Слова сапраўднага лад
Шрифт:
Хаця — быць паслядоўным няпроста на любой пасадзе. Разумеючы як сваю жыццёвую выснову заўсёды рабіць да знясільвання — апынаецца на бальнічным ложку Алімпіяда І. Пташнікава. Губляе спачатку пасаду калгаснага брыгадзіра (яго выпраўляюць на пенсію), а потым ахвяруе і ўласным жыццём непрымірымы Сцяпан Дзямідчык з аповесці. А. Жука «Паляванне па Апошняга Жураўля». Сцяпан Дзямідчык вельмі востра адчувае свой доўг і свой абавязак — быць гаспадаром па зямлі. І ў высокім значэнні гэтага слова, і ў рэальным, канкрэтным. Яго хвалюе ўсё, што адбываецца ў калгасе. І ён не вагаючыся адстойвае свае прынцыпы. І прынцыпы нашага жыцця. З пункту погляду чалавека, які немалыя веды і немалы гаспадарчы вопыт набыў за доўгія свае гады. Ён адчувае неабходнасць адказваць за ўсё. Спрачаецца з няўдаліцай-спрытнягай старшынёй калгаса, не дае сапсаваць ураджай п'яным механізатарам, спрабуе перашкодзіць браканьеру, які палюе за няшчасным зайцам, шыбуючы на машыне па раллі. Са- цыяльна-актыўны, дзейсны станоўчы герой
Хаця цікавыя, нават значныя спробы ў засваенні праблем часу ў «гарадской» тэматыцы і пошуках героя робяць В. Блакіт, В. Іпатава, В. Гігевіч, У. Рубанаў і інш. З маладых — больш за ўсіх, мабыць, У. Арлоў. Хаця вельмі часта праблема ставіцца «доказам ад супрацьлеглага».
Апошнім часам размова пра героя ідэальнага, станоўчага, амбівалентнага вядзецца рознымі літаратарамі: Л. Анінскім, У. Гусевым, І. Дзядковым, А. Нуйкіным і інш. І з пазіцый ледзь не дыяметральна супрацьлеглых. Не падзяляючы многіх канкрэтных прыхільнасцяў і катэгарычных адмаўленняў абаронцаў традыцыйнага погляду на каштоўнасныя арыенціры, выпрабаваныя тысячагоддзямі,— цалкам падзяляю думку пра тое, што імкненне да ідэалу і ідэальнага героя натуральна ўласцівае чалавеку. Гэтае імкненне існуе ў псіхалогіі чытача. Нават зацятыя скептыкі, а не толькі дзяўчаткі і хлопчыкі ўзросту блакітных мар захоўваюць не заўсёды, можа, на паверхні, але ў тайніках душы вобразы Карчагіна, Овада, маладагвардзейцаў. Як не губляюць з цягам часу прывабнасці героі рыцарсцвеннага кшталту — шэвальо д'Артаньян, паэт Сірано дэ Бержэрак. У гэтым, мабыць, адна з прычын незвычайнай папулярнасці нашага Уладзіміра Караткевіча. Чытачам увогуле падабаецца ягоная прага незвычайных рэчаў і з'яў. Cupiditas rerum novarum. Да герояў і гераінь гэтага пісьменніка ніяк не дастасуеш сённяшнія спрэчкі: чаму фемінізуюцца і губляюць статус надзеі і апоры мужчыны, дзе ж падзеліся хараство і жаноцкасць кабет. У яго і сучасныя героі, і постаці з далёкай ці блізкай гісторыі — рыцары, характары эталонныя, адпавядаюць самаму ўзвышанаму ўяўленню пра чалавека. Жанчыны ў творах пісьменніка — заўсёды ўвасабленне прыгажосці духоўнай і фізічнай.
Галоўныя героі У. Караткевіча — а яны звычайна крыштальна станоўчыя — не змяняюцца ў духоўным сваім выяўленні, хаця змяняюцца тэмы, жанры, эпохі. І ў гістарычна-хранікальным рамане «Каласы пад сярпом тваім» У. Караткевіча, і ў гісторыясофскай яго прозе, дзе густа пераплецены і патэтыка, і іронія («Сівая легенда», «Цыганскі кароль»), і ў «Чорным замку Альшанскім», творы своеасаблівым, у якім непарыўна злучыліся гісторыя і сучаснасць, будзённасць і экзотыка, навуковая дакладнасць і лёгкі шарм падкрэсленай белетрызацыі, высокая рамантыка і цвярозы рэалізм, герой — натура бездакорная, сур'ёзны вучоны, пісьменнік, чалавек шырокіх інтарэсаў, самаахвярны ў сяброўстве, высакародны ў каханні.
Героі прозы У. Караткевіча пра сучаснасць — таксама характары звышгераічныя і станоўчыя («Нельга забыць», «Чазенія», «Лятучы галандзец», «Залаты бог»),
А з гісторыясофскай яго прозы (мне ўжо даводзілася пра гэта пісаць) адыходзяць ад такога эталону хіба толькі героі рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і своеасаблівага па жанры твора «Ладдзя Роспачы». Ды і то, калі параўнаць іх з многімі героямі і напаўгероямі сучаснай прозы, дык гэтыя неідэальныя героі яшчэ якімі станоўчымі пададуцца.
Ну, а ў большасці людзей існуе прага яснага этычнага і эстэтычнага ідэалу, туга па сапраўдным героі. Хаця ў спрэчках наконт ідэальнага героя нават сам тэрмін выклікае часам нязгоду.
Скепсіс у адносінах да ідэальнага героя — з'ява не новая. І да канкрэтыкі мастацкага выяўлення: «Калі герой рамана, дык ужо і сам сабою прыгажун, і спявае цудоўна, і вершы піша..., і сілу мае незвычайную...» (В. Бялінскі). І да гісторыі яго існавання: «Наседзеўшыся ў рускіх дзеўчынах у Тургенева, герой так «зазяваўся» з Абломавым, што забыўся пра сваё прызначэнне ў літаратуры. Па дарозе гэты герой трапіў у «Гісторыю рускай інтэлігенцыі» [маецца на ўвазе трохтомнік Аўсяніка-Кулікоўскага]... Гераічная спроба Горкага пашыць тогу басяка таксама не ўдалася. Тога была зроблена занадта акуратна, з вялікімі дзіркамі — і хутка разлезлася. Потым..., але тут падзея канчаткова захінаецца туманам, і што далей адбылося, рашуча нічога не вядома» (Ю. Тынянаў). Артыкул Ю. Тынянава называўся «Скарачэнне штатаў», пасля мноства вострых, кплівых і ёрніцкіх заўваг-разваг ідзе вельмі важная тэарэтычная выснова. Менавіта: калі герой — выяўленне ідэй, што пазначаюць літаратуру як духоўную дзейнасць чалавека, дык ён, гэты герой, паняцце куды больш шырокае, чым характар, персанаж. Ён персаніфікуе ідэю.
Але, зразумела, не ў выглядзе просталінейнага выяўлення, не ў літаральным адлюстраванні пазітыўнай тэндэнцыі, а па законах мастацтва. Героя мастацкага твора перш за ўсё вызначае адчуванне часу, блізкасць яго ўсведамлення да ўсведамлення эпохі, яго псіхалогіі — да псіхалогіі часу. Герой увасабляе сабой галоўную ідэю часу. У класічным, вышэйшага ідэйна-мастацкага прынцыпу, вымярэнні. Ідэал, паводле М. Бахціна, пазнанне чалавекам сваіх магчымасцяў і тых памкненняў, што ўласцівыя яму ад прыроды. І, мабыць, іронія В. Бялінскага мела на ўвазе несуадноснасць гэтых памкненняў і магчымасцяў у творы мастака, які лакіраваў сваёй фантазіяй трывіяльную схему. А высокія памкненні і катэгарычны імператыў — існуюць. Іншая справа — у якіх суадносінах яны з канкрэтным мастацкім выяўленнем.
А персаніфікаваная ідэя аўтара ў мастацкім выяўленні, як ужо адзначалася, апошнім часам у беларускіх пісьменнікаў падаецца «доказам ад супрацьлеглага». І герой ці героі, зразумела, не станоўчыя. Адзін з самых выразных прыкладаў — ці не «Усмешка фартуны» В. Блакіта. Дзе паслядоўна, але не задоўжана паказваецца з'яўленне антыгероя. Спачатку — імкненне схавацца за настаўніцкім аўтарытэтам, якое спрадвеку лічылася справай ганебнай ад Ромула да нашых дзён. Ябеда. Потым, у дарослым жыцці — данос на канкурэнта. У юнацтве — эксплуатацыя пэўных літаратурных здольнасцей замест выхавання іх. Пазней — ужо нацэленая мімікрыя пад талент. І ўсё жыццё — пахаплівая прага дабіцца лагоднай усмешкі пані Фартуны. Заняць прыкметнае месца пад сонцам — не дбаючы пра тое, ці яго яно, гэтае месца, ці па праву. Ліхаманкавая гэтая прага нішчыць чалавечую годнасць героя. Ён не згодны на месца ў жыцці, адэкватнае яго магчымасцям. І не аб прафесійным і чалавечым самаўдасканаленні клопат яго. Андрэй Бяскуднікаў, ці, як ахрысцілі яго за несамавітыя ўчынкі былыя сябры, «граф Паскуднікаў», мітусіцца па жыцці, спрабуючы ўхапіць жар-птушку ўдачы. Бярэ шлюб па прывіднаму, як высветлілася, разліку. Не грэбуе ніякімі сродкамі, каб прабіцца. І ўсё ж — банкруцтва. У літаратуры, па службе, у асабістым жыцці. А герой не ўмее ўжо, як яго былы калега Вярэська, паглядзець на свае магчымасці цвяроза. Працягвае бег па кругу. Прыстасавальніцтва, прымірэнцт- ва, прага ўдачы.
Сацыялагічная культура В. Блакіта, узровень яго мастацкага апалітызму дазволілі яму гэтым метадам ад супрацьлеглага сцвердзіць і ясную грамадзянскую пазіцыю, і станоўчыя этычныя ідэалы.
У апошняй сваёй аповесці ён вывеў галоўным станоўчага героя. Не новага агульнага накірунку. Але дадаўшы канкрэтныя лжывыя штрышкі. Галоўны герой — у мінулым змагар за вызваленне былой Заходняй Беларусі, член Грамады. Па асноўных сваіх чалавечых якасцях блізкі Сцяпану Дзямідчыку, Анэце, Вялічку, Сцяпану Ігнатавічу Вапшчэткі. Чалавек моцнага сялянскага кораня, працавіты, сумленны. Але са шматлікіх сямейнікаў яго — сыноў, дачок, іх жонак, мужоў, дзяцей — толькі дачка Ганна ды ўнучка Алена таго кораня моцна трымаюцца. Астатнія ж загрузлі ў цянётах спажывецтва і бездухоўнасці. Збегліся па хаўтуры бацькавы, каб спадчынную сядзібу дзяліць. Сітуацыя ўжо досыць выпрабаваная і ў нашай, і ў рускай літаратуры. І размеркаванне сіл знаёмае. Але ў нечым паказальная канцоўка аповесці. Не толькі фабульнай пакаранасцю зла і перамогай дабра — хаця і гэта немалаважна. Постсюжэтным роздумам над мінулым і сённяшнім днём. Хаця, як гэта часта бывае, станоўчыя героі саступаюць у мастацкай вастрыні сваім антаганістам, Алена ж і Ганна ўвогуле недзе на сюжэтным ускрайку аповесці.
І В. Карамазаў («Дзень Барыса і Глеба»), і В. Гігевіч («Райка», «Калі пойдзе снег», «Доказ ад процілеглага»), і А. Жук у многіх апавяданнях скарыстоўваюць метад «доказу ад процілеглага».
Тым часам узнікаюць новыя праблемы, новыя пытанні. Час стварае новага героя — у кантэксце жывой практыт жыцця. Пакутлівыя супярэчнасці эпохі шукаюць свайго выйсця. У жыцці. Зразумела — у літаратуры таксама. Вядома, і ў нашай, беларускай. І застаецца ўзаемазалежнай трыяда: час — тэма — герой.
І БУДНЯЎ ПЛЁН, І АЗАРЭННЯЎ СВЯТА
Заўсёды ёсць нешта штучнае, але і правамернае ў спробе кінуць позіркам на творчы плён года. Скажам, 1984-га. Штучнае — таму што цяжка аб'яднаць паэтаў самых розных творчых схільнасцей, самыя розныя творчыя індывідуальнасці па дастаткова выпадковым прынцыпе — храналагічным. Правамернае — бо нейкі, здавалася б, выпадковы, адвольны прамежак часу — частка агульнага гістарычнага часу, у якім непазбежна існуе наша яшвая рэчаіснасць. З яе радасцямі, болем, трывогамі. А паэты — чуйныя радары часу. І ў паэзіі, можа, больш як у якой яшчэ літаратурнай творчасці, пазіцыя аўтара падкрэслена відавочна. Паэт часцей выходзіць неадстаронена, непасрэдна, да чытача. Таму, мабыць, у найадказнейшую пару, калі ўсё прагрэсіўнае чалавецтва змагаецца за існаванне планеты, за мір, супраць узросшай пагрозы тэрмаядзернай вайны, у трывожнай атмасферы лакальных войнаў — выніку абвостраных сацыяльных канфліктаў — узмацнілася грамадзянскасць паэзіі, у тым ліку беларускай. Цяжка нават назваць паэта, у якога, з уласцівай, зразумела, яму мерай мастацкага ўвасаблення так ці інакш не выявілася б пільная зацікаўленасць галоўнымі праблемамі часу. Асабліва выразна гэта відаць у творчых набытках мінулага года ў М. Танка, П. Панчанкі, К. Кірэенка М. Лужаніна, В. Віткі, А. Русецкага, С. Гаўрусёва, Р. Барадуліна, В. Зуёнка, Н. Гілевіча, У. Паўлава, Я. Сіпакова, С. Законнікава, А. Грачанікава, У. Някляева, В. Лукшы, Г. Пашкова, В. Жуковіча, Л. Дайнекі, Я. Янішчыц, Р. Баравіковай, В. Коўтун, Т. Бондар, М. Мятліцкага і інш.