Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)
Шрифт:
2. Рэфлексія дэклямацыйная
У сучасным разуменьні сылябікі вылучаюцца дзьве скрані. Пакажам іх на прыкладзе папулярных дэфініцыяў з навучальнае літаратуры.
І. Гутараў (1967): «Сылябічнае вершаваньне засноўваецца на чаргаваньні радкоў з аднолькавай колькасьцю складоў… Націскі ў такіх вершах разьмяркоўваюцца свабодна».
М. Гарэцкі (1924): «Сылябічнае вершаваньне… грунтуецца на роўным ліку складоў у радку, прычым у нашай мове і словы ў гэтым радку павінны быць такія, што націскі ў іх створаць пэўны рытм».
Дэфініцыя І. Гутарава вельмі просталінейна выражае расейскае разуменьне, выкліканае шматстагодзьдзевым маўчаньнем
Спрэчным, як бачым, ёсьць толькі адзін момант: ці націскі ў вершы «разьмяркоўваюцца свабодна», ці «ствараюць пэўны рытм»? А дакладней, што ў сылябічным вершы пераважае — ізасылябізм (уразнастаены гетэрасылябізмам) ці канстантавы рытм? Аднак гэтага пытаньня нельга разьвязаць без уліку такіх важных рытмаўтваральных сродкаў, як цэзура і кляўзула. Слоўнік В. Рагойшы што да сылябікі ўспамінае іх неяк мімаходзь, зусім не паказваючы, як «працуюць» гэтыя адзінкі, як яны ўплываюць на зьяўленьне рытмавае канстанты. А цэзура ў сылябічным вершы ня менш, калі ня больш, важны сродак рытмаўтварэньня, чым роўнаскладовасьць. І загадка сылябікі палягае ў цэзуры, а загадка ўсяго вершаваньня, сваім парадкам, замыкаецца ў сылябіцы.
Паасобныя тэарэтыкі, такія, як Халшэўнікаў, спрабавалі зьвесьці ролю рытмавае канстанты, а зь ёю міжволі і цэзуры ледзь не да нуля, упор робячы толькі на роўнаскладовасьць. Іх тэарэтызаваньне стварала замкнёныя віртуальныя сусьветы, ня маючы нічога супольнага ні з колішняю, ні зь цяперашняю вершавальнаю практыкаю. Новы крок да зразуменьня прыроды сылябічнага вершу зрабіў беларускі літаратуразнаўца А. Яскевіч. Сылябічныя вершы, паводле А. Яскевіча, чытаюцца рэчытатывам ня ў складалічыльным, а ў такталічыльным рытме, дзе кожнае слова, апрача службовых, стаіць пад моцным націскам. На жаль, у сваіх высновах аўтар ня рушыў далей. Ці не таму, што адмовіўся прызнаць першаснасьць радковага рытму, беручы ў якасьці падставовых рытмы складалічыльны і такталічыльны (што, дарэчы, далёка ня тое самае). Іншымі словамі — узяў рацыю А. Квяткоўскага, але не прыняў Л. Цімафеева.
Падсумоўваючы шматгадовую спрэчку аб сылябіцы, можна вылучыць наступныя пазыцыі: Г. Шэнгелі, В. Жырмунскі, М. Гарэцкі, А. Квяткоўскі, Л. Цімафееў, П. Беркаў і А. Яскевіч прызнаюць у сылябічным вершы танічны прынцып; Б. Тамашэўскі, І. Яромін, У. Халшэўнікаў, А. Панчанка, І. Гутараў і В. Рагойша адмаўляюць яго. У прыватнасьці, паводле Б. Тамашэўскага ўсе склады ў сылябічным вершы прамаўляюцца як ненацісьненыя, паводле І. Яроміна — усе склады прамаўляюцца як націсьненыя, П. Беркаў за апорныя акцэнты бярэ рытмавую канстанту кляўзулы і цэзуры, А. Яскевіч пашырае націскі на ўсе значальныя словы. І ўсё ж ніводнае з гэтых правілаў ня можа разгадаць дэкляраваны М. Гарэцкім парадак націскаў ды завесьці «матор» сылябічнага вершу.
Калі б гэтак званы беларускі «сылябічны» верш грунтаваўся толькі на роўнаскладовасьці, ці, дакладней, складалічэньні, то ён наагул ня змог бы існаваць, бо супярэчыў бы жывому маўленьню, дзе націскі адыгрываюць далёка не апошнюю ролю. Прыкладна так вершазнаўцы і разважалі, мала задумваючыся, чаму ж гэты верш трываў ладны час. У разважаньнях утваралася зачараванае кола: верш быў складалічыльны і таму заняпаў; верш заняпаў, бо быў складалічыльны. Ні ў той, ні ў другой палове зьмеркаваньня няма праўды. Надта ўжо зацягнуўся гэты заняпад, заняўшы чатыры стагодзьдзі паміж Францішкамі — Скарынам і Багушэвічам. А ў творчасьці Янкі Купалы ён пераможна запачаткаваў пятае стагодзьдзе.
На жаль, сучаснае літаратуразнаўства (у тым ліку слаўнае сваёю «дакладнасьцю» вершазнаўства) разьвіваецца ў глыбокім вакуўме — з прычыны нейкае фатальнае няздатнасьці скарыстоўваць даньні лінгвістыкі дзеля ўласных мэтаў. Тым часам мовазнаўства даўно падтачыла падваліны традыцыйна-банальных уяўленьняў пра верш. Прыкладам, такі славуты паліглёт і тэарэтык мовы, як Я. Паліванаў, пісаў: «Чысты выпадак сылябічнага вершаваньня… — без дамешку акцэнтуацыйнага моманту — мы мала ў якіх мовах знойдзем: у прыватнасьці, у японскай і рукюскай, а таксама, зь іншага боку, і ў народнай паэзіі эрзя-мардоўскага дыялекту». Я. Паліванаў не праводзіў рэзкае граніцы паміж «сылябічным» вершаваньнем палякаў ды французаў з аднаго боку і «сыляба-танічным» расейцаў ды немцаў зь іншага, адпаведна тарнуючы да іх куды карэктнейшыя тэрміны: сылябічна-танічнае і танічна-сылябічнае.
Каштоўныя для паэтыкі і пакуль што малаўсьведамленыя вынікі даюць дасьледаваньні сучаснае беларускае лінгвісткі Т. Паплаўскай:
Практычная немень у беларускай мове рэдукцыі ў агульнапрынятым разуменьні слова сягае складалічыльнае базавае рытмавае структуры беларускае мовы, тым часам як дынаміка бязнаціскавага вакалізму ў расейскай мове лучыцца з выражаным такталічыльным рытмам. Адначасна беларуская рытміка адпавядае рытміцы літоўскае мовы, мы можам, зважаючы на даведзенасьць усходнебалтыйскага субстрату для асноўнага арэалу беларускае мовы, разглядаць тую як яе спадкі. Варта зважаць і на такі факт, што літоўская мова належыць да чыста тонавых, якою была і праславянская. Сярод сучасных славянскіх моў тонавыя характарыстыкі захавалі сэрбска-харвацкая і славенская. Рэшта ў той ці іншай меры іх страціла. Беларуская мова, аднак, страціўшы тонавыя характарыстыкі, захавала зьвязаную зь імі рытмавую структуру, да чаго мог у пэўнай ступені спрычыніцца другасны балцкі субстрат, замацаваўшы даўную рытмавую тэндэнцыю.
Гэта вельмі істотнае, а ў пэўнай ступені — нават збытнае сьведчаньне. Яно наводзіць на разважаньні і штурхае да далейшага вывучэньня пытаньня, чаму ў беларускай паэзіі «сылябічны» (сылябічна-танічны) верш прыжыўся лепш, чым у расейскай. Якія фактары — культурныя ці празадыйныя — адыгралі тут галоўную ролю? Цікава зазначыць, што расейскія знаўцы паэзіі і раней, нават ня маючы ўзораў з практыкі, зрэдку выказваліся на карысьць сылябікі. Адно што іх ніхто ня слухаўся. Прыкладам, В. Брусаў пісаў:
Сьцьвярджэньне некаторых даўнейшых падручнікаў, быццам сылябічная сыстэма тарнуецца ў мовах, дзе націск займае той самы склад ў усіх словах (напрыклад, апошні, перадапошні і да т. п.), — ані няслушнае і аспрэчваецца прыкладам хоць бы італійскае мовы, дзе ў жывым маўленьні націскі падаюць на ўсенькія склады (ад апошняга да чацьвёртага і пятага з канца і нават далей).
Каб разьвязаць пастаўленую праблему вершаваньня, спашлюся на ўласны досьвед. У час лекцыяў з гісторыі беларускае культуры мне ня раз даводзілася цытаваць творы нашых даўнейшых паэтаў. Бо як без жывых ілюстрацыяў расказаць, што такое панэгірычныя вершы Андрэя Рымшы, што такое зьвярыныя гратэскі Дамініка Рудніцкага? Як паказаць, што ўжо тады беларуская мова мала чым розьнілася ад сучаснае? Я і сам не заўважыў, калі і якім спосабам у мяне вырабілася рытмічная манера чытаньня старабеларускіх паэтаў. Іх вершы аказаліся зусім не грувасткімі, як мне здавалася раней і як да гэтае пары цьвердзяць нашыя літаратуразнаўцы. Проста трэба засвоіць існасьць падставовых паняткаў — двух старых, цэзуры ды канстанты, і аднаго новага, пульсанты, — на якіх палягае беларускі «сылябічны» верш. Месца цэзуры падлягае строгаму разьліку, але на практыцы мы знаходзім яе свабодна і лёгка. Чаму?
Без інтуіцыі цэзуры радок на дзесяць і болей складоў наагул ня змог бы паўнаварта функцыяваць. Сэнс цэзуры зводзіцца да таго, каб падкрэсьліць рытмавую канстанту, моцны акцэнт на месцы цэзуры і на кляўзуле. Канстанта часьцей за ўсё прыпадае на другі ад канца склад, радзей — на першы ці трэці. Другі склад тут замацаваўся пад уплывам польскае мовы, дзе месца націску, апрача аднаскладовых слоў, заўжды другое ад канца. Практычна законам цэзуры ды рытмавае канстанты прыхільнікі «націскавай» тэорыі і абмяжоўваюць правілы чытаньня сылябічных вершаў. Але калі мы пачнем улічваць і цэзуру, і канстанту — верш усё роўна прагучыць як проза. Крыху бліжэй да фактычнае праўды патрабаваньне А. Яскевіча вылучаць кожнае значальнае слова. Зрэшты, на практыцы гэта яшчэ больш заблытвае, бо нямала значальных слоў, якія акцэнтаваць зусім без патрэбы, а на некаторыя, наадварот, прыпадае па два рытмавыя націскі.