Сьмерць і салаўі.
Шрифт:
Няцяжка сабе ўявіць, як мы пачуваліся: разьбітыя, пакалечаныя, скрываўленыя, — лежачы ў калдобе, якая шумна называлася «ярам», і залізваючы раны. Давесьці ежу й ваду — трагічная праблема, бо немцы ўначы сыстэматычна артылерыяй і мінамётамі малоцяць адзіную артэрыю — дарогу сапэраў і ўсе магчымыя праходы, кудой могуць прайсьці мулы. Ляцелі ў протхлю джыпы й бедныя мулы, якія ня мелі ніякай ахвоты браць удзел у гэтай бязглуздай вайне. Праўда, ніхто ня пытаўся іхняй згоды. Пасьля бітвы ў раёне Монтэ-Касыно паставілі некалькі помнікаў розным героям. Ніхто не падумаў аб мулах і кіпрыйскіх мулаводах. А яны шмат спрычыніліся да выйграньня монтэкасынскага штурму.
Ляжым. На першы погляд палажэньне безнадзейнае.
У дзень пражыць сонца, ноччу пацягвае халадком і салаўінай экстраваганцыяй, што яшчэ павялічае дэпрэсію. Аб коўдрах няма сэнсу й марыць. Хаця-б давезьлі біф і ваду — навет у сьмярдзючых бітонах. Чалавек моліцца за сваю сям'ю, прыяцеляў — мы маліліся за мулоў і мулаводаў, каб яны дайшлі здаровыя да нас.
Навет сямнаццацігадовы Валодзька Мацкевіч страціў ахвоту быць Напалеонам. На праклятай гары застаўся назаўсёды ягоны равесьнік і прыяцель Юрка Ясінскі. Пытаюся ў яго:
— Што-б ты цяпер хацеў, Валодзька?
Ён зь дзяціннай шчырасьцяй адказвае:
— Шклянку цёплага малака і каб не стралялі.
А страляюць злосна. Артылерыя ня можа да нас дастрэліцца. Затое нэбэльвэрфэры й звычайныя мінамёты дакучаюць. Найгоршыя нэбэльвэрфэры. Гэта — паскудзтва савецкай канструкцыі (чаго-б благога ня прыдумалі бальшавікі?), удасканаленае нямецкай тэхнікай. Яны былі першы раз ужытыя падчас апошняй вайны пад Сэвастопалем і парасейску называліся Марьей Івановной. Нэбэльвэрфэр — шэсьць разам спрэжаных мінамётаў, якія страляюць адначасна. Яны робяць менш шкоды, чымся панікі. Ад часу, як яны вылятаюць з руляк, чалавек іх чуе. Гэтае паскудзтва ляціць, вые, сьвішча, рагоча, як тысячы д'яблаў, што сарваліся з ланцугоў. Ствараецца ўражаньне, што ўся гэтая дзікая какафонія рынецца нам на галовы. Недаляцелі. Нарабілі трэску й смуроду. Цяпер чакай на новую порцыю. Другая пераляцела. Але што будзе з трэцяй?
Палажэньне няёмкае. Усё-ж на праклятай «Здані» перад намі ляжаць два нашыя батальёны: 14-ты, які ўтрымоўвае там пазыцыі пару тыдняў, і 16-ты, які ўзыйшоў апошні. Камандвае ім прыгаданы маёр Станьчык, які падтрымоўвае жаўнераў сваімі няцэнзурнымі жартамі й бяспрыкладнай адвагай. Яны памаленьку й сыстэматычна ліквідуюць бункеры.
Гэтак было 13-га травеня й трывала да 17-га. У міжчасе атрымоўваем вясёлую вестку, што мы ня можам пайсьці наперад, бо Восьмая армія загразла на рэчцы Гары і ня можа яе сфарсаваць пад жахлівым агнём праціўніка. Адначасна другая вясёлая вестка, што генэрал Ліс, камандзер гэтай арміі, у склад якой уваходзілі й мы, выкарыстоўваючы прыгожую пагоду, паехаў лавіць рыбу. Ён — рыбалоў ня меншай клясы, чымся наш прафэсар Жук. Гэтую вестку жаўнеры прынялі злосна, і каб іхныя пажаданьні зьдзейсьніліся, дык генэрал Ліс ня толькі не навудзіў-бы рыбы, але акула яго-б канчальна аформіла. Праўда, акулаў там ня бывае.
Кажуць, што «на беднага Макара ўсе шышкі валяцца». Атрымоўваю загад быць правадніком і камандзерам калёны мулаводаў, якая з Сан Мікэле давозіць амуніцыю й прадукты на лінію. Заданьне адказнае й важнае, але як яго выканаць? Акцыя можа адбывацца толькі ўначы, але трэба пазнаць сьцежкі, празь якія можа прайсьці аб'ючаны мул. Дарога сапэраў выключаецца, бо яе ноччу так калахмацяць, што толькі джып можа, маючы шчасьце, прарвацца. Іншыя сьцежкі, ведамыя немцам, таксама пад густым абстрэлам. Трэба шукаць новых. Маю дзень на распазнаньне дарогі, бо ўжо вечарам мушу вясьці мулаводаў, а мулаводы — мулаў. Паўзу паміж скалаў і кустоў і назіраю трасу ззаду. Ага — 150 мэтраў ад пазыцыяў скала, пад якой менш-больш бясьпечна можна разладоўвацца. Далей амуніцыю й правіянт трэба насіць саматугам. Але як дайсьці да гэтай скалы? Паўзу далей. Бачу паміж скалаў вымыты вадой з гары даволі круты й глыбокі роў. Важна што глыбокі, бо стромкасьць для мула невялікая перашкода. Мул лезе на гару, як кот. У канцы яру лагчына, дзе, ў выпадку абстрэлу, можна схавацца. Такім чынам, я за ўвесь дзень дапоўз да даліны ракі Рапідо і там залёг. Але па дарозе выкрасьліў, вымярыў адлегласьці й каардынаты шляху, па якім вырашыў выконваць сваё заданьне.
Да змроку праляжаў у кустах, бо праз даліну ў рэчку нельга было ўдзень прайсьці: муху застрэляць. Вечарам пацягнула халадком і праклятымі салаўінымі «стакато», «модэрато», «піцыкато» і сьвістато. Тут прыгадаліся травеньскія вечары, калі з сваёй «Залатой Байкай» на радзіме сустракаўся пасьля травеньскага змроку і мы слухалі салаўёў ды марылі аб нейкім шчасьці. Толькі мне здалося, што нашыя салаўі сьпявалі прыгажэй, хоць ня так агрэсыўна, як італьянскія.
Аднак няма часу на мэдытацыі. Там за ракой чакаюць на мяне: кватэрмайстар, мулаводы й мулы, а — што найбольш важнае — у яры галодныя й сьпечаныя смагай мае жаўнеры-калегі.
Шчасьліва праз брод дайшоў да базы. Кіраўнік прыняў мяне цёпла, а таму, што я быў мокры да пупа — сагрэў мяне добрым каньяком. Халерачка! На базе яны ўсё маюць… Мулы прынялі мяне абыякава, мулаводы — няпрыязна. Я пачаў гаварыць зь імі ламанай ангельска-італьянскай мовай, бо грэцкай, прызнацца, праз ляніўства ня вывучаў. Як я прыгадваў — мулаводы пераважна зь Кіпру. Брудныя, абросшыя й злосныя. Толькі пазьней выявілася, што гэта былі запраўды добрыя, адважныя й ляяльныя хлопцы. Іхная няўдзячная праца дэпрымавала іх і ня спрыяла іхнаму прыроджанаму гумару ды вясёласьці.
Я мусіў іх вясьці, таму выпадала сказаць некалькі слоў. А што я мог сказаць навет праз перакладчыка?
— Хлопцы, мяне прызначылі правадніком і, быццам-бы, камандзерам. Я разьведаў дарогу, па якой мы будзем хадзіць. У гэтым праклятым раёне сьмерць пагражае ўсюды, таму можам спадзявацца, што й на гэтай, разьведанай мной, дарозе, можа нехта з нас зьгінуць. Аднак заданьне выконваць мусім. Таму, слухай маю каманду! За мной!
Я меў уражаньне, што маю прамову найбольш уважна слухалі мулы, бо яны ківалі галовамі й стрыглі вушамі.
Усё-ж пайшлі. Як мага хутчэй пераскочылі даліну й брод ды пачалі ўзлазіць на гару. Тут мул, можна сказаць, неэлегантны твор, дыстансуе, як гэта шумна гаворыцца, валадара прыроды — чалавека. Як-жа ён субтэльна вычувае кажную горбінку, за якую можна зачапіцца капытком! Мулаводы падаюць, коцяцца ўніз, а мул спакойна йдзе на гару.
Недалёка ад першага этапу, які я прадбачваў, пачала біць артылерыя.
— Прэсто, прэсто! (паітальянску — хутчэй, хутчэй!) — крычу і хапаю першага мула за аброць ды цягну яго наперад. Дабеглі за скалу бяз стратаў. Перачакалі навалу ды пайшлі далей. Дайшлі да мэты. Пакуль мулаводы раз'ючвалі мулаў, я пабег у батальён і змабілізаваў экіпу жаўнераў, каб забралі транспарт. І вось з гэтымі муламі й мулаводамі я на золаку быў на базе.