Палескія рабінзоны
Шрифт:
– Ды яшчэ акурат так, як яны, – дадаў Мірон. – Не, гэтак нікуды не варта! Разбурай зноў. Няма чаго спяшацца. Рызыкоўна. Трэба прыгледзецца, як яны будуюць, і пачаць спачатку, па галінцы.
– Вось не было яшчэ бяды! – бурчаў Віктар. – Гэтак увесь дзень патрацім.
– Але ад гэтай працы залежыць нашае жыццё, – сурова сказаў Мірон.
– Эх, каб можна было папрасіць баброў, каб яны самі дабудавалі, – уздыхнуў Віктар.
І, набраўшыся цярплівасці, хлопцы ўзяліся за працу павольна, метадычна. Некалькі разоў
«Дадому» вярталіся ўзброеныя да зубоў. З аднаго боку – рэвальвер, з другога – рэвальвер, ды яшчэ кінжал у дадатак.
– Вось калі дапамаглі нашы ваенныя заняткі ў гуртку! – казаў Мірон. – Без гэтага не толькі не ведалі б ніякіх там піраксілінаў, але і рэвальвера не ўмелі б у руках трымаць.
– А цяпер толькі давай сюды бандытаў, – усіх перастраляю! – храбрыўся Віктар. – Хай бы цяпер трапіўся які звер.
– Ну-ну! З рэвальверам на паляванне не ходзяць. Ці пацэліш ты хоць вунь у тое дрэва?
– Ану, давай! – з запалам крыкнуў Віктар.
Стрэлілі яны па тры разы, а трапіў толькі адзін раз Мірон. Віктар аж пачырванеў ад сораму.
– Давай яшчэ! – гарачыўся ён.
– Калі ты гэтак будзеш гарачыцца, дык ніколі не патрапіш, – павучальна сказаў Мірон. – Гэта табе не стрэльба. Каб з рэвальвера навучыцца страляць на далёкай адлегласці, трэба доўга практыкавацца. А нам хопіць і гэтага. У бандыта зблізку трапім.
– Але ж трэба папрактыкавацца, патронаў хапае, – настойваў Віктар.
– Я баюся, што нашы стрэлы могуць пачуць гэтыя самыя бандыты. Хто іх ведае, дзе яны жывуць, дзе бадзяюцца! Можа, блізка.
Гэтая заўвага пераканала Віктара.
Хоць сённяшні дзень быў і зусім галодным, але хлопцы паляглі спаць у самым бадзёрым настроі. Ім здавалася, што з рэвальверамі ім галадаць болей ужо не прыйдзецца.
Калі яны паляглі, Віктар сказаў:
– Ведаеш што? Цяпер я ўжо разумею, чаму баброў гэтых шануюць, берагуць, бароняць. Яны ж надзвычай карысныя для чалавека! Гэта ж яны нас выратавалі тады ад смерці! Яны цяпер нам і зброю далі.
– Застаецца толькі папрасіць іх, каб вывелі нас адсюль, – адказаў Мірон пазяхаючы.
XIX
Голад са зброяй. – Сапраўднае паляванне.
Прачнуліся яны з такім пачуццём, нібы ліхія гадзіны ўжо скончыліся. Цяпер і зброя ў іх была, і дасканалы нож, і добрая пасудзіна. Можна было ўжо сапраўдны абед згатаваць. А як жа яны знудзіліся па гатаванай страве! Усё было добра, толькі… не было чаго гатаваць. Другі дзень яны нічога не елі.
Але настрой быў бадзёры і вясёлы.
– Цяпер ужо малая бяда! – казаў Віктар. – Ідзём на паляванне!
З
– Бачыш, яна куды большая, колер цямнейшы, на шыі жоўтая пляма, морда вастрэйшая, – адным словам, падабенства мала.
Каля балота спудзілі качак, але таксама страляць не было чаго і думаць. Недзе далёка мільгануў заяц. А нашы паляўнічыя толькі лыпалі вачыма, гледзячы на гэтую дзічыну.
– Вось табе і зброя! – злосна зірнуў Віктар на свой рэвальвер.
– А ты што думаў? – сказаў Мірон. – У такіх выпадках і са стрэльбы не надта трапіш.
– Пойдзем да дубоў, можа, зноў дзіка ўбачым, як тады. Калі пусціць у яго дождж куляў з абодвух рэвальвераў, дык можна і забіць.
– Рызыкоўная справа, – пакруціў галавою Мірон.
– Усё-такі лепш, як з голаду пухнуць.
Але не так лёгка ўбачыць дзіка, як хацелася. Хоць і меў гэты кут права называцца звярыным, але не на кожным кроку можна было стрэць звяроў. Тым болей што абодва астравы складалі разам вельмі значную прастору, на якой усім хапала месца. Нават да гэтага часу заставалася яшчэ, прынамсі, палова плошчы, якой хлопцы не наведвалі.
Нарэшце нашы паляўнічыя павінны былі вярнуцца да сваёй «пашы». Са зброяй у руках яны сталі збіраць шчаўе, грыбы, аер і іншую спажыву. Злавілі яшчэ дзвюх жаб.
– Гэта ж сорам! – абураўся Віктар. – З рэвальверамі лавіць жаб.
– Ніякага сораму тут няма, – спакойна прамовіў Мірон, – калі нават адзін паэт пісаў:
Выйшаў я на сенажаць
Ды з нагана ў жабу – бац!
– Мусіць, ён таксама быў галодны, як і мы, – засмяяўся Віктар.
Прахадзілі ўвесь дзень, а прынеслі дадому толькі адны грыбы. Але затое згатавалі іх па-гаспадарску: у бляшанцы, з вадой, з соллю. А замест лыжак скарысталі тыя гліняныя чарапкі, што калісьці ляпілі.
Так пражылі яны яшчэ пяць дзён. Як на смех, гэтыя дні, калі таварышы былі добра ўзброены, былі для іх самымі цяжкімі за ўвесь час жыцця на востраве. Яны нават дайшлі да таго, што адважыліся пакаштаваць хрушчоў. Пасля жаб гэта было ўжо не страшна…
Нарэшце хлопцы зноў парашылі забіць бабра і пайшлі да іх паселішча. Але проста забіць ці злавіць не было магчымасці, а разбураць другую хатку яны не адважыліся: добра, каб напэўна злавілі, дзеля гэтага яшчэ можна папрацаваць, а калі не?… Тады давялося б дарэмна не толькі разбураць, але і зноў папраўляць хатку, бо пакідаць слядоў па вядомай прычыне нельга было. У дадатак да ўсяго, хлопцы прыпомнілі, што і наогул нядобра было б крыўдзіць сваіх сапраўдных дабрадзеяў.