Сьмерць і салаўі.
Шрифт:
Пасьля гэтага — другі зварот — дзядзкі Нікадэма. Гэтак мы называлі камандзера нашай дывізіі («Крэсовай»), вусатага генэрала Суліка, які, паводля польскай вэрсыі, гаварыў 'spiewna litewska mowa, хаця палетувіску здаецца знаў толькі «нэ супранту». [5] Пасьля гэтага палкоўнік таксама не хацеў быць, маўляў, «ад мачыхі» — і адчыкрыжыў патрыятычную прамову. Змучаныя, сасмажаныя сонцам жаўнеры слухалі патрыятычных, шаблённых зваротаў даволі абыякава. Затое ўсе заварушыліся, калі палкоўнік сказаў, што СЯНЬНЯ…
5
Не
– Рэд.
Палкоўнік склікаў афіцэраў. Гаварыў коратка. Сяньня (11-га травеня) а дваццаць трэйцяй гадзіне пачнецца акцыя, якая паводля штабовага коду называецца «гэнкэр». Гэта паангельску — крык дзікіх гусей, якія вяртаюцца з выраю. Ці гэты назоў быў прыпадковы, ці можа нехта ў штабе падумаў пра нас, якія праз тры кантынэнты, праз дзесяткі краінаў ішлі й марылі, што вернемся з выраю ў свае гнёзды — гэтага я не даведаўся.
Сонца зьнізілася за горы. Людзі пачалі дыхаць лягчэй. Але найбольш усіх узварушыла вестка, што гэта СЯНЬНЯ.
Ролі разьмеркаваныя й падзеленыя. Застаецца некалькі гадзін чакаць на «гэнкэр» — крык дзікіх гусей — і ісьці перамагаць ці паміраць — вяртацца з выраю…
Да «гэнкэру» яшчэ некалькі гадзін.
Сяджу пад скалой і ў думках перачытваю гісторыю свайго змарнаванага жыцьця. Каля мяне мітусіцца мой ганец Фронцковяк. Ён непакоіцца й бачна, што баіцца «гэнкэру», які мы адразу, для лепшай зразумеласьці, перакруцілі на «хенхеру». У гэты мамэнт да нас падыходзіць просты жаўнер спад Радашкавіч — дзядзька Лукаш. (Прозьвішча ніяк не магу прыпомніць: Мацулевіч ці Мацукевіч (?) («Мартышка к старості слаба головою стала»…) І вось дзядзька Лукаш кажа Фронцковяку:
— Ты, пазнанская пырка (бульба), паступіся, я хачу пагутарыць з панам ахвіцэрам.
— А аб чым ты, палеская бульба, будзеш гутарыць з панам афіцэрам?
— Гэта мая справа. А ты, пырка, пасунься, бо цяпну!
Пырка пасунуўся. Лукаш сеў ля мяне й тузае за рукаво.
Шчыра кажучы, я ня быў настроены да, як кажуць Украінцы, пабалачкаў. Але й адмовіцца ад іх ня мог.
Лукаш ня вельмі разьбіраўся ў гіерархіях, ды й не хацеў іх прызнаваць.
— Панок…
— Дзядзька Лукаш, або гавары мне Ясьневельможны Пане, або называй паводля чыну, але панком мяне ня хрысьці!
— Добра, ня буду. Але мне неяк на сэрцы моташна. Я-ж хачу выгаварыцца…
Усё гэта мне Лукаш выказваў, калечачы мову Сенькевіча й Жэромскага. Тады кажу яму:
— Гавары, як найлепш можаш.
— Добра. Дык давайце будзем гутарыць панашаму.
— Цудоўна, гавары пабеларуску — ты-ж спад Радашкавіч.
Закурылі, каб, маўляў, бяда з дымам пайшла.
— Панок…
— Толькі не панок, бо цябе аблажу густым матам!
— Добра, ня буду. Але сяньня будзе нешта страшнае. Вы бачылі, колькі трупаў нашых папярэднікаў ляжыць на полі й брыдка пахнуць? Цяпер пойдзем мы. Але скажэце, павошта маем гінуць?
Гэта было пытаньне, якога я баяўся, бо й сам шукаў адказу: «пашто?»
— Слухай, дзядзька Лукаш. Біцца мы мусім ісьці, бо гэта — наш жаўнерскі абавязак. Цябе-ж хацелі ўзяць на кухню, а ты адмаўляўся й заяўляў, што хочаш біцца. Ну дык біся. За што біцца? За славу, за гонар, за справядлівасьць на сьвеце, за свабоду людзей і народаў — выбірай, дабірай да густу.
Дзядзька Лукаш ня вельмі разьбіраўся ў палітыцы і, бадай, нічога ня ведаў аб Тэгэране, з тым выняткам, што там быў. Маю на ўвеце тэгэранскую канфэрэнцыю Чэрчыля, Рузвэльта й Сталіна. Але я аб ёй ведаў, ня гледзячы на жорсткую ў той час польскую й ангельскую цэнзуру.
— Пан… Прабачце, прызвычаеньне… Я шмат гутару з хлопцамі нашага батальёну. І бальшыня зь іх куды ахватней пайшла-б біць саветчыкаў, бо амаль кажнаму з нас яны зрабілі жахлівую крыўду. Праўда, абое рабое, але бальшыня страшэнна ненавідзіць сукіных сыноў камуністых.
Можна вам, па…, прабачце, расказаць гісторыю майго жыцьця, ці маіх перажыцьцяў?
Вось-жа каля Радашкавічаў я меў чатырнаццаць гэктараў ня вельмі-ж геглай зямлі. Але зямля, як жанчына: калі яе кахаеш і шчодра паліваеш ня толькі гноем, але й потам — яна цябе кахае й дае прыплод. Таму й я лічыўся заможным мужыком. Плаціў падаткі й меў супакой. Праўда, было крыху прыкрасьці, як да ўлады прыйшоў нейкі звар'яцелы Славой Складкоўскі. Той пачаў рабіць нейкія рэформы, уводзіць нейкую гагіену (гігіену). Загадаў бяліць хаты, платы, будаваць адхожыя. Парасейску гэта — нужнікі, папольску «устэмпы», мы іх назвалі «непатрэбныя патрэбнікі». Фактычна, будынак патрэбны, але ў нашых умовах, дзе ня было каналізацыі — даволі клапатлівы. Але хату я папэцкаў вапнай, плот таксама. Выглядала гэта гадка, злашча пасьля дажджу. Патрэбнік згарусьціў і, калі не хапіла дошчак, садраў з даху пару драніцаў. Паставіў яго пад дрэвам, каб дождж ня змываў вапны, да дзьвярэй прыбіў кручок, зашчапіў і на гэтым кончылася. Меў супакой.
Але чорт ня сьпіць. Сынок мне ня ўдаўся. Праўда, здольны быў, вучыўся найлепш за ўсіх. Скончыў сем клясаў, як першы. Аддаў я яго ў сельскагаспадарчую школу ў Сьвяньцяны. І там быў першы. Вярнуўся дамоў і мы з Кацярынай не маглі нацешыцца. І яблынку ўмеў прышчапіць, і зямлю ўгнаіць, і карове цяліцца памагчы — усё ўмеў. Але недзе зьнюхаўся з сукінымі сынамі камуністымі. Купіў я яму самакат. Ён сабе куды хацеў езьдзіў. Адтуль прывозіў нейкія паперы й кніжкі. Душа расплывалася як масла, калі ён чытаў нам:
О, край родны, край прыгожы, Мілы кут маіх дзядоў! Што-ж мілей у сьвеце Божым Гэтых сьветлых берагоў?..Але, як я пасьля даведаўся, разам з кніжкамі з Савецкага Саюзу пашыраў камуністычную прапаганду, гэтак званую тады «бібулу». І тут яго накрылі. Прыйшла паліцыя й яго забрала. Кацярына рвала валасы, мне таксама было моташна. Як ратаваць? Тады мне наш настаўнік параіў: зьвярніся да адваката. Да гэтага часу я нічога супольнага з гэтымі п'яўкамі ня меў. І вось давялося. Абдзёр ён мяне зы скуры, але пасьля шасьці месяцаў сына выпусьцілі. Кажу яму: Сынок, калі ты далей будзеш паскудзіцца, я цябе ратаваць не змагу, бо адвакат зь мяне душу выматаў. Праўду кажучы, менш памог адвакат, чымся сэнатар Каміньскі, які цяпер недзе тут недалёка ляжыць, бо ён, як палкоўнік, камандвае 15-м батальёнам нашай дывізіі. Але вяртаюся да сваіх скулаў. Сынок, бачна, быў глыбака заматаны ў савецкую павуціну, дык, доўга не чакаючы, махнуў за савецкую граніцу. Было блізка, толькі восем кілямэтраў.
Тут ужо была й роспач, і цяжкасьці. Адразу мной пачала цікавіцца польская паліцыя. Пярвей паліцыянт праходзіў — бачыў хата пабеленая, плот папэцканы, белы патрэбнік пад грушай стаіць і ўсё было ў парадку. А тут раптам і хата блага пабеленая, і плот дождж крышку абмыў, а што найгоршае, пачалі заглядаць у патрэбнік ды заўважылі, што яго ўжо некалькі гадоў ніхто ня ўжывае. Пасыпаліся пратаколы. За кажны плаці пяць-дзесяць злотых, а не — ідзі ў гмінны арышт. Бацька «камуністычнага агітатара» — дык чаму яго не патузаць?..