Панi старшынiха прыехала (на белорусском языке)
Шрифт:
– Выкруглiлiся, - Мiкодым ужо стаiць з кiем, пiльнуе кароў ад загарадзi, каб каторая ўпраўнейшая ў калгасныя буракi не джганула. Глядзi, Чэсiк, каб цябе сёння дзяўчаты-даяркi не папацалоўвалi - каровы гэтулькi малака дадуць, - дражнiць Чэсiка Мiкодым.
– Начорта яны мне, - агрызаецца Чэсiк.
– Дурны... "Начорта". Гэта дзяўчаты начорта? Ого, брат, каб я меў столькi гадоў, як ты, я б пахадзiў каля iх...
– Ну, дык i хадзеце...
– гэтыя дурныя Мiкодымавы жарты кожны раз толькi ўзлуюць Чэсiка: патрэбны яму гэтыя дзяўчаты! I каб не слухаць Мiкодыма, Чэсiк займае кароў i
Мiкодым iдзе ззаду чарады i толькi пасмiхаецца ўслед Чэсiку: дурны то дурны, а бач, губа не дура - упадабаў панi старшынiху...
У лесе Чэсiк украў у сiнiцы-дуплянкi пяць маленечкiх блакiтных яек. А на пасадцы назбiраў салодкiх духмяных сунiц. Яйкi ён загарнуў у шырокi кляновы лiст i палажыў iх запазуху - так не забудзеш пра iх i не парасцiскаеш. А сунiцы насiў, насiў у прыгаршчах, а потым даўмеўся высыпаў iх у шапку...
I вось, прыгнаўшы каровы на ранкi, Чэсiк крадком абмiноўвае чырвоны куток на калгасным двары (каб дзяўчаты-даяркi не заўважылi - яны нiколi не даюць яму праходу...), крадком уцякае ад Мiкодыма, хоць звычайна дадому iдуць яны разам. Сёння ў Чэсiка iншы клопат, i ён як быў з ранiцы ў плашчы i цяжкiх гумавых ботах, так i iдзе ў суседнюю брыгаду, дзе кватаруе iх старшыня калгаса i куды ўчора прыехала панi старшынiха...
Чэсiк iдзе сцежачкай мiж высокiх жытоў i ўяўляе сабе, як прыйдзе вязаць у жнiво гэта жыта пасля жняяркi панi старшынiха. I як ён, Чэсiк, таксама прыйдзе сюды i будзе, як i летась, памагаць ёй зносiць снапы (каб яна ног не пакалола iржышчам) i ставiць iх у бабкi... А да жнiва яшчэ, як пачнецца касьба, як пачнецца грэбля сена, ён таксама будзе ладаваць за панi старшынiху ладкi i будзе насiць за яе копы да стога (каб у яе сярэдзiна i рукi не балелi)... А пачнуць некалi лён бiць на таку - ён i на лён будзе хадзiць, будзе памагаць бiць... Ён не тое што бабы: ляп-ляп пранiкам - i знаку нiякага няма...
Захапiўшыся разважаннямi, Чэсiк не заўважыў нават, калi ён прыйшоў да старшынёвай хаты. Ён зайшоў з прыгумення, агародамi i, не адважваючыся зайсцi на двор, стаiўся за хлеўчыкам... Вось выбег з хаты i пагнаўся за катом бялявы хлапчук. Чэсiк пазнаў яго (панi старшынiшын сынок Коля) i памацаў у сябе за пазухай, цi не парасцiскалiся яечкi... Неўзабаве за Колем старшынёва гаспадыня цётка Ганька вынесла нейкi белы скрутак (Чэсiк не разабраў добра: дзiця, цi што?) i схiлiлася з iм над каляскай, што стаяла ў цяньку пад iгрушай-сапяжанкай. Скрутак раптам заварушыўся i заплакаў. (Чэсiк упэўнiўся: дзiця. Толькi дзе яна ўзяла яго, гэта старая Ганька?) Цётка Ганька загойдала каляску.
У гэты час расчынiлася насцеж акно на старшынёвай палавiне, i голас, якi Чэсiк пазнаў бы за светам, паклiкаў:
– Коля! Iдзi, сыночак, выпi цёпленькага малачка.
– Ай!
– адказаў Коля, аберуч трымаючы ката.
А цётка Ганька таксама сказала Колю:
– Iдзi, дзеткi, выпi кубачак.
Але ёй таксама Коля адказаў "ай" i пабег з катом на вулiцу. А голас, ад якога ў Чэсiка закалацiлася ўсё ўсярэдзiне, зноў сказаў з хаты:
– Цётка Ганька, не трэба яе калыхаць. Я яе буду зараз кармiць. Дома я яе нiколi не калышу.
Чэсiк здагадаўся: значыць, гэта панi старшынiшына дзiця. А летась яго не было...
А потым з хаты выйшла сама панi старшынiха. Сонца свяцiла ёй проста ў вочы, i яна спынiлася на ганку, зажмурылася, засмяялася i, як маленькая, працягнула насустрач яму рукi...
– Ой, цётка Ганька! Як тут у вас добра, як хораша!
– усклiкнула яна.
Яна не была ўжо такой тоненькай, як летась. I залатыя валасы яе ўжо не плылi па спiне хвалямi, а былi закручаны ў вузел i заколаты на патылiцы шпiлькамi. I плацце на ёй было другое. Летась яна цэлае лета хадзiла ў белым... Але Чэсiк не заўважыў гэтае рознiцы. Чэсiк нiчога не заўважаў.
Не зводзячы з панi старшынiхi воч, ён раптам i сам засмяяўся i зажмурыўся. I, не выпускаючы шапкi, працягнуў рукi насустрач панi старшынiсе...
– А ў горадзе цяпер такая гарачыня, такая пылiшча!..
– яна лёгка збегла з ганка i нагнулася над каляскай.
– Есцi хоча, - зноў засмяялася яна - ужо да дзiцяцi.
I Чэсiк зноў таксама цiха засмяяўся.
– Дзiва што хоча. Не пара хiба... У нас дык пра гэтыя гадзiны нiхто i вухам не вядзе. Захацела дзiця есцi, дык мацi ўзяла ды дала яму цыцку. А вы там у горадзе, вучоныя, усё па гадзiнах ды па кнiгах i кормiце i спаць кладзяце...
Дзiця зноў заплакала, i, сеўшы тут жа на траву, панi старшынiха расшпiлiла сукенку i пачала кармiць яго грудзьмi. Дзiця ссала прагна, круцячы ад асалоды i задавальнення галоўкай i тыцкаючыся носiкам у цёплыя матчыны грудзi.
– Бач, выгаладалася, - цётка Ганька пастаяла яшчэ хвiлiнку i пайшла ў хату.
А Чэсiк усё не мог крануцца з месца, усё стаяў за хлеўчыкам i як зачараваны глядзеў на панi старшынiху.
У гэты час з плачам прыбег з вулiцы Коля, са свежай драпiнай на шчацэ.
– Мама... мяне коцiк!..
– А я табе колькi разоў казала - не бяры коцiка на рукi, не цягай яго... Ён не любiць гэтага.
– Я толькi хацеў пакупаць яго ў сажалцы.
– А ён цябе прасiў купаць яго?.. Ну, хадзi сюды. А то напужаеш маленькую.
Размазваючы рукой па твары слёзы, Коля падышоў да мацi i ўмасцiўся ёй на другое калена. Яна абняла яго адной рукой, але яму так было нязручна, i ён сярдзiта ўзвалiўся на сястру. Мацi лёгенька адапхнула яго, але ён, яшчэ больш закапрызiўшы, стукнуў маленькую па голаму сцягенцу. Маленькая зацялася ад болю, а мацi сярдзiта сапхнула Колю на траву.
– Ты што гэта! А ну - iдзi прэч ад мяне... Я не люблю такiх нядобрых дзяцей.
– Ай!
– зароў Коля i зноў палез да мацi на каленi, абхапiў яе за шыю i таксама прыцiснуўся да грудзей.
– I я хачу-у-у...
– Ну, пачакай, пачакай...
– зразумела яго мацi.
– Вось накормiм сястрычку, паложым яе ў каляску, i тады мы будзем з табою...
Але Коля не хацеў нiчога слухаць.
– Яна брыдкая!
– зноў замахнуўся ён на сястру, але мацi ў час спынiла яго руку.
– Ды не... Яна проста маленькая яшчэ i дурненькая... А ты ж у нас ужо вялiкi, ты ў нас разумны...