці і сапраўднага бруснічніку.

– А няхай яго ліха возьме! Зноў натрапіш на якую мучніцу. Давай лепш простага малінніку.

Вярнуліся на сваю «кухню», выпілі чаю, згатаванага ў бляшанцы.

– Добры чай! – пахваліў Мірон. – Шкада толькі, што мёду болей няма.

– Гэта яшчэ паўбяды, – сказаў Віктар, – але вось мяса наша пачынае псавацца, хоць і печанае. Заўтра яшчэ сяк-так. А паслязаўтра будзе ўжо зусім дрэннае.

– А сушанае?

– Сушанае ўсярэдзіне не высахла.

– А ты не цягай заўсёды за сабой, а павесь тут.

Зноў правялі ноч каля вогнішча.

Трэці дзень прайшоў гэтак жа, як і папярэднія два, толькі напружанасць так змарыла іх, што абодва паснулі як забітыя. Спалі смачна да самага вечара.

Першы прачнуўся Мірон. Схамянуўся, ускочыў, нават спачатку не пазнаў, дзе ён і што з ім. Віктар хроп так, што чуваць было па ўсім лесе.

– Гэй ты, вартаўнік! – штурхануў яго пад бок Мірон.

– Га? Што? – усхапіўся той.

– Ці ведаеш ты, што хроп на ўвесь лес? Нашы госці на тым баку балота пачулі.

– А ты?

– І я таксама спаў. Гэта ж вар'яцтва! Нас маглі зарэзаць, як куранят.

– Я баюся, што яны, праклятыя, ніколі не прыйдуць, – пазяхаючы прамовіў Віктар.

– А ўсё-такі рызыкаваць нельга. Другі раз будзем спаць па чарзе.

І гэты дзень мінуў. І другі. І яшчэ адзін. І яшчэ…

Хлопцам было вельмі цяжка цярпець. Мяса псавалася ўсё болей і болей. А «пасвіцца» ўдзень не было як: трэба было сядзець і пільнаваць. Калі нават вылазілі да баброў па ваду, то ўсё здавалася, што вось зараз іх заўважаць. Адна ўцеха ды ратунак ад гнілога мяса – гарачы чай уночы.

З кожным днём напружанасць узмацнялася; ад кожнага трэску і шолаху хлопцы ўздрыгвалі, нібы ад электрычнай іскры. Гэтае безупыннае напружанне так знервавала хлопцаў, што яны зусім страцілі сон, зрабіліся панурымі і злоснымі. Усё гэта, разам з дрэнным харчаваннем і сядзеннем на месцы, аслабіла іх так, што ў іх часам кружылася галава, цямнела ў вачах, дрыжалі ногі. Папярэднія дні здаваліся ім ужо шчаслівымі ў параўнанні з цяперашнімі.

Часам хлопцам пачынала здавацца, што бандыты ўжо блізка. Яны нават чулі тупат ног і галасы. А праз хвіліну выяўляўся падман і прыходзіла перакананне, што сядзяць яны тут дарэмна, што ніхто і не думае сюды ісці.

– А можа, іх ужо злавілі і пасадзілі ў турму? – сумна казаў Віктар.

– Усё можа быць, – уздыхаў Мірон.

Мусіць, сваякі бандытаў гэтак не баяліся за іхняе жыццё, як нашы хлопцы.

– Але ж павінен хто-небудзь прыйсці па тавар? – разважаў Мірон. – Не могуць жа яны пакінуць сваё дабро.

– Могуць прыйсці і ўзімку, і на другі год, – адказаў Віктар. – А калі іх злавілі ўсіх, дык могуць і ніколі не прыйсці.

Пачуўся хруст. Хлопцы зноў напружыліся, зноў з'явілася надзея. Але гэта праціскаўся праз зараснік дзік. Цераз палянку было відаць, як ён спакойна і павольна капашыўся ў балоце.

– Вось добра было б стрэліць у яго! – заблішчаў вачыма Віктар. – Напэўна трапілі б. І мяса свежае было б.

Засвярбелі рукі і ў Мірона. Што будзе, калі кантрабандысты не прыйдуць? Тады давядзецца яшчэ горш галадаць, а між тым яны могуць зараз назапасіць мяса.

Але нарэшце ён пачаў даводзіць Віктару, што гэта будзе надта рызыкоўна:

– Ці можам мы напэўна сказаць, што яны не прыйдуць? Не. Ну, а калі прыйдуць, то мы загінем напэўна. І стрэл могуць пачуць, і сляды не паспеем знішчыць.

Дзік тым часам схаваўся за дрэвамі.

А ўначы, каля вогнішча, як яны шкадавалі, што не выкарысталі магчымасці! Яны паспелі б ужо разабраць і схаваць дзіка, былі б забяспечаны свежым мясам. А цяпер што будзе?

– Ох, ужо гэтая разумная асцярожнасць! – са злоснай насмешкаю сказаў Віктар.

Мірон засаромеўся. Ён адчуваў, што перамудрыў. Але каб абараніць сябе, перайшоў у наступ:

– А скажы шчыра: ці мог ты паручыцца, што яны сёння ані ў якім разе не прыйдуць?

– Вядома, паручыцца ніхто не можа, але…

Популярные книги

Колючка для высшего эльфа или сиротка в академии

Жарова Анита
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Колючка для высшего эльфа или сиротка в академии

Идеальный мир для Лекаря 2

Сапфир Олег
2. Лекарь
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 2

Идеальный мир для Лекаря 5

Сапфир Олег
5. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 5

Восход. Солнцев. Книга I

Скабер Артемий
1. Голос Бога
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Восход. Солнцев. Книга I

Энфис. Книга 1

Кронос Александр
1. Эрра
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.70
рейтинг книги
Энфис. Книга 1

Темный Лекарь 2

Токсик Саша
2. Темный Лекарь
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Темный Лекарь 2

Защитник

Кораблев Родион
11. Другая сторона
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Защитник

Последний попаданец 2

Зубов Константин
2. Последний попаданец
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
рпг
7.50
рейтинг книги
Последний попаданец 2

Возвышение Меркурия. Книга 15

Кронос Александр
15. Меркурий
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 15

Авиатор: назад в СССР 12+1

Дорин Михаил
13. Покоряя небо
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Авиатор: назад в СССР 12+1

Разведчик. Заброшенный в 43-й

Корчевский Юрий Григорьевич
Героическая фантастика
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
альтернативная история
5.93
рейтинг книги
Разведчик. Заброшенный в 43-й

Кротовский, не начинайте

Парсиев Дмитрий
2. РОС: Изнанка Империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Кротовский, не начинайте

Жена на четверых

Кожина Ксения
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
эро литература
5.60
рейтинг книги
Жена на четверых

Измена. Право на сына

Арская Арина
4. Измены
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Право на сына