Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
Першае, што ўразiла яго, - гэта спакой сябра. Там, у лесе, каля iх вогнiшча, расказваючы план аперацыi, Антон хваляваўся, бадай, больш i прызнаваўся ў гэтым. А тут - ходзiць, як упэўнены ў перамозе спартсмен. Хоць бы чым-небудзь выдаў сваю ўзрушанасць.
Кiрыла прыкаваў да яго позiрк.
"Не, не можаш ты быць такiм спакойным. На чым-небудзь сарвешся, выдасi сябе".
Аднак нiводная рыска не ўздрыгвае на твары хiрурга. Хiба толькi залiшне пiльна сочыць ён за калегамi i памочнiкамi, якiя таксама даволi спакойна поркаюцца каля апаратаў.
Апараты...
"Мая аперацыйная цяпер - што цэх".
Сапраўды, што цэх.
Вунь тая зялёная скрынка з лейкай, шкляным балонам, сiгнальнымi лямпачкамi, цi не той гэта апошнi цуд, па якi Яраш ездзiў у Кiеў, - апарат "сэрца - лёгкiя"?
Яраш нешта кажа сваiм памочнiкам. Лекары адказваюць незразумелымi Шыковiчу словамi.
Нечакана адчыняюцца другiя дзверы. Санiтары хутка i бясшумна падводзяць хворую i гэтак жа, да абразлiвасцi хутка, быццам нежывую, кладуць на аперацыйны стол.
А яна жывая. Яна звычайная. Нават прыгожая. Вялiкiя вочы, i ў позiрку iх не страх, а як бы здзiўленне i любаванне ўсiм, што ўгледзела. Зося Савiч! Шыковiч бачыць яе ўпершыню. А вобраз яе ўжо месяц жыве ў яго ўяўленнi - пасля таго як Яраш расказаў пра яе. Дзiўна. Менавiта такой яна i ўяўлялася. Да незапамiнальнасцi звычайная з твару. Маленькая жанчына, спакутаваная жыццём i хваробай... Але ён убачыў больш: схаваную, замураваную пакутамi прыгажосць, абаяльнасць i... мужнасць. Усё гэта цяпер толькi ў яе вачах, у яе позiрку.
Кiрыла ажно прыўзняўся, каб добра разглядзець твар жанчыны. Запомнiць. Цi ўбачыць ён яе, жывую, другi раз?
Яраш, усё такi ж спакойны i велiчны, прыветлiва кiвае ёй галавой. У адказ яна заплюшчвае вочы: маўляў, я ўсё разумею, не турбуйцеся, я на ўсё гатова. Нiчога не сказаўшы, ён адыходзiць. Працягвае рукi Машы. Яна спрытна сцягвае пальчаткi i накрывае яго вялiкiя рукi салфеткай. Ён садзiцца. Ён адпачывае. Можа, апошнi раз прадумвае план аперацыi. А яго памочнiкi - лекары i сёстры не вельмi каб спешлiва падключаюць да хворай датчыкi апаратаў: пад спiну, да галавы, да рукi, да нагi... Правады, шлангi звiсаюць над сталом. Шыковiчу чамусьцi больш за ўсё кiнуўся ў вочы i запомнiўся маленькi апарацiк, якi надзелi Зосi на левае вуха. (Пасля ён даведаўся, што гэта аксiгемометр прыбор, якi вызначае насычанасць крывi кiслародам.)
Яраш расказваў яму пра назначэнне многiх апаратаў. Але цяпер у галаве ў Шыковiча ўсё пераблыталася. Ды прыборы i машыны яго нiколi не цiкавiлi. Цiкавяць людзi. Цяпер больш за ўсiх яна, Зося. I лекары. Здавалася, злачынна павольна яны ўсё робяць. Хiба можна ў такi момант быць такiмi марудамi? Хацелася крыкнуць Антону: "Чаму ты ўсеўся, як Буда? Падганi iх!"
У самога яго ўсё часцей i мацней б'ецца сэрца. Ён амаль пачынае дрыжаць ад хвалявання i нецярплiвасцi: хутчэй, хутчэй! Нарэшце Майзiс, першы асiстэнт, кiдае:
– Гатова, Антон Кузьмiч.
Толькi ў гэты мiг блiскае ў шырока расплюшчаных вачах Зосi iскра страху.
– Наркоз! Вера Паўлаўна!
– устае з табурэцiка Яраш.
Секунды - i павекi хворай цяжка апускаюцца. Яна засынае.
Над сталом загараецца велiзарнае кола бясценевай лямпы. Нехта адкiдвае прасцiну, i Шыковiч бачыць яе грудзi, залiтыя яркiм святлом, зусiм дзявочыя, па кулачку, - узгорачкi з ружовымi маячкамi на вяршынях.
Яму робiцца няёмка, як бывае няёмка глядзець на голую нябожчыцу. Ён пераводзiць позiрк на Яраша. Той падыходзiць да стала, хвiлiну пiльна глядзiць на хворую i раптам праводзiць пальцам пад левай груддзю, потым - ад падложачкi пад паху.
Вось так ён распаласуе ёй грудзi? Шыковiчу робiцца страшна. Дарэмна ён храбрыўся!
Скiраваць увагу на што-небудзь другое!
Шчоўкаюць апараты. На адным экранчыку бяжыць блакiтная стужка, як тая змейка ў бажоўскiм сказе. На другiм - маланкi, то ўзлятаюць, то падаюць, пiшуць ломаную крывую. Не, не адарвацца яму ад рук хiрурга! А ў гэтых руках ужо электраскальпель.
Шыковiч зажмурваецца, уявiўшы, як пырсне кроў, залье халаты лекараў, прасцiны. Але храбрыўся ён дарэмна, крывi ён сапраўды баiцца. Вочы падаюць на падлогу, на Машыны i Майзiсавы ногi ў белых панчохах. Нешта цiха патрэсквае, нiбы рвецца тканiна. Трэск мацнее. Пахне крывёю. Ён доўга баiцца глянуць на стол.
Першы позыў на рвоту. Але сорам i страх перамагаюць, i Кiрыла прымушае сябе падняць вочы, паглядзець, што робiць хiрург. I перад тым, што ён бачыць, на нейкi момант адступае ўсё iншае. Жывое чалавечае сэрца, пра якое ён так многа пiсаў, - вось яно, перад яго вачамi, у раскрытых грудзях. Невялiкае, трапяткое, а галоўнае - жывое! Пульсуе, б'ецца...
Кiрыла ажно зноў прыўзнiмаецца над шырмай, цягнецца, каб лепей разгледзець гэтае цуда.
Зусiм iншы рытм работы хiрургаў i лекараў каля апаратаў. Цяпер усе спяшаюцца, усе - уважлiвыя i напружаныя.
– Цiск восемдзесят на пяцьдзесят.
– Стадыя ўзбуджэння...
Лiчбы. Словы. Шыковiч не ўнiкае ў iх сутнасць. Ды каб i хацеў, то не здолеў бы.
Маша спрытна мяняе Ярашу пальчаткi. I вось яго пальцы, тоўстыя, але чулыя, абмацваюць сэрца. Удакладняюць дыягназ. Вось сэрца ляжыць на яго шырокай далонi. Жывое сэрца на далонi! I б'ецца, б'ецца, нiбы хоча вырвацца.
Але ў другой руцэ хiрурга блiскае скальпель... I гэтая сталь над жывым сэрцам, яна вiнавата ва ўсiм.
Калыхнулася сцяна аперацыйнай, паплылi ўбок хiрургi. Але Кiрыла зноў перамог сябе i надзвычай асцярожна, каб нiкому не перашкодзiць, прыцiскаючыся да сцяны, рушыў да дзвярэй. Як яны далёка, дзверы! У жоўтым тумане. Але ён дабраўся да iх, адчынiў. Нехта спытаў:
– Вам блага?
Ён вiнавата ўсмiхнуўся:
– Не.
Павярнуўся туды, куды глядзелi ўсе, - да экрана тэлевiзара. I зноў убачыў яго, сэрца. I ўбачыў нешта зусiм жудаснае: тоўсты палец праткнуў яго, маленькае, здалося, ужо нерухомае, нежывое.