Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
Шрифт:
Пакуль тыя сарванымi галасамi спынялi пяхоту, Палкаводзец узiраўся ў поплаў i асаблiва далей, па той бок рэчкi, дзе зь ляска выпаўзалi сьветлажоўтыя нямецкiя танкi. Палкаводзец ужо сустракаўся зь iмi i ведаў, што гэта ён рашучымi дзеяньнямi свайго войска змусiў нямецкае камандаваньне перакiнуць iх з Афрыкi, дзеля якой яны i былi афарбаваныя ў колер пустынi. Але тут iм не пустыня, тут найчасьцей балоты. Раз-пораз яны бiлi з гарматаў па берагах ракi i па пехацiнцах па гэты бок. Ад выбухаў калацiўся пагорак...
Поруч i асаблiва ззаду за Палкаводцам з насьцярожаным выразам на тварах ляжала чалавек
Здаецца, байцы аховы ўсё ж затрымалi пярэднiх бегуноў i неўзабаве вывелi з сасоньнiку двух задыханых, перапалоханых пехацiнцаў з даўгiмi трохлiнейкамi i прымкнёнымi да iх штыхамi. Неяк выкараскаўшыся з-пад агню, уратаваўшыся ад нямецкiх танкаў, тыя, падобна, мала разумелi, што адбываецца, навошта яны спатрэбiлiся гэтаму камандзiру з суровым зацятым тварам. "Пачаму бяжалi? строга кiнуў Палкаводзец, нiшчачы позiркам абодвух - высокага i нiзенькага, амаль мiзэрнага салдацiка ў аблепленых тваньню абмотках.
– Пачаму бяжалi?" Пехацiнцы ашалела дыхалi i маўчалi, тады Палкаводзец махнуў рукой - ня так iм, як камусь з аховы: "Здаць аружыя!"
Мабыць, то быў пэўны сыгнал, двое ў бушлатах з аховы вырвалi ў байцоў вiнтоўкi i люта штурханулi абодвух. Меншы адразу ўпаў, штось заякатаўшы, а большы пачаў бязглузда, спалохана мовiць: "Што, што?" З гэтым "што" iх i затаўклi ў сасоньнiчак, далей ад вачэй Палкаводца, адкуль яны ўжо не паказалiся.
Тым часам старэйшы сяржант з аховы прывёў да Палкаводца i афiцэра са "студэбэкера". Паранены, з абвязанай галавой, на сваю бяду ратуючы гармату, той перабраўся цераз рэчку, як яму, мабыць, здавалася, на выратоўчы пагорачак. То быў старэйшы лейтэнант з ордэнам Айчыннай вайны на грудзях i перакручанай дзягай, на якой матлялася, вiдаць, пустая ўжо кабура. Згледзеўшы Палкаводца, ён паспрабаваў аддаць рапарт:
– Таварыш камандуючы...
Палкаводзец перабiў яго тонам, ад якога зацiнала мову ня толькi ў камбатаў:
– Дзе батарэя?
– Батарэя загiнула, таварыш ка...
– Ах, загiнула?
– зусiм ужо вызьверыўся Палкаводзец.
– А чаму ты, гаўнюк, не загiнуў?
– Ды я...
– Дакумэнты!
Бруднымi ад тванi i сьвежай крывi рукамi старэйшы лейтэнант расшпiлiў гузiк гiмнасьцёркi i дастаў некалькi кнiжачак - афiцэрскае пасьведчаньне, партбiлет, рэчавую кнiжку. Iх у яго тут жа выхапiў старэйшы сяржант, перадаў трыбунальцам.
– Расстраляць!
– халодна кiнуў Палкаводзец.
– Таварыш камандуючы!..
– сiпавата выгукнуў афiцэр i асекся - Палкаводзец ужо азiраў поплаў, а старэйшы сяржант ускiнуў да грудзей новенькi варанёны, з ражковым магазiнам ППС, якiя толькi што прыбылi на фронт i якiмi ў першую чаргу ўзброiлi ўчора ахову Палкаводца. Старэйшы сяржант адвёў камбата ў сасоньнiчак, дзе неўзабаве ляснуў нягучны адзiночны стрэл.
Старшыня трыбуналу i сакратар, мiж тым, лiхаманкава афармлялi пастанову. Шапка блянку судовага разгляду была ў iх нарыхтаваная загадзя, заставалася ўпiсаць канкрэтныя прозьвiшчы i штось дапасаваць адно да аднаго. Лежачы, маёр нахiлiўся блiжэй да сакратара, якi яму зачытаў: "Вайсковы трыбунал вайсковай часьцi нумар... у адкрытым паседжаньнi разгледзеў справу па абвiнавачаньню... Як яго там?"
– Старэйшага лейтэнанта Бязуглава, - падказаў маёр, зазiрнуўшы ў пасьведчаньне.
– А таксама радавых Андрэева i Цявелька...
– Андрэева i Цявелька, - пiшучы, паўтарыў сакратар.
– I прысудзiў памянёных да...
– Да вышэйшай меры пакараньня, - падказаў маёр.
– Прысуд...
– вымавiў сакратар.
– ... Прыведзены ў выкананьне, - трывожна азiрнуўшыся, падказаў маёр. Ён, вiдаць па ўсiм, пачаў сьпяшацца: справы iхныя на гэтым месцы цi не канчалiся. Тым болей, што нямецкiя танкi, мабыць, падышлi ўжо да рачулкi - нешта дужа дрыжэла ўнiзе пагорка. У той час i сапраўды грымнула дужа блiзка - на верасок i хвойкi сыпанула зямлёй i пылам, абсыпала фуражку i плечы Палкаводца, паперы трыбунальцаў, якiя сакратар не пасьпеў засланiць. Энэргiчным рухам Палкаводзец страсянуў зь сябе пясок i ўскочыў.
– Ну, вы гатовыя там?
– Так точна!
– ускочыў маёр.
– Усiм да машынаў!
– кiнуў Палкаводзец i таропка падаўся з пагорка да свайго "вiлiса". За iм падхапiлiся трыбунальцы з байцамi аховы, усе дружна сыпанулi з хвойнiку да дарогi.
На тым месцы, дзе яны толькi што мясьцiлiся, застаўся стаптаны, абсыпаны пяском верасок ды дзьве кiнутыя з прымкнёнымi штыхамi драгункi. Здалёку праз гольле маладых сасонак праглядвала штось белае - цi ня бiнт на скрываўленай галаве няўдалага камбата. З поплаву даносiлася дружная стралянiна, мабыць, там усё ж ладзiлася якая-нiякая абарона.
Камандуючы навёў парадак - нямецкiя танкi тут не прайшлi.
ПАДОРАНАЕ ЖЫЦЬЦЁ
Бываюць у жыцьцi выпадкi, значэньне якiх праяўляецца не адразу, а спакваля, праз таўшчыню гадоў, i асэнсоўваецца на працягу ўсяго жыцьця. Некаторыя ж, што сьпярша здаюцца важнымi i значнымi, хутка, аднак, страчваюць тую значнасьць; iншыя набываюць яе праз гады. I толькi нешматлiкiя застаюцца нязьменнымi ў сваёй iмпэратыўнай каштоўнасьцi. Пра адзiн з такiх выпадкаў мне i хочацца распавесьцi, мiж iншым, больш чым праз паўстагодзьдзя, як ён адбыўся.
Тое здарылася ў часе мiнулай вайны, зiмой 1944 году, на Ўкраiне.
У цяжкiх баях Чырвонай Армii з вэрмахтам наша дывiзiя трапiла ў цяжкое становiшча, нямецкiя часткi нанесьлi ёй моцны контрудар, занялi некалькi сёлаў у тыле. Стварылася пагроза абкружэньня, што, вядома, было адной з найбольшых небясьпекаў у тую вайну. Я быў паранены ў нагу i ня мог хадзiць. Ноччу нас, некалькiх параненых, спрабавалi вывезьцi на бранi танкаў, але дарога ў тыл аказалася заблякаванай. У нейкiм сяле параненых сьцягнулi з танкаў i перанесьлi ў сялянскiя хаты. Танкi пайшлi далей. На прарыў.