Слова сапраўднага лад
Шрифт:
Яўмен Ярыга з аповесці «Цвіце на Палессі груша» В. Казько ўвогуле не ўсведамляе сябе адстароненым ад прыроды, ён і з горада таму вярнуўся, хаця быў на заводзе выдатным спецыялістам. Але, як і ўсе яго аднавяскоўцы, ён браканьер. Рыбак і браканьер. Як усе, ловіць рыбу ў рыбгасаўскіх саджалках. Паводле вось таго самага жывучага стэрэатыпу. Звер — каб яго палявалі, рыба — каб яе лавілі, лес — каб яго секчы. І Яўмен — цудоўны чалавек. І аднавяскоўцы яго — не злодзеі. Але стагоддзямі засвойвалася ну не так каб спажывецкае стаўленне да прыроды, але досыць неагляднае. Была, ёсць, будзе. Здавалася, і багацце прыроды невычарпальнае. І раптам... Выявілася, тое, славутае, не чакаць літасці ад прыроды, браць...— аджыло, узніклі іншыя меры вартасцей. І да прыроды трэба літасцівымі быць. Але ва ўсведамленні чалавека яшчэ добра трымаюцца паняцці былога. Памятаеце, і ў В. Астаф'ева ў «Цар-рыба» ловяць рыбу мужыкі. Ловяць. Глушаць.
У В. Карамазава адзін з герояў рамана «Пушча», маленькі Юрась, пытаецца: «Дзед Гарох, а навошта небу столькі зорак? Дробным макам павысыпалі».— «Трэба, Юрась. Каб душа душу бачыла».— «І птушыную і звярыную?» — хоча ведаць хлопчык.
Вось гэтую і птушыную і звярыную душу ўмеюць адчуць нашы пісьменнікі вельмі тонка. Асабліва, мне здаецца, В. Карамазаў — калі мець на ўвазе яго «Пушчу», многія апавяданні, і В. Казько — у аповесці «Цвіце на Палессі груша» і ў рамане «Неруш». І. Пташнікаў — у яго «Алімпіядзе».
Гэта надае асобы каларыт, выразнасць уражання няпростай сацыяльнай праблематыцы гэтых твораў. Вось, здаецца, і душу расліны, і вады, і глебы разумеў Мацвей Роўда, галоўны герой рамана «Неруш». Аднак — адступіўся перад напорыстай нібыта бы відавочнасцю праваты — патрэбна зямля, а не балота, патрэбна паша, людзям патрэбны хлеб. Падалося не так і важным і маларэальным — парушэнне раўнавагі ў прыродзе. Вунь колькі балота з'ела жывога — здароўе людзей, зеляніна дрэў зніклі ў яго ўчэпістай твані. Нішчыць яго. Такая і назва ўзнікла — зона знішчэння.
В. Казько абвастрыў праблему, знарок стварыўшы сі- туацыю-«перевертыш». Асушвае балота меліяратар Мацвей Роўда, застаецца на асушанай зямлі старшыня калгаса Мацвей Роўда. І сам, па свае вочы, бачыць вынік адналінейнага, свайго і не свайго, гаспадарання на зямлі. Як патрэбна ёй разумная і дзейсная любоў, любоў сына, далікатная, пяшчотная і руплівая. Бачыць, што прыроду такі трэба пераўтвараць, дбаючы пра кожную дробязь. Прырода ўмее быць удзячнай, але ж і кара яе страшная. За дзесяцігоддзі не вернеш страчанае.
Мацвей Роўда пра гэта здагадваўся і да тарфяной віхуры, яшчэ падчас самога працэсу асушэння, слухаючы довады гідрагеолагаў, што Палессю «пастаянна, хранічна, катастрафічна не хапае» вады, што без рэгулявання ўзроўню грунтавых вод немагчыма разумнае «аблагароджванне зямлі». Але «Мацвей слухаў усе гэтыя спрэчкі і, здаецца, быў і не быў на той нарадзе». Бо яго клопат быў іншы, «просты і зразумелы», «датычыўся хлеба надзённага». Просты і зразумелы, таму што лёгка ўявіць клопат старшыні калгаса, што хоча зямлі, дырэктара рыбгаса — якому сажалка для рыбы патрэбна. А тут нейкія адцягненыя разважанні: грунтавыя воды, эрозія, карозія. Спрацоўваў той самы трывалы стэрэатып — браць у прыроды. не дзеля забавы ж — дзеля людзей. Іх дабрабыту.
Памылкі такія — у маштабах дзяржаўных — дорага каштуюць. І робяць іх героі зусім не адмоўныя. Станоўчыя? Так, як быццам — калі глядзець на асобу Мацвея Роўды з боку чыста этычнага. Пра людзей дбае, не пра ўласную карысць. Усім сэрцам любіць Палессе, родную вёску. Чалавек ён актыўнага, сацыяльна значнага дзеяння. Але ж як паглядзець на ляноту яго думкі? На жорсткую цану яго ўчынкаў?
Тут, трэба сказаць, героі «ваеннай» прозы звычайна набываюць перавагу. На вайне абставіны не прымаюць ні кампрамісу, ні нейтралітэту. Учынак у канкрэтнай сітуацыі выяўляе сутнасць чалавека. На вайне надзвычай ясная першапачатковая сутнасць канфлікту. Вораг — гэта вораг, здрада — гэта здрада. Першы крок да здрады — ён па сутнасці выключае магчымасць звароту. Ісціна відавочная. Учынак у канкрэтнай сітуацыі выяўляе сутнасць чалавека. Станоўчую ці адмоўную. Прычым выпрабаванне заўсёды за межамі побытавых эмоцый, наяўнае імкненне да гранічнай этычнай яснасці, да вырашэння найцяжэйшых супрацьлегласцей. Дарэчы, у творах «ваеннай» прозы апошняга часу змяніўся ракурс праблем, але засталася нязменнай духоўная сутнасць героя. Выяўляецца ўсё антымяшчанскае (згадаем гандлярку Шамякіна), надасабістае, усё, што можа ўзняць чалавека і ўзвысіць яго над самім сабой. І ў чым яшчэ найвялікшая сіла прыцягнення герояў ваеннай пары — гэта самыя звычайныя людзі, кожны можа суаднесці іх з самім сабой. Хаця б тая ж Сцепаніда са «Знака бяды». Яна ўсёй сістэмай сваіх жыццёвых дзеянняў увасабляе лепшае, па што здольны чалавек. Звычайны рэальны чалавек. Вывяраюць свае духоўныя сілы героі раманаў І. Чыгрынава. Знікаюць прыватныя вымярэнні. Пашыраюцца далягляды ўсведамлення. Думае селянін Парфён Вяршкоў пра лёс свайго народа, пра тых, хто да яго жыў на гэтай зямлі, пра тое, што давала сілы людзям, калі прыходзіў вораг. Думае пра тое, чым моцны яго народ. Асабліва востра адчувае сябе часцінкай народа Зазыба, адчувае асабістую адказнасць за лёс яго і за лёс сваіх аднавяскоўцаў. Ставяць сваё «я» ў суадносіны з гістарычным момантам героі І. Навуменкі і А. Марціновіча.
Што важна і пераканаўча, у залежнасці, зразумела, ад мастацкай выхаванасці: аўтары ідуць не, ад абстрактных разважанняў, не ад кніжных эксперыментаў — ад праўды жыцця. У тым ліку і А. Адамовіч, хаця ён дэкларуе хаду сваёй думкі не ў выглядзе сцвярджэння, у выглядзе адмаўлення (калі мець на ўвазе «Карнікаў»), адмаўлення страснага, жорстка арыентаванага на захаванне гуманістычных ідэалаў.
Героіка часу стварае гераічныя характары. Ці антыгерояў. Адкрытых. Ярка выяўленых. А вось галоўны герой шамякінскага рамана «Атланты і карыятыды» Максім Карнач і па натуры і па характару канфлікту — змагар, але сама па сабе прырода канфлікту тут, зразумела, іншая, чымсьці ў ваеннай прозе. Дылем на тую пару быць не магло. А тут перад Карпачом нармальныя савецкія работнікі. Тое, што сярод іх ёсць і чынушы, і бюракраты,— трэба давесці. І не заўсёды шляхам логікі. Канфлікт расцягваецца ў часе, бывае, што і на гады, імпульс — самазахавання, ці што?— спрацоўвае і ў карысць кампрамісаў. Але дзеля чаго кампрамісы? Які вынік іх сацыяльнай і чалавечай вартасці?
Сацыяльная і грамадзянская прырода кампрамісаў розная. Як розная мэта, дзеля чаго на іх ідуць. Скажам, заключэнне Брэсцкага міру (раман «Петраград — Брэст») — таксама кампраміс. Але кампраміс гістарычна неабходны. Дзеля захавання дасягненняў рэвалюцыі. Гэтага кампрамісу вымагалі і стратэгія і тактыка рэвалюцыі. Канечне, галоўны герой, які дзейнічае ў рамане, роўны гераічнаму часу, герой, што пазначыў сваім з'яўленнем цэлую эпоху ў гісторыі,— У. І. Ленін. Але геній, як вядома,— з'ява выключная. І выключныя падзеі, пра якія ідзе размова. Не проста экстрэмальны момант, момант, калі ствараецца гісторыя.
Кампрамісы ж Карнача — іншага сацыяльнага парадку — не вымагаюцца нейкай высокай мэтай. Гэта ўступкі самому сабе, сваім этычным, маральным высновам. Прыватныя палягчэнні; якія не падрываюць яго асноўных прынцыпаў. Не кампраметуюць іх, гэтыя прынцыпы, але драбняць асобу Карнача. Як чалавека і як грамадзяніна. Важна, аднак, што мы ўвесь час адчуваем канкрэтную сацыяльную, партыйную пазіцыю пісьменніка, які ідзе ад рэальнай рэчаіснасці. І спрабуе паставіць значныя праблемы, паказаўшы, як шкодзіць важнай справе і чалавечай годнасці нават часовае, нават у прыватным — прымірэнства. Паказвае — не між іншым — і тое, як складана быць непахісна непрымірымым чалавеку на адказнай пасадзе — столькі службовых і функцыянальных сувязей, столькі няпростых псіхалагічных сфер. Столькі супярэчнасцей і процілегласцей выдае неасабістае і асабістае жыццё. Але паказвае — і як гэта важна. Для ўсіх. Як важны яго светапогляд, яго культурны, этычны і псіхалагічны ўзровень. Як і ў таго ж Мацвея Роўды. Нешта ж у яго цэльнай, дзейснай натуры не спрацавала. Калі вырашаліся метады меліярацыі. Бо меліярацыя ж — не асушэнне балот, як часам гэта ўспрымаецца на ўзроўні побытавага разумення. Меліярацыя, нават паводле элементарнага тлумачэння слоўніка,— паляпшэнне, карэннае паляпшэнне зямель для сельскагаспадарчага карыстання шляхам асушэння балот, узмацнення сыпучых пяскоў, штучнага арашэння, дрэванасаджэнняў, наладжвання сажалак і вадаёмаў.
Вось тут і адыграла сваю ролю ўсё. І светапогляд — у першую пару вузкапрагматычны: даць хлеб. Сёння. Пра заўтра думалася, толькі катэгорыямі сённяшняга дня. І недахоп агульнай і прафесійнай культуры — развагі гідрагеолагаў успрымаліся не як канкрэтная дзелавая размова, а як адцягненыя разважанні пра далёкае, малаістотнае. І скіраваны на тое, што здавалася больш блізкім, этычны слых. Нахрапісты напор Шахрая. Маўляў, што там размазваць словы. Крышы, ламі, давай. Недахоп канкрэтных ведаў, непаслядоўнасць этычная — і вось яны, вынікі. У эпоху НТР гнасеалагічнае і этычнае непарыўна звязваюцца.