Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Але нежанатаму Баторыю, якому было 44 гады, сойм паставіў абавязкам ажаніцца з каралеўнай Ганнай, дачкой караля і вялікага князя Жыгімонта Старога і сястрой апошняга з роду Ягелонаў Жыгімонта Аўгуста. Такім чынам як бы законна працягвалася панаванне дынастыі Ягелонаў. Баторый вымушаны быў прыняць гэтыя цяжкія ўмовы.
Ганна Ягелонка ніколі не была замужам, а ёй было ажно 54 гады. Але карона так вабіла Баторыя, што ён згадзіўся. Вядома, чакаць дзяцей ад гэтага шлюбу было дарэмна.
Стафан Баторый перад ад'ездам у Кракаў пераканаў трансільванскі сойм выбраць новым князем Трансільваніі ягонага старэйшага брата Крыстофа. Пасля гэтага ён назаўсёды пакінуў радзіму.
Баторый прыехаў у тагачасную сталіцу Польшчы
Пасля гэтага Стафан Баторый мусіў звярнуць увагу на адносіны з Маскоўскай дзяржавай. Іван IV Жахлівы, выкарыстаўшы палітычнае становішча ў Рэчы Паспалітай, занятай выбарамі караля, пачаў новы наступ у Лівоніі, авалодаў тэрыторыяй ад ваколіц Рыгі да Дынабурга (Даўгаўпілса) — усёй усходняй часткай цяперашняй Латвіі і паўднёвай часткай Эстоніі. Новая пагроза навісла над Вялікім Княствам Літоўскім. Сабраўшы войска і атрымаўшы грошы на вядзенне вайны, Стафан Баторый вырашыў спачатку вызваліць Полацк ад маскоўскай акупацыі. Кароль старанна падрыхтаваў паход на Полацк і Пскоў, каб адрэзаць войскі ў Лівоніі ад Масковіі. Апошняя нарада перад паходам адбылася ў Свіры. У ліпені 1579 г. вялікае войска Стафана Баторыя рушыла на Полацк. Яно складалася з літоўскага-беларускага войска і польскага, бо ў Рэчы Паспалітай кожная з дзвюх дзяржаў мела свае вайсковыя фармаванні. У войску былі таксама венгерскія атрады і наёмнікі-немцы. Разам армія Баторыя налічвала 40 тысяч чалавек. Яна накіравалася цераз Дзвіну да Полацка. Адначасова літоўскія-беларускія перадавыя атрады гетмана вялікага літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога і яго сына гетмана польнага літоўскага Крыштафа Радзівіла занялі замкі Казяны, Сітна і Краснае, выбіўшы адтуль і знішчыўшы маскоўскія гарнізоны.
4 жніўня 1579 г. пачалася аблога Полацка. Спроба Івана Жахлівага прыслаць пяць тысяч коннікаў на дапамогу маскоўскаму гарнізону ў Полацку на чале з Барысам Шэіным і Фёдарам Шарамецевым скончылася няўдачай. Гэтае войска вымушана было схавацца ў крэпасці Сокал за 20 кіламетраў ад Полацка. Асаджаны ў Полацку, у крэпасці, абнесенай дубовымі сценамі, маскоўскі гарнізон на чале з ваяводамі Васіліем Целяцеўскім і Пятром Валынскім трымаўся больш за тры тыдні. Цяжка было і войску Баторыя, бо ўсе ваколіцы Полацка былі цалкам спустошаны яшчэ раней царскімі войскамі. Урэшце 30 жніўня 1579 г. драўляныя сцены крэпасці паддаліся агню, і гарнізон горада капітуляваў. 4 верасня штурмам была ўзята крэпасць Сокал, а праз месяц і Суша. Вызваленне Полацка адвяло бяду ад літоўскай-беларускай зямлі. Баторыя ў ВКЛ называлі Сцяпан Батура.
Наступную кампанію 1580 г. Стафан Баторый праводзіў ужо на маскоўскай тэрыторыі, там, дзе яго не чакалі. Іван Жахлівы раскідаў свае вайсковыя сілы ўздоўж мяжы з Лівоніяй і ВКЛ. Войскі Баторыя займалі крэпасці і гарады Усвят, Веліж; восенню 1580 г. былі ўзяты моцныя крэпасці Вялікія Лукі і Невель, заняты Завалочча і Езярышча, а ў канцы года — Холм і Старая Руса. Войскі Рэчы Паспалітай былі недалёка ад Ноўгарада, маскоўскія войскі ў Лівоніі былі адрэзаны ад асноўных камунікацый.
< image l:href="#"/>Стафан Баторый пад Псковам (малюнак Яна Матэйкі)
У вайсковай кампаніі 1581 г. Баторый пайшоў на Пскоў. Але ў гэты час феадальны парламент Рэчы Паспалітай адмовіў каралю ў павелічэнні грашовых сродкаў на вядзенне вайны. Гэта скарыстаў Іван IV і кінуў свае войскі на ВКЛ. І хаця яны былі адбітыя на сваю тэрыторыю, аднак ваколіцы Дуброўны, Оршы, Копысі, Шклова, Магілёва і Мсціслава, і так пацярпелыя раней, былі зноў спустошаны маскоўцамі. У верасні 1581 г. войскі Баторыя, падыходзячы з поўдня і з усходу, асадзілі Пскоў. Літоўскія-беларускія атрады Крыштафа Радзівіла, Філона Кміты, зрабіўшы глыбокі
Перамогі войска, якім камандаваў Стафан Баторый, уратавалі Вялікае Княства Літоўскае ад спусташэння і зруйнавання, ад жахлівай царскай акупацыі, ад жахаў унутранай палітыкі Івана Жахлівага — апрычніны са знішчэннем не толькі баяраў, але і іншых груп насельніцтва, уключаючы і сялян. Для шляхты перамога над Масковіяй азначала не толькі захаванне свайго жыцця і маёмасці, але і мясцовага самакіравання, заканадаўчага прадстаўніцтва, Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 г., асабістых правоў з правам асабістай недатыкальнасці. Гэтага, безумоўна, не было ў маскоўскай дзяржаве. На гэты раз незалежнасць была выратавана перш за ўсё дзякуючы патрыятызму і мужнасці літоўскага-беларускага войска.
Стафан Баторый увайшоў у гісторыю як рашучы рэфарматар. Ён намагаўся ўзмацніць дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай. Ягоныя рэформы былі скіраваныя на ўзмацненне пазіцый сярэдне- і дробнамаянтковай шляхты і на аслабленне пазіцый магнатаў у дзяржаве. Ён таксама быў прыхільнікам узмацнення цэнтральнай улады, і перадусім каралеўскай. 3 найбольш важных ягоных рэформаў трэба адзначыць утварэнне галоўных судоў — Трыбунала Кароннага ў Польшчы і Галоўнага Трыбунала Літоўскага ў Літоўскай-Беларускай дзяржаве, склад якіх выбіраўся з шляхецкіх дэпутатаў, а не прызначаўся якім-небудзь органам улады.
Нягледзячы на прыбыццё ў Вільню і потым у іншыя гарады краіны прадстаўнікоў Ордэна езуітаў на хвалі контррэфармацыі і адваявання пазіцый, страчаных раней каталіцкай царквой, Стафан Баторый заставаўся прыхільнікам рэлігійнай талеранцыі. На нашай зямлі не палалі вогнішчы інквізіцыі.
Вялікім крокам у пашырэнні адукацыі ў нашым краі было ўтварэнне Баторыем 1 красавіка 1579 г. Віленскай акадэміі — вышэйшай навучальнай установы, роўнай у правах Ягелонскаму універсітэту ў Кракаве. У гэтай акадэміі вучыліся сотні студэнтаў з розных зямель на працягу больш чым 250 гадоў.
Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Стафан Баторый (малюнак Яна Матэйкі)
Каб мець пастаяннае войска не з наёмнікаў, а з мясцовых ураджэнцаў у дадатак да шляхецкай апалчэнскай конніцы (якая збіралася падчас вайны), Стафан Баторый правёў вайсковую рэформу. Паводле ўзору венгерскай пяхоты («хайдукоў», «хайдутаў»), якая набіралася з вольных людзей, пераважна з сялян, Баторый стварыў атрады выбранцаў — салдат-пехацінцаў у 1578 г. у Польшчы, а пазней у Вялікім Княстве Літоўскім. Гэтыя атрады таксама складаліся пераважна з сялян каралеўскіх (дзяржаўных) маёнткаў, якія за сваю вайсковую службу мелі льготы і вызваленне ад усялякіх павіннасцяў, а таксама ўчасткі зямлі з 1–1,5 валокі (без падаткаў). Прывілеі выбранцаў распаўсюджваліся на іх нашчадкаў. Услед за каралём і магнаты пачалі ствараць свае выбранецкія атрады з сялян і шляхты. Выбранцы захаваліся як асобная група насельніцтва да XX ст. толькі на Случчыне — у Радзівілаў - з такой жа назвай (аўтар гэтых радкоў сам з'яўляецца спадчынным выбранцам). Выбранцы ўдзельнічалі ва ўсіх войнах Рэчы Паспалітай у складзе польскага і літоўскага-беларускага войскаў. Так, у 1612–1615 гг. у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы з 12 выбранецкіх рот войска Вялікага Княства Літоўскага ўдзельнічала 10 рот выбранцаў.