Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
Шрифт:
Яны зноў пiхнулi. На гэты раз па камандзе i з усяе сiлы, у Фэлiкса Грома ад болю аж пацямнела ўваччу. Побач, адчуваў ён, нямала высiльваецца i белагвардзеец-буржуй Валяр'янаў, - мабыць, таксама пабойваецца чэкiста. Хоць, калi падумаць, чаго ўжо было iм баяцца, куды iмкнуцца? Наперад, да свае сьмерцi? А можа, справа ў тым, што кожны быў пастаўлены перад просьценькiм выбарам, дзе лепей легчы - у пясчаную сухую зямельку цi ў гэтую багну, ад якой у яшчэ жывых да каленяў задубелi ногi. Так можна i прастыць, з iронiяй вiсельнiка падумаў паэт Фэлiкс Гром. Свой катафалк яны ж самi i штурхалi да месца паховiн. Гэта было штосьцi новае
– Раз, два - узялi!... Ану - рушылi! Яшчэ раз! Яшчэ!
– дзiкiм голасам крычаў побач Косьцiкаў.
– Не адлыньваць! Дужэй! Яшчэ дужэй!...
Разы два ён пальнуў угару зь пiсталета, прымусiўшы здрыгануцца iх, спатнелых i ўжо дашчэнту зьнясiленых. "Давай! Давай!" I во, дзiва - машына трохi скранулася. Яны, узрадаваныя, паддалi яшчэ болей, напялiся рукамi i нагамi, i яна трохi пасунулася, папаўзла ў тванi. Тыя, што былi пасярэдзiне Гром i Валяр'янаў, улезьлi ў самую глыб, але не адступiлiся, не прыбралi ад буды рук. I ўрэшце ўсе разам выпхнулi перапэцканую гразёй машыну з самага глыбокага месца. Хоць гразка было скрозь па дарозе, але ўшчэнт раскаламучаная лужына засталася ззаду, i яны зьнямогла спынiлiся.
– Ну во, такую вашу маць!
– амаль ласкава вылаяўся памкамэнданта.
– Што значыць, умелае кiраўнiцтва! А то - аслабелi, сiлы мала... Прымусiць трэба! Дзесяць мiнут перакур!
– аб'явiў ён i адышоўся на сушэйшае каля канавы месца.
За iм нерашуча павылязалi з гразi асуджаныя, пакорлiва стоўпiлiся побач. Чэкiст засунуў пiсталет за борт шыняля i вынуў з кiшэнi пачак "Беламору". Найперш, як сябру, працягнуў пачак Сурвiлу.
– Частуйся...
Той гразкiмi пальцамi ашчадна дастаў з пачка адну папяросу, зважлiва прыкурыў ад падстаўленай у прыгоршчах запалкi. Над дарогай паплыў араматны тытунёвы дымок.
– За ўдарную работу па лiквiдацыi ЧП пры выкананьнi заданьня аб'яўляю благадарнасьць, - з фальшывай урачыстасьцю аб'явiў Косьцiкаў.
Асуджаныя нiбы страпянулiся на дарозе ад тых даўно сьцёртых з памяцi словаў, адчуўшы ў iх пранiзьлiвы водгук назаўжды адрэзанага ад iх жыцьця. Тут i цяпер яны зразумелi тое як жарт, але й жарт быў адзнакай жыцьця, недасяжнасьцю якога нiбы дражнiў iх гэты незразумелы чэкiст, чым рабiў iм яшчэ больш балюча.
Адзiн толькi Шастак, здаецца, гатовы быў усур'ёз прыняць сказанае.
– Дзякуй, таварыш... Грамадзянiн начальнiк. Каб гэта залiчылася...
– Залiчыцца, залiчыцца, - няпэўна паабяцаў памкамэнданта.
– На тым сьвеце, - ухмыльнуўся Сурвiла.
– Чаму на тым?
– не пагадзiўся ягоны калега.
– I на гэтым. Я вам прадастаўлю самую лепшую ямку. Сухую, з жоўтым пясочкам... Ня горш, чым ударнiкам сацыялiстычнага спаборнiцтва.
Было не зразумець, казаў ён тое сур'ёзна цi хiтравата зьдзекаваўся зь iх, у ранiшнiм прыцемку быў кепска вiдаць выраз ягонага заўжды жвавага маладога твару. Але голас здаўся зусiм памяркоўным i добразычлiвым, i тое мiжволi заспакойвала.
– Ну але ж во я - невiнаваты, - ступiў наперад Шастак.
– Ну, праўда. Во той сьледчы таварыш Кутасаў ведае. Я ня шкоднiк.
Косьцiкаў смачна зацягнуўся папяросай i разважна выпусьцiў даўгi струмень дыму.
– Ну ведама, невiнаваты. Калi б ты быў вiнаваты, табе б на сьледзтве кiшкi выматалi. Косьцi б пераламалi. Жонку б на тваiх вачах таго... Калi б быў вiнаваты. А так - спакойна застрэлiм на сасновым пагорачку. I ўсё. Праўда, буржуй?
– раптам зьвярнуўся ён да Валяр'янава, якi стаяў трошкi збоч ад астатнiх.
Падобна, ён хацеў зачапiць Валяр'янава, але той не адказаў на ягонае пытаньне. Ды ён яго й не пачуў, гэтага маладога, самаўпэўненага чэкiста. Ён ужо нямала пабачыў iх на сваiм вяку, пачынаючы зь дзевятнаццатага году, калi яго расстрэльвалi ў Алушце. Ён думаў пасьля, каб тады расстралялi, дык не было б тых пакут i прынiжэньняў, якiя ён перажыў за ўсе наступныя свае гады. Але ў Алушце не расстралялi. Толькi давялi да дыстрафii i выпусьцiлi памiраць самахоць. I гэта пратрымаўшы тры тыднi сярод паўсотнi былых афiцэраў Добраахвотнiцкай армii ў сырым вiнным склепе бязь ежы i вады, не выпускаючы па натуральнай патрэбе. Гэтае апошняе дапякала Валяр'янава болей за голад i смагу, ён доўга ня мог прызвычаiцца хадзiць па-большаму i малому на вачах у натоўпу розных чынам i векам людзей i ўжо тады зразумеў нялюдзкую сутнасьць чэкiстаў. Яны - нелюдзi, так i трэба было iх разумець, калi толькi нармальным розумам магчыма было што зразумець. Родны брат Валяр'янава, мiлы паручнiк Аркадзь Аркадзевiч, так i не зразумеў, мабыць, з кiм мае справу - гарачыўся, пратэставаў, спрачаўся. I звар'яцеў. Прыстрэлiлi, бы сабаку, i кiнулi ў прыдарожны быльнёг. Ён жа вось выжыў галоўным чынам таму, што не пратэставаў, нiколi нi з кiм не спрачаўся, паводзiў сябе нiжэй за траву, цiшэй за ваду. Зрэшты, i чаго дачакаўся? Таго ж, што i брат. Толькi гадоў на пятнаццаць пазьней. Цi варта было ашчаджацца?
Тым часам пачало днець. Абапал дарогi выплыў са змроку восеньскi палявы прасьцяг з пагорачкам зводдаль i прыдарожным хмызьняком паблiзу. Зьверху то iмжыў, то пераставаў дробны дождж, з поля дзьмуў вiльготны заходнi вецер. На пагорак бегла гразкая разьежджаная дарога з налiтымi дажджом каляiнамi. Гараджане тут езьдзiлi нячаста, а каляiны былi ад машын наркамату ўнутраных справаў, якi толькi й карыстаўся той дарогай. Асаблiва ноччу. А то, бывала, i ўдзень, пад час маскоўскiх праверак, калi ў горадзе тэрмiнова разгружалiся турмы.
Тое, што Валяр'янаў нiяк не адрэагаваў на заўвагу, не спадабалася Косьцiкаву.
– Ты, буржуй! Да цябе абрашчаюцца!
– Я чую, - цiха, аднымi вуснамi адказаў Валяр'янаў.
– Дзяч маёй дабрынi. Хацеў прыстрэлiць.
– Дзякуй...
– Во! А то не напомнiш - не падзякуюць. Буржуйская нявыхаванасьць...
– Да сваiх яны дык дужа добра выхаваныя, - падхапiў Шастак.
– Усё: благадару, благадару...
– Да сваiх. Але не да пралетарыяту, - заўважыў Сурвiла.
– Пралетарыiiхныя ворагi.
– Мабыць, мала стралялi, - сказаў Шастак.
– Стралялi ня мала. Але ўсiх яшчэ не перастралялi. Усё за вiной гналiся. За даказацельствамi i прызнаньнем. Болей паперкi пiсалi, - як пра штось набалелае, з горыччу зазначыў Сурвiла.
– А што пiсаць?
– зьдзiвiўся Шастак.
– Хiба адразу не вiдаць: контра. Во гэты: камiзэлька, гамашы, кавэркот...
– Можа, яшчэ i гальштук завязваў?
– прыгожа заўсьмiхаўся Косьцiкаў.
– Завязваў, - цiха адказаў Валяр'янаў.
– Як кожны iнтэлiгентны чалавек...