Слова сапраўднага лад
Шрифт:
...Не маючы на мэце стварыць карціну ці хаця б даць схему беларускай паэзіі ў якім-небудзь канкрэтным перыядзе, не намагаючыся класіфікаваць ці рабіць сінхронны, «гарызантальны» разрэз (Ю. Тынянаў), паспрабуем узяць некалькі «проб на глыбіні». Некалькі ў нечым адвольных па выбары, а ў нечым характэрных для пэўнага храналагічнага адрэзка літаратурных узораў, арыентуючыся ў асноўным на апублікаванае апошнім часам. Што там, на глыбіні? Якая народа?
Зноў, імкнучыся матэрыялізаваць у слове свае вывераныя жыццём прынцыпы, сцвердзіць не так сябе, як сваё, М. Танк прыгадае думку, што адпавядае яго жыццёвым высновам:
«Не гавары: Зямля мая,— Казаў мудрэйшы з інкаў,— А гавары: Зямля, я — твой...»У. Калеснік у кнізе пра М. Танка адзначаў як паказчык творчай самабытнасці паэта «выключную адпорнасць на крайнасці як рамантычна-эстэцкага характару,
Дарэчы, каноны, навацыі, традыцыі... Сёння гаварыць пра іх па-за сусветным літаратурным вопытам немагчыма. І хаця за традыцыйныя формы прынята лічыць формы класічныя, але ні і многія навацыі набылі ўжо трывалую традыцыю. Многія з іх прымаюць як новакласічныя каноны — ламаны радок, свабодны верш.
Але ёсць нейкія варункі творчыя, што ўжо мелі ў нечым падобныя спробы на ўзмежжы XIX-XX стагоддзяў, у 20-я гады, у сённяшнія дні. Гэта славеснасць, што не супадае з класічнымі, тысячагоддзямі выверанымі правіламі, не толькі формамі, але перш за ўсё зместам, які абумоўлівае адпаведныя формы. Не супадае зместавым напаўненнем, відавочнай устаноўкай на ўскладненасць, неадпаведнасць слоўнага выяўлення сэнсу, калі і сімволіка выдаецца занадта просталінейнай, перавага аддаецца слоўнаму коду, шыфру. Паэтаў такіх у нашай, у асноўным старакласічнай традыцыйнай паэзіі не так многа. У першую чаргу Алесь Разанаў. Пра яго пісалі, і нямала. У тым ліку і такія ўдумлівыя, не з тых, што трымаюцца толькі іерархіі густу, літаратары: У. Калеснік, В. Вітка, А. Сідарэвіч. Ёсць у паэта і свая чытацкая аўдыторыя — найбольш фізікі, увогуле навуковыя супрацоўнікі з галін дакладных навук, мастакі, студэнты. Мабыць, гэта і не выпадкова. Менавіта гэтыя чытачы бачаць у яго творчасці не разумовы хаос, а сугучнасць навуковым ведам, навуцы на ўзроўні XX стагоддзя, калі ўсе ісціны аспрэчваюцца, усе паняцці, што здаваліся на працягу тысячагоддзяў непахіснымі, сталі адноснымі — час, прастора, непадзельнасць атама. І яны згодны ў кожным слове паэта бачыць «цэлы комплекс паняццяў, больш важных, як прамое значэнне слова» (Е. Ярмілава).
Паэзію Разанава зацята прымаюць і яшчэ больш зацята не прымаюць. Але з'яўленне яго ў беларускай літаратуры — з'ява невыпадковая, яго паэтычныя вопыты — гэта адбітак светапогляду пэўных, хай сабе і нешматлікіх сацыяльных груп, адказ на іх эстэтычныя запатрабаванні. У самога ж Разанава мне гэта падаецца натуральным працягам тых пошукаў, што былі выяўлены ў традыцыйнай форме, але ішлі ад законаў фізікі, былі навеяны роздумам «нефілалагічнага» парадку. Памятаеце ягонае: «І білі звонкія ранеты/Па выпадковай галаве./А адкрыццё брыло начамі/Пад гоман рэчак і асін/У выпадковасці адчайнай/ Невыпадковае зусім». Магчыма, так. Ад Ньютана да Эйнштэйна. Пашыраныя далягляды навукі не аднаго яго звабілі сваёй нечаканасцю і неабмежаванымі магчымасцямі. Што яї, магчымасці мастацтва таксама невычэрпныя. Але ці перасякаюцца тыя паралельныя па Лабачэўскаму?
Паэзія спрыяе думцы. Высветліць раптам тое, што бачыў неаднойчы і неяк не звяртаў увагі. Напрыклад, у Панчанкі:
Нездарма ў мастакоў старажытнай пары У суровых трагічных карцінах І ягняты на лузе, І малыя звяры, І анёлы з усмешкай дзяцінай.Сапраўды — Цінтарэта, Кранах, Дзюрэр — у іх нават на Галгофе будуць тыя істоты з прасветленымі абліччамі. Дзеля раўнавагі? Хутчэй — дзеля напаміну вечнай існасці жыцця.
І мы ўгадваем гэты пазатэкставы фактар верша Панчанкі, як і адчуваем жывы вопыт яго паэзіі, ужо напісанага і намі чытанага, калі знаёмімся з новымі яго творамі. Як адчуваем, што для Міхася Стральцова, вядомага сваімі няпростымі ўрокамі ў многіх жанрах, паэзія — адна з формаў яго існавання. Існавання, што ўвесь час патрабуе дапытлівага роздуму, небесстаронняга стаўлення да рэальнасці.
Матыў лірычны, адмысловы, У важнай думе ці журбе — Ён неабходны, каб па слове, Паэце, верылі табе. Яно, канечне, слова — лекі. Дык што ж — узяў і прапісаў? А што, як скажуць чалавекі: Мой лекар, вылечуся сам?Тут — іронія — выяўленне той эстэтычнай рэфлексіі, што ідзе ад вераспавядальнай выпакутаванасці, першасутнаснай быційнай няўхільнасці. Залог душэўнай раўнавагі лірычнага героя — у нармальным успрыманні жыцця, у натуральнай згодзе са светам, у накіраванасці розуму і пачуцця на прасветленасць і паўнацэннасць быцця. Нават калі часам лірычнаму герою М. Стральцова падасца, што «гэты дзень, / Святло якога дагарае,—/Не пакідаючы надзей,/Са мною разам памірае», дык прасвятленне, ачышчэнне, катарсіс для яго абавязковыя як для чалавека, выхаванага на класічных традыцыях, замацаваных у лепшых сваіх выявах сённяшнім нашым днём:
Цень-цень, сініца! Добры дзень! Жывеш? Сваім званочкам чыстым Зімовым ранкам прамяністым І абудзі і абнадзей.Выяўленне сэнсу кожнай сустрэчы асобы з прыродай; і шырэй — з быццём ва ўсіх яго праявах, і ў такіх вось — адвечна існуючых, нязменных — як раніца, дзень, вечар, паветра, снег, птушкі. І ніякіх штучных слоўных пабудоў, знарочыстай гульні слоў — сусвет і душа чалавечая для яго такія неаспрэчныя, што важна імкнуцца спасцігнуць таямніцы сутнаснага, але аспрэчваць іх — занятак няплённы. Ён не будзе пазначаць паняцці пункцірамі слоў, не стапе спакушацца рызыкоўным славесным россыпам. Мадэліраванне па схемах і бескантрольнае натхненне не яго мастацкі спосаб. Яму, праўда, уласціва ваганне — ці так? У пошуку сваім ён не запрашае нас прыняць удзел, але і не хаваецца ад чытача, свабодна і раскавана раздумвае, імкнучыся ўлавіць хаду з'яў у часе.
Дзіўна, але так яно ёсць, пры сённяшняй усеагульнай цікавасці да гістарычнай тэматыкі, асацыяцый з рознымі з'явамі культуры, адметнымі гістарычнымі постацямі, у паэта з такім сталым і выхаваным інтэлектам, з натуральным адчуваннем культурных традыцый, як М. Стральцоў, няма, здаецца, твораў гэтага накірунку.
Але культурны вопыт беларускай, рускай, сусветнай літаратуры адчуваецца ў культуры яго мыслення, культуры слова.
Затое рупліва распрацоўвае гістарычную тэматыку яго літаратурны равеснік Васіль Зуёнак — перш за ўсё згадаем яго паэму «Лукам'е», якой уласцівы пільнае адчуванне часу, сапраўдны гістарызм бачання, непаспешлівы, уважлівы погляд на падзеі мінулага з пазіцый сённяшняга дня. Паэт гэты ўвогуле сумяшчае мэтанакіраванасць, сялянскую працавітасць і грунтоўнасць з шырынёй бачання, імкненнем да суладнасці мастацкага выяўлення сацыяльнага сэнсу.
Аднак — вяртаючыся да той гістарычнай тэмы. Не так даўно адгула ў цэнтральнай прэсе (1980) дыскусія пра кніжнасць і абыходкавы гістарызм, калі так, між іншым, «всуе» ўжываюцца некаторыя паняцці, робячыся «культуралагічным інвентаром» (А. Пікач), какетліва выкарыстоўваюцца «культурна-гістарычныя дэталі» (А. Кушнер), «з гаспадарчай неахайнасцю... перакідваюцца з эпохі ў эпоху» (Е. Ярмілава) героі. Дыскусія аб паэзіі ў нашым «ЛіМе» (1983) не кранала гэтых пытанняў. І, мабыць, не выпадкова.
«Заігрыванне» з такой тэматыкай і сапраўды нічога, акрамя лёгкага аздаблення храналагічнай экзотыкай, не дае. Але сама па сабе «кніжнасць» для беларускай літаратуры з'ява не такая ўжо характэрная. Я маю па ўвазе той выпадак, калі мастацкае ўяўленне пачынае гнясці культурны груз стагоддзяў. Тое, што было вельмі заўважылі Ў рускай паэзіі і культуры на пачатку нашага стагоддзя і ў 20-я гады. А наш класік тым часам гаварыў: «Я не паэта...» І рабіў усё, каб надаць вагі нацыянальнай культуры. Праўда, намаганнямі многіх дзеячаў культуры і літаратуры ўзнаўляецца многае з таго гістарычнага культурнага багацця, што нам па праву належыць, аднак груз не мае яшчэ той ушчыльненасці, што пачынае ўжо адчувацца як напластаванне звыш меры засваяльнасці. І поцяг паэтаў розных пакаленняў да мастацкага ўсведамлення гісторыі сваёй і чужой, культуры сваёй і чужой — натуральны па сённяшнім часе для нас і зусім яшчэ не лішні. Іншая справа — як гэта мастацкі выяўлена. А ўзоры спраўджання гэтай тэмы можна знайсці і ў старэйшых майстроў, і ў пакаленнях па ўзросту маладзейшых: В. Коўтун, У. Някляева, С. Законнікава, С. ПІанізніка.
Р. Барадулін культурную спадчыну сваёй краіны і свету адчувае як традыцыю, як безумоўную перадумову свайго самавызначэння як паэта. Ён звычайна не ўзнаўляе надзейна нейкі час, не будуе сюжэт вакол канкрэтнай гістарычнай асобы (сюжэтнае пісьмо ўвогуле для яго не характэрнае), але дабіраючыся да канкрэтнага зместу з'явы, паэт выявіць і сваё гістарычнае жыццеадчуванне, трымаючыся характэрнай для яго стылёвай і моўнай структуры. Лёгкі прысмак парадоксу любіць даць адчуць Барадулін — і ў надзяленні вякоў: каменны, бронзавы, жалезны — вядомыя нам усім. І яшчэ адзін, пазначаны паэтам — «незразумелы папяровы век», калі ўсё ў няспынным коле «імклівай мітусні». Гэта вельмі характэрная рыса для сённяшняга Барадуліна — адчуванне імклівай інерцыі часу і супраціўленне ёй. У звычайных праявах: «Юбілеі — цяпельцы вячэрнія,/дзе мераць рост вінаваўцы аршынам, /пахвалу адсыпаюць асьмінамі». (Гаворка і пра ўласны юбілей.) І ў праявах напружання Духу: