Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
Але Маша не пачула. У вуха ёй горача дыхнуў Славiк:
– Хочаш, я зраблю табе дзiця?
– i зноў дакрануўся рукой да калена.
Цынiчны шэпт яго i дотык абразiлi дзяўчыну, i яна здзейснiла сваю пагрозу - пляснула яму па твары. Не моцна. У другiх абставiнах магло б сысцi за жарт. Але ў той момант аплявуха прагучала, як гарматны стрэл.
Аглушыла i сталых i маладых. На мiг усе застылi. Першая падхапiлася Iра. Крыкнула брату:
– Хам!
– i выскачыла з-за стала.
Пагрозлiва павольна падняўся Шыковiч. Жонка паспрабавала стрымаць яго, ён тузануўся ўсiм целам, як бы вырываючыся. Але сказаў спакойна, амаль весела:
–
Толькi ў пакоi Кiрыла павярнуўся i ўбачыў, што Славiк стаiць на парозе, засунуўшы рукi ў кiшэнi штаноў. Такая нахабная пастава яшчэ больш абурыла.
– Падыдзi блiжэй!
– працадзiў ён праз зубы.
Славiк, iранiчна ўсмiхнуўшыся, не ступiў тры крокi, а, здавалася, павольна прасунуўся, як на лыжах. Магчыма, каб не такая яго ўсмешка, усё было б, як многа разоў дагэтуль: успыхнуў бы феерверк гнеўных слоў i... патух. Нi разу Кiрыла не падымаў на сына руку. Не мог, бо любiў яго. Але тут сарвалася апошняя кропля цярпення.
– Рукi з кiшэняў!
– грымнуў ён i, не дачакаўшыся, пакуль сын выканае загад, схапiў за адварот тэнiскi, iрвануў на сябе.
– Ты!
– I з усяго размаху садануў правай рукой у скiвiцу.
Славiк адляцеў да дзвярэй, ударыўся спiной аб вушак, споўз на падлогу, войкнуў, схапiўся за шчаку. У той жа мiг у дзвярах з'явiлася мацi. Загарадзiла сабой сына, замалiла да мужа:
– Што ты робiш, дурны? Пасаромейся!
– Змоўкнi!
– у страшэнным гневе закрычаў Кiрыла.
– Абаронца! Ты бачыш, да чаго давяла твая абарона? Шчанюк! Ты доўга будзеш ганьбiць добрае iмя бацькi, мацi, сястры? Хто цябе выгадаваў такога?!
– Не крычы! Людзi, - зморшчылася Валянцiна Андрэеўна, заклапочана схiлiўшыся над Славiкам, якi сядзеў нерухома, рукамi закрыўшы твар.
– Табе сорамна людзей, калi я крычу? А за яго табе не сорамна? Пашкадуй, пашкадуй яго, вытры соплi, ён табе не адну яшчэ пiлюлю падсуне. Герой! На што ты здатны? Што ты ўмееш? Толькi можаш, што паскудзiць, як шалудзiвы кот.
– А сам ты што ўмееш? Бiцца?
– праенчыў пiсклiва Славiк.
– Стары конь!
Недарэчнае пытанне i яшчэ больш недарэчная мянушка прагучалi надзвычай па-дзiцячаму, вырвалiся ад бяссiльнай злосцi i крыўды. Гэта расчулiла Шыковiча. Стала шкада сына i брыдка за свой учынак. Нiкога ў жыццi ён не бiў, нават калi быў хлапчуком, пазбягаў боек, часцей бiлi яго. А тут - выкiнуў з кабiнета Рагойшу, ударыў сына... Што здарылася? Нервы? Аднак, каб не раскiснуць, ён пагразiў:
– Я табе пакажу "конь"! Iдыёцкi жаргон! Разбэшчаныя шчанюкi!
– Злосна да жонкi: - На рукi яго вазьмi! Пакалышы. Соску дай. Пе-да-го-ог!
I выйшаў. На верандзе адчуў, як дрыжаць рукi, ногi, "сiгналiць" сэрца. Падумаў: "Так iнфаркт нядоўга схапiць".
А Славiк, пачуўшы, што бацька выйшаў, уткнуўся тварам у матчыны рукi, якiя хацелi падняць яго з падлогi, i... заплакаў. Зусiм па-дзiцячы, усхлiпваючы.
Хлопцы ляжалi на беразе ракi, на пясчанай касе. Грэлi спiны на стомленым ласкавым сонцы. Слухалi, як ззаду цiха плешчацца i журчыць вада, а наперадзе, на адхоне, шалясцiць лазняк. Вецер сцiхаў - i ўсё сцiхала, лагаднела, утаймоўвалася: вада i лес, птушкi i чалавечыя страсцi. Нават ластаўкi, што гняздзiлiся ў абрыве, лёталi без заўсёднай
– Хлопцы, хто ведае, як называецца гэтае прыгожае птушанятка?
Маўчанне.
– Нiхто не ведае? Косця?
– Шчурка.
– Дакладна? Маўчыш? Як мала мы ведаем!
– Дарэмна ты, Тарас, пацягнуў нас на гэтую куркульскую дачу, - прабурчаў Iван Ходас.
– Не папракай!
– крыкнуў Косця.
– Я не папракаю.
Тарас маўчаў. Ён думаў пра Машу. Здзiўляўся: "Чаму я думаю пра яе? Дзiўна. Што дала аплявуху таму шалапуту? Яму варта. Але не гэтак. Не да месца было. Сапсавала абед, настрой усiм... I сабе".
Як задрыжалi яе вусны, калi Шыковiчы адзiн за адным - сам, Славiк, мацi пайшлi ў дом, а Iра i Яраш пачалi прасiць у яе прабачэння. Тарас бачыў, як крывiлася Галiна Адамаўна, яна асуджала Машу, асаблiва ёй не падабалася, што муж просiць у сваёй падначаленай прабачэння. Майзiсы адразу пачалi збiрацца дадому. Хлопцы падзякавалi Ярашам i, вылезшы з-за стала, тут жа знiклi. З Машай яны не развiталiся. Чаму? А цяпер маўчаць. Ну i да д'ябла, няхай маўчаць.
"Завошта яна пляснула яго? Што ён такое сказаў?"
– Куды ён хоча падацца цяпер?
– Хто?
– Гэты... "атамшчык".
– Славiк? Не ведаю.
– А навошта яму куды падавацца? У бацькi грошай хопiць.
– Не думай дрэнна пра Шыковiча. Гэты чалавек правiльны.
– А сынок?
– Чорт iх ведае, адкуль яны бяруцца, такiя сынкi.
– Глядзiце, зноў коршак. Што ён выглядае?
– Шкада, што не паслухалi Яраша. Пра што ён хацеў расказаць?
– Хлопцы! А давайце возьмем яго ў сваю брыгаду!
Косця, падцягнуўшыся на руках, прасунуўся наперад i сеў, павярнуўся да хлопцаў, каб бачыць iх твары.
Тарас падняў галаву i паглядзеў: сур'ёзна ён? Маленькi, але ладна збiты, загарэлы, чорны, Косцiк сядзеў на пяску, як будыйскi бажок; блiшчалi зубы i гарэлi вочы - прыкмета таго, што ён гатовы да знямогi абараняць сваю iдэю. Iван Ходас глянуў на яго адным вокам i свiснуў у пясок, выдзьмуўшы ямачку.
– Не хапае табе дзярма?
– А што? Калi мы такая брыгада, то чаму не памагчы чалавеку стаць на верны шлях?
– Завод не школа-iнтэрнат.
– Сябры, цiкавая з'ява - супрацiўленне матэрыялаў...
– Генрых, не трызнi. Цi захоча ён сам?
– спытаў Лапацiн i павярнуўся на спiну, тварам да сонца.
Тарас сеў. Косцева прапанова падабалася. Сапраўды, чаму б iм не ўзяцца за гэтага неўраўнаважанага юнака.
Генрых пiсаў пальцам на пяску доўгую формулу.
– Я пагавару з iм.
– Ты згодзен? Тарас?
– Iван так дзьмухнуў у пясок, што засыпаў Генрыхаву формулу.
– Вар'яты! Не бярыце на сябе ўсяго, зробiцеся пазёрамi. Я - супраць.
– Гаворыш, што камунiзм - гэта змаганне, а сам не хочаш лiшнi раз паварушыць рукамi i мазгамi. Як жа ты думаеш змагацца за такiх?..