Што яны страцiлi (на белорусском языке)
Шрифт:
Якуб Колас
Што яны страцiлi
Калi вы скажаце, што гэта не праўда, а байка, дык я запытаюся: а дзе тая мяжа, што аддзяляе праўду ад выдумкi? I цi не бывае так, што выдумка ходзiць, як праўда, а чыстую праўду лiчаць за выдумку? А калi так, дык прашу слухаць уважна.
Каму прыходзiлася хоць раз пабачыць гэты куточак, той напэўна не забудзе яго нiколi. Гэта быў акраек лесу, таго самага лесу, дзе i цяпер стаяць такiя слаўныя дубы.
Не ведаю, як каму, а маiм героям, аб якiх павядзецца гутарка, жылося тут незвычайна весела. Яно, калi сказаць праўду, iначай тут i быць не магло, бо гэты куточак
Пад узгоркам блiшчала круглае возера, яно рухалася i пералiвалася, як жывое срэбра. Над саменькаю вадою цягнуўся прыгожы шляк сакаўной зелянiны. Тут былi высокiя, гладкiя сiтнякi i цэлыя зараснiкi аеру. Дзе-нiдзе пападалiся кучаравыя круглыя кусты лазы; сям-там пракiдалiся высокiя пышныя алешыны, а па суседству з iмi красавалiся дзве прыўдалыя хвоi: здавалася, што гэта дзве маладзiцы, што пайшлi па ваду ды загаварылiся, а загаварыўшыся, так i засталiся. Тут жа была i рачулка, бойкая i жвавая. Прыпынiўшыся ў возеры, зноў лiлася, павiвалася яна ў зялёнай далiне. Таксама заслугоўвае ўвагi i гэтая далiна, бо калi ўставалi грозныя цёмна-сiнiя хмары i грымелi далёкiя громы, яны незвычайна выразна кацiлiся-дрыгацелi па далiне, абабягалi возера. Калыхалiся тады палахлiвыя чароты, пагойдвалiся стройныя сiтнякi, нават сам лес таемна шапацеў чуллiвымi лiсточкамi-струнамi. Усё гэта злiвалася ў невыказна прыгожую музыку. Здавалася, увесь прастор напаўняўся тады спевамi i музыкаю, такою музыкаю, што нiякiя музыкi на свеце не маглi яе пераняць.
Была ранiца. Залатыя стрэлы сонца, рассыпаўшыся па ўсiм свеце, выносiлi новы дзянёк, той дзянёк, якi меў у сабе ўсе рысы самага лепшага лета. Мяккая, роўная, ласкавая цеплыня паволi разлiвалася па зямлi, а разам з гэтым i нейкая радасць уздымалася ў сэрцы тых, хто так цi iначай адчуваў жыццё.
– Сонца ўзышло!
– цiха i радасна абвясцiў усход сонца стары дуб на ўзгорку, i яго лiсце ледзь-ледзь задрыжала.
– Сонца ўзышло!
– шэптам сказалi дзве хвоi.
Гэтую вестку падхапiлi сiтнякi, чароты, аеры, i праз колькi хвiлiн стала вядома на возеры i на акрайку лесу, што ўзышло сонейка. Рачулка яшчэ далей панесла гэту вестку, i аб усходзе сонейка даведалася кожная красачка, кожная травiнка. Гэта быў незвычайна радасны момант абуджэння прыроды, асаблiва калi ў чыстых кропельках расы заззялi вясёлкi - тысячы, мiльярды вясёлак. Але гэта быў толькi адбiтак усмеху сонца.
Бабка-зялёнакрылка сядзела на чарацiнцы. Яе тоненькае стройнае цельца шчыльна прытулiлася да лiсцiка, малюпасенечкiя кропелькi расы ледзь-ледзь выступалi па крыльцах, i ёй цяжка было паварушыць iмi. Але абагрэла яе сонейка, абсохлi крыльцы. Зусiм ажыла, павесялела зелянушка-бабка, нiбы другi раз на свет нарадзiлася. Яна азiрнулася навокала, - ёй хацелася хоць каму выказаць сваю радасць, сваё шчасце, i калi пралятала тут ластавачка, дык яна не магла стрымацца, каб не сказаць:
– Давай пагаворым, ластавачка!
Ластавачка крута ўзвiлася над возерам, у iмгненне вока апiсала дужку, ледзь чыркнуўшы вострым канцом крыла па вадзе, ад чаго па возеры пабеглi срэбраныя абручыкi.
– Ах, як гэта прыгожа!
–
– Паглядзi, як бягуць, калышуцца роўненькiя кругi па вадзе! I гэта ты прывяла ў рух такое велiзарнае возера?! Дзiўная справа! I колькi хараства на свеце! Цi не праўда, ластавачка: жыццё - гэта самае большае шчасце на зямлi!
– Таму ж усе мы, зелянушка, любiм жыццё, - зашчабятала ластавачка.
– Ведаеш, якая мне прыйшла думка? Мне здаецца, што большага не можа быць шчасця, як адчуваць кожны момант, што ты вольны, можаш рабiць, што захочаш, можаш ляцець, куды табе зажадаецца.
– Так, зелянушка, - зашчабятала ластавачка, - я б дадала, што шчасце можа быць поўным толькi тады, калi ўсе вакол цябе адчуваюць сябе шчаслiвымi.
– Я цалкам далучаюся да гэтае думкi, - квакнула зялёная жаба.
– Вядома, вашэцi, так, - празвiнела муха, - калi я бачу, што ўсе вы вясёлыя, i мне таксама весела, дык ад гэтага толькi павялiчваецца паўната агульнага шчасця.
– Я лiчу немалазначным i той факт у агульнай складанасцi гэтага шчасця, калi да ўсяго iншага далучаецца i элемент мудрасцi, - важна зазначыў даўганосы камар.
– Тады i вызначэнне самога шчасця выходзiць з правiльнага пункту погляду. Дык няхай жыве весялосць, воля, агульная згода i мудрасць.
– Ах, якая цiкавая тэма размовы!
– азваўся матыль.
– Я з свайго боку дадаў бы, што шчасце таксама залежыць - нават у значнай меры - i ад хараства.
– Гэта справядлiва, гэта справядлiва!
– пацвердзiў чарнавокi конiк i заварушыў сваiмi прыгнутымi даўгiмi ножкамi.
– Выбачайце, шаноўнае грамадзянства, - забубнiў авадзень, - я трымаюся iншага погляду на рэчы. Скажыце, што станецца з вашым шчасцем, калi жывот будзе трубiць жалобу пустаты? Дзе тады дзенецца ваша весялосць? Што будзеце рабiць з вашаю воляю i як будзе тады стаяць справа з вашаю агульнаю згодаю? Бум-бум-бум!
– зарагатаў авадзень.
– Уся ваша мудрасць пакiруецца тады выключна ў бок вышуквання спосабаў запоўнiць пустату жывоцiка, а ўсё хараство пойдзе на скасаванне. Не, другi мае: каб быць шчаслiвым, трэба, каб i жывот пустым не заставаўся.
– Фi, авадзень! Як вульгарна выказваеце вы думкi вашы, - прамовiла, скрывiўшыся, сiнякрылая бабка.
– Так i вiдаць, што вы больш каля жывёлы ходзiце.
– У вас, бясспрэчна, ёсць здаровыя думкi, - падтрымаў авадня даўганосы камар.
– Але я таксама згаджаюся i з паннаю сiнякрылаю бабкаю, што гэтыя думкi маглi б быць выказаны i ў больш далiкатнай форме, тым болей у прысутнасцi такiх прыгожых дзяўчат.
Зялёнакрылая i сiнякрылая бабкi адарылi камара незвычайна пяшчотнымi поглядамi, ад чаго ён паварушыўся, дрыгнуў лапкамi i вельмi галантна пакланiўся iм.
– Я не люблю ахiнаць праўду ў прыгожыя пустыя словы, а бяру яе так, як яна ёсць, - адказаў авадзень.
– Што гэта ў вас за гармiдар такi?
– спытала мурашка i лапкаю абцёрла з iлба гарачы пот. Вiдаць, яна прайшла цяжкую дарогу, перабiраючыся з травiнкi на травiнку па розных кладках, пакуль прыпаўзла сюды.
Чарнавокi конiк у кароткiх словах пазнаёмiў мурашку са зместам агульнай размовы i ў заключэнне спытаў:
– А ваш якi погляд на шчасце?
Мурашка на момант злажыла на галаве дзве пярэднiя лапкi i задумалася. Падумала i сказала: